злучы́цца, злучуся, злучышся, злучыцца; зак.

1. Дакрануўшыся, утварыць адно цэлае; змацавацца, зліцца адзін з другім. Канцы правадоў злучыліся. □ Саёнак абняў Скібу за плечы, і вусы іх злучыліся ў пацалунку. Брыль. // перан. Аказацца звязаным якімі‑н. адносінамі, пачуццямі і пад. [Зоська:] Не сумуй, Савачка! Прыйдзе шчаслівая хвіліна — .. і мы злучымся назаўсёды... Чарот.

2. Звязацца якімі‑н. шляхамі зносін. // Увайсці ў зносіны пры дапамозе якога‑н. сродку сувязі. [Васіль Пятровіч] зняў трубку, выклікаў горад і хутка злучыўся з дзяжурным аэрадрома. Якімовіч.

3. Сустрэўшыся, аб’яднацца. — Мясцовасць тую я пазнаў адразу, як толькі наша часць падышла была тады і злучылася з партызанамі. Чорны. І быў гэта другі дзень з тых трох дзён, на сходзе якіх дзед Талаш і Мартын Рыль павінны былі злучыцца на Доўгім Бродзе. Колас.

4. Уступіць у хімічнае ўзаемадзеянне. Кісларод злучыўся з вадародам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зблы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перамяшацца, пераплесціся ў беспарадку; пераблытацца. Валасы зблыталіся. □ Вада расплёхалася, а кветкі зблыталіся, намоклі. Баранавых. // Пераплесціся, счапіцца з чым‑н. Чорная густая чупрына зблыталася з свежай травою. Бядуля. // перан. Страціць выразнасць, дакладнасць; змяшацца. Думкі зблыталіся. □ І пякучая крыўда, і боль, і страх, што пан можа пакараць за яго бацькоў, — усё зблыталася ў адзін клубок. Пальчэўскі.

2. Разм. Дапусціць памылку ў чым‑н.; збіцца. Зблытацца ў падліку. □ А Лёня не разгубіўся: — Я ж акурат так пачынаў рашаць гэты прыклад, ды толькі крышачку зблытаўся. Васілевіч. // Згубіць сувязь у думках, словах; заблытацца. [Байкоў] прыкметна хваляваўся, глядзеў у паперку, каб не зблытацца. Шамякін.

3. Разм. Звязацца з кім‑н., уступіць у якія‑н. сувязі, адносіны (звычайна ганебныя). Зблытацца з бандытамі. □ Адслужыўшы два гады ва ўланах, .. [Зыгмусь] зблытаўся з жонкай настаўніка гарэліцкай сямігодкі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывяза́цца, ‑вяжуся, ‑вяжашся, ‑вяжацца; зак.

1. Прымацавацца да чаго‑н. вяроўкай, рэменем і пад. [Макараў] сеў у кабіну, прывязаўся, агледзеўся. Алешка.

2. перан. Адчуць прыхільнасць да каго‑, чаго‑н., неабходнасць быць дзе‑н., з кім‑, чым‑н. Мая так прывязалася да Наташы, што калі тая, занятая якой-небудзь тэрміновай працай доўга не прыходзіла да іх, сумавала. Краўчанка. Будучы здольным моцна прывязацца да чалавека, [Галынскі] не знаходзіў людзей, якія маглі б выклікаць у ім пачуцці гэткай прывязанасці. Галавач.

3. перан. Прыстаць да каго‑н. з назойлівымі просьбамі, пытаннямі і пад. — Ды што ты, чалавек! Ашалеў?!. Каб я так сваю гаспадарку аглядаў, як я бачыў твайго каня.. І чаго прывязаўся чалавек? Крапіва. — Язэп, уставай — крычыць ён [дзед] сыну: Уставай у гэтую ж хвіліну! — .. — Чаго да хлопца прывязаўся? Лепш лёг бы каменем. Набраўся! — Гаворыць баба і сярдуе. Колас. // Пачаць неадступна ісці за кім‑н., праследаваць каго‑н. Сабака прывязаўся за хлопчыкам.

