церабі́ць, цераблю́, цярэ́біш, цярэ́біць; цярэ́блены; незак.

1. што. Ачышчаць ад хмызняку (лес).

2. Абчышчаць ад бацвіння, карэньчыкаў і пад. (гародніну).

Ц. буракі.

3. што. Абсякаць галіны, сучча з паваленых дрэў.

4. што. Вылузваць, выкалупваць, лушчыць што-н.

Вавёрка церабіла шышкі.

5. што. Чысціць дзюбай пер’е (пра птушак).

6. што. Торгаць, тузаць, перабіраць пальцамі што-н.

Ц. канцы хусткі.

7. перан., каго (што). Надакучаць пытаннямі, просьбамі (разм.).

8. што. Вырываючы з коранем, убіраць машынай з поля (лён, каноплі).

|| зак. вы́церабіць, -блю, -біш, -біць; -блены (да 1 і 8 знач.).

|| наз. церабле́нне, -я, н.

|| прым. церабі́льны, -ая, -ае (да 8 знач.).

Церабільная машына.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

лама́чча, ‑а, н., зб.

1. Абламаныя часткі дрэў (галлё, сучча), якія валяюцца ў лесе. Лес быў чысты, без ламачча. Быкаў. Пад нагамі трашчала векавечнае гнілое ламачча і згінаўся маліннік. Пташнікаў.

2. Ламаныя або прыгодныя толькі для перапрацоўкі прадметы. На папялішчы — груды асмалкаў, вуголле, жалезнае ламачча ад нейкіх машын. М. Ткачоў. // перан. Разм. Непатрэбныя рэчы. [Бабуля:] — Ты, як тая сарока, — усё, што блішчыць, сабе ў гняздо цягнеш. І так поўная хата ўсялякага ламачча. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пакле́ска ’палка для закручвання вяроўкі пры ўвязванні воза з дрывамі або бярвёнамі’ (Шат.), поклесо ’жэрдка, пры дапамозе якой змацоўваюцца гонкі ў плыце’ (ТС). Рус. смал. паклёскі ’крукі, дугі з бакоў саней’. Відаць, можна параўнаць са ст.-чэш. okleslek, дыял. oklešček ’кавалак дрэва, палка’, славен. pȏklest ’абчасаны бок паваленага дрэва’, чэш. prok- lesti ’прасячы дарогу’, klest, дыял. chlest ’хвораст, сучча’. Махэк (255) у якасці зыходнага дзеяслова ўзнаўляе klestati ’сячы’, роднаснага kresati (гл. крэсіва). У якасці паралелей ён прыводзіць літ. sklempiu, sklefhpti, sklembti ’тс’. Беларускія словы ўказваюць на *клесаць ’рубіць, сячы’, магчыма, гукапераймальнага характару (параўн. клешчы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аба́бак ’падбярозавік, Boletus scaber’. Ці суадносіцца з абабак ’бабка, укладка снапоў на полі’ («Ставіць снапы ў абабак»), (а)бабак ’ахапак ільну’, абабка ’абадраны ліпавы або вязавы пень, на якім расце сучча’. Больш верагодна Мяркулава, Очерки, 176–177, якая звязвае абабак з бабець ’маршчыніцца’ (гл.), параўн. рус. арх. обабня ’вялікі грыб’. Слова, відаць, пераважна беларускае і рускае (зах. і паўн.). Параўн., аднак, чэш. obabka ’грыб’, якое разам з рускімі словамі Кіпарскі (NM, 53, 441) адносіць да баба ’пень’ (як рус. опёнок да пень) (гл. Якабсон, Word, 7, 187). Спрэчна. Усх.-слав. баба, бабка часцей назва грыбоў (параўн. бел. бабка ’абабак’). Лінгвагеаграфія слова не дазваляе яго лічыць праславянскім.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перане́сціся, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. перанёсся, ‑неслася і ‑няслася, ‑неслася і ‑няслося; заг. перанясіся; зак.

1. Хутка перамясціцца куды‑н. Агонь перанёсся ў лес, патрэсквала сухое сучча, чырвоныя істужкі пераскоквалі з дрэва на дрэва, пакідаючы рыжавата-чорныя плямы. Гурскі. Нібы птушка, адарваўся [алень] ад зямлі, узняўся ў паветра і плаўна перанёсся цераз ствол на сваіх нябачных крыл[ах]. В. Вольскі. // Распаўсюдзіцца на што‑н. другое, перамясціцца ў іншае асяроддзе. Пачалося ўпартае змаганне за сцэну. Змаганне перанеслася ў школу, дзе сярод вучняў было многа гурткоўцаў. Галавач.

2. перан. Перанесці сябе ў думках, уяўленнях у іншае месца, іншае асяроддзе і пад. Перанесціся ў мінулае. □ [Маша] перанеслася ў думках на палі сваёй брыгады, пераходзіла з ўчастка па ўчастак, любавалася маладою рунню. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навалі́ць¹, -валю́, -ва́ліш, -ва́ліць; -ва́лены; зак.

1. што і чаго. Налажыць, узваліць што-н. на каго-, што-н.

Н. камень на дзежку з агуркамі.

