Ла́сіца1, ла́сыца ’драпежная жывёліна з сямейства куніцавых, Mustela nivalis’ (ТСБМ, Янк. I, Сіг.), лас́іцка, ла́січка, ласачка (Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), ла́ска ’тс’ (ТСБМ, Гарэц., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), ’гарнастай, Mustela ermina’ (Сіг.). Укр. ласица, ласичка, ласка, ластка ’тс’, ’вавёрка’, рус. ласка, ласица ’ласка’, ст.-рус. ласица (XIII ст.), ластица, ластвица (XVII ст.), польск. łasica, łaska, łasiczka ’тс’, каш. łasëca ’аса’, н.-луж. łasyca, łaska, łacyca, lasyca > в.-луж. łasyca (Шустар-Шэўц, 1, 764), чэш. lasice, ход. hlasice, ган. vlaska, ст.-чэш. vlasicě ’ласка’, ’пранырлівая жанчына’, славац. lasica ’ласка’, ’жанчына з гібкай фігурай’, славен. lásica, podlásica, раней і ulasica, серб.-харв. л̏асица, ulásica, подласица, podlȁska, макед. ласица ’тхор’, балг. ласица, власица, ст.-слав. ласица ’ласка’. Прасл. lasica, якое паходзіць, відаць, ад прым. lasъ, які захаваўся ў бел. ‑ласы, параўн. падла́сы ’белабрухі’, ’светла-карычневы’ (ТСБМ, Бяльк., Мал., Рам., Гарэц.), ’з белымі бакамі і грудзьмі’ (Шат.), ’пярэсты’ (Некр., Федар.), драг. пудла́сыстый ’белабрухі’ (Клім.), падла́сіна ’пярэсціна пад жыватом’ (ТСБМ), ла́сіна, ла́сына ’пярэсціна, якая вылучаецца сваім колерам шэрсці’ (пін., стол., БЛ, 13, 68), а таксама ў рус. ла́са ’светлая, гладкая паласа’, укр. ласі́й ’вол з белым чэравам і хвастом’, ла́ся, ла́сий ’чорная або рыжая жывёліна з белым чэравам і персямі’, підла́сий ’тс’, балг. лас ’конь ці лашак з чорнай бліскучай шэрсцю’, серб.-харв. ла́са ’ласка’, ’каза з колерам поўсці, як у ласкі’, ла́сац ’вол’, ла́сак ’сабака’, ла̏саст ’бялявы, белаваты’, венг. дыял. lászov ’свойская жывёліна бялявага колеру’. Найбольш дакладна прасл. lasъ адпавядае лат. luöss ’жоўта-шэры, бялявы’, lãsaĩns ’рабы, у крапінкі’. Агляд версій гл. Фасмер, 2, 461; Слаўскі, 5, 15–17; Махэк₂, 320–321; Скок, 2, 271; Шустэр–Шэўц, 1, 764–765. Інакш Ціўян (Проблемы слав. этнографии, Л., 1979, 186–193) услед за Трубачовым (ЭИРЯ, 2, 29–32), які адносіць гэту лексему да ласка (гл.), мяркуючы, што гэта табу, утворанае паводле прынцыпу абароны ад драпежнага звярка спробай улашчыць яго.

Ла́сіца2 ’ласіха’ (Сцяшк.). Улічваючы месца націску і мяркуючы, што ён спрадвечны на ла‑, можна аднесці да ласіца1 (параўн. аналагічнае серб.-харв. ла́сац ’вол’ і інш.).