4. Спец. Звязацца з якім‑н. арыенцірам, суаднесціся з чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

злі́цца, зліюся, зліешся, з ліецца; зліёмся, зліяцеся і салыося, сальешся, сальецца; сальёмся, сальяцеся; заг. зліся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца ў адзін паток. [Ручаіны] бягуць несціхана, бягуць безупынна, .. покі не сальюцца ў бурлівыя патокі. Колас. Паток імчыцца ўніз з вяршыні, Каб зліцца з ведалі ракі І ўпасці на далонь турбіны. Смагаровіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца ў выніку плаўлення ў адну суцэльную масу. Соль злілася ў камяк.

3. Аб’яднацца ў адну арганізацыю, групу і пад. — Мы сталі ў адзін фронт з другім, выяўленым намі тут партызанскім атрадам. К вясне нашы атрады зліліся. Чорны.

4. перан. Утварыць з кім‑, чым‑н. адзінае цэлае. Наталька злілася з гэтым людскім патокам і загубілася ў ім. Колас. // перан. Змяшацца, перастаць, адрознівацца (для слыху, зроку і пад.). Грукат гармат зліўся ў суцэльную кананаду. Шашкоў. Сінія палоскі кашулі на.. [Міхасёвай] спіне зліліся ў адно. Савіцкі. // перан. Неразрыўна звязацца з кім‑, чым‑н. Жыццё [Нямко] злілося з інтарэсамі калгаса, з клопатамі аб конях. Кулакоўскі. // Наблізіўшыся, саставіць быццам бы адно цэлае з кім‑, чым‑н., стаць як бы часткай чаго‑н. Салаўёў ляжаў, прыціснуўшыся да зямлі і стараючыся зліцца з ёю. Шахавец. Пятрусь з Антосем прыпалі да зямлі і, падпоўзшы да жыта, зліліся з ім. Нікановіч.

5. Льючыся, перамясціцца; сцячы. Смятана злілася, а малако засталося.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інфарма́цыя, ‑і, ж.

1. Тое, што і інфармаванне.

2. Паведамленне аб становішчы спраў у якой‑н. галіне, аб чыёй‑н. дзейнасці і пад.; звесткі аб чым‑н. Атрымаць інфармацыю. Бюро тэхнічнай інфармацыі. Палітычная інфармацыя. □ Камбінацыя трох прыяцеляў заключалася ў тым, каб падбіць Саўку за пэўную ўзнагароду звязацца з тулягамі, паўстаўшымі супроць багацеяў, і даваць аб іх інфармацыю. Колас. Неўзабаве Юзік меў ад Аннушкі і Каліны поўную інфармацыю аб камендатуры. Няхай. // Артыкул, нататка інфармацыйнага характару. Апублікаваць інфармацыю з месц. □ Васіль Сымонавіч прачытаў інфармацыю «З залы суда», пацікавіўся прагнозам надвор’я. Арабей.

3. Сукупнасць якіх‑н. звестак, ведаў. Паток інфармацыі.

4. Звесткі, сігналы аб навакольным свеце, якія ўспрымаюць арганізмы ў працэсе жыццядзейнасці. Інфармацыя праз органы пачуццяў перадаецца ў мозг.

5. Звесткі, якія з’яўляюцца аб’ектам захоўвання, перадачы і перапрацоўкі. [Назвы паселішчаў] з далёкага мінулага нясуць нам інфармацыю пра нашых продкаў, пра ўклад народнага жыцця. «Маладосць».

6. Сукупнасць колькасных даных, выражаных пры дапамозе лічбаў, крывых або графіка, якая выкарыстоўваецца ў зборы і апрацоўцы якіх‑н. звестак. Даныя тэлеметрычнай інфармацыі. З борта штучнага спадарожніка Зямлі наступае навукова-тэхнічная інфармацыя.

7. У біялогіі — сукупнасць хімічна закадзіраваных сігналаў, якія перадаюцца ад аднаго жывога аб’екта другому (ад бацькоў патомкам) або ад адных клетак, тканак, органаў другім у працэсе развіцця арганізма.

•••

Тэорыя інфармацыі гл. тэорыя.

[Ад лац. informatio — растлумачванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; пр. надаў ‑ла, ‑ло; заг. надай; зак.

1. што. Даць, прыдаць чаму‑н. якую‑н. форму, выгляд, якасць, уласцівасць і пад. Надаць законную сілу дакументу. Надаць бляск падлозе. □ Высокай каронай ляглі .. [валасы] вакол галавы, падалі твару адбітак нейкай асаблівай жаночай велічнасці. Васілевіч. — Ну, чым не палескія рабінзоны?! — стараючыся надаць свайму голасу бадзёрасць, прамовіў Андрэй. Скрыпка.

2. што. Надзяліць каго‑н. чым‑н. (званнем, правам, паўнамоцтвамі і пад.). Надаць чын капітана. □ — Чаму невясёлы? — запытаў я. — Вам жа першаму ў рэспубліцы надалі годнасць народнага артыста! Рамановіч. // Даць назву чаму‑н. Ах, гэты край нізін і круч, Равы, суглінкавыя пашы... Табе ў адзнаку — Беларусь Надалі назву продкі нашы. Таўбін.

3. перан.; што. Аднесціся, паставіцца да чаго‑н. так ці іначай. Назаўтра Кулікоўскі не бачыў Будніка, аднак не надаў гэтаму значэння. Галавач. Маці нібы і не чула ці не надала ўвагі.. [Міхасёвым] словам. Сіўцоў.

4. што і чаго. Павялічыць, зрабіць больш прыкметным што‑н. у кім‑, чым‑н. Надаць адвагі. Надаць сіл. □ Смелы тон слоў Закрэўскага і ўся яго вытрымка надалі фурманшчыку смеласць. Чорны. Сутычка з паліцыяй не спалохала рабочых, але абурыла і надала больш рашучасці. Шамякін.

5. безас. або ў спалучэнні са словамі «чорт», «чэрці» і пад., каму і з інф. Разм. Зрабіць што‑н. непатрэбнае, непажаданае, недарэчнае. [Дзед:] — Надалі чэрці Якушу звязацца з муляровай дачкой. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падбі́ць, падаб’ю, падаб’еш, падаб’е; падаб’ём, падаб’яце; заг. падбі; зак., каго-што.

1. Прыбіць што‑н. да чаго‑н. знізу. Падбіць планку да дзвярэй. // Падрамантаваць, прыбіваючы што‑н. знізу. [Антон] добра трымаў у руках сякеру, мог пашыць кажух, зваляць валёнкі, падбіць у ботах падэшву. Ракітны. — Падбіў бы хлопцу боты, а то зусім скрывіць ногі, — не раз гаварыла бацьку маці. «ЛіМ».

2. Разм. Прышыць знізу, спадыспаду ў якасці падкладкі. Падбіць паліто футрам.

3. Убіць, забіць глыбей. Падбіць цвікі.

4. і чаго. Разм. Падсунуць, падапхнуць што‑н. пад што‑н. Падбіць пад бок сена.

5. Лёгкімі ўдарамі зрабіць мякчэйшым, узбіць. Спрытна [маці] сарвала пакрывала з падушак, капу, падбіла падушкі і адгарнула коўдру. Карпаў. // Падняць уверх, узбіць (аб валасах, барадзе і пад.). Усміхнуўшыся, .. [Федзя] падбіў рукою свой чорны чуб і падняўся на ногі. Ваданосаў. Поп кашлянуў раз-другі, пальцамі падбіў уверх вусы, якія закрывалі яму рот, і, разгарнуўшы кніжку, пачаў чытаць нараспеў. Якімовіч.

6. Ударам пашкодзіць, параніць. Падбіць вока. Падбіць губу. // Ударам, штуршком паваліць, збіць з ног, прымусіць упасці. Машына падбіла чалавека. // Стрэлам, выбухам пашкодзіць, параніць. Падбіць танк. Падбіць зайца. □ Міхась з Тышкевічам не зводзілі вачэй са свайго самалёта, сачылі за ім, затаіўшы дыханне. Уцякай, хутчэй уцякай! Ну, яшчэ аднаго падбі!.. Асіпенка. // Натрудзіць ногі ад доўгай хады. [Волька] за дарогу натамілася, падбіла ногі. Мележ.

7. Разм. Падгаварыць, схіліць на што‑н. Камбінацыя трох прыяцеляў заключалася ў тым, каб падбіць Саўку за пэўную ўзнагароду звязацца з тулягамі, паўстаўшымі супроць багацеяў, і даваць аб іх інфармацыю. Колас.

8. Падсумаваць, падвесці вынікі. Падбіць баланс. □ Падбілі калонкі, праверылі наперакрыж — зарплата сышлася адразу як мае быць. Скрыган.

•••

Падбіць бабкі (канцы) — закончыць, завяршыць якую‑н. работу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)