Пэ́цкаць ’мазаць, брудзіць; рабіць няўмела, неахайна’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Шат.), ’ляпіць глінаю, мазаць; брудзіць’ (Нас.), пе́цкаць ’брудзіць, мазаць’ (ТС), пэ́цнуць ’мазануць; стукнуць’ (ТСБМ), ’гучна ўдарыць; кінуць чым-небудзь ліпкім; упасці’ (Нас.), вытворныя: пэ́цкала, пэ́цкало ’няўмека, неакуратны ў рабоце чалавек, бракароб, партач’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы; любч., Нар. словатв.; міёр., З нар. сл.), пэ́цкаль ’хто любіць пэцкацца, неахайны, паскуднік’ (Шпіл., Чач., Гарэц., Шат.; брасл., Сл. ПЗБ), ’няўмека, дрэнны майстар’ (ТСБМ; маладз., Янк. Мат.; Яўс., Шат., Бяльк.; міёр., З нар. сл.). Паводле Насовіча, утворана ад гукапераймальнага пэц! ’тое, што і пац!’ (“от звука брошенной на что либо грязи или брошенного чего въ грязь”, Нас., 543); нягледзячы на фанетычныя прыкметы запазычання з польск. peckać ’вэдзгаць, перабіраць, корпацца’, параўн. рус. па́чкать ’пэцкаць’, да вышэйназванай версіі схіляецца Цвяткоў (Запіскі, 2, 75) і канстатуе, што слова не выводзіцца ад кораня *pak‑ (дапускаючы для рускага слова сувязь з пакость ’паскудства’, інакш гл. Фасмер, 3, 223); наяўнасць славен. pecati, peckati, pečkati ’даваць аплявуху; біць па вушах’ і pəčka, pəčkálo ’хто ляніва, марудна і дрэнна працуе’ ўзмацняе прышлую версію. Пра магчымую сувязь названых слоў з pečkȁ ’ядро, костачка’, што дае падставы для семантычнага пераходу ’ўздуцце, разбуханне’ > ’слабы, дрэнны’, гл. Бязлай, Etyma, 163; Куркіна, Этимология–1984, 113; гл. таксама спецыяльна Куркіна, Этимология–1988–1990, 61. Атаясамліванне з укр. пи́цькати ’дрэнна працаваць, корпацца’, якое выводзіцца праз польск. pyćkać, peckać ’тс’ з ням. patschen ’плёскаць (па вадзе)’ (гл. ЕСУМ, 4, 382), здаецца, не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́хля ’неахайны’ (Нас.), ’чалавек, неакуратны наогул і ў быце’ (шкл., КЭС), ’неахайны, брудны’ (маладз., КЭС; Мат. Маг.), ’вялы, неахайны’ (Байк. і Некр.), ’неахайная жанчына’ (мазыр., Мат. Гом.), ’неахайная гультаяватая жанчына’ (Сцяшк. Сл.; в.-дзв., Шатал.), ’неахайная, нязграбная і дзікаватая жанчына’ (мсцісл., З нар. сл.), рахле́й ’вельмі неахайны і нязграбны чалавек’ (там жа), ро́хля, ро́хліна, ро́хлішча ’неахайная асоба’, ро́хліцца ’рабіць неакуратна’, ро́хленне ’неакуратная работа’ (Юрч. СНЛ), ро́хля ’тоўстая непаваротлівая жанчына’ (ТС), ’празмерна тоўстая разлезлая баба’ (слонім., Жыв. НС), рахэ́ля ’неахайная жанчына’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. ро́хля ’разява’, ’тупіца’; ’неахайны чалавек’, калуж. ’гультаяватая і тоўстая жанчына’, балг. ро́хла ’кабета або жанчына з непрычэсанымі валасамі’. Звычайна звязваюць з роднаснымі лексемамі ры́хлы, ру́шыць (Праабражэнскі, 2, 218); апошняе (ру́шыць) лічаць ітэратывам ад незафіксаванага ў слав. мовах *rusti ’рыць’, ад асновы якога *rou̯s‑ утварыўся дзеепрыметнік *ruxlъ, *ruxlʼa > польск. дыял. ruchla ’свіння’ (Фурлан у Бязлай, 3, 209), параўн. літ. raũsti, ràust ’рыць, капаць’, лат. rušināt ’разрыхляць’, ’перамешваць жар’, чэш. ruchati ’араць’ (Махэк₂, 525). З семай ’свіння’ звязана этымалогія Якабсона (IJSLP, 1, 268): ро́хля < ро́ха ’свіння’, ро́хкать ’рохкаць’ (Фасмер, 3, 508). Мацэнаўэр (LF, 17, 199) параўноўвае лексему з славен. ráhel ’рыхлы’, ’кволы’. Аднак можна сумнявацца наконт адпаведнасці вакалізма ra‑ і *ry. Сной₂ (599) выводзіць яго з дзеепрыметніка *raxlъ < *ra̋sti ’рыць, грэбці, штурхаць’ > славен. rášiti ’тс’, макед. рошка ’рыцца, корпацца, кешкацца’, балг. ро́хав, рохкав ’рыхлы, мяккі, пяшчотны’, ре́ша ’часаць, прычэсваць’. Гл. таксама Бярнар (Бълг. изсл., 248–249), які выводзіць балг. ро́хла з ро́хав, ро́хлест ’непрычасаны, ускудлачаны’, што звязаны чаргаваннем з ре́хав ’калматы, рыхлы’, апошняе да ря́дък ’рэдкі’. Неславянскае паходжанне прапануе Масковіч (Зб. Талстому, 355), ад яўрэйскага ўласнага імя Rokhl/Rukhl.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)