Прыпра́віць ’пакласці прыправу; дадаць што-небудзь; прыладзіць, прымацаваць’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), ’прыгатаваць’ (шальч., Сл. ПЗБ), прыпра́ўка ’прыробка; прыладжванне, прымацоўванне’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ст.-бел. прыправити ’падрыхтаваць, зрабіць’. Рус. приправля́ть, припра́вить ’дадаваць (у ежу)’; ’выконваць разнастайныя работы па гаспадарцы’; ’майстраваць, прыладжваць’, укр. припра́вити ’прымацаваць, прыладзіць’; ’прыправіць’, польск. przyprawić ’прыладзіць, прымацаваць; прыправіць ежу’, чэш. připraviti ’падрыхтаваць; уладкаваць’, славац. pripraviť ’тс’, серб.-харв. припра́вити, славен. pripraviti ’тс’, балг. припра́вям ’дадаваць (у ежу)’. Прыставачны дэрыват ад *praviti, гл. пра́віць1, г. зн. ’падрыхтоўваць як належыць’. Усходнеславянскія і польскія значэнні агульнаславянскага дзеяслова семантычна проціпастаўлены паўднёваславянскім і славацкаму.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́сыпацца, ‑плецца; зак.

1. Выпасці, вываліцца (пра што‑н. сыпкае, дробнае). Мука высыпалася з мяшка. // Разм. Разбіўшыся, выпасці. Ад выбуху і асколкаў высыпаліся шыбы амаль ва ўсіх вокнах. Мыслівец.

2. З’явіцца на паверхні ў вялікай колькасці. Раніцай іней высыпаўся, а калі сонца паднялося, зусім цёпла стала. Чарнышэвіч.

высыпа́цца 1, а́ецца; незак.

1. Незак. да вы́сыпацца.

2. Разм. Тое, што і вы́сыпаць (у 3 знач.). Тут нам відаць стала, як польскія коннікі пачалі высыпацца з-за лесу.. у лагчыну. Чорны. З барака, дзе ішлі танцы, пачалі высыпацца з крыкам і шумам людзі. Чарнышэвіч.

3. Зал. да высыпа́ць (гл. вы́сыпаць у 1, 2 знач.).

высыпа́цца 2, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца.

Незак. да выспацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пэ́ндзаль ’квач, шчотка для малявання, бялення’ (Нас., ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ), пэ́ндзэль ’тс’ (Сл. Брэс.), пэ́нзаль ’тс’ (Бяльк.), пэнзэль ’тс’ (Мядзв.), пэ́ндаль, пэ́ндэль ’тс’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.), пе́нзыль (Шымк. Собр.), сюды ж пэ́ндзліць ’маляваць, бяліць’ (Сцяшк. Сл.). Запазычана праз польск. pędzel, pęzel, penzel ’тс’ з ням. Pinsel ’тс’, паводле Цвяткова (Запіскі, 2, 57), пра гэта сведчыць фанетыка (э пад націскам); Банькоўскі (2, 537) дапускае пасрэдніцтва чэш. penzlik, ст.-чэш. penzl і выводзіць са ст.-франц. pincel, што ўзыходзіць да лац. pēnīcillus, pēnīculus (літаральна ’хвосцік’), памянш. ад pēnis ’хвост’; польскія насавыя пад уплывам pędzać, pędzić ’паганяць, гнаць’ (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разграмі́ць, ‑грамлю, ‑граміш, ‑граміць; зак., каго-што.

1. Разарыць, разбурыць. Разграмілі польскія легіянеры Мартынаву хату, павыбівалі вокны. Колас. Дэфензіва разграміла рэдакцыю газеты, а самога паэта і яго таварышаў, што групаваліся вакол гэтай трыбуны, кінула на лаву падсудных. «Полымя».

