Стро́мкі ‘круты, абрывісты’, ‘роўны, высокі, стройны’ (ТСБМ, Ласт.), ‘роўны і высокі’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘абрывісты’ (Касп.), ‘тонкі, высокі, стройны’ (Бяльк., Нар. Гом.), ‘круты (аб страсе)’ (Варл., Сл. ПЗБ), стро́мы ‘вельмі круты; круты, стромкі’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), стро́мкі ‘круты; высокі і тонкі’ (ТС), стро́мка ‘тонка і высока, стройна’ (Гарэц.), стро́мкость ‘круцізна’, стромчы́на ‘тс’ (ТС). Укр. стрімкий ‘круты, абрывісты’, стромый ‘тс’, рус. стромкий ‘высокі, круты’, ст.-рус. (XV ст.) стромый ‘тс’, польск. stromy ‘круты’ (з усх.-слав. моў — Борысь, 580). Прасл. дыял. *stromъ, паводле Борыся (там жа), аддзеяслоўны дэрыват ад прасл. *strъměti ‘тырчаць, выпінацца’; прыметнік страмны́ ‘круты, абрывісты’ (воран., Сл. ПЗБ), разам з рус. стрёмый, стрёмный ‘хуткі’, чэш. strmý ‘круты’, славац. strmý ‘тс’, ‘інтэнсіўны, моцны, хуткі’, славен. stŕm ‘круты, абрывісты’, балг. стръ́мен ‘тс’, макед. стрм ‘тс’, ст.-слав. стрьмъ ‘тс’, адлюстроўваюць прасл. *strьmъ, *strьmenъ, прыметнікі, што захоўваюць зыходны вакалізм дзеяслова *strьměti (Борысь, Etymologie, 180; Глухак, 589; Варбат, Этимология–1994–1996, 39). Параўн. стро́ма ‘абрыў’, гл. страміна́. Звязана чаргаваннем галосных з стрымгалоў (гл.); гл. яшчэ Фасмер, 3, 781.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сход, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. сходзіць — сысці (у 1 знач.).

2. ‑а. Месца, па якім сходзяць, спускаюцца; спуск. Стромы сход.

3. ‑у. Сумеснае пасяджэнне членаў якой‑н. арганізацыі, калектыву для абмеркавання чаго‑н. Справаздачна-выбарчы сход. Камсамольскі сход. □ Адкрыты сход тэрытарыяльнай партыйнай арганізацыі адбываўся ў хаце-чытальні. Паслядовіч. Член сельсавета Купрэня Робіць па хатах абход: — Просьба з’явіцца ў праўленне — Сёння адбудзецца сход. Смагаровіч. // Члены якой‑н. арганізацыі, якія сабраліся для абмеркавання чаго‑н.; удзельнікі пасяджэння, збору. Сход слухаў дзеда Мікалая. Якімовіч. Прытаіўся сход — слухаў, з чаго будзе пачын. Баранавых.

4. ‑у. У складзе назваў некаторых выбарных прадстаўнічых устаноў, арганізацыя. Нацыянальны сход. Устаноўчы сход. Заканадаўчы сход.

5. ‑у. Сустрэча якіх‑н. людзей, якога‑н. таварыства. Марына Паўлаўна прыйшла на апошні развітальны сход са сваімі выпускнікамі. Васілевіч. // Разм. іран. Нейкае зборышча каго‑н. На прызбе Трахімавай хаты адбываецца чарговы жаночы сход. Крапіва. Надоечы ў бары На сход сабраліся звяры. Бачыла.

6. ‑у. Збор, скліканне каго‑н. з якой‑н. мэтай. Бандарэнка сходы кліча, Усім аб крыўдзе кажа. Купала.

