*Паўць, паўть ’пушок, які аддзяляецца ў працэсе ткання пры руху бёрда ад недастаткова глянцаванай і моцнай асновы’ (Уладз.). Лексема ўзнікла ў выніку скрыжавання слоў паву- ціна і поўсць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пазёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Зяваць злёгку, час ад часу. Кот пачаў выгінацца ў дугу, пазёўваць, церціся галавой і хвастом каля ног ксяндза, пакідаючы на чорнай сутане белую поўсць. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

баксёр, ‑а, м.

1. Спартсмен, які займаецца боксам.

2. Гіст. Удзельнік паўстання супраць чужаземных захопнікаў у 1900 годзе ў Кітаі.

3. Парода службовых сабак, якія маюць круглую галаву, кароткую морду, жоўтую поўсць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́качаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад выкачаць.

2. у знач. прым. Запэцканы, забруджаны ў што‑н. Ён! Жоўцік мой!.. І такі, што і пазнаць нельга. Выкачаны, акрываўлены, поўсць шматкамі вісіць... Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

натапы́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падняцца тарчма, наставіцца (пра поўсць, шчацінне, пер’е і пад.). Аўчарка загыр[к]ала, поўсць на хібе натапырылася, заварушылася. Шахавец. Агнёў маўчаў.. Густыя бровы яшчэ больш натапырыліся, вусны моцна сціснуліся, а вочы патухлі. Асіпенка. // Падняць тарчма на сабе поўсць, пер’е і пад., рыхтуючыся да абароны ці нападу. Дзеці кінуліся за ім, паспрабавалі маніць яго.. [з-пад століка], але кацянё натапырылася, зафыркала і выйсці не жадала. Васілевіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Уздуцца, прыўзняцца. Плашч натапырыўся. □ На грудзях прасціна натапырылася — там былі.. рукі [мужа]. Васілёнак.

3. перан. Надзьмуцца, прыняць ваяўнічы выгляд; ускіпець, раззлавацца. [Ходас:] — Ты працаваць сюды прыйшоў ці забаўляцца? — А што? — адразу натапырыўся Славік. Шамякін. Старога як апяклі яго словы. Ён натапырыўся, пеўнем падскочыў да танкіста. Беразняк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абліза́цца, ‑ліжуся, ‑ліжашся, ‑ліжацца; зак.

1. Аблізаць сабе губы. — Эге! — здзівіўся войт і смачна аблізаўся. Бажко.

2. Аблізаць сабе поўсць, шэрсць (пра жывёл).

3. перан. Разм. Выявіць пачуццё незадаволенай зайздрасці, не атрымаўшы таго, на што разлічваў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пэ́лех ’пушок, поўсць’ (дзярж., Жыв. сл.), тлях ’вантробы (?)’: зьелі ваўкі сабаку й пэляхоў ні асталося (нясвіж., Жд. 2); хутчэй за ўсё, ’скура, поўсць’, параўн. укр. пелех ’касмыль валасоў, шэрсці; стары дзед’, польск. pelechy ’бярлога, непрыбраны ложак’, pelesz ’логава, гняздо’, чэш. pelech, peles ’логава дзікіх звяроў; непрыбраны ложак’, славац. pelech, peles ’тс’, ст.-луж. peles ’бярлога, логава, пячора’, серб.-харв. пе̏леш ’чуб, касмыль’, балг. пѐлеш ’мякіш вуха; звісаючыя ўпрыгожанні на галаве’, пелеше ’вырасты скуры пад барадой у казы’. Прасл. *реleхь, *pelešъ параўноўваюць з лац. peilis ’скура, скура жывёлы, поўсць’, грэч. В. скл. мн. л. πέλλας ’скуры’ і звязваюць з польск. pieluszki, што выводзіцца з *pelena, plena, гл. пёляна (Брукнер, 408; Младэнаў, 417; БЕР, 5, 140); паводле Махэка₂ (442), няяснага паходжання; Скок (2, 639) аб’ядноўвае серб.-харв. пе̏леш ’чуб, касмыль’ з харв. peles ’ручка казана’ (гл. пелюсць) і пад., што сумнеўна, параўн. Борысь, SFPS, 23, 103–109; Банькоўскі (2, 550) рэканструюе экспрэсіўнас *pelexa/*pele‑ga, звязанае з польск. pielegować ’нянчыць (дзіця)’, г. зн. ’спавіваць у пялюшкі’ (гл. пялегаваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

распушы́цца, ‑пушыцца; зак.

Стаць пушыстым. Вочы.. [Зосіны] палалі, валасы распушыліся. Мехаў. // Натапырыць поўсць, пер’е — пра жывёл, птушак. // Распусціць маладое лісце, кветкі і пад. Берагі возера абраслі асакою і чаротам, на вуліцы закучаравіліся маладыя бярозкі, распушыліся клёны і ліпы. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шарсці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Асобны валасок шэрсці. Другая [рука] ўздымаецца да барады і пацірае ў пальцах чорныя шарсцінкі. Мурашка.

2. зб. Шэрсць, поўсць. Да шырокім дзядзінцы ёрзалі падсвінкі, ружовыя, з рэдкай шарсцінкаю. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўпіва́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Разм. Упіцца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Лямкі з рэчавых мяшкоў паўпіваліся ў размоклыя кажухі і мулялі плечы. Карпюк. Трава — мядзведзь мядзведзем. У яе, Як у мядзведжую поўсць калючыя дзяды, Паўпіваліся пчолы... Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)