Снасць ‘неабходныя інструменты, прылады, прыстасаванні для якога-небудзь занятку’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Касп., Сержп., Пятк. 2, Сцяшк., ТС; брасл., пух., лях., Сл. ПЗБ), ‘збруя, панарад’ (Кольб., Сл. ПЗБ), ‘вяроўка, канат’ (Ласт.), снась, снасць ‘доўгая пяньковая вяроўка, якая выкарыстоўваецца для тармажэння плыта’ (падзв., Нар. сл.), снасць (або нарад) до кросён ‘прыстасаванне для ткання’ (Уладз.), снасць, мн. л. снасці: рыболоўные снасці ‘прыстасаванні для рыбнай лоўлі’ (Крыв.), сна́сці ‘лапці, сплеценыя з вяровак’ (Сакал.), снасці́на ‘хамут’ (Сержп. Прык.). Укр. снасть ‘каркас; касцяк’, рус. снасть ‘прылады, інструменты’, стараж.-рус. снасть ‘прылады, збруя; узбраенне, даспехі’. Прасл. паўн. *snastь, паводле Слаўскага (SP, 2, 44), утворана пры дапамозе з суф. ‑tʼ‑ ад прасл. *snaditi ‘злучаць, змацоўваць, прыладжваць’; параўн. яшчэ і стараж.-рус. снадь ‘паверхня, верх’. Аналагічна Праабражэнскі, 2, 344; Фасмер, 3, 696–697. Праславянскі дзеяслоў не мае пэўнай этымалогіі. Лічаць роднасным снадны, снадзь (гл.). У якасці паралеляў прыводзяць таксама лат. snāt ‘нямоцна скручваць’, ст.-ірл. snáthe ‘ніць’, ст.-англ. snód ‘павязка на галаву’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 973–974; Фасмер, тамсама; ЕСУМ, 5, 333.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. што. Кранаць, зачэпліваць за што‑н., датыкацца да чаго‑н. Трэба быць сапраўдным акрабатам, каб ісці, не чапляючы галін, што тырчаць ва ўсе бакі. Цябут. // перан.; каго. Турбаваць, закранаць. Мачыха сядзела, гаманіла з Глушачыхай, з Глушаком, чапляла часам маўклівага, ваўкаватага Яўхіма. Мележ.

2. што. Захопліваць, зачэпліваць, браць чым‑н. вострым, учэпістым. Хлопчык.. пачаў глядзець, як Пракаповіч вырывае цвікі з падлогі, лоўка чапляючы іх за галоўкі жалезнай лапай. Радкевіч. [Даніла:] — То бяры, швагер, відэлец ды чапляй скварку. Чарнышэвіч.

3. што. Зачэпліваючы, прымацоўваць; прычапляць. Трактарысты ўжо чаплялі тросік к перадку машыны. Лобан. [Чыжык] саскоквае з каня, чапляе повад за агароджу і шпарка шыбае праз калітку. Лупсякоў. // Разм. Вешаць. У сцяну ўманціравана шафа, у якой Лявон Васільевіч чапляе сваё паліто і капялюш. Гроднеў. // Змацоўваць, нанізваючы адно на другое. Лісце [тытуню] чаплялі на ніткі і вешалі ў хаце пад бэлькамі. Пташнікаў.

4. што. Разм. Надзяваць што‑н. Чуць дзе з’явіцца дзірка, .. [Анісім] браў іголку, нітку, чапляў на нос акуляры і садзіўся за рапарацыю кажуха. Колас.

5. Разм. Тое, што і чапляцца (у 1, 4 знач.). За нізка навіслыя лапы ялін раз за разам чапляе крывая вішнёвая дужка. Брыль. Зайчык, той знарок пацяшаўся, чапляў, абы паспрачацца, абы падсмяяцца з куранёўскай слепаты ды скнарлівасці. Мележ.

•••

Чапляць нага (нагу) за нагу — ісці вельмі павольна, марудна.

Чапляць сабак на каго — тое, што і вешаць сабак на каго (гл. вешаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)