няўмо́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога нельга ўпрасіць; непахісны. Атрахім прабаваў спрачацца, угаворваць старых. Але яны былі няўмольнымі. Навуменка. Ліза была няўмольная, яна патрабавала неадкладна даць згоду на развод. Гурскі. // Які выяўляе, выказвае непахіснасць, цвёрдасць. — Кладзіся! — зноў пачуўся той жа ціхі, але няўмольны голас. Пальчэўскі.

2. перан. Такі, што нельга парушыць; бясспрэчны. Няўмольная логіка. □ [Андрэй:] — На тваё месца мы назначым сюды другога чалавека. Такое наша няўмольнае рашэнне. Пестрак. // Няўхільны, немінучы; бязлітасны. Няўмольны ход часу паклаў свой выразны адбітак на будынкі. С. Александровіч. Няўмольная хвароба настойліва гнала паэта [Багдановіча] з роднай зямлі, на поўдзень. Майхровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўхі́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае адхіленняў ад чаго‑н., пастаянны; нязменны. Няўхільны рост прадукцыйнасці працы. Няўхільны ўздым матэрыяльнага дабрабыту. // Цвёрды, непахісны. Галадай заўжды ведаў, чаго хацеў, і быў няўхільны ў сваіх намерах. Быкаў. Без прынук мы імкнём, няўхільныя, да мэты, прыгажэем, як і горад гэты, што ўзнялі яднаннем душ і рук. Русецкі.

2. Такі, што нельга парушыць, які не падлягае змяненню; абавязковы. Няўхільны закон.

3. Які непазбежна вынікае з абставін; немінучы. І чуе Цімох — і пад ім Звісае няўхільная кара. Колас. А здаралася ўсё гэта, калі ўспамінаць па парадку, не так сабе, .. а, як напэўна сказаў бы інжынер Лось, у выніку няўхільнага і заканамернага развіцця падзей. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́йкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які не паддаецца разбурэнню, псаванню; які захоўвае свае ўласцівасці. Стойкі газ. Стойкая парода. □ Тут .. [лясы] роўныя, старыя і стойкія — тут не так шмат балот, як на Паліку, пад Полацкам. Пташнікаў. // Устойлівы. Сасонкі ў заводскім парку выпусцілі бледна-зялёныя кволенькія іголачкі, напаілі паветра стойкім смаляным водарам. Шыцік.

2. перан. Які цвёрда прытрымліваецца пэўных поглядаў, думак і пад.; паслядоўны. Пранясі праз гады чыстату юнацтва, запал, нязгасную прагу да ведаў. Часамі будзе нялёгка. Але будзь мужным, стойкім, смелым, не паддавайся нават хвіліннай слабасці. Мыслівец. Не таму слава, хто на язык лёгкі, а таму, хто ў справе стойкі. Прыказка. // Мужны, непахісны, здольны перанесці любыя выпрабаванні. Задача камсамольскіх арганізацый цяпер заключаецца ў тым, каб выхоўваць юнакоў і дзяўчат усебакова развітымі, высокаадукаванымі, стойкімі барацьбітамі за нашу вялікую справу. Машэраў. Беларус — салдат кемлівы і стойкі. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неотрази́мый

1. неадхі́льны; (непреодолимый) неадо́льны; (непобедимый) неперамо́жны; (убедительный) перакана́ўчы; (непоколебимый) непахі́сны;

неотрази́мый уда́р неадхі́льны ўдар;

неотрази́мый на́тиск неадо́льны на́ціск;

неотрази́мая си́ла неадо́льная (неперамо́жная) сі́ла;

неотрази́мые до́воды непахі́сныя (перакана́ўчыя) до́вады;

2. (восхитительный) чаро́ўны; (захватывающий) захапля́ючы; (обаятельный) прыва́бны; абая́льны, надзвыча́йны;

неотрази́мый го́лос чаро́ўны го́лас;

неотрази́мое впечатле́ние надзвыча́йнае ўра́жанне.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

неуязви́мый

1. (не чувствительный к обидам, насмешкам и т. п.) няўра́злівы;

неуязви́мое се́рдце няўра́злівае сэ́рца;

неуязви́мый хара́ктер няўра́злівы хара́ктар;

2. (трудно поражаемый) непаража́льны; (недоступный для нападения) непрысту́пны (для напа́даў); (непоколебимый) непахі́сны;

неуязви́мое ме́сто непаража́льнае ме́сца;

неуязви́мые доказа́тельства непахі́сныя до́казы;

неуязви́мое положе́ние непрысту́пнае для напа́даў (непахі́снае) стано́вішча.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Суро́вы ’цвёрды, непахісны’, ’вельмі строгі’, ’патрабавальны, невыносны’ (ТСБМ), ’жорсткі, строгі, люты, няўмольны’ (Некр. і Байк.), ’сур’ёзны’ (ТС), ’мулкі (аб вяроўцы)’ (Нас.), ’макраваты; які яшчэ не зварыўся, сыры’, ’нябелены (пра палатно, ніткі)’ (Байк. і Некр., Бяльк., Мат. Маг., Уладз., Сержп. Прымхі, ЛА, 4; круп., свісл., Нар. сл.), су́равы ’тс’ (Нік., Оч.), суравы́ ’тс’ (Сл. ПЗБ, Касп., Мат. Гом., Ян.), ’пра грубыя льняныя ніткі’ (ушац., Нар. лекс.), сурову́ ’нябелены’ (ТС), ст.-бел. соуровъ: рѧзанци соуровии члвци (Летапіс Аўрамкі XV ст., Карскі 2–3, 393). Укр. суро́вий ’нябелены’, рус. суро́вый ’суровы, строгі’, ’нябелены; нявыраблены, неачышчаны’, стараж.-рус. суровъ ’сыры; дзікі’, польск. surowy ’строгі, смелы; неапрацаваны’, в.-луж., н.-луж. surowy ’сыры, згатаваны’, чэш., славац. surovy ’неапрацаваны’, ’суровы, жорсткі’, серб.-харв. суров(и) ’суровы, грубы’, балг. суро́в ’сыры; жорсткі; свежы, сакавіты’, макед. суров ’сыры, неапрацаваны, суровы, жорсткі’, ст.-слав. соуровъ ’сыры, дзікі, жорсткі’. Прасл. *surovъ/*syrovъ ’суровы, неапрацаваны, свежы, вільготны’ < прасл. *surъ/*syrъ ’сыры, свежы, вільготны’; гл. яшчэ сыры. Роднаснае ст.-ісл. saurr ’сырая зямля’, súrr ’кіслы’, алб. hirrë ’сыроватка’, з і.-е. кораня *sū‑ro‑, *sou̯‑ro‑; гл. Траўтман, 294; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1134; Фасмер, 3, 807; Борысь, 587; Глухак, 595. Шустар-Шэўц (1379–1380) звяртае ўвагу на семантычную апазіцыю ’сыры, негатаваны, неапрацаваны’ і ’суровы, строгі, жорсткі’, якія разглядаюцца як амонімы ў ЕСУМ, 5, 480. Махэк₂ (593) услед за Бугай (РФВ, 67, 245) прымае роднасць з прасл. *sěverъ ’поўнач’, усх.-літ. šiaurùs ’пранізлівы (вецер)’, atšiaurùs ’суровы’, лац. caurus ’паўночна-ўсходні вецер’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ве́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які заслугоўвае поўнага даверу, непахісны ў сваіх поглядах, пачуццях, адданы. Верны сябар. Верны свайму абавязку. Верны ў каханні. □ З дарогі шчасця мой народ не зверне, Ён верны сын савецкае сям’і. Панчанка. Золь асенняя, туман. Шэпчуць жоўклыя лісты. Ноч — сяброўка партызан, Друг іх верны — лес густы. Крапіва. Азірнуліся сябры: Следам крадуцца звяры, Слугі верныя зубровы, Усе чыны яго аховы. Вітка.

2. Вельмі надзейны. Верны сродак. Верная прыкмета. □ Каб добры лёс убачыць свой, Я верны спосаб знаю, — Расою першай лугавой Я вочы абмываю. Вітка.

3. Які адпавядае рэчаіснасці; правільны, дакладны. Верны вобраз. Верны шлях. □ Накіраваў наш райком Мяне на верную дарогу. Таўбін. Цімошка то чуў, што ўжо напалі на верны троп, то пераконваўся, што ніхто не ведае, як згарэў стог. Колас.

4. Трапны, дакладны, беспамылковы. Вернае вока. Верны вывад.

5. Непазбежны, немінучы. Камандзір і камісар брыгады разумелі, што ісці на прарыў, не разведаўшы абставін і сілы ворага, без падтрымкі, значыцца весці на верную смерць паўтары тысячы чалавек. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стальны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да сталі, звязаны з апрацоўкай і збытам сталі. Завод спецыялізуецца па стальному ліццю. «Маладосць». // Зроблены са сталі. Стальны нож. □ [Танк] закружыўся на адной гусенічнай стальной стужцы і задыміў. Машара. Заўтра выйду на золку Я да рэек стальных і сустрэну сяброўку Між людзей дарагіх. Прыходзька.

2. Падобны колерам на сталь, светла-шэры з адлівам. Пані Свідэрская ўся аж скаланулася, заўважыўшы ў .. [вачах незнаёмага] стальны, бязлітасны бляск. Паслядовіч. Вада ў рэчцы як бы пагусцела і пабыла стальны адліў. Карпаў.

3. перан. Моцны, дужы. Стальныя мускулы. □ Ён [дзяцел] стальную Дзюбу мае, Караедаў Ён знішчае. Дзеружынскі. [Дым:] — На лабавых, казаў .. [камандзір звяна], можа весці бой толькі сапраўдны знішчальнік са стальнымі нервамі. Алешка. // Стойкі, непахісны. Стальная кагорта. □ Да бою ўстаюць каталонцы, Стальныя ідуць батальёны. Купала. Камсамольцы, арлы маладыя, Непакорны, адважны народ. Сілай — мужныя, воляй — стальныя, — Мы гатовы ва ўсякі палёт. Тарас. // Які выражае цвёрдасць, рашучасць. — Што ж ты, Рытачка, рабіла? — панізіўшы голас, у якім зазвінелі стальныя ноткі, запытаўся Валодзя. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каме́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца каменем (у 1 знач.), складаецца з каменю. Каменная парода. Каменная гара. Каменная скала.

2. Выраблены, пабудаваны з каменю, з камення або з цэглы. Каменны дом. Каменны падмурак. □ Тры пад’езды з вуліцы, з адшліфаванымі каменнымі ганкамі, .. нагадвалі ўваход у касцёл. Бядуля. Узнімаючы слуп пылу, імчаліся грузавікі, грукацелі гарматы па каменным бруку. Лынькоў.

3. Які характарызуецца апрацоўкай каменю, выкарыстаннем прылад з каменю (пра перыяд, эпоху). Каменны век.

4. перан. Нерухомы, застылы. Дзед з сухім каменным тварам і невідушчымі вачамі нясе на руках Паўліка. Хомчанка. А маці стаіць за сцяной: Ні з месца — Каменнаю стала. Бялевіч.

5. перан. Абыякавы, нячулы, раўнадушны. Сэрца чарсцвела, рабілася каменным, толькі адно кволае пачуццё і засталося ў ім. Мурашка.

6. Непахісны, стойкі, упарты. — Я сказаў, што не пушчу, а здам у міліцыю, пакуль не заплаціш, — з каменнай упартасцю гаварыў кантралёр. Скрыган. Каменнаму трэба быць, каб жыць у сям’і Верамейчыкаў. Крапіва.

7. Як састаўная частка некаторых: батанічных, заалагічных і мінералагічных назваў. Каменная бяроза. Каменны баран. Каменная соль. Каменны вугаль.

•••

Каменная баба гл. баба.

Каменны мяшок гл. мяшок.

Як за каменнай сцяной гл. сцяна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хілі́ць, хілю, хіліш, хіліць; незак.

1. што. Нагінаць верхнюю частку чаго‑н.; надаваць чаму‑н. нахіленае становішча; нахіляць. Ой ты, вецер, сціхні, не шумі! Не хілі былінку ніцма-ніц, Дай паслухаць вольны спеў крыніц. Пушча. Не хіліць вецер куст ракіты, Не свішча сумна, як удзень... На гай, на поле і на хаты Спаўзае ночы лёгкі цень. Чарот. Ты бачыў, як шугае бура, А дуб не хіліць галавы, Стаіць крапак сярод суседзяў, Як непахісны вартавы. Прануза. Ніжай і ніжай хіліла сваю галаву, Зачараваную музыкай колаў, Марына. Куляшоў. / у безас. ужыв. Цемень у .. вачах [Кастуся] кружылася, і ўсяго яго хіліла на левы бок. Чорны.

2. што. Спец. Нахіляць набок (самалёт, судна і пад.). Вецер хіліць лодку.

3. каго-што. Ахопліваць, адольваць каго‑н. (пра сон, дрымоту). Станіслава хіліць сон, але спаць нельга, заснеш — загінеш. Мікуліч. / у безас. ужыв. Міканора і самога хіліла на дрымоту. Мележ. Стомленасць і ціхі шэпт хвой хіліў да сну, але партызаны сіліліся перамагчы дрымоту. Шчарбатаў.

4. перан.; на што. Хіліцца, набліжацца да чаго‑н. Лета хіліць на спад. Навуменка. / у безас. ужыв. Паколькі хіліла на вечар, Парфен налягаў з усіх сіл, каб паспець звеяць першую гару намалочанага. Кавалёў.

5. перан.; што і без дап. Накіроўваць да чаго‑н. (думку, справу і пад.). — Дакуль вам жыць пры сястры, — здагадаўся аграном, куды хіліць гаворку хлопец. Пальчэўскі. Я ўважліва слухаў старога, браў у рукі рэчы і не разумеў, да чаго ён хіліць. Хомчанка.

6. перан.; каго да каго-чаго. Прыцягваць, прывабліваць сабой каго‑н. Магчыма, мае значэнне і тое, што ў памяці нашай Касач звязаны шмат з чым, што не надта хіліць да вясёлай балбатні. Адамовіч. // безас. Гарнуць, цягнуць да каго‑, чаго‑н. Яго хіліць да кніжак. □ Тая акалічнасць, што гэты незнаёмы чалавек цікавіцца настаўнікам, хіліла дзяцей да Нявіднага. Колас.

•••

Куды вецер хіліць гл. вецер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)