Н. сучча на агонь.

2. перан., што на каго (што). Ускласці на каго-н. многа работы, абавязкаў.

Н. усю работу на аднаго.

3. чаго. Накідаць у беспарадку многа чаго-н.

Н. кучу дроў.

4. безас., што і чаго. Напа́даць у вялікай колькасці (пра лісце, снег і пад.).

Наваліла снегу за ноч.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан., каго-чаго. Прыйсці, сабрацца ў вялікай колькасці.

Наваліла (безас.) народу на сход.

|| незак. нава́льваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—4 знач.).

|| наз. нава́лка, -і, ДМ -лцы, ж. (да 3 знач.), нава́льванне, -я, н. (да 1—3 знач.) і нава́л, -у, м. (да 1 і 3 знач.; спец.).

Навал вугалю.

|| прым. нава́лачны, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.; спец.) і нава́льны, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.; спец.).

Навалачны пункт.

Навальны спосаб пагрузкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

навалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.

1. што і чаго. Налажыць, узваліць што‑н. на каго‑, што‑н. Наваліць сучча на агонь. □ Паставілі [друкарскі станок] у кутку каля ложка, пакінулі на яго коўдру, зверху навалілі адзежы. Арабей. Назаўтра цэлы дзень балелі рукі, ныла спіна, нібы хто наваліў на яе цяжкі камень. Хадановіч. // перан. Ускласці на каго‑н. многа работы, абавязкаў. — Пшанічны! — паклікаў старшына. — Давай памагай. Што на аднаго хлопца наваліў столькі [работы]. Быкаў.

2. чаго. Налажыць, накідаць у беспарадку многа чаго‑н. Каля падвала навалілі нямала розных скрынак: відаць, усё з магазіна выкідвалі. Даніленка.

3. чаго. Нагрузіць, накласці многа чаго‑н. Наваліць воз дроў. Наваліць машыну зямлі.

4. звычайна безас. што і чаго. Нападаць у вялікай колькасці (пра лісце, снег і пад.). І хоць тут [у лесе] было зацішней, але снегу жваліла ў пояс, і быў ён жорсткі, [сынкі]. Лынькоў. Месцамі.. [пурга] наваліла высокія гурбы, а месцамі амаль да самай зямлі вылізала снег сваім калючым ледзяным языком. Бяганская.

5. безас. Прыйсці, сабрацца ў вялікай колькасці. На першы вечар народу наваліла поўная школа, нават месцаў не хапала. Колас.

6. чаго. Зрабіць, прыгатаваць шляхам валення ў вялікай колькасці. Наваліць валёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лом ’ламачча, сухія, апаўшыя галіны’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Сцяшк., Кл.), ломʼе ’тс’ (ТС), лу͡ом (Федар. Дад.); лом (луж, ло̂м, лим) ’тс’, ’куча галля’ (Касп., Сл. ПЗБ, ТС, ЛАПП), ’хвораст’ (ЛАПП), ’агонь, касцёр’ (мядз., Нар. лекс.; паст., Сл. ПЗБ), ’буралом’ (Др.-Падб.), ’лес’ (віц., Ів.; Вяр.), ’хатняе стар’ё’ (Шат.), ламяйко ’дробнае галлё, сукі’, ламы ’абцярэбленыя сукі дрэва, сабраныя ў кучы’ (Сцяшк.), ’сучча ў лесе, наваленае на зямлю’ (Нас.). Укр. лім, лом, валын. лумо́, рус. паўн., наўг. лом, польск. łom, каш. łȯm, зах.-прус. u̯ůmǝ, н.-луж. łom, чэш. lom, мар. łom, славац. lom, славен. lòm, серб.-харв. ло̑м, макед., балг. лом. Прасл. lomъ ’ламанне’ > ’нешта паламанае’ > ’ламачча’ > ’месца, дзе быў павалены лес’, ’пралом’ > ’расколіна ў зямлі, нізіна, яма з вадой, балота’ (параўн. рус. пск. лом ’балота’). Гл. Слаўскі, 5, 168–169. Утворана ад асновы lom‑, роднаснай з літ. lãmas ’частка, кавалак, кавалак зямлі’, гэтак жа і Аткупшчыкоў (Этимология–84, 193), lamãkas, lamañtas ’кавалак’, lìmti ’ламацца’, лат. limt ’згінацца пад цяжкай ношай’, ст.-прус. limtwei ’ламаць’, літ. ãp‑lamas ’нязграбны’, лат. aplams ’недарэчны’, а таксама, відавочна, алб. lëmë, lamë ’ток’, ’маслабойка’; ірл. laime ’сякера’, ст.-в.-ням. lam, ст.-ісл. lami ’кульгавы, пакалечаны’ (падрабязна агляд літаратуры гл. таксама Фасмер, 2, 515). Скок (2, 316) выводзіць lomъ з lomiti. Непакупны (Бел. лекс., 121 і Связи, 194), падаючы арэалы распаўсюджання лоўж і лом, мяркуе, што лом з’яўляецца ’перакладной’ (з балтыйскага láužas) лексемай.

