Лаза́, лоза́ ’кусты і галлё некаторых парод вярбы, вінаграду’ (ТС, ТСБМ, Бяльк., Сл. паўн.-зах.), ’вярба вушастая, Salix aurita L.’ (Кіс.), ’вярба попельная, Salix cinerea’ (Кіс.), лаза белая ’вярба белая, Salix alba L.’ (Касп.). Укр. лоза, рус. лоза, лозина, ст.-рус. лоза ’вінаград’, польск. łoza, ст.-чэш. loza, славац. loza, lodza, славен. lóza, серб.-харв. ло̀за, макед. лоза, балг. лоза, ст.-слав. лоза. Прасл. lozaгнуткі дубчык, галінка’, пазней ’вярба’, ’вінаградная лаза’. На след першаснай матывацыі наводзяць балг. ло́зя ’віцца, выгінацца, зварочваць’ і літ. lóžinti ’выгінаць, згінаць трохі’ (Слаўскі, 5, 240). Роднаснымі з’яўляюцца літ. lazdà ’кій, арэшнік’, ’націна бульбы, бобу, цыбулі’, lazà ’палка’, ’арэшнік’, лат. lagzda, lazda, lęgzda (аб балт. ‑zd‑, якое адпавядае слав. ‑z‑, гл. Уленбек, KZ, 40, 552–561; Леві, KZ, 40, 422; Слаўскі, SP, 1, 427), ст.-прус. laxde ’тс’, алб. lajthí, lejthí, lethí ’арэшнік’, перс. räz ’лаза’. Магчыма, лаза звязана са слав. lěska ’кій’ (Эндзелін, ИОРЯС, 17, 4, 120). Непераканаўча Бернекер (736): прасл. loza < lasā; неверагодна Махэк (Recherches, 10, 25 і наст.), які параўноўвае лексему з літ. lasà, lèsti ’корм’, ’дзяўбці’; няпэўна звязваць яе са ст.-грэч. ὀ‑λόγινονὀζὦδες (у Гесіхія). Непрымальнымі з’яўляюцца і іншыя версіі, педалічаныя Фасмерам (2, 512–513), Слаўскім (5, 240–241).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліня́ць ’траціць першапачатковы колер, выцвітаць’, ’мяняць поўсць, шэрсць, пер’е’, ’лупіцца’, ’прападаць’ (Нас., Касп., ТСБМ, Сцяшк., ТС; в.-дзвін., лях., гродз., даўг., Сл. паўн.-зах.), ліна́ць ’тс’ (віл., ваўк., швянч., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Нас.), ліне́ць ’тс’ (трак., Сл. паўн.-зах.), ліні́цца ’тс’ (петрык., Шатал.), ліня́ць ’худнець’ (Юрч. Вытв.). Укр. линя́ти, рус. линя́ть, славін. l’əńwc, мар. liňat, серб.-харв. лѝњати (се). Прасл. linjati побач з блізкім паводле сваёй будовы, linati (бел. лінаць, укр. линати, рус. смал. линать, н.-луж. linaś, в.-луж. linać, чэш. línati), а таксама liněti (бел. лінець, укр. лині́ти, рус. линеть, польск. linieć, ст.-чэш. líněti, славац. lieniť sa, макед. линее, балг. линея). Паводле Слаўскага і інш. (гл. 4, 268), узыходзяць да незахаванага прыметніка *linъ, параўн. літ. leĩnas ’тонкі, гнуткі’, laĩnas ’тонкі, высмаглы’, с.-в.-ням. bi‑linnan ’уступіць, аслабець’. Бернекер (7, 222) і Майргофер (2, 102–103) звязваюць разглядаемыя лексемы са ст.-інд. linăti ’курчыцца, гнецца, туліцца’, láyatē, lī́yate, liyati ’растае, прыціскае, знікае’. Лексемы збліжаюцца таксама са ст.-грэч. ἀλῑ́η ’мажу, націраю’, λῑτός ’гладкі’, лац. lino livi (lēvi), litum, ‑ere ’намазваю’. Аснова lin‑ чаргуецца з lěn‑ і lěv‑ (Фасмер, 2, 499). Гл. таксама лінёвішча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ветхі ’стары, старажытны, старадаўні, трухлявы’ (КТС), укр. ве́тхий, рус. ве́тхий ’тс’, ленінгр. ’хваравіты’, кастр. ветха́ный ’стары, зношаны’, ст.-рус. ветъхый ’стары, паношаны, трухлявы; даўні, спрадвечны; дахрысціянскі, паганскі’ (з XI ст.), польск. уст. wietkiгнуткі, хрупкі, слабы, тонкі, шчуплы’, wiotchy ’стары’; ’гнуты, слабы, далікатны’, н.-луж. wjatki ’пацёрты, зношаны’, wiatły ’тс’; ’стары (аб будыніне)’, в.-луж. wjetki ’стары, трухлявы, паношаны’, чэш. vetchý ’стары, старадаўні, трухлявы, слабы’; ’рэдкі (аб палатне)’, славац. vetchý ’зношаны, трухлявы; стары, слабы, хваравіты, не валодае сабою’, серб.-харв. вѐт, вѐтах ’стары’, макед. ветов ’стары, паношаны, пацёрты’, балг. вехт, ве́хът, ве́тав, ветък, вехток ’тс’, ст.-слав. ветъхъ. Прасл. vetъхъ. Мае і.-е. адпаведнікі: літ. vẽtušas ’стары, састарэлы’, лат. vecs ’стары, старажытны, старадаўні’, лац. vetus, vetus‑tus ’састарэлы’, грэч. ἔτος, Ϝἔτος, алб. vjet ’год’, ст.-інд. vatsá ’тс’, vatsás ’гадавалы’, сагдз. wtšnyy ’стары’ > іран. *wat(u)šana‑ (гл. Траўтман, 356; Сэмерэні, Word, 8, 50; Мюленбах-Эндзелін, 4, 517; Вальдэ-Гофман, 2, 776; Праабражэнскі, 1, 80; Брукнер, 623; Голуб-Копечны, 414; Махэк₂, 686; Фасмер, 1, 307; КЭСРЯ, 57; Шанскі, 1. В, 80). Рэканструюецца як і.-е. *u̯etuso‑ (wetuso‑) ’стары, састарэлы’ (Персан, IF, 26, 63; БЕР, 1, 139). Буга (РФВ, 67, 246) і Эндзелін (Слав.-балт. эт., 52) выводзяць літ. vẽtušas з *u̯etukʼsos. Гл. таксама ве́тах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

слі́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рухацца па гладкай, слізкай паверхні, не адрываючыся ад яе. Лёгка і мякка слізгаюць палазы, пакідаючы за сабой па некранутай белі дзве раўнюткія палосы. Машара. Конь пляцецца нага за нагу, і сані слізгаюць амаль нячутна. Асіпенка. // Не мець устойлівасці, слізгацца, саслізгваць. Косцік абхапіў рукамі камель і, перабіраючы нагамі, пачаў карабкацца на хвою. Спачатку справа ішла на лад, але там, дзе пачынаўся гладкі ствол, рукі слізгалі і нельга было лезці далей. С. Александровіч.

2. перан. Плаўна, лёгка рухацца, перамяшчацца. Шпарка слізгаюць лодкі па вадзе. В. Вольскі. Павольна слізгае ўніз па Белай баржа. Данілевіч. / Пра самалёты, пра птушак. Ён [планёр] ледзь пагойдваў крыллямі і бязгучна слізгаў над вяршынямі стромкіх елак. Даніленка. У суладным сваім палёце .. [статак вераб’ёў] імкліва слізгае ўбок, пасля ўвесь разам — у другі. Быкаў. // Пры перамяшчэнне руху, надзенні дакранацца да чаго‑н., кранаць што‑н. Вудзільна пра[соўва]ецца праз кальцо, якое затым слізгае ўніз па лёсцы і сваёй вагой ударае па кручках. Матрунёнак. Фанера на спецыяльных петлях слізгала па дроце плаўна, без рыўкоў. Шыловіч. // Паўзці (пра паўзуноў). Лясных палохаючы птахаў, Слізгаў маланкай, гнуткі, ён [вуж]. Грачанікаў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плаўна пераходзіць з прадмета на прадмет (пра святло, цені і пад.). Моцны прамень пражэктара слізгае па бліскучых рэйках, выхоплівае з цемры дзівосныя малюнкі навакольнага пейзажу. Васілёнак. Позірк агранома то загрымліваўся на экспанатах сельскагаспадарчых культур, то слізгаў па партрэтах Герояў Сацыялістычнай Працы. Стаховіч.

•••

Слізгаць па паверхні чаго — не паглыбляцца ў сутнасць чаго‑н., абмяжоўвацца знешнім бокам з’яў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лут1, луток ’маладая ліпа, сук з ліпы, парастак, лазовы дубец, з якіх можна зняць кару на лыкі’, лу́цік, лу́цце ’скрутак лыка’, ’маладыя тонкія ліпы’, ’кара ліпы’ (Сержп. Грам., Нас., Нік. Очерки, Мікуц., Мядзв., Маш., Янк. БП, Шат., Шн. 1, Шн. 2, Дразд., Гарэц., Бяльк., Касп., Сцяшк. Сл., Шатал., Дэмб. 2, Янк. 1, ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; КЭС, лаг.; рэч., Нар. сл.; маз., З нар. сл.), тураў. лут і «гіперправільнае» лыт (у гэтых гаворках звычайна ы > у: мы́ла > му́ло) ’тс’ (ТС), луце́ц ’закручаны лут’ (КЭС, лаг.), лях. луток, лу́цік, віл. луце́ц ’ручка ў касе’ (Сл. ПЗБ). Укр. лут, лу́ття́ ’луцце’, закарп. лути́на ’дубец’, рус. лут, луть ’лыка, кара ліпы’, лута́ ’ліпа’, лутьё ’маладыя ліпкі’, польск. łęt ’дубец’, łęty, каш. łęta, łątë ’бульбоўнік’, славін. łąt ’кій’, мар. lut ’лыка’, loutka, серб.-харв. lȕtka ’лялька’. Прасл. паўн. lǫtъ, lǫta ’лыка’, ’маладая ліпа’ (Слаўскі, 5, 116–117; Фасмер, 2, 536; Урбуціс, Etiudai, 15), роднаснымі да якіх з’яўляюцца літ. lánta ’венік для лазні’, lentà ’дошка (спачатку ліпавая)’, ст.-в.-ням. linta, linda ’ліпа’, новав.-ням. lind ’лыка’, лац. lentusгнуткі, павольны’, алб. landë, lëndë ’лес — будаўнічы матэрыял’. Сюды ж лутовы ’лыкавы’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Гл. яшчэ луці́ца.

Лут2, лу́цік, лу́тка, лу́ткі ’вушак, бакавы стаяк асады дзвярэй і акон’ (Касп., Бяльк., Растарг., Мядзв., Нар. Гом., Юрч. Вытв., Мат. Гом., Мат. Маг.; рас., талач., Шатал.), ’шырокая дошка ў ніжняй частцы аконнага праёма’ (Яшкін, Бел. лекс., 166). Укр. лу́тка, рус. бран., смал., кур., калуж. лу́тка ’вяршнік’, ’бакавая частка шуфляды акна’. Да лут1. Утварылася ў выніку пераносу значэння ’лут’ > ’друк’ > ’дошка’ > ’стаяк асады, вяршнік’ (параўн. паморск. łąt ’кій, друк’, літ. lentà ’дошка’. Гл. таксама луці́ца.

Лут3 ’укормлены, але не тлусты чалавек’ (полац., Нар. лекс.), як лу́т ’тоўсты, укормлены’ (пух., Сл. ПЗБ; Ян.), ’гультай, лежань’ (Дразд., Гарэц., ТС), луця́ро ’тс’ (ТС), мазыр. лу́цік ’добра дагледжанае парася’, лу́тковуй ’тлусты’ (З нар. сл.); укр. харк. луца́к, луца́н ’таўстатвары чалавек’. Балтызм. Параўн. літ. lùtis ’тоўсты, на кароткіх нагах’, ’няўклюда’, паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 2, 690), яшчэ і ’ўкормлены’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пла́ўкі1 (пла́вкый) ’пакаты, спадзісты’ (драг., Клім.; в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), ’пакаты (аб страсе)’ (ЛА, 4), укр. плавки́й, рус. арханг., кур. пла́вкий ’плаўны’. Адназоўнікавае ўтварэнне з суф. ‑к‑i са значэннем ’мае ў сабе тое, што названа ўтваральным словам’ ад *plavъ, параўн. польск. pław — пра цякучую ваду. Спачатку прыметнік меў суф. ‑ьn‑ъ*plavьnъ: пла́ўны ’пакаты (аб страсе)’ (полац., чэш., круп., чавус., ЛА, 4), плы́ўны ’тс’ (барыс., тамсама), пла́ўны ’павольны, без ветру (пра дождж)’ (Сл. ПЗБ), пазней у некаторых дыялектах адбылася мена суф. ‑ьn‑ъ на больш характэрны ‑ъk‑ъ, як у гнуткі, грузкі, даўкі, коўзкі, мулкі.

Пла́ўкі2 мн. л. ’паплаўкі (з бярозавай кары)’ (рас., навагр., Сл. ПЗБ), рус. прыбалт. плавки́ ’змацаваныя паміж сабой дзве вязкі саломы ці чароту, на якіх дзеці вучацца плаваць’. Семантычнае ўтварэнне ад плаваць, гл. плыць, або з польск. pław, pławik ’паплавок’, ’кавалкі кары, коркі, дрэва, прымацаваныя да аднаго края рыбацкай сеткі’, параўн. аднак яшчэ ст.-рус. плавокъ ’паплавок’ (1608 г.).

Пла́ўкі3 ’кароткія, шчыльныя мужчынскія трусы для плавання’ (ТСБМ). З рус. пла́вки ’тс’.

Пла́ўкі4 ’тлустае сала, якое выдзяляе шмат тлушчу’ (пін., стол., ЛА, 4), пло́вкэ (сало) ’тс’ (стол., тамсама), пла́ўкі ’багаты тлушчам’ (ТС), ’слізкі’, ’слабкі (нітка, вяроўка)’ (Сл. ПЗБ); плаўкі́ ’слізкі, гладкі’ (саліг., Нар. словатв.), пла́вко ’гладка, лёгка’ (ТС). Укр. плавки́й ’роўны, гладкі, слізкі’, рус. валаг. пла́вкий ’які лёгка плыве’. Да пла́віць, якое з плыць, плы́сці (гл.). Семантыка развівалася ў напрамку: ’здольны плавіцца’ > ’багаты тлушчам’ > ’слізкі, гладкі’.

Пла́ўкі5 ’жоўты плывунец, Utricularia L. (?)’ (Сцяшк. Сл.). Да пла́ваць < плыць, плы́сці (гл.). Расліны не маюць каранёў і нібыта “плаваюць” у стаячых водах зарослых вадаёмаў і балот.

Плаўкі́ ’раска, Lemna minor L.’ (лельч., ЛА, 1). Да пла́ваць < плыць, плысці (гл.). Матывацыя: плоскія лісткі “плаваюць” — знаходзяцца на паверхні стаячых ці павольна плывучых вод. Параўн. іншыя роднасныя назвы раскі: в.-дзв. плаў, бабр. пла́ўня, саліг. плавунец, слон. плаву́чка, плаву́шка, круп. пуплаве́нь (тамсама). Знаходжанне раскі на паверхні вады атаясамлівае яе з паплаўком — гл. пла́ўкі2. Значэнне ’майнік’ (ТС), відаць, вызначана недакладна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)