згрэ́бці і зграбці́, зграбу, зграбеш, зграбе; зграбём, зграбяце; пр. згроб, згрэбла і зграбла; згрэбла і зграбло; зак., каго-што.

1. Грабучы, сабраць у адно месца. Зграбці сена ў копы. Згрэбці вуголле ў кучу. // Грабучы, прыбраць адкуль‑н. Здавалася, што зусім нядаўна з гэтага шэрага току згрэблі салому, змялі збожжа і падрыхтавалі да новай малацьбы. Нядзведскі. Зваляць, бывала, луг у пракосы, сена зграбуць, а хмарка пакажацца — прыслухоўваюцца да далёкага грому людзі. Бялевіч.

2. Разм. Грабучы, скінуць адкуль‑н. Згрэбці снег са страхі. □ Я згроб камароў, што паналіпалі ў .. [каня] ля воч. Скрыган.

3. Хуткім махам, рухам узяць што‑н. у руку (у рукі); узяць сабе. [Ляснік] спыніўся, згроб шапку ў жменю і зрабіў нізкі, аж да самай зямлі, паклон. Лобан. Адам згроб гадзіннік, узняў яго над галавой і так бразнуў аб падлогу, што толькі розныя шасцяроначкі заскакалі па прахадной. Корбан. [Шандыбовіч] трапным рухам згроб пляшку і паклаў сабе ў кішэню. Кулакоўскі. // З сілаю схапіць, абхапіць каго‑н. З ціхім одумам прыпыніўся .. [Ладымер] пачакаць, пакуль унук падбяжыць да яго. А як падбег, ласкава згроб яго пад сваю лёгкую руку, і пайшлі яны гэтак абняўшыся. Чорны. // Арыштаваць, схапіць. Людвісю людаеды згрэблі, На смерць вядуць, яна ідзе Пад вербамі, па вузкай грэблі, Дзе азярцо, як майскі дзень. Пушча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́ставіць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што.

1. Выняць устаўленае. [Юрка:] — О, ужо і ў вас падвойныя вокны вынялі! [Лаўрэн:] — Вясна, Юрка! — Вясна, дзядзька Лаўрэн. — І смяецца: — А я свае яшчэ тыдні два назад быў выставіў. Ракітны.

2. Падаць, высунуць уперад. Выставіць перад сабою рукі. □ — Во, сіла ў мяне яшчэ ёсць, — выставіў.. [Гардзіенка] свае пудовыя кулакі. С. Александровіч. Падышоў Мартын трохі бліжэй да лесу, паднёс да губ трубу, выставіў крыху наперад левую нагу і затрубіў. Колас.

3. Паказаць, высунуць што‑н. адкуль-небудзь. Выставіць галаву з-за дзвярэй. // перан. Утаропіўшы, спыніць на кім‑, чым‑н. вочы. Доктар і адвакат выставілі на.. [Язэпа] здзіўленыя вочы. Бядуля.

4. Перамясціць што‑н. за межы чаго‑н.; вынесці. Выставіць вазоны з пакоя на балкон. // Паставіць на віду, дастаючы адкуль‑н. Буфетчыца выставіла на стол бутэльку крэм-соды. Асіпенка. // перан. Разм. Выдаліць, выгнаць. Выставіць за дзверы. □ [Дзядок:] — Старшынстваваў Якім у адным калгасе ў суседнім раёне. .. Але выставілі яго адтуль. Корбан.

5. Вылучыць для якой‑н. мэты пэўную колькасць асоб. [Сяльчонак:] — Каб сабраць гэтае сена, мы павінны выставіць сотні касцоў, бо касілкі ўсюды не пусцім. Асіпенка. // Паставіць, размясціць (варту і пад.). Выставіць вартавых. □ [Партызаны] занялі рад .. суседніх вёсак, выставілі заслоны. Казлоў.

6. перан. Выказаць прапанову, патрабаванне. Сход пастанавіў арыштаваць стражнікаў і ўрадніка і выставіў патрабаванне аб скасаванні пасады земскага начальніка. «Весці».

7. перан. Назваць, прапанаваць для якой‑н. ролі. Выставіць сведку.

8. Змясціць для агляду. Выставіць напаказ. □ Паны, распісваючы нас, Не шкадавалі чорнай фарбы, А мы ўзялі на гэты раз Ды нашы выставілі скарбы. Крапіва.

9. перан. Падаць у якім‑н. выглядзе. [Алесь:] — Можа, думаеш, прыемна, калі цябе выставяць вось гэтакім даўгавухім ішаком? Шыцік. // Паказаць, пахваліць сябе. Ваўчок пакідае ўражанне чалавека энергічнага, кемлівага, але занадта самаўпэўненага, схільнага парысавацца, выставіць самога сябе на пярэдні план. Хадкевіч.

•••

Выставіць на смех (на пасмешышча) каго — прымусіць каго‑н. аказацца ў смешным становішчы; абсмяяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.

1. Памагчы каму‑н. сесці. Маці адзела Славу, вынесла на двор, пасадзіла пры асвечанай сонцам сцяне і сама пачала секчы дровы. Чорны. Язэп пасадзіў Макарыху на лаўку, а сам пайшоў высветліць, ці праўда, што тут [у шпіталі] ляжыць Макар Кульба. Асіпенка. // Прапанаваць, прымусіць дзе‑н. сесці. Сама.. [гаспадыня] цяпер мітусілася па пакоі, перастаўляла з месца на месца крэслы, не ведаючы, дзе і пасадзіць гасцей. Шахавец. Пасадзіў пан Бандароўну У куце на лаве, Як бы тую маладую У вясельнай славе. Купала. // Памагчы каму‑н. заняць месца для паездкі на чым‑н. Пасадзіць на аўтобус. □ Старшыня памог .. [старому] выйсці на двор, пасадзіў у сані і сказаў яшчэ некалькі слоў. Чорны.

2. Усадзіць у зямлю, засыпаць зямлёй насенне, карэнне расліны, саджанца для далейшага росту. Пасадзіць дрэва. □ [Настаўнік:] — Пойдзем у лес, накапаем дрэўцаў і пасадзім іх у ямкі, што вы сёння прыгатавалі. Колас. Перад вокнамі зрабіў палісаднічак, паставіў штыкетнік, а каля веснічак пасадзіў бярозку. Васілёнак. [Дзед:] — І дрэва з зямлі не вырасце само, калі насеннейка не пасадзіш. Чарнышэвіч. // Правесці пасадку. Пасадзіць бульбу. □ Трэба абавязкова пасадзіць сады ў кожным калгасе. Асіпенка.

3. Паставіць у гарачую печ пячыся. Пасадзіць пірагі. □ Яшчэ не хутка будзе кіснуць цеста І бабка новы хлеб у печ пасадзіць, А восень — найбагатая нявеста — Далоні іх шурпатыя разгладзіць. Чэрня.

4. Скіраваўшы да зямлі, прымусіць сесці, прызямліць (пра самалёт і пад.). Бурмакоў плаўна пасадзіў ракету. Лёгкі штуршок, і яна спынілася. Шыцік. З вялікімі цяжкасцямі экіпаж пасадзіў самалёт на ваду, і пажар быў ліквідаваны. Матрунёнак. // Разм. Нагнуўшыся на перашкоду, пазбавіць каго‑, што‑н. магчымасці рухацца. Пасадзіць баржу на мель. □ [Каваль:] — Памятаеш, Паліна так і сказала: «Я спадзяюся на цябе...» А ты што робіш? Машыну ў яміну пасадзіў і адпачываеш... Га? Савіцкі. — А, ты пра ўчарашняе... Ды я ж і вінаваты — пабаяўся трактар пасадзіць у багну і прастаяў. Хадкевіч.

5. Разм. Арыштаваць, засадзіць у турму, карцэр і пад. [Беразоўскі:] — Злодзей ты, Макар, і шэльма, якіх мала... Па закону я павінен апытаць цябе, скласці пратакол і пасадзіць за крадзеж. Чарнышэвіч.

6. Прымусіць чым‑н. займацца, што‑н. рабіць (звычайна седзячы). Пасадзіць за ўрокі. // Разм. Прызначыць на якую‑н. пасаду, месца і пад. Ад Перабродскага лагера да маёнтка, куды ён пасадзіў на ўладанне свайго бацьку, было кіламетраў дваццаць. Чорны. // Вызначыць месца каму‑н. дзе‑н. Чытаў.. [Косцік] бегла, пісаў і задачкі рашаў няблага, і настаўнік пасадзіў яго ў другі клас, разам са старэйшымі братамі. С. Александровіч.

7. на што. Разм. Абмежаваць у чым‑н. (пераважна ў ядзе). Пасадзіць на дыэту. □ [Шэмет:] — Каб пабудавацца некалі, то трэба было прыпухнуць, сябе і дзяцей на сухую бульбу пасадзіць. Лобан. — Чаго ты дабіваешся, Адам? Хочаш, каб на семдзесят рублёў у месяц пасадзілі? Мыслівец.

8. Спец. Замацаваць што‑н. у патрэбным становішчы. Пасадзіць дэталь.

9. Памясціць дзе‑н., у сярэдзіну чаго‑н.; размясціць (жывёл, пчол, рыб і пад.) у спецыяльным памяшканні. [Дзед:] — Думаю, перш за ўсё для калгаса вулляў з пяць за зіму змайстраваць. А вясною раі набуду, пасаджу... Краўчанка.

10. Разм. Нанесці (пляму, кляксу на што‑н.); пакінуць які‑н. знак на чым‑н. Пасадзіць сіняк. □ Зайшла аднойчы да нас суседка, убачыла на вокладцы буквара невялікую плямку, што я незнарок пасадзіў, раззлавалася і адабрала кнігу. Ляўданскі.

11. Затупіць; прывесці ў нягоднасць, сапсаваць. — А сенакасілка толькі адна. Ды і тая стаіць другі дзень ужо — Арсень Пахілка пасадзіў нажы. Савіцкі. Доўга ціснуць на стартэр нельга — можна пасадзіць акумулятары. Мяжэвіч.

12. перан. Разм. Збіць, зблытаць пры адказе, перамагчы ў спрэчцы; паставіць каго‑н. у няёмкае становішча. Пасадзіць на экзамене.

•••

Пасадзіць на ланцуг — пазбавіць магчымасці хадзіць куды‑н., наведваць каго‑н.; абмежаваць чыю‑н. свабоду.

Пасадзіць на мель каго — паставіць у бязвыхаднае становішча.

Пасадзіць на шыю каго каму — прымусіць каго‑н. клапаціцца аб кім‑н.

Пасадзіць пад вартуарыштаваць.

Пасадзіць у лужыну (у галёш) — паставіць у няёмкае, смешнае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сну, звязаны са сном (у 1 знач.). Сонны стан. □ Роўны храп.. калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. // Які бывае ў сне. У зямлянцы чулася роўнае соннае дыханне.. сябровак [Каці]. Алешка. Вахву.. пачало скоўваць соннае адранцвенне.. Твар старастаў расплываўся бясформеннай плямай. Самуйлёнак. // Адведзены для сну (пра час). І вось у адну сонную ноч хлопцы Архіпа Іванюка ціха падышлі да логава і абяззброілі ўсіх да аднаго бандытаў. Кавалёў.

2. Які спіць. А «сіцыліст» усё спіць — ураднік проста не ведае, як арыштаваць соннага чалавека. Колас. Чуваць роўнае дыханне сонных людзей. Лынькоў. / у знач. наз. со́нны, ‑ага, м. [Марыся] кінулася ў спальню і пачала тармасіць сонных. Чарнышэвіч. // перан. Агорнуты сном. Сонны дом. // перан. Пасіўны, бяздзейны. Жыў на свеце Лявон, Молад, дужы быў ён, Толькі з воляй і доляй не бачыўся: Сонны сэрцам, душой, Драмаў ў хаце крывой, А выходзіў — слязамі след значыўся. Купала. // перан. Бязлюдны, заціхлы. Сонны горад. □ Хуценька памыўшыся, Вера выйшла на яшчэ сонную вуліцу. Асіпенка. // перан. Спакойны, нерухомы. Туманок, туманок! Хто цябе навалок На прадоннае, соннае возера Нарач? Лужанін. Гэтай раніцай доктар падслухаў усе птушыныя спевы, падглядзеў, як прачынаецца сонны лес. Васілевіч.

3. Які не зусім прачнуўся або хоча спаць. — Ну, чаго? — ускочыў яшчэ сонны Мікола. Новікаў. [Гайдук] млява пацягнуўся да тэлефона.. і доўга, з д’ябальскай цярплівасцю, выклікаў сонную тэлефаністку. Зарэцкі. / Пра жывёл, птушак. На верхавіне дуба спалохана затрапятала сонная птушка. Шамякін. // Уласцівы чалавеку, які хоча спаць або яшчэ не зусім прачнуўся. Сонны выгляд. □ [Дзяжурны] глядзіць соннымі вачыма, лена пытае. Данілевіч. Захрыпеў сонным голасам Скуратовіч: — Хто там? Чорны. // Вялы, слабы, пазбаўлены жвавасці. Дзе толькі дзяваліся яго запаволеныя, нібы нейкія сонныя рухі! Паслядовіч.

4. Снатворны (пра лекі). Сонныя кроплі. // Які выклікае сон, хіліць на сон. Сонны пошум лесу. □ Дзверы ў пакой, дзе былі хворыя, адкрывалі за сабою мяккі сонны змрок. Чорны. Бачыць [Ян], як хмары ўсё больш і больш закрываюць сонца і дзень робіцца шэры, дзень без руху, сонны і нудны. Пестрак.

•••

Сонная артэрыя гл. артэрыя.

Сонная хвароба гл. хвароба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; зак., каго-што.

1. Узяць каго‑, што‑н. з сабой, да сябе. На другі год бацька забраў мяне ў Ліду, каб я вучыўся. Таўлай. Рыгор заварушыўся, мігам адзеўся, забраў напісаныя лісты і стралою вышмыгнуў з пакоя. Гартны. // Узяўшы, змясціць куды‑н., у што‑н. Забраць грыбы ў кошык. // Абхапіўшы рукой (рукамі і пад.), узяць разам. Забраць бараду ў жменю.

2. Узяць сабе; адабраць, захапіць. Збіў Рымша пана на горкі яблык, забраў грошы і пайшоў у лес, у сваю зямлянку. Якімовіч. // Захапіць, заваяваць. [Сярго:] Калі разведка нам удасца сёння, Дык мы Барысаў забяром напэўна. Глебка. // Адняць, прымусіць патраціць. Работа забрала многа часу. □ Перад вачамі будзе ніўка тая ж, што забрала сілы. Чарнушэвіч.

3. (у спалучэнні са словамі «смерць», «зямля», «вайна» і пад.). Памёр, загінуў. Смерць пагасіла песняра, Забрала ў грозную гадзіну. Танк. Быў муж, але няма яго — хіба мала людзей забрала вайна. Скрыган.

4. Разм. Арыштаваць, затрымаць. Паліцыя забрала падпальшчыкаў. / Пра жывёлу. — Патравілі мужыкі сенажаць. Цэлы табун кароў па сенажаці прайшоў, а Ермалай Трыфанавіч, — .. [Пілацееў] кіўнуў галавой у бок на аканома, — не забраў табуна, пашкадаваў мужыкоў. Галавач.

5. Разм. Прызваць, мабілізаваць на вайсковую службу, на вайну. Як пачалася вайна з Германіяй, бацьку забралі ў салдаты, і ён загінуў на фронце. Кудраўцаў.

6. перан. Разм. Авалодаць кім‑н., запоўніць усю істоту (пра думкі, пачуцці і пад.). Страх забраў малога. □ Лявон глянуў на закасаныя .. халяўкі шэрых валёнак Жыжкі, і яго забрала яшчэ большае зло. Ермаловіч. / у безас. ужыв. Забрала Астапа — завярнуў каня, ускочыў і праз мінуту быў у двары Асінені. Гартны.

7. Увабраць, засунуць (пра адзенне). Забраць штаны ў боты. // Зменшыць у шырыні або даўжыні пры шыцці. Забраць рукаў. Забраць кашулю ў баках.

8. без дап. Адхіліцца ўбок ад ранейшага напрамку; павярнуць. Забраць управа.

9. Заняць многа або лішняе пры рабоце. Забраць шырока баразну. Фуганак глыбокі забраў.

10. Вымазацца, выпацкацца граззю, пылам, мелам. [Высокі стары] .. так даў Валі дарогу прайсці, што ажно ўліп плячамі ў сцяну і забраў з яе на сябе.. мел. Чорны.

11. Разм. Адклікаць, перавесці на другую работу. Забраць на работу ў раён.

•••

Забраць за жывое — моцна ўсхваляваць, закрануўшы што‑н. інтымнае, набалелае.

Забраць у свае рукі — падпарадкаваць сабе. На начальніка з раёна як хто халоднай вада цэбар узліў. Пачаў біць адбой, але Костусь забраў тады ў свае рукі ўсю справу. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знайсці́, знайду, знойдзеш, знойдзе; пр. знайшоў, ‑шла, ‑ло; заг. знайдзі; зак., каго-што.

1. У выніку пошукаў выявіць, адшукаць. Дзеду трэба знайсці тую часць чырвонага войска, камандзір якога стаяў у яго на кватэры. Колас. У горадзе, зразумела, можна было б знайсці хірурга. Якімовіч. // Падшукаць, падабраць. Два тыдні ў нашай вёсцы не было старасты, немцы не маглі знайсці халуя на гэты пост. Краўчанка. [Сястра] не ведае, што адказаць. Тузаецца, не можа знайсці слоў. Скрыган. // Прыдумаць (у выніку разважання). Знайсці выхад з цяжкага становішча. // (у спалучэнні з інф. і словамі «чым», «чаму», «за што» і пад.). Ужываецца для выражэння іранічных адносін да выказвання; роўна па значэнню адмоўным канструкцыям: нечым, нечаму, няма за што і пад. Знайшла чым хваліцца. Знайшоў чаму радавацца. □ — Знайшлі за што сварыцца, — умяшаўся Карусь. Колас. // Выявіць у выніку спецыяльных пошукаў, даследаванняў; адкрыць, вынайсці. Знайсці новыя залежы каменнага вугалю. Знайсці новы спосаб рашэння задачы. // Вызначыць шляхам вылічэнняў, вывадаў. Знайсці суму двух лікаў. Знайсці корань слова. // Выбраць, удзяліць для чаго‑н. (які‑н. адрэзак часу). Знайсці вольную хвіліну. □ Калі час толькі вольны знайду — Збіраюся ў падарожжа! Нядзведскі.

2. Выявіць, убачыць, заўважыць. — Надоечы мы знайшлі ў алешніку прыкрытую ламаччам яму. Бажко. // (звычайна ў пытальнай канструкцыі са словам «што»). Выявіць, убачыць у кім‑, чым‑н. якія‑н. уласцівасці, якасці. — Што ты смешнага тут знайшоў, супастат? Лынькоў. — Што ты з мяне, старога, кпіш, знайшоў таварыша!.. Чорны. // Застаць, заспець. Прыйшлі і не знайшлі цябе.

3. Атрымаць, набыць. Знайсці прымяненне. Знайсці адлюстраванне. □ [Білецкі:] Ты памятаеш, Сцяпан, — я не дрэнна страляю і, можаш не сумнявацца, кожная выпушчаная мною куля знойдзе свой адрас. Маўзон. Разбіты граніт Знойдзе месца сваё ў адбудове. Танк. // у кім-чым. Сустрэць з боку каго‑н. якія‑н. адносіны, пачуцці; адшукаць у кім‑, чым‑н. крыніцу якіх‑н. пачуццяў, адчуванняў. Сямён рашыў пайсці да Булая. Не затым, каб паскардзіцца на каго-небудзь. Проста хацелася раскрыць сваю душу, знайсці спачуванне. Шыцік.

4. са злучн. «што». Прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. Ва ