прані́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Прайсці, трапіць куды‑н. праз што‑н. Вільгаць усё ж такі пранікла ў сярэдзіну гільзы, і лісцікі запісной кніжкі пасклейваліся, літары расплыліся. Зуб. Прамень сонца пранік у вагон. Васілевіч. // Прабрацца, пралезці, пракрасціся куды‑н. Жэрдкай мы ўдвух падсадзілі свайго сябра ўгару, той праз ніжняе акно пранік у вятрак і апусціў уніз крыло. Аўрамчык. Пранікнуць у гэтую кватэру было немагчыма, бо каля пад’езда ўдзень і ўначы стаяла паліцэйская варта. Машара. // перан. Запасці, пракрасціся (у душу, сэрца, думкі і інш.). Словы праніклі ў душу. □ Моўчкі ўскінула вочы, І замёр я на міг: Сумны позірк дзявочы Мне ў сэрца пранік. Гілевіч.

2. Пераадольваючы цяжкасці, прайсці, дабрацца куды‑н. Пранікнуць у глыбіню пустыні. Пранікнуць у космас.

3. Стаць вядомым ці даступным многім; распаўсюдзіцца. Ідэі камунізма праніклі ў масы.

4. перан. Зразумець сэнс, сутнасць чаго‑н., разабрацца ў чым‑н. Пранікнуць у псіхалогію чалавека. □ Мастак, які свядома імкнецца пранікнуць у дыялектыку і логіку сапраўдных фактаў, мае магчымасць найбольш поўна і глыбока раскрыць сутнасць жыццёвых з’яў. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зло́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны злосці, варожасці, нядобразычлівасці. Злосны чалавек. □ — Ну, а чаму ж ты такая вось? — Якая? — Ды злосная. Проста дакрануцца нельга да цябе. А яшчэ кажаш, што не злуеш. Галавач. Палкоўнік, злосны і зняможаны, адкінуўся на падушку, з пакутніцкім выглядам заплюшчыў вочы. Чорны. // Несправядлівы, прадузяты. Хлуснёй імкнуўся злосны крытык ад свету праўду ўсю закрыць. Дубоўка. // Які выражае злосць. Хама Хаміч пасвяціў у кабінку. Там сядзеў мужчына і пазіраў на яго злоснымі вачамі. Корбан. І тут жа твар.. [Касі] стаў суровы і злосны. Скрыган. // Прасякнуты злосцю, нядобразычлівасцю. Жвір гаварыў нешта яшчэ, але Косця не слухаў, нейкая злосная думка заглушала ўсё. Адамчык. — Я напісала яму злоснае пісьмо. Шамякін.

2. Сярдзіты, куслівы, злы (пра жывёл). [Галя] ужо ўзялася за клямку, як раптам падумала: «А што, калі там злосны сабака, як Дальма ў дзядзькі Захара». Арабей.

3. Бязлітасны, жорсткі. [Бушмар] пайшоў, але злосная трывога не пакідала яго. Чорны. // перан. Моцны, люты (пра мароз, вецер і пад.). За сялом, за пералескам Злосны вецер свішча, — Там спраўляе завіруха У палях ігрышча. Русак.

4. Свядома нядобрасумленны; зламысны. Злосны злачынец. □ Злосны шкоднік быў раскрыты — Заатэхнік той стары. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цярпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.

1. што і без дап. Мужна, стойка пераносіць фізічныя і маральныя пакуты. [Нявіднага] мучыла прага, але ён цярпеў. Колас. Досыць рыбакі цярпелі, Галадалі рыбакі! Танк. Купала сваёй паэзіяй узнімаў настрой у людзей, што цярпелі нягоды ваеннага часу. Рамановіч.

2. што. Перажываць, зносіць, адчуваць (боль, пакуты і пад.). Цярпець здзекі. □ Свой абавязак маткі ціха Выконвае жанчына-парадзіха, Хоць і цярпіць вялізарныя мукі. Крапіва. Кабеты не стрымаліся, заплакалі ды ўслед за Ганнай уголас: — А божачка, ён [Сымон] сапраўды невінаваты, за што ж яму пакуту цярпець? Лынькоў. // ад чаго. Несці страты; атрымліваць пашкоджанні ад чаго‑н.; псавацца. Культурныя расліны нярэдка цярпяць ад недахопу вады. □ Аднак не ўсе пароды аднолькава паддаюцца шкоднаму ўплыву газаў. Ясень, ліпа і елка вельмі моцна цярпяць ад іх, а дуб, таполя або клён больш устойлівыя. Гавеман.

