Тафта́ ’шаўковая або баваўняная глянцавітая тканіна’ (ТСБМ), ст.-бел. тафта ’тс’; сюды ж тафта́ннік ’паркаль’ (Сцяшк. Сл.). Старабеларускае слова фіксуецца з 1497 г. і выводзіцца з тур. асм. tafta, што з перс. tāftä ’від тканіны’ (Булыка, Лекс. запазыч., 115). Дапускаюць два шляхі пранікнення: непасрэдна з турэцкай (параўн. удакладненае ст.-бел. китайки тафты куском; 1511 г.) або праз польск. tafta з франц. taffetas ’тс’ ці італ. taffetà ’тс’. Менш верагодна рускае пасрэдніцтва, як даводзіць Цыхун (Пути поднебесной, Минск, 2006, 1, 260); мажліва, паўторнае запазычанне з рус. тафта́ ’тс’, гл. Фасмер, 4, 29; Брукнер, 563; ЕСУМ, 5, 528–529; Голуб-Ліер, 476; Махэк₂, 633; Міту, Зб. памяці Слаўскага, 305.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́бель ’паслядоўны спіс, пералік; лісток паспяховасці вучняў’, ’дошка (або кніга) для ўліку прысутнасці на працы’ (ТСБМ), та́бэль ’тс’ (Некр. і Байк.). Укр., рус. та́бель ’табель’, польск., в.-луж. tabela ’табель; табліца’, чэш. tabela ’табліца’, славац. tabela ’табель; табліца’, славен. tabéla ’тс’, серб.-харв. табѐла ’тс’, макед. табела ’тс’, балг. табе́ла ’таблічка, дошчачка з надпісам’. У старабеларускай мове з 1710 г. фіксуецца памяншальнае табелька ’рэестр лічбавых дадзеных’ са ст.-польск. tabela (Булыка, Лекс. запазыч., 57), сучаснае табэ́лка ’табліца множання’ (Сцяшк. Сл.) з польск. tabelka ’таблічка’. Паўторнае запазычанне праз рус. та́бель, якое ад часоў Пятра I (табель о рангах) з нідэрл. tabel ’табліца; табель’ < лац. tabella ’дошчачка, таблічка’ < tabula ’дошка, табліца’, звязанага з умбр. tafle ’на дошцы’; (Фасмер, 4, 6; ЕСУМ, 5, 499). Аб далейшых сувязях гл. Брукнер, 562–563; Махэк₂, 633.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вучані́к ’вучань’ (Бяльк.), ст.-бел. ученикъ ’тс’; параўн. укр. (кніжнае) учени́к ’вучань, паслядоўнік’, рус. учени́к ’вучань’, серб.-харв. у̏ченӣк ’вучань, навучэнец’, славен. učenik ’настаўнік’, макед. ученик ’вучань, навучэнец’, балг. учени́к ’тс’. Да *uč‑ьn‑ikъ, утворанага ад прыметнікавай асновы uč‑ьn‑, гл. вучаны; адносна ст.-бел. і ст.-укр. форм выказваецца меркаванне аб іх запазычанасці кніжным шляхам праз царкоўнаславянскую мову са ст.-слав. оученикъ, параўн. Суф. словообр.; 85, ва ўсякім разе гэта павінна быць вельмі ранняе запазычанне, паколькі слова з’яўляецца звычайным у ст.-бел. і вядома было ст.-рус.; параўн. Гіст. лекс., 224. Можна меркаваць, што яго ўжыванне падтрымлівалася ў мове ў сферах, звязаных з кніжнаславянскай традыцыяй (царква, бурсакі, жабракі з т. зв. духоўнымі песнямі), дзе яно мела значэнне перш за ўсё ’паслядоўнік (пэўнага вучэння)’, значэнне ’вучань у школе, школьнік’ больш позняе. Можна дапусціць таксама паўторнае запазычанне слова ў апошнім значэнні з рускай мовы ў навейшы час.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таба́ка1 ’тытунь’, (ТСБМ, Пятк. 2, Бяльк., Растарг., Федар. 4, Юрч., Шат.), ’цёрты тытунь для нюхання’ (Нас., Ласт.), ’расліны Nicotiana tabacum L., Nicotiana rustica L.’ (Касп., Кіс.), ’травяністая дэкаратыўная расліна сямейства паслёнавых з пахучымі кветкамі’ (ТСБМ), таба́к ’тытунь’ (Кіс., Сцяшк.), сюды ж дэмінутыў тобочо́к ’стрэлкі, Capsella bursa pastoris L.’ (Бейл.), а таксама далейшыя дэрываты таба́чыць ’курыць’ (Нар. Гом.), табачко́вы ’колеру тытуню’ (Нас., Сцяц. Сл.; ашм., беласт., Сл. ПЗБ), семантычна непразрыстае таба́чны сук ’першы ад зямлі сухі сук на лісцевых дрэвах’ (Нар. лекс.) і перан. таба́ка ’колкі папрок’: дав я ему табакі, аж нос завернув (Нас.). Укр. таба́к, таба́ка ’табака’, рус. таба́к ’табака, тытунь’, табачные сучья ’ніжнія сукі, якія, гніючы, псуюць дрэва’ (Даль), польск. tabaka ’табака’, tabak ’лісты тытуню’, н.-луж. tubak ’тытунь’, в.-луж. tobak ’тс’, чэш. tabák ’тс’, славац. tabak ’тс’, славен. tobak ’тс’, серб.-харв. дыял. та̀бāк ’тс’ (звычайна ду̀вāн). Слова распаўсюдзілася ў Еўропе з пачатку XVII ст., у старабеларускай мове табака (табакъ) ’махорка’ зафіксавана ў 1638 г. як запазычанне са ст.-польск. tabaka (1621 г.). Першакрыніцай заходнееўрапейскіх слоў, адкуль адбылося паўторнае запазычанне ў беларускую, менавіта ням. Tabak ’тытунь’, франц. tabac ’тс’, нідэрл. tabák ’тс’ — з’яўляецца ісп. tabaco ’тытунь’. Усходнім славянам слова стала вядома раней, чым адпаведныя расліны з’явіліся на іх землях, — ад падарожнікаў, наёмных салдат-замежнікаў і інш. (Чарных, 2, 223; Булыка, Лекс. запазыч., 151; ЕСУМ, 5, 498).

Таба́ка2 ’спарыння’ (Сцяшк.), ’галаўня’ (Сл. ПЗБ), ’захворванне пшаніцы, пры якім зерне ператвараецца ў чорны парашок’ (Скарбы), ’сажа ў просе’ (Лекс. Бел. Палесся), табака́ ’галаўня ў просе, ячмені, пшаніцы’ (зах.-бел., ЛА, 2). Укр. таба́ка кукуру́зяна ’сажка кукурузы, Ustilago maydis’. Перанос назвы (гл. папярэдняе слова) на паразітныя грыбы з-за знешняга падабенства (чорны пылок на коласе), гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 76; ЕСУМ, 5, 498.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)