7. ‑у. перан. Схіл, канец. Дзень, як ветах, на сход ідзе. Барадулін. Час ляціць. На сходзе лета. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тор1 ’дарога, след, пакінуты калёсамі’; ’кірунак дзейнасці; шлях’ (ТСБМ), ’праложаны шлях, сцежка’ (Нас.), ’санны след на снезе’ (маладз., Янк. Мат.), ’след, дарожка ад зубоў бараны’ (віл., Жыв. сл.), ’свае думкі, свой погляд’ (Сцяшк.), ’цвёрдая, укатаная дарога’ (Жд. 2), ’след ад колаў на цаліку’ (Барад.), ’чыгуначны пуць’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’каляіна, след’ (паст., Сл. ПЗБ), ’дарога’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. торъ ’шлях, дарога’, ’парадак’ (1585 г.; КГС). Укр. тор ’след, каляіна’, рус. дыял. тор ’утаптаная, уезджаная дарога’, польск. tor ’каляіна, пуць’, дыял. ’след’, чэш. дыял. tor ’утаптаная, уезджаная дарога’, ’след звера’, славен. tòr ’трэнне’, серб.-харв. то̑р ’загон для скаціны’, дыял. то̏р ’след; агароджа’, балг. тор ’угнаенне, гной’. З прасл. *torъ ’трэнне’, дыял. ’уезджаны шлях’, якое праз чаргаванне галосных звязана з *terti ’церці’. Супастаўляюць з лат. nuotars ’лука, зарослая кустоўем’, грэч. τορός ’пранізлівы, рэзкі; стромы’, ст.-інд. tāráḥ ’пранізлівы’, tā́raḥ ’тс’. (Фасмер, 4, 81; Брукнер, 574; Махэк₂, 648; ЕСУМ, 5, 602; Борысь, 638; Коген, Узвышша, 1929, 3, 96). Каламіец (Этимология–1984, 96) мяркуе, што назва ўзыходзіць да таго перыяду, калі грузы перамяшчаліся волакам, ад чаго на зямлі ад трэння заставаўся след.

Тор2 ’торф’ (Мат. Гом.; валож., Стан.). Да торф (гл.) з утратай не ўласцівага народнай мове гука ф. Малаверагодная сувязь з паўднёваславянскімі словамі, параўн. серб.-харв. тор ’конскі гной’, балг. тор ’угнаенне’ і інш.

Тор3 (торь) — пра торканне, сованне (Юрч. СНЛ). Магчыма, захаваны першасны імітатыў (гукаперайманне), параўн. другаснае ўскладненае суф. ‑к торьк — пра нечаканае з’яўленне, падаванне (мсцісл., Нар. лекс.), суадноснае з дзеясловам торкаць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бі́цца, б’юся, б’ешся, б’ецца; б’ёмся, б’яцеся; заг. біся; незак.

1. Біць адзін аднаго. Старэйшы сын Сухавеяў Ваця трымаў у страху ўсю ваколіцу, біўся на вечарынках, прыставаў да дзяўчат. С. Александровіч. Не раз біліся маладыя Драздзюкі і Дзятлюкі за Мэру. Бядуля. Неяк спатрэбілася дзеду насячы роўных жардзінак, каб на іх садзіліся пеўні і сядзелі сабе, а не біліся з-за месца. Даніленка. // Хвастаць чым‑н. гнуткім. Трапечуцца дрэвы, кусты ў дзікім тлуме, Размахваюць, б’юцца галінай. Колас.

2. Весці бой; змагацца; ваяваць. Сержант расказаў, што да вайны служыў у Брэсце, што пад Баранавічамі, калі дывізія білася ў акружэнні, яго раніла ў нагу. Мележ. Б’юцца князі між сабою за ўладу і багацці, пустошаць сваімі войскамі суседнія землі, паляць і руйнуюць гарады, пішчаць людзей. В. Вольскі.

3. Ударацца, стукацца аб што‑н. або ў што‑н. [Мікалай] з усіх бакоў натыкаўся на дрэвы, біўся аб іх галавою, адпаўзаў. Шамякін. // Парывіста, моцна ўдарацца аб што‑н. (пра хвалі, дождж, вецер і пад.). А хвалі Анегі шумелі і біліся ў гневе аб скалы. Машара. Позні дождж Бесперапынна ў шыбы б’ецца. Танк. Вецер скуголіў, свістаў, біўся ў сцяну, у вокны. Шамякін. Б’ецца завея аб шыбы марозныя. Купала. // Рэзка, моцна дзейнічаць на пачуцці; імкнуцца пранікнуць куды‑н. (пра святло, гукі і пад.). Гукі біліся аб густую сцяну бору і, не прабіваючы яе, адляталі назад працяглым рэхам. Шамякін. / Пра пачуцці. У сэрца б’юцца ўспаміны хваляю — Ды не ўзбегчы ёй на стромы бераг... Барадулін.

4. Калаціцца, кідацца. [Марыся] білася ў знямозе, драла на сабе вопратку. Баранавых. Бабка ўсхапілася, убачыўшы, як натужліва б’ецца бусел на твані, часта-часта захрысціла худыя грудзі. Дуброўскі. // Трапятацца, дрыжаць. Пад казырком ссунутай на патыліцу шапкі Злобіча білася на ветры пасма чорных валасоў. М. Ткачоў. // перан. Мітусіцца (пра думкі, пачуцці і пад.). «Людзі павінны ведаць, што гаворыць Масква!» — білася ў галаве [Ганны] думка. Ус. // Імкнучыся вырвацца, трапятацца дзе‑н., ударацца аб што‑н. [Віктар] нешта трымаў, а гэтае нешта білася і вырывалася. Маўр. Трапеча, б’ецца шэры камячок у пастцы кіпцюроў. Пысін. Зялёны жук уляцеў у акно, нудна гудзеў і біўся ў шыбу. Хомчанка.

5. без дап. Быць у пастаянным рытмічным руху; пульсаваць (пра сэрца, кроў). Гукамер прыклаў [доктар] да вуха, Да грудзей прылёг, паслухаў, Праяснілася чало: Сэрца біцца пачало... Крапіва.

6. перан.; над чым, з кім-чым і без дап. Прыкладаць намаганні, каб дасягнуць чаго‑н.; дамагацца з усіх сіл ажыццяўлення чаго‑н. Колькі ні біўся, колькі ні намагаўся новы шэф, яму ніяк не ўдавалася наладзіць як след паравозную службу. Лынькоў. // Разм. Жыць у цяжкіх умовах, празмерна працуючы. Але як ні б’ецца.. [Сымон] на бацькавай палосцы — усё без хлеба, усё ў нястачы жыць даводзіцца. Якімовіч.

7. Выцякаць імклівым струменем. Мішурын трымаўся за правую руку вышэй локця, стараючыся заціснуць кроў, што білася з раны. Чорны. // Выбівацца (пра бурныя праявы энергіі, пачуццяў і пад.). У іх [вершах] б’ецца гарачае пачуццё да роднай зямлі, да яе нязломнай сілы, да пакут і радасцей. Грахоўскі.

8. Прабівацца праз што‑н. Праз лісце білася наверх парыжэлая трава. Чорны.

9. Раздзяляцца, дзяліцца. Рубанаўка б’ецца на пасёлкі. Галавач.

10. Разбівацца (пра шкло, пасуду).

11. Зал. да біць (у 2, 10 знач.).

•••

Біцца аб заклад — тое, што і ісці ў заклад (гл. ісці).

Біцца галавой аб сцяну — рабіць марныя намаганні дамагчыся чаго‑н.

Біцца за пусты мех — настойліва даводзіць відавочнае, вядомае, за што няма патрэбы спрачацца.

Біцца як рыба аб лёд — гараваць, бедаваць, дарэмна дабіваючыся лепшага; жыць у бядзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)