Ласі́ца ’ласіха’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Да лось (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Матылёк ’насякомае з дзвюма парамі крылаў’ (ТСБМ, Яруш.; калінк., ЛАПП, гродз., Сл. ПЗБ), гродз., пруж., лях., беласт. маты́лка ’тс’ (Сл. ПЗБ), мату́ль, моты́ль, моті́ль ’тс’ (паўд.-гом., ЛАПП), матыль ’матылёк’, ’лічынка камара як прыманка пры лоўлі рыбы’ (ТСБМ, Бес., Дразд., Федар., Шат.; докш., Янк. Мат.), ’блешня на шнуры, якая рухаецца за лодкай і служыць прынадай драпежным рыбам’ (Крыв., Браім), мо́тыль ’шмат матылькоў’ (Нас.), маты́ль ’гліст, аскарыда’ (докш., Янк. Мат.), матылі́, мітулі́ ’лічынкі стужачных глістоў, якія выклікаюць захворванне ў авечак і коз’ (в.-дзв., шальч., паст., Сл. ПЗБ; ветк., Мат. Гом.). Укр. моти́ль, мете́лик ’матылёк’, ’лічынка камара’, рус. моты́ль ’матылёк’, ’гліст’, ’моль’, польск. motyl ’матылёк’ н.-луж. mjatel, mjatelik, в.-луж. mjetel, чэш. motýl, славац. motýľ, славен. metúlj, metílj ’тс’, серб.-харв. мѐтил, ’гліст фасцыёла’, ц.-слав. матыль. Прасл. motylь, metylь (Бязлай, 2, 181), metelь (Махэк₂, 375). Шустар-Шэўц (12, 927–928) адносіць (з надзейнасцю) луж. лексемы да асновы met‑/mot‑ (гл. мата́ць), прыводзячы ў пацвярджэнне значэнне ’сняжынка’ ў в.-луж. mjetel, гэтым самым падкрэсліваючы, што дзеяслоў з асновы met‑/mot‑ азначаў такі рух, які перадаецца ст.-грэч. πάλλω ’трэсціся, трапятаць, паднімацца уверх’ і які ўласцівы птушцы перапёлцы (пырхаючы палёт), — таму і названы ў славен. гаворцы матыль, гэтаксама — prepelica (< і.-е. *pel‑). У бел. гаворках такія рухі перадаюцца словам матыль! ’хуткі рух чым-небудзь’, ’нечаканы ўдар’ (Нас.). Міклашыч (194), Мее (MSL, 14, 333) дапускалі, што прасл. лексема першапачаткова азначала ’гнаявік’, і прыводзілі ў пацвярджэнне ст.-рус. мотыла, мотыло ’гной’, ц.-слав. мотыло ’кал’. Брандт (РФВ, 22, 156) выводзіў мотыль са значэння ’кідацца туды-сюды’. Кіпарскі (ВЯ, 1966, 5, 135) узводзіць да мотать ’матаць’. Прыймальным можа быць меркаванне Махэка₂ аб сваяцтве прасл. metelь з літ. petelìškė і лат. petelīgs, калі прызнаць мену губных p/m. Трэба адзначыць яшчэ, што ў слав. гаворках існуе вялікая колькасць і варыянтнасць назваў матылькоў, таму што цяпер яны ўжо не з’яўляюцца семантычна празрыстымі для гаворачых, і што часткова гэтыя назвы — табу: ёсць вераванні, быццам матылькі, асабліва начныя, увасабляюць розных злых духаў, ведзьм, нячысцікаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́лька1, лялечка ’дзіцячая цацка ў выглядзе чалавека’ (Нас., Мядзв., Грыг., Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’прыгожая, знешне прывабная істота або рэч’ (ТС), ’вельмі выпеставаная, крыкліва апранутая, расфуфыраная жанчына’ (міёр., З нар. сл.), ’бутэлька, у якую насыпаюць жыта і даюць хлопцу (і свату), калі дзяўчына згодна ісці за яго замуж’ (смарг., Сл. ПЗБ); ’зрэнка ў воку’ (лепел., КЭС; саліг., Нар. словатв.; ТС); ля́ля ’дзіця (з дзіцячай мовы), немаўля’ (Нас., Бес.; драг., КЭС), ’купідон, прыгожанькае дзіцятка’ (Шпіл., Растарг., Нар. Гом.), ’малое дзіця’ (драг., шальч., Сл. ПЗБ), ’спешчанае дзіця’ (іўеў., Сл. ПЗБ), ’лялька’ (слуц. КЭС). Укр. ля́лька, ля́ля, ля́лечка ’лялька’, ’маленькае дзіцё’, ’імя галоўнай дзяўчыны ў карагодзе, які праводзіцца напярэдадні вясенняга Юр’я’, ля́лько ’зрэнка’; рус. ля́лька, ля́ля ’хросная маці’, ’лялька’ (зах.), ’маленькае дзіцё’, перм. ля́лько ’хросны бацька’; ля́ля ’бамбіза, дылда’, ’цюхця, дурань’, ’вялы, някемлівы, нерашучы чалавек’; польск. laika, lala, låla ’лялька’, ’прыгожы, але абмежаваны чалавек’, ’дурань’, ’зрэнка ў воку’, lalki ’мэндлікі ў полі’, палаб. lʼolʼǝ ’бацька’; дзіцячае lala ’бог’, pójść do lali ’памерці, адправіцца ў нябыт’; чэш. валаш., ляш. lʼalʼa, lʼalʼka ’лялька’, ’чужы чалавек (дзіцячае)’, усх.-мар. lʼalička ’немаўля’, ход. lála ’нядбайны’, славац. ľaľo ’дурань, балван’; серб.-харв. ла́ло, ла́лко ’пяшчотная назва брата або старэйшага мужчыны ў доме’, ла̑ла, ла́ло ’бацька’, ’імя, якім старыя называюць маладых’, ’любы чалавек’, якія Скок (2, 264) не зусім абгрунтавана адносіць да цюркізмаў; балг. лало, лалко ’старшы брат (для малодшага)’, ’дурны, блазан’, лала ’цётка’, ’швагер’, славен. lila ’лялька’. Прасл. lʼalʼa — слова з дзіцячай мовы (як baba, mama, tata) для наймення дзіцяці, маленькага чалавека; пазней стала азначаць ’зрэнка’ з прычыны адбітку ў воку маленькага вобраза чалавека (Слаўскі, 4, 33–34). Значэнне ’лялька’ новае, яно ўзнікла ў гарадах у апошнія стагоддзі. Паводле Панятоўскага (Wiedza o Polsce, 3. Warszawa, 1932, 269), чалавечыя фігуркі ў славян першапачаткова былі сімвалам памерлых продкаў, дзядоў; звычай трымаць лялькі (сімвалы) у хаце быў пашыраны яшчэ ў XIX ст. у Польшчы і зах. Скандынавіі. Дзецям забаранялася з імі гуляць (гл. таксама Махэк₂, 319). І.‑е. адпаведнікі: алб. lelëo ’бацька’, ’дзядзька’, ’дзед’, ’старэйшы брат’, арум. lală ’дзядзька’, н.-грэч. λαλά ’баба’, λαλάς ’дзядзька’, курд. lalu ’тс’. Бернекер (1, 700), а за ім Фасмер (2, 551) і Кюнэ (42) бел. і ўкр. лексемы разглядаюць як запазычанне з польск. мовы, што справядліва аспрэчваецца Праабражэнскім (1, 498).

Ля́лька2 ’матыль’ (бяроз., Выг.). Як і ўкр. жытом. ля́лька і валынск. ля́лючка ’лічынка матылька’ (ЛАПП) — рэліктавая лексема, якая ўзыходзіць да старажытных часоў, калі lʼalʼa азначала ’памерлыя продкі, дзяды’ (гл. ля́лька1). Табу — у слав. гаворках існуе павер’е, быццам душы памерлых, злыя духі хаваюцца ў матыльках (Важны, O jménech, 86). Параўн. бел. ба́бачка (гл.).

Ля́лька3 ’аер, Acorus L.’ (бых., Мат. Янк.). Паводле падабенства катаха аеру да прымітыўнай фігуркі лялькі. Да ля́лька1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)