3. каго-што. Мірыцца з наяўнасцю, існаваннем каго‑, чаго‑н.; пагаджацца з кім‑, чым‑н. Мо другім разам, каб на канцэрце былі адны студэнты, дык яго б зусім сагналі са сцэны, але з ветлівасці, з павагі да гасцей .. цярпелі і Блізнюка. Сабаленка. — Далей цярпець такое становішча нельга, — сказаў .. [Анатоль Хацятоўскі]. «ЛіМ». // (звычайна з адмоўем «не»). Не любіць, не выносіць каго‑, чаго‑н. Віка, якая ўвесь час не цярпела інтэнданта за яго страх,.. цяпер свядома кінула яму свой выклік. Вітка. Міхаська страшэнна не цярпеў шчыкоткі. Якімовіч. // (звычайна з адмоўем «не»). Не дапускаць наяўнасці чаго‑н. (пра неадушаўлёныя прадметы). Паэзія не цярпіць празмерна адцягненага ўяўлення аб рэчах. Бярозкін.

4. што. Зносіць, перажываць якія‑н. непрыемнасці, непажаданыя з’явы. Цярпець няўдачу. Цярпець крах. // Зазнаваць змены. Цярпець змены.

•••

Цярпець страту — траціць, губляць што‑н., мець выдаткі, страты.

Цярпець холад і голад — цярпець нястачы, жыць у беднасці і галечы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчы́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, у якім цесна злучаны састаўныя часцінкі; які змяшчае вялікую колькасць рэчыва ў малым аб’ёме. [Дзядзя Міша:] — Што ж ён [Грышка], небарака, будзе адчуваць, калі спадарожнік пачне зніжацца, увойдзе ў шчыльныя паветраныя пласты? Паслядовіч. Урэшце, лакатары бачаць і ў больш шчыльным асяроддзі. Шыцік. Пыл шчыльным слоем накрываў.. галовы [Міколы і Дзімы]. Аляхновіч. Аж па дах шчыльны снег замятае барак. А. Вольскі. // Густы, праз які не пранікае святло; непранікальны. Сонца не магло правіць шчыльную заслону. Савіцкі. З усіх бакоў насоўвалася чарната — шчыльная, злавесная. Карпаў. / у перан. ужыв. Трохтонка вырвалася З цішыні шчыльнай — Прастуе па бальшаку. Барадулін. // З частым перапляценнем (пра тканіну). Вялікія вокны былі напалову заценены цяжкімі шчыльнымі барвова-чорнымі парцьерамі. Новікаў.

2. Які складаецца з блізка размешчаных адзін ля другога асоб, прадметаў, частак; часты. Быў гэты гарадок: маленькі, ціхі, пусты, з вузкімі кароткімі вуліцамі, з нізкімі драўлянымі домікамі за шчыльнымі і высокімі платамі. Адамчык. Дрэвы адступаюць .. [падарожніка] шчыльнай сцяной, нібы свядома перашкаджаючы выбрацца з лесу. В. Вольскі. Садзяцца хлопцы ў шчыльны круг Каля рыбацкага кастра. Смагаровіч.

3. Які мае мала прасторы, з абмежаванай прасторай; цесны. У ракавіне шчыльнай Вандроўнік сядзяць. Танк.

4. перан. Дасканалы, плённы, прадукцыйны. Дадатковая электраэнергія можа быць выпрацавана на гідраэлектрастанцыях без устаноўкі новых магутнасцей. У гэтым выпадку толькі больш шчыльным стане рэжым іх работы. «Звязда». // Насычаны, напоўнены якімі‑н. падзеямі, мерапрыемствамі і пад. У летнія месяцы спартыўны каляндар бывае асабліва шчыльным. «Беларусь». // Хуткі, безупынны. — А дзе ён сёння, Сцяпан Антонавіч? — улучае хвіліну, каб утачыцца ў шчыльную Марыніну гаворку, Зіна. Палтаран. // Моцна звязаны, з’яднаны агульнымі інтарэсамі, мэтамі, задачамі і пад. Узаемная прыязнь,.. загартаваная выпрабаваннямі ў агні, стварала шчыльную баявую сям’ю. Брыль. Такі быў склаўся шчыльны дружны гурток, засяроджаны ў прытульным пакойчыку Веры Засуліч. Зарэцкі. На шчыльную еднасць з народам нас заўсёды накіроўвае партыя. Лужанін. Трымаючы шчыльную сувязь з атрадам, .. [Лялькевіч] рабіў нешта значна большае... Шамякін.

