гу́лкі, ‑ая, ‑ае.

1. Гучны, далёка чутны. Гулкія грымоты. □ Уласныя крокі палохалі Леаніда — яны здаваліся яму занадта гулкімі. Шахавец. Гулкі фабрычны Гудок пранясецца, Сілай крынічнай Работа пальецца. А. Александровіч.

2. Здольны ўзмацняць гул; з моцным рэзанансам. Гучны адзінокі стрэл пачуўся воддаль, рэха пранесла яго далёка, і ён паўтарыўся недзе ў гулкай цясніне гор. Самуйлёнак. А музыкі ў гулкай зале Ладзяць скрыпкі і цымбалы. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старана́, -ы́, мн. сто́раны і (з ліч. 2, 3, 4) стараны́, старо́н, ж.

1. Напрамак, а таксама месца ў якім-н. напрамку ад каго-, чаго-н.; бок.

Хмара паднялася са стараны лесу.

У старане ад дарогі.

2. Мясцовасць, краіна; бок.

З роднай стараны.

Нясоладка жыць на чужой старане.

3. У матэматыцы: прамая лінія, якая абмяжоўвае геаметрычную фігуру.

С. прамавугольніка.

4. у знач. прысл. старано́й (-о́ю). У абход, ідучы на пэўнай адлегласці ад чаго-н.

Аб’ехаць вёску стараной.

Мая (твая, яго і пад.) справа старана (разм.) — мяне (цябе і пад.) менш за ўсё датычыцца.

На старане (разм.) — не дома, на чужым месцы (жыць, працаваць і пад.).

У старане

1) на некаторай адлегласці, воддаль;

2) асобна, не разам.

|| памянш. старо́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пры́вад, ‑а, М ‑дзе, м.

Тое, што і прывод ​2. Ёсць жа ў краіне прадпрыемствы, якія выпускаюць .. [мясарубку] з электрычным прывадам, што дае магчымасць прыстасаваць яе для перапрацоўкі садавіны і гародніны, выціскання сокаў і г. д. «Звязда». Далей на ўсю шырыню сядзібы раскашавалася гумно, трошкі воддаль ад якога пад адмысловай паветкай стаяў назублены прывад малатарні. Сабаленка. — Ламачына, а не малатарня. Ды к таму і прывад няспраўны, — злосна буркнуў Вабейка. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлі́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Ціха плакаць; усхліпваць. [Маці] толькі сутаргава хліпала, выціраючы вочы вялікімі патрэсканымі пальцамі. Мележ. Белагаловая дзяўчынка сядзела трохі воддаль і хліпала, выціраючы кулачкамі заплаканыя вочы. Чыгрынаў.

2. перан. Слаба, мігатліва гарэць. Лямпа, якая вісела перад сталом прэзідыума, чамусьці пачала хліпаць усё мацней і мацней. Паслядовіч. Газоўка хліпала вечарам. Барадулін. Недзе ля Ялты раз-поразу загараўся зялёны агеньчык маяка; ён хліпаў бясконца, пасылаючы ў мора супакаенне начным вандроўнікам. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адча́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

1. што. Адвязаць прычал.

2. Адплысці ад берага (аб суднах, лодках і пад.). Воддаль, выбраўшы момант, каб не замінаць руху буксіраў, ад берага адчаліў паром з калгасным грузавіком. Ракітны. // перан. Разм. Адправіцца, паехаць куды‑н. [Марынка:] — Ты думаеш, я намерваюся доўга заставацца тут? Заўтра ж адчалю ў Мінск. Хадкевіч. У горадзе Камені жыла .. родная сястра [Басько] — доктар, і ён адчаліў туды, Дзе не так даўно, як было чуць у вёсцы, яны сумесна купілі дом. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; зак.

1. Сагнуўшы калені, апусціцца. Воддаль прайшоў паўз бераг рудавалосы высокі хлопец, і дзяўчаты прыселі ў вадзе. Ваданосаў. Ткнуўшы ў зубы папяроску, ён, шукаючы кагосьці, паглядзеў вакол, прысеў на кукішкі і пацягнуўся ў агонь. Ракітны. Параход так раўнуў, што Сашка ад неспадзеўкі аж прысеў. Даніленка.

2. Тое, што і сесці (у 1 знач.); сесці на нядоўгі час. Стафанковіч.. раптам прыціх, прысеў на лаўку, пасля ўстаў, пасля зноў сеў і зноў устаў. Чорны. Можа першы раз за дзень і прысела Ульяна: яна і абедала звычайна, стоячы ля прыпечка. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Паводле забабонных уяўленняў — уздзейнічаць чарамі, магічнымі прыёмамі на людзей. Матруна ёй [шаптусе] цягала Адзенне, грошы, сала, — Амаль усё занесла, што было, А тая ўсё шаптала, чаравала. Корбан. // над чым і без дап. Разм. Займацца справай, незразумелай, таямнічай для акаляючых. Так і тупаў [Пракоп] па сваіх сотках ды прышчапляў-перапрышчапляў, чараваў, мудраваў сам-насам. Кавалёў. Саня мясіў цеста, узбіваў яечныя жаўткі, абсмажваў бульбяныя кубікі, чараваў над соусам, гатаваў «фірменны» салат з радыскі. Пінчук.

2. перан.; каго-што. Вабіць, захапляць; прыносіць асалоду. Глядзіш на іх [грыбы] — і сэрцу міла, Як бы з іх сходзіць нейка сіла, Цябе чаруе, захапляе, Па жылах радасць разлівае. Колас. На гары высокай, Воддаль ад прысад, Чаравалі вока І палац і сад. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уну́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Утуліцца ў што‑н. [Караба] зноў унурыўся галавой у падушку і адразу захроп. Асіпенка. // Паваліўшыся з разгону наперад, уткнуцца тварам у снег, зямлю і пад. Толя ўпаў каля нейкага драўлянага доміка і ўнурыўся тварам у пясок. Якімовіч.

2. Захапіўшыся, паглыбіцца ў што‑н., задумацца. У дарозе людзі паводзяць сябе па-рознаму: хто пазірае ў акно, хто ўнурыцца ў чытанне, а хто не можа маўчаць і з незнаёмымі. Марціновіч. Адам на момант змоўк. Схіліўся над варштатам, унурыўся ў чарцёж. Мыслівец. // Апусціць галаву, панурыцца. Пракоп адчуў сябе пабітым і адзінокім. Унурыўся і маўчаў. Колас. [Мужчыны] вядуць на перакур купкай, а.. [Мацей] воддаль прыткнецца, закурыць, унурыцца і маўчыць. Пальчэўскі.

3. Пільна, не зводзячы вачэй, глядзець на каго‑, што‑н. Зачуўшы крокі, .. [хлопец] спалохана ўстрапянуўся, агледзеў Ілью з галавы да ног, потым зноў унурыўся ў агонь. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Адсунуць адно ад аднаго на нейкую адлегласць, адсунуць у розныя бакі. [Андрэю] з Веркай не было як выйсці з кута, і ім рассунулі сталы. Пташнікаў. [Міхалка] адчыніў стрэшку вулля, рассунуў рамкі, каб быў вольны праход пчолам. Якімовіч. // Раз’яднаць, утварыўшы вольнае месца, раскрыўшы што‑н. Рассунуць заслону. □ Нешта такое мяцежнае было ў голасе маці, што .. [Алесь] раптам кінуўся да шторы і са звонам рассунуў яе. Караткевіч. // Прымусіць расступіцца, расхіліць у бакі. Раманюк адышоў ад трыбуны, рассунуў студэнтаў, якія сядзелі ў прэзідыуме, сеў. Карпюк. [Жанчына] асцярожна пасунулася ў гушчар, рассунула галлё, імкліва падалася наперад. Лынькоў.

2. Зрабіць шырэйшым, раскласці (што‑н. складное, рассоўнае). Антон Авяр’янавіч рашуча ўстаў з канапы і рассунуў стол. Васілёнак. Бацька Стася стаяў трохі воддаль ад людзей. А потым рассунуў сваю казулю-сажань і пайшоў мераць поле. Хомчанка. // Зрабіць шырэйшым, большым. Дык рассунем кола шырай, Патанцуем на памосце. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уе́хаць, уеду, уедзеш, уедзе; уедзем, уедзеце, уедуць; заг. уедзь; зак.

1. Заехаць унутр, у сярэдзіну чаго‑н.; прыехаць куды‑н. Уехаць у двор. Уехаць у лес. □ Гумно стаяла крыху воддаль ад хаты, і абодва яны [Максім з Гіпалітам] не чулі, як уехаў туды на санях Цімка. Машара. У пачатку жніва, неяк раз раніцай, у Бярозаўку ўехалі тры параконныя салдацкія брычкі. Васілевіч. Неўзабаве аўтамабіль, лёгка рассякаючы коламі сухі пясок, уехаў у вуліцу. Якімовіч.

2. Разм. Праехаць які‑н. шлях, ад’ехаць на якую‑н. адлегласць. За дзень мы ўехалі сто кіламетраў.

3. перан. Увайсці ў што‑н. мяккае, сыпучае; асесці, спусціцца; угрузнуць. Цяпер хатка ўехала ў зямлю, асунулася і выглядае побач з новым зрубам кучай парахні. С. Александровіч. Сена на калёсах заслана белым абрусам, але яго зусім не відаць, ён уехаў у само сена. Пташнікаў. Ногі адразу ўехалі вышэй кален у мяккую цеплаватую гушчу. Мележ.

•••

Уехаць па вушы — тое, што і акунуцца з галавой (гл. акунуцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)