Лом2 ’боль у касцях, ламота’ (Бяльк.) прымыкае да рускамоўнага арэалу, дзе лом ’ламота, артрыт, рэўматызм’. Укр. ломець ’тс’. Да лама́ць (гл.).

Лом3 ’жалезны лом’ (ТСБМ, Сцяшк., Яруш.), ветк. ламок ’тс’ (Мат. Гом.). Відавочна, пашырылася з рус. мовы. Да лом1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. Ступіўшы назад, убок, аддаліцца, адысці ад каго‑, чаго‑н. Сяўрук ужо адступіў крыху назад, бо нехта, мусіць знячэўку, разоў два сыпануў яму на ногі мокрай, напалам з глеем зямлі. Кулакоўскі. — Кр-рам-нёў? — усклікнуў Алік і адступіў на крок назад, нібы хацеў лепш разгледзець хлопца. Шашкоў. // перан. Стаць больш аддаленым ад чаго‑н., адсунуцца. Паплылі сіняватыя дымкі, весела затрашчала, разгараючыся, сучча. Паляна нібы пашырылася, цемень адступіла ў бакі. Сіняўскі. // перан. Стаць менш важным, менш значным. Адступіць на задні план.

2. Адысці назад пад націскам праціўніка, пакінуўшы свае ранейшыя пазіцыі. Чые гарматы страляюць, .. [Пракоп] не ведаў, але цяпер ён быў упэўнены, што нашы не адступілі. Якімовіч.

3. перан. Адмовіцца ад сваіх намераў, задум; спасаваць. Тыя ж людзі, што зрабілі.. [шлях], праявіўшы ў працы сапраўдны подзвіг, у другой справе здаліся, адступілі перад значна меншым і цяпер, выходзіць, смяяліся самі з сябе. Ракітны. Я ўжо рашыў дазволіць.. [жанчыне] спатканне, але нешта ўстрымлівала мяне сказаць ёй пра гэта адразу, адразу адступіць перад ёю. Васілевіч.

4. перан. Перастаць прытрымлівацца чаго‑н.; парушыць што‑н. прынятае, устаноўленае. Адступіць ад жыццёвай праўды. Адступіць ад плана.

5. Разм. Паменшыцца; адлегчы; спасці. Нарэшце мароз адступіў — сад дацвітаў. Васілевіч.

6. Пішучы, друкуючы, пакінуць месца ад краю ліста. Адступіць на 2 сантыметры ад краю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

церабі́ць, цераблю, цярэбіш, цярэбіць; незак., каго-што.

1. Прасякаць, прачышчаць лес. [Дзед Бадыль:].. ельнік такі густы, што і барсук не пралезе. Церабіць трэба. Крапіва. // Абсякаць галіны, сучча з паваленых дрэў. Лес валілі і церабілі незнаёмыя людзі. Дуброўскі. // Пракладаць, расчышчаць (дарогу, шлях), высякаючы кусты, дрэвы. Як ісці ды ісці — зайшлі [браты] ў такі цёмны лес, што і выбрацца з яго не могуць. Давай браты дарогу сабе церабіць: стукне Вячорнік булавою — асіны падаюць; стукне Паўночнік — елкі валяцца, а як стукне Світаннік — дубы з карэннямі выварочваюцца. Якімовіч. / у перан. ужыв. Будуем мартэны і домны, Будуем гіганты-заводы. Будуем, няволі не знаем, Цярэбім да шчасця дарогі. Купала. Ваяўнічая паэзія [П. Панчанкі] ідзе ў авангардзе часу, яна смела цярэбіць шлях наперад. Бялевіч. // Абчышчаць гародніну ад бацвіння, карэньчыкаў і пад. Церабіць буракі. □ Юстына церабіла цыбулю. Баранавых.

2. Чысціць дзюбай пер’е (пра птушак). Самотна бусел даўганогі Крыло цярэбіць на гняздзе. Калачынскі. // Вытрасаць, вылузваць, выкалупваць што‑н. з сярэдзіны чаго‑н. Нават вавёрка, што зусім блізка церабіла яловую шышку, і тая, відаць, не заўважала пагранічніка. Шыловіч. Мясцовы гаспадар крумкач хваёвых шышак церабіць не дазваляе. Корбан. // Разм. Хапаючы, прагна есці. Госці церабілі кілбасу з капустаю. Колас. [Мікуць] доўга глядзеў, як завадская свіння цярэбіць зялёную канюшыну. Чорны. / у перан. ужыв. Асабліва моцна воўчае племя церабіла авечыя чароды... Мележ.

3. Тузаць, торгаць, перабіраць пальцамі што‑н. [Аўсянік] нервова цярэбіць махры на шаліку, якім абвязана шыя, нібы яму займае дыханне. Навуменка. Дзяўчына церабіла канцы цёплай хусткі. Карпюк. // перан. Разм. Надакучаць пытаннямі, просьбамі, справамі. — А паштоўку цяжка было напісаць? Мы б ведалі. А то з камітэта мяне цярэбяць: дзе Шукан ваша? А што я магла адказаць? Савіцкі.

4. Вырываючы з коранем, убіраць машынай з поля (лён). Церабіць лён.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)