•••

Шчыльны агонь — абстрэл, пры якім па кожны ўчастак фронту, плошчы, якая абстрэльваецца, падае вялікая колькасць мін, куль, снарадаў і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страх, ‑у, м.

1. Пачуццё і стан вельмі моцнага спалоху; боязь. Калаціцца ад страху. Умлець ад страху. □ Грыша раптам прыгадаў бацькоў і здрыгануўся: яго апанаваў страх. Пальчэўскі. Карн ніколі не ведаў пачуцця страху, ніколі не думаў аб смерці. Шамякін. А дужасцю славіцца той, Хто можа любою парой — Хоць радасць, хоць гора ці страх — Трымаць сябе моцна ў руках! Непачаловіч. Алень, адчуўшы на сабе драпежніка, ад болю і страху памчаў, як шалёны. В. Вольскі. // Выражэнне, праяўленне трывогі, неспакою, боязі. І з кожным пытаннем голас у Васіля змяняўся: то ў ім гучэў малады задор, то чуўся страх утраты любай дзяўчыны. Колас. У .. вачах [жанчыны] быў страх. Мележ. // звычайна мн. (стра́хі, ‑аў). Разм. Тое, што страшыць, выклікае трывогу. Юстын плакаў. Ніколі ён яшчэ не бачыў столькі страху. Няхай. Аб .. [Радзівіле] старац шмат страху казаў, Ажно з жалю сціскаліся грудзі, Як ён вёскі паліў, мужыкоў забіваў, Як бязвінную кроў лілі людзі. Чарот. / у вобразным ужыв. [Бабка Ягася:] — Ціха, дзіцятка, спі, Лізанька, я страхі прэч прагнала, яны больш не вернуцца. Арабей. У страха вочы лупатыя і лыжка здаецца лапатаю. Грахоўскі.

2. у знач. вык. Разм. Страшна, жах. [Маці:] — Юрку Пакамісяваму хоць бы што, а Шуру ноччу так разварыла — проста страх. Ставер.

3. у знач. прысл. Разм. Вельмі, надзвычайна. А колькі зелені там летам! Як у вяночку, стаіць хата. Грыбоў і ягад — страх багата!.. Там выгад болей, чалавеча!.. Колас. [Дзед Нічыпар:] — Наадварот, гэта я вам дзякаваць павінен: страх не люблю адзін па дарогах ездзіць. Васілёнак. // (у спалучэнні са словам «колькі»: страх колькі). Вельмі многа, вельмі моцна. Цераз верх плота па снягу лазілі зайцы. Шмат — страх колькі — папсавалі прышчэпаў. Баранавых.

•••

Набрацца страху — нейкі час быць у стане моцнага спалоху.

Нагнаць страху на каго гл. нагнаць (у 6 знач.).

На свой страх — тое, што і на сваю рызыку (гл. рызыка).

Не вялік (і) страх — не мае значэння, няважна.

Не за страхсвядома, па сваёй волі; вельмі старанна, добрасумленна (рабіць што‑н.). Мы не за страх — за сваё рабілі. Куляшоў.

Пад страхам чаго — пад пагрозай.

Страх бярэ (браў, узяў) — а) становіцца (станавілася, стала) страшна. Не было начной рашучасці, і млявасць была ў нагах, у руках. Аж брыдка, браў страх... Мележ; б) становіцца (станавілася, стала) неспакойна, дзіўна. [Фрэйда:] — Вучыцца ён добра, і ў яго такі сталы розум, што мяне аж страх бярэ. Бядуля.

Трымаць у страху (пад страхам) каго — поўнасцю падначаліць сабе, падпарадкаваць пагрозамі каго‑н.

Увагнаць у страх каго — тое, што і нагнаць страху (гл. нагнаць у 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)