2. Разбіць, знішчыць у баі, у выніку барацьбы. А ішлі яны [партызаны] граміць варожы гарнізон у Вежанцы. І разграмілі. Бой быў цяжкі. Паўлаў. Не паспелі разграміць Юдзеніча, як з захаду пачалі насоўвацца белагвардзейскія легіёны Пілсудскага. Паслядовіч. // перан. Даказаць ілжывасць, памылковасць чыіх‑н. перакананняў; нанесці ідэйнае паражэнне каму‑н.; разнесці. Вось дык крытык! Ну і смелы! Пачытай — агорне страх. Без аглядак зборнік цэлы Разграміў у пух і прах. Гілевіч. Дзеля хутчэйшага дасягнення .. мэты неабходна было разграміць трацкісцка-зіноўеўскі блок. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Апрэ́снік, опрі́снок ’праснак’ (КТС, Інстр. I, Лекс. Палесся, 115–116), оприснячок ’рытуальны хлябец, які выпякаецца ў час пахавання нябожчыка’ (Клім.). Рус. опре́сно́к ’праснак’, ’маца’, опресноки ’яўрэйская пасха’, укр. опрі́снок ’праснак’, опрісноки ’пасха’. Польск. oprzasnek ’праснак’, славац. opresek ’тс’, славен. oprẹ̑snik ’тс’. У чэш., польск. без о‑: přesník, przaśnik ’праснак’, ’маца’. Ст.-слав. опрѣснъкъ, ст.-рус. опрѣснъкъ, ‑окъ ’праснак, маца, каталіцкая прасвіра’ (Сразн.), ст.-бел., ст.-укр. опрѣснокъ ’безквасие’ (Бярында). Суфіксальна-прэфіксальнае ўтварэнне ад прэсн‑ы; беларускі суфікс ‑ік, магчыма, у выніку словатворчай перапрацоўкі ст.-рус. з суфіксам ‑ъкъ, як і ў славенскай, ці ў выніку кантамінацыі дзвюх форм: опрѣснъкъ і прѣсникъ (адкуль чэшскія, польскія формы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клуміць ’тлуміць, дурыць, шумець’ (Нас., Гарэц., Юрч., Мат. Маг., Бяльк., Др.-Падб.), клуміць галаву ’задурваць, валакіціць, падманваць’ (Юрч. Фраз. 2). Насовіч (237) гаворыць аб тым, што клуміць аднаго паходжання з глуміць і тлуміць. Да клум (гл.). Супастаўляючы з клуміць не толькі тлуміць, але і глуміць. Насовіч, відаць, мае на ўвазе кантамінацыю тлуміць і глуміць. З гэтым тлумачэннем нельга пагадзіцца, паколькі рус. глумить, бел. глуміць маюць таксама значэнне ’дурыць, падманваць’. Трэба таксама ўлічваць, што лексемы tłum, tłumić толькі польскія і іх этымалогія няясная. Таму, па-першае, не абавязкова прымаць пераход t > k на беларускай глебе для тлумачэння бел. шум, шуміць, можна меркаваць і аб адваротным працэсе (гл. глум, глуміць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяле́гаваць (пеле́говаць) ’калыхаць на руках, няньчыць, песціць’ (Нас., Бяльк., Гарэц.), пяле́гваць ’тс’ (Шат.), пяле́гъвъць ’вельмі пеставаць, даглядаць’ (беш., Нар. сл.). Разам з пяленгаваць ’песціць, даглядаць’ (Нас.; слонім., Жыв. НС), дзе захавалася назалізацыя, лічыцца запазычаннем з польск. pielęgować ’тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 65, 68); апошняе, паводле Банькоўскага (2, 551), з першаснага pielengować ’закручваць немаўля ў пялёнкі’, якое разам з рус. дыял. пеле́говать ’даглядаць’, пелёжить ’пакрываць саломай знешнія сцены хаты на зіму’ ад рус. дыял. пелега́ ’пакрыццё, заслона’ (першапачаткова пра кару і пра пялёнкі) і ст.-польск. pielega ’пялёнка’, што звязана з *pelena ’пялюшка’, насуперак Брукнеру (408), які выводзіць названыя польскія словы з ням. pflegen ’даглядаць, песціць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Табін, ст.-бел. табинъ ’гатунак тоўстай шаўковай тканіны’, табинокъ ’тая ж тканіна з прымессю воўны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. та́бін, таби́н, ’гатунак шаўковай тканіны’, рус. табенек, полутабенек ’від шаўковай тканіны’. Старабеларускія і польскія словы Булыка (Лекс. запазыч., 115; БЛ, 17, 64–65) выводзіць непасрэдна з тур.-перс. tabin = tabi ’тс’. Украінскае і рускае словы лічацца запазычаннямі адпаведна праз польск. дыял. tabin ’гатунак шаўковай тканіны’ або ням. Tabin ’тс’ з франц. tabis (у XIV ст. atabis) ’муараваная шаўковая тканіна’ праз ісп. tabí ’тс’ з араб. attābī ’тс’. Арабская назва тканіны паходзіць ад at‑Attābī́yah, назвы квартала, дзе яна выраблялася (ЕСУМ, 5, 499; Фасмер, 4, 6; Брукнер, 563).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паяві́цца, паяўлюся, паявішся, паявіцца; зак.

1. З’явіцца, паказацца. Акурат у гэты час бразнулі дзверы, і на парозе паявілася Феня. Сабаленка. // Аказацца ў наяўнасці. Пад вечар прайшла чутка, што ў ваколіцах вёскі паявіліся конныя польскія легіянеры. Колас. Хутка на стале паявіліся талеркі, шклянкі, патэльня з падсмажанай каўбасой, кафейнік са зваранай кавай. Хадкевіч. // Быць апублікаваным, выйсці ў свет. Раман паявіўся ў нашай літаратуры ў пачатку 20‑х гадоў як эпас рэвалюцыі. Дзюбайла.

2. Узнікнуць, зарадзіцца. У вачах у Веры Антонаўны паявіўся нездаровы бляск. Карпаў. / Пра апетыт, адчуванні, пачуцці, думкі і пад. Паявілася надзея. □ Было ні было, Доўбік глынуў гарэлкі — адкуль паявіўся апетыт. Гроднеў.

•••

Паявіцца на свет — тое, што і з’явіцца на свет (гл. з’явіцца). Макрэна перабралася да мужа. А неўзабаве паявіўся на свет і я. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Клыша́вы ’касалапы, крываногі’ (Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., Нар. словатв., КЭС, лаг., Мал., ТС). Укр. клишавий, польск. kłyszawy ’тс’. Лічыцца балтызмам. Крыніца адпавядае літ. klìšas ’крываногі, касалапы’, klìšė ’нага’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 36–37). Параўн. клышэнь ’нага’. Давесці генетычную суаднесенасць з літоўскімі лексемамі цяжка, але параўн. в.-луж. klěšiwy ’клышаногі’, klěcha ’нязграбная нага’, н.-луж. klěcha ’тс’. Гл. Слаўскі, 2, 228. Калі сербалужыцкія формы адлюстроўваюць іншую ступень аблаўту, гэта гаворыць у карысць спрадвечнасці польскіх і ўсходнеславянскіх форм, аднак незафіксаванасць адпаведнікаў у паўднёваславянскіх мовах, а таксама ў чэшскай і славацкай выклікае сумненні. Апрача гэтага, пытанне аб магчымасці балтызмаў у сербалужыцкіх мовах не вывучана. Выводзіць клышавы і іншыя беларускія, украінскія і польскія словы з прасл. klěšči ’клешчы, клюшні’ рызыкоўна. Параўн. клюшня1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)