распыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Пытаючы ў каго‑н., даведацца, высветліць што‑н. Ганна з палёгкаю ўздыхнула і шпарка рушыла ў бок чыгункі, каб распытаць там дарогу ў Арэхаўку. Шамякін. Салдат разгаварыўся з Панасам, распытаў, хто ён такі, за што яго забралі. Колас. Кепска, што гэтую мясцовасць .. [Рыбак] ведаў блага, ды і не распытаў як след у хлопцаў у лесе. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цудадзе́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Незвычайнай сілы ўздзеяння; чарадзейны; жыватворны. Для Коласа, напрыклад, вельмі важна высветліць вытокі мастацтва, той цудадзейнай сілы, што мае такую вялікую ўладу над людзьмі. Навуменка. Маці папрасіла, каб гэты цудадзейны ўрач паглядзеў яе сыночка. Мележ.
2. Чароўны, вельмі прыгожы. Рукі.. [Ніны] насіліся ў адзін, у другі бок, скакалі па клавішах, білі, і струны адказвалі на кожны яе рух цудадзейнымі гукамі. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
изве́стность вядо́масць, -ці ж.; знакамі́тасць, -ці ж.; (слава, популярность) сла́ва, -вы ж., папуля́рнасць, -ці ж.;
получи́ть (приобрести́) изве́стность стаць вядо́мым, набы́ць сла́ву (папуля́рнасць, вядо́масць);
привести́ в изве́стность вы́светліць, дакла́дна вы́значыць;
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
Вы́зукаваць ’да тонкасцей вывучыць чые-небудзь уласцівасці’ (Гарэц.). Сюды ж, відавочна, вызюка́ць ’вызываць’ і вызю́кацца ’адклікнуцца, прагаварыцца’ (Нас.). Рус. дыял. зук ’гук’, вы́зукать ’вычарпаць’, чэш. дыял. zukať ’удараць, стукаць’, zugať ’прагна есці або піць’, серб.-харв. зу̀кати, зу̑кам ’гусці; шапнуць, кінуць слова’, балг. зу́квам ’крычаць на ўсё горла’. Гукапераймальнае. З іншай ступенню чаргавання гл. зык, зыкаць (Фасмер, 2, 108 і наст., Махэк₂, 719; БЕР, 656). Развіццё семантыкі можна высветліць праз магчымае існаванне прамежкавага значэння ’вывучаць чые-небудзь уласцівасці, распытваючы пра іх’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
вы́значыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны; зак.
1. што і з дадан. Распазнаць, высветліць, разабрацца ў чым-н., дакладна ўстанавіць.
В. прычыну.
В. адлегласць.
В. вугал (вылічыць).
2. што. Выявіць сутнасць, раскрыць змест чаго-н.
В. творчы метад пісьменніка.
В. новае навуковае паняцце.
3. каго-што. Загадзя прызначыць або намеціць наперад.
В. дзяжурных.
В. далейшыя планы.
4. што. Устанавіць, назначыць.
В. сродкі на будаўніцтва.
В. меру пакарання.
5. што. Абумовіць сабой, з’явіцца прычынай чаго-н.
Добрая падрыхтоўка вызначыла поспех.
6. што. Абазначыць якім-н. чынам.
В. мяжу тычкамі.
|| незак. вызнача́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
|| наз. вызначэ́нне, -я, н. (да 1—4 і 6 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
прасачы́ць, ‑сачу, ‑сочыш, ‑сочыць; зак., каго-што.
1. Наглядаючы, сочачы, выявіць, высветліць. Войту трэба прасачыць і выведаць, куды прапаў дзед Талаш і што ў яго на думках. Колас. Дзяўчынка паспрабавала прасачыць вачыма, у які бок часцей лятаюць пчолы. Кулакоўскі.
2. Даследаваць, паслядоўна вывучыць працэс развіцця чаго‑н. Важна паказаць у слоўніку не толькі свае ўласныя словы, але і запазычанні, бо, вывучаючы слоўнікавае багацце мовы, можна прасачыць увесь шлях гістарычнага і культурнага развіцця народа, а таксама яго ўзаемаадносіны з іншымі народамі. Гіст. бел. літ. мовы. У апавяданні «Песня» мы прасачылі разам з аўтарам, як чалавек пачынае разумець роднае слова і родную песню. Шкраба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размата́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Развіць, раскруціць што‑н. зматанае; зняць з таго, на што было наматана. Разматаць вуду. □ Нарыхтаваліся закінуць невад у новую тоню, разматалі яго, цягнуць, каб закінуць. Колас. [Галіна] нічога не адказала на .. Панасавы словы, а разматала хустку, скінула кажух і адышла ад печы. Галавач. // Вызваліць што‑н. ад таго, чым яно было заматана. Разматаць шыю. □ Калі .. [Сашку] разматалі галаву, дык сапраўды на яго страшна было глядзець. Машара.
•••
Разматаць клубок — высветліць, разблытаць якую‑н. складаную, заблытаную справу.
размата́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Растраціць, распусціць, праматаць. Разматаць грошы. □ [Журавінка:] — Я яго [калгас] арганізоўваў, я яго рабіў, а Конан разматаць прыйшоў. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Казе́лак, казялок ’расліна казлабарод лугавы, Tragopogon pratensis’ (Кіс.). Укр. козелок ’тс’, рус. козелок ’казёл’ і ’расліна Sonchus oleraceus’, што ж датычыцца значэння ’Tragopogon’, зафіксавана форма козёлик (маск.) і інш. Сувязь з *казялок < казёл бясспрэчная, аднак цяжка высветліць, ці тут канкрэтна рэгіянальнае ўтварэнне на базе яўнай зааморфнай прыкметы расліны (аб гэтым сведчаць іншыя назвы), ці трансфармацыя батанічнага тэрміна, які поўнасцю (казлабарод, укр. козлова борода і інш.) або часткова калькуе лац. назву? У лац. тэрміне адна частка да грэч. πώγων ’барада’, другая да грэч. τράγος ’казёл’, якія калькуюцца і ў іншых мовах, параўн. ням. Weisen‑Bocksbart ’тс’. Рускі акадэмічны слоўнік 1911 г. адзначаў, што козья борода, бородка ’Tragopogon pratensis’ — народныя назвы расліны, аднак гэта нельга разглядаць як сур’ёзны аргумент на карысць першай думкі. Зааморфная прыкмета ў гэтай расліны не вельмі яркая і ўжо сам факт калькавання лац. назвы сведчыць пра магчымы ўплыў батанічнага тэрміна на народныя, дарэчы, даволі рэдкія назвы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ту-ту-ту 1 — падзыўныя для гусей (ДАБМ, камент., 896), ‘падзыўныя для курэй’ (Мат. Маг.). Параўн. укр. ту‑ту, тю‑тю — падзыўныя для курэй, куранят, рус. ту‑ту‑ту, тю‑тю‑тю ‘тс’, польск. tiu‑tiu‑tiu ‘тс’, чэш. мар. tu‑tu ‘тс’, tuťа ‘курыца’, славац. ťu‑ťu‑ťu — падзыўныя для курэй. Адносяцца да т. зв. першасных інтэр’екцый, якія служаць для выражэння жадання, волі (Смаль-Стоцкі, Приміт., 115), паходжанне якіх цяжка высветліць; звычайна трактуюцца як анаматапеічныя ўтварэнні (Фасмер, 4, 134; Махэк₂, 662; ЕСУМ, 5, 674).
Ту-ту-ту 2 — выражанае пачуццё палёгкі: Ой, ту‑ту‑ту! Добра, што ўсё так кончылася (чашн., Рэг. сл. Віц.), выражае настойлівасць, просьбу (?): Братавая золвы на ноч просіць, ту‑ту‑ту (Куп. і пятр. песні, 326), ту‑ту — выражае захапленне (?): Ту‑ту! Што ў мяне была за свякровачка (круп., там жа). Відаць, узмоцненыя (падвоеныя ці патроеныя) экспрэсіўныя словы — інтэр’екцыі, гл. ту 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Во́лат ’гігант, асілак’ (БРС, Касп., Гарэц., КТС). Рус. волот, дыял. велет ’тс’, укр. ве́лет, велетень ’тс’, ст.-рус. волотъ, ц.-слав. влатъ ’гігант’, зах.-слав. Veletabi ’племя вільцы ў Макленбургу’ (= *veletove). Было некалькі спроб высветліць этымалогію гэтага слова, але галоўная цяжкасць — хістанне o/e — застаецца нявырашанай. Брукнер (AfslPh, 42, 138) велет звязвае са ст.-слав. велии ’вялікі’, а варыянт волот лічыць больш позняй аналагічнай формай. Сабалеўскі (РФВ, 64, 117) спрабаваў тлумачыць хістанне галосных як розныя асіміляцыі, але гэтага недастаткова. Міклашыч (394) супастаўляе з с.-лац. Veletabi, назвай заходнеславянскага племені. Дапускаецца роднасць з лац. valeo ’я ў сілах, здаровы’, тахар. A wäl‑ ’панаваць’, тахар. B walo, wlo ’пан, гасудар’ (Бенвеніст, Festschr. Н. Hirt, 2, 234). Версія Шахматава (AfslPh, 33, 87 і наст.), паводле якой слова запазычана з кельц. (параўн. ірл. flaith ’валадар’), памылковая па фанетычных прычынах (Фасмер, 1, 344). Аб сувязі тэрмінаў волот, велет з волос, велес гл. Іванаў, Тапароў, Иссл., 62 і наст.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)