ВЫСО́ЦКІ (Уладзімір Сямёнавіч) (25.1.1938, Масква — 25.7.1980),
рускі паэт, акцёр, аўтар і выканаўца песень. У лірыка-рамантычных, камічных і сатыр. песнях, баладах, спавядальных вершах (зб. «Нерв», 1981; «Я, вядома, вярнуся...», 1988) адчувальныя матывы рус. гарадскога раманса. Творы Высоцкага вызначаюцца шчырай пранікнёнасцю і лірызмам (асабліва вершы і песні пра вайну), кожны з іх напісаны «нервам» паэта. З 1964 у Маскоўскім т-ры на Таганцы. Сярод роляў Хлапуша («Пугачоў» паводле С.Ясеніна), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Лапахін («Вішнёвы сад» А.Чэхава) і інш. Здымаўся ў маст. фільмах «Вертыкаль», «Кароткія сустрэчы», «Месца сустрэчы змяніць нельга» і інш. Трагічны герой Высоцкага — асоба нязломная, бунтар-адзіночка, які ўсведамляе сваю асуджанасць, але застаецца непахісны да канца. Дзярж. прэмія СССР 1987.
т. 4, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭРО́М ((Jerome) Джэром Клапка) (2.5.1859, г. Уолсал, Вялікабрытанія — 14.6.1927),
англійскі пісьменнік. Працаваў клеркам, акцёрам, рэпарцёрам, настаўнікам і інш. З 1892 цалкам прысвяціў сябе літ. дзейнасці. Першы зб. гумарыстычных замалёвак «На сцэне і за кулісамі» (1885). Наступная кніга «Пустыя думкі пустога чалавека» (1886). Сапраўдную папулярнасць Дж. прынесла кн. «Трое ў лодцы, не лічачы сабакі» (1889). Аўтар кніг «Дзённік аднаго паломніцтва», «Гісторыі, расказаныя пасля вячэры» (абедзве 189)), «Трое на веласіпедзе» (1900), «Назіранні Генры» (1901), аўтабіягр. рамана «Пол Келвер» (1902), рамана «Томі і К°» (1904) і інш., п’ес (найб. вядомая «Жыхар з чацвёртага паверха», 1907). Перавагу аддаваў 2 жанравым формам — гумарыстычнаму эсэ і «падарожжу», у якіх гал. герой — чалавек энергічны і непахісны аптыміст — пастаянна апынаўся ў камічна-абсурдных сітуацыях.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. произв. [Т. 1—2]. СПб., 1992—93.
Е.А.Лявонава.
т. 6, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)