вазі́цца, важуся, возішся, возіцца; незак.

1. Катацца. Зімою ў вольны час. [Федзька і Эдзік] вазіліся на санках.., коўзаліся на драўляных самаробных каньках, акутых тоўстым дротам. Пальчэўскі.

2. перан. Разм. Аддаваць многа часу якой‑н. справе; важдацца. Тарас купіў на дарогу пачак папярос за тры капейкі,.. каб не вазіцца з курэннем на холадзе. Колас. — Калі табе з гэтымі гузікамі вазіцца, скідай, я ўмомант прышыю, — рашуча загадвае.. [Алесю] Варвара. Васілевіч. // Гуляць, забаўляцца. [Бацька:] — Славік, мой сын, напэўна, прыбег ужо са школы і вучыць урокі або возіцца са сваімі галубкамі. Кулакоўскі.

3. Зал. да вазіць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́бавіць, ‑баўлю, ‑бавіш, ‑бавіць; зак.

Разм.

1. каго-што. Выцягнуць, дастаць што‑н., што засела, загрузла. Выбавіць воз з гразі. Выбавіць каня з дрыгвы. □ [«Газік»] глыбока засеў усімі сваімі чатырма гумавымі нагамі, і часам здавалася, што цяпер не ўсякая сіла зможа яго выбавіць. Ракітны. // перан.; каго. Вызваліць каго‑н. адкуль‑н., дапамагчы выйсці з цяжкага, небяспечнага становішча. Выбавіць з няволі. Выбавіць з бяды. □ [Патапчык:] — Мабыць, пакуль мы тут жартуем, Сымона ў склеп запраторылі. Хадзем, выбавім мы яго адтуль. Чарнышэвіч.

2. каго. Пераканаць, прымусіць каго‑н. выйсці, выехаць адкуль‑н. Выбавіць дзяцей з хаты на вуліцу.

3. што. Знайсці вольны час. [Якубовіч:] — Мой Амелька, як выбавіць дома вольную часіну, трынкае на мандаліне. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сціх 1 ’супакой, цішыня’ (Барад., Юрч. Вытв.), ’спакой, канец’ (Сцяц. Сл.), стіх ’кароткі адрэзак часу’; у значэнні прысл. стіха́мі ’часамі’: стіхамі мніе голова боліт (беласт., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стих, стиг ’міг’, ’хвілінка, момант’, стих ’урок’ (Шымк. Сл.), рус. стих ’дзіўны стан, блазенства, нечаканы ўчынак’ у выразе стих нашёл, славац. stih ’вольны час, вольная хвіліна’. Няясна з-за разнастайнасці значэнняў. Хутчэй за ўсё, дэвербатыў ад сціхаць (гл.), падобна да міг ад мігаць; развіццё значэння ад ’раптоўная ціша’ да ’нечаканасць’ і ’момант’. У ЕСУМ (5, 414) дапускаюць сувязь з укр. сти́гнути (гл. засцігнуць); вывядзенне слова Зубатым (Studie, 163) з балцкіх моў лічыцца менш верагодным. Праабражэнскі (2, 387) выводзіць рускі выраз са стих ’палоска пры пляценні, радок лыка пры пляценні лапцей’, што, на думку Вінаградава (Этимология–1968, 167), сумніўна; не менш сумніўнай бачыцца і яго прапанова звязаць з грэч. στίχος ’радок у вершы’ (гл. сціх 2) праз стадыю ’замова’. Сюды ж, відаць, і сціш ’цішыня’ (Ласт.).

Сціх 2 ’верш’ (Сл. ПЗБ), сцішо́к ’вершык’ (Бяльк.). Запазычана з рус. стих, стішо́к ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

употребля́ть несов.

1. (использовать) скарысто́ўваць, выкарысто́ўваць;

употребля́ть свобо́дное вре́мя на чте́ние скарысто́ўваць (выкарысто́ўваць) во́льны час для чыта́ння;

употребля́ть с по́льзой скарысто́ўваць (выкарысто́ўваць);

употребля́ть в де́ло выкарысто́ўваць;

2. (применять) ужыва́ць;

употребля́ть стари́нные выраже́ния ужыва́ць старасве́цкія вы́разы;

он не употребля́ет спиртны́х напи́тков ён не ўжыва́е спіртны́х напо́яў;

употребля́ть власть ужыва́ць ула́ду;

3. (тратить) тра́ціць;

◊

употребля́ть во зло дове́рие злоўжыва́ць даве́рам;

употребля́ть все уси́лия прыклада́ць усе́ намага́нні;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

кампа́нія ​1, ‑і, ж.

1. Група асоб, звычайна блізка знаёмых, якія разам праводзяць вольны час. Усёй кампаніяй хлопцы і дзяўчаты рушылі на Румавую вуліцу і выйшлі на бераг Нёмана. С. Александровіч. Да зімы кампанія наша спакваля разбрылася па свеце: хто пайшоў на фронт, хто на вучобу, каго перавялі ў іншы раён. Брыль.

2. Капіталістычнае прамысловае або гандлёвае таварыства, якое аб’ядноўвае прадпрыемцаў. Акцыянерная кампанія. Параходная кампанія. Чыгуначная кампанія. // У назве такога таварыства — абазначэнне яго членаў (на пісьме скарочана К°), якое далучаецца да прозвішча афіцыйнага кіраўніка.

•••

За кампанію — разам з другімі, толькі таму, што тое самае робяць іншыя.

Не кампанія каму хто — не падыходзіць каму‑н. як сябра, прыяцель.

Цёплая кампанія — цесна звязаная група людзей, што сумесна праводзяць час за якім‑н. непахвальным заняткам.

кампа́нія ​2, ‑і, ж.

1. Сукупнасць ваенных аперацый, аб’яднаных агульнай стратэгічнай мэтай; ваенны паход. Крымская кампанія. Японская кампанія.

2. Перыяд знаходжання карабля ў плаванні. Летняя марская кампанія.

3. Сукупнасць мерапрыемстваў для ажыццяўлення якой‑н. важнай грамадска-палітычнай або гаспадарчай задачы. Выбарчая кампанія. Страхавая кампанія. Пасяўная кампанія. Разгарнуць кампанію.

[Фр. campagne.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэнтра́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца цэнтрам (у 1 знач.). Цэнтральны пункт.

2. Які знаходзіцца, размешчаны ў сярэдзіне, у цэнтры (у 2 знач.). Цэнтральны пападаючы (у футболе). Цэнтральная пешка (у шахматнай гульні). // Які знаходзіцца не на ўскраіне, у цэнтры чаго‑н. Косця знайшоў вольны час, сабраў у брыгадзе ўсю пошту і паехаў на цэнтральную сядзібу. Адамчык.

3. Галоўны, кіруючы. Цэнтральны камітэт. Цэнтральная ўлада. □ Слава нашай Камуністычнай партыі і яе баявому штабу — Цэнтральнаму Камітэту! «Звязда». // Які аб’ядноўвае і каардынуе якую‑н. дзейнасць. Цэнтральны тэлеграф. Цэнтральная выбарчая камісія. // Асноўны, найбольш істотны; важны. Цэнтральны вобраз. Цэнтральная тэма.

4. Які прыводзіць у дзеянне, абслугоўвае ўсю сістэму. [Шура:] — Але справа ў тым, што я жыву ў доме з цэнтральным ацяпленнем і з газавай плітою. Васілёнак.

5. У матэматыцы — утвораны двума радыусамі якой‑н. акружнасці (пра вугал).

•••

Стрэльба цэнтральнага бою гл. стрэльба.

Цэнтральная нервовая сістэма гл. сістэма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; заг. падзень; зак., каго-што (ужываецца з прысл. «дзе», «недзе», «куды», «некуды»).

Разм.

1. Палажыць куды‑н. так, што цяжка знайсці. [Тамаш:] — Дзе ж ты, сынку, запалкі падзеў? Чорны. // Схаваць, некуды звесці. [Дзеці:] — Куды нашых настаўнікаў падзелі? Сабаленка.

2. Змясціць куды‑н., знайсці для каго‑, чаго‑н. месца сховішча, прытулак і пад. Юзя не ведала, дзе падзець драбавік. Бажко. — Вось забралі цябе ў палон, душылі голадам — і маўчаў. Уцёк і ўсё тваё ўцякло з табой. А я куды ўцяку? Дзе іх падзену? — бацька паказаў на прыціхлых дзяцей, якія ўважліва слухалі гаворку дарослых. Навуменка. // Зрасходаваць, патраціць; выкарыстаць. [Чарняхоўскі] не ведаў, куды падзець энергію, якая бурліла ў ім. Мележ. Але прыходзілі доўгія зімнія вечары. Куды было падзець гэты вольны час? Колас.

•••

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) вочы падзець гл. ведаць.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) рукі падзець гл. ведаць.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) сябе падзець гл. ведаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самасто́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існуе незалежна, свабодна. Самастойная дзяржава. □ Беларусы, раней прыгнечаная нацыя, набылі сваю самастойную дзяржаўнасць упершыню за ўвесь час існавання беларускага народа. «Весці». // Які вылучаецца сярод іншых, мае ўласнае значэнне; асобны. Самастойнае пытанне. Самастойны сказ. □ Гук ы не з’яўляецца самастойнай фанемай таму, што ў беларускай і рускай мовах няма такіх слоў, якія б адрозніваліся ад іншых слоў гэтым гукам. Юргелевіч.

2. Здольны дзейнічаць сам, без чужой дапамогі або кіраўніцтва. [Саша] ўжо самастойны чалавек, фельчар, у яе новыя знаёмыя — колькі ў вёсцы настаўнікаў і іншых хлопцаў! Шамякін. // Уласцівы такому чалавеку. Усе.. месцы з твораў Маркса і Энгельса.. аб дзяржаве павінны быць абавязкова прыведзены ў магчыма больш поўным выглядзе, каб чытач мог скласці сабе самастойнае ўяўленне аб сукупнасці поглядаў заснавальнікаў навуковага сацыялізма. Ленін. // Сур’ёзны, разважлівы. Самастойны хлопчык.

3. Які ажыццяўляецца сваімі сіламі або па сваёй ініцыятыве, на падставе ўласнага меркавання. Самастойны крок. □ [Русаковіч:] — Я не хачу правальвацца на першай сваёй самастойнай рабоце. Крапіва. // Вольны ад пабочных уплываў, арыгінальны. Самастойнае даследаванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чачо́тка ​1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Невялікая пеўчая птушка сямейства ўюрковых. Трохі далей, якраз ля і дарогі, у кроне старой разгалістай грушы трапечуць крыльцамі і шчабечуць чачоткі. Хомчанка.

2. Хуткі, рытмічны танец з частым пастукваннем падэшваў і абцасаў аб падлогу, а таксама музыка да гэтага танца. Гралі.. [кравец і каваль] тое, што трэба было на абыходак тутэйшым людзям, — польку, кракавяка, чачотку. Чорны. // Дробнае пастукванне ног (у час танца). Марыя выбіла чачотку і, увайшоўшы ў азарт, пусцілася па кругу. Гроднеў. / у перан. ужыв. А воддаль на лазе і ліпах Чачотку салавей рассыпаў. Астрэйка. А карась чачотку выбіваюць: Зялёны панцыр цяжкіх лапухоў Спрабуюць скінуць, выскачыць жадаюць У вольны свет травы, вады глухой. Прануза.

чачо́тка ​2, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Від бярозы з прыгожай узорнай драўнінай на разрэзе; карэльская бяроза. [Серада:] Мы яе па-культурнаму пачалі называць: авіябяроза. Бо раней — так сабе па-вясковаму: чачотка дый толькі. Брыль. // Драўніна такой бярозы. Пасучы кон[ей], ён [Нямко] заўсёды што-небудзь рабіў: то плёў лапці, .. то вымайстроўваў якую-небудзь штучку з чачоткі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каладзе́й, колодзей ’стальмах’ (стол., Маслен.). Адсутнасць іншых фіксацый гэтага слова ў бел. мове і наяўнасць яго на тэрыторыі, пагранічнай да зах.-палес. арэалу, не выключаюць магчымасці таго, што гэта ўкраінскае слова. Укр. колодій ’стальмах’, рус. колодей ’майстар, які робіць колы; стальмах’ (у Даля; паметы «паўдн.» і «зах.» указваюць, відаць, на ўкр. і бел. тэрыторыю), польск. kołodziej ’майстар, які вырабляе колы і вазы; стальмах’ (з XV ст.), славін. kolódei ’стальмах’, в.-луж. kołodźej, kołodźij, н.-луж. kołoźej ’тс’, ст.-чэш. koloděj ’тс’. Слаўскі (2, 370) далучае да традыцыйных паралелей рус. колодей ’вялікі кухонны нож’ (так у Фасмера, 2, 293, які прыводзіць у адным артыкуле колодей ’той, хто працуе для сябе, у вольны час’ і ’кухонны нож’) і ўкр. колодій ’вялікі нож’. Нельга пагадзіцца з гэтым: рус. і ўкр., як ні тлумачыць частку ‑ій у слове, суадносяцца з укр. колодач, бел. жур. колодан ’вялікі кухонны нож’ (’нож з калодкамі’). Адносна разглядаемага слова неабходна заўважыць, што, магчыма, гэта архаізм. На карысць такой думкі сведчыць структура злучэння kolo‑dějь, дзе другая частка — Nomen agentis ад děti, dějati. Слаўскі (2, 370) мяркуе пра царк.-слав. *kolo‑dějь з першасным значэннем ’які вырабляе колы, вазы’, аналагічна ў Махэка₂, 270: ’які вырабляе вазы’. Структурныя адпаведнікі: бел. ліхадзей, укр. добродій. Не выключана, аднак, што kolodějь — культурны тэрмін, які (і аб гэтым сведчыць лінгвагеаграфія) з’яўляецца вынікам калькі з іншамоўнага слова, для якога такая структура з’яўляецца натуральнай. Відавочна, што калька магла быць і даўняй, хоць нельга выключыць магчымасці пазнейшай экспансіі лексемы. З літаратуры параўн. яшчэ Шустэр–Шэўц, 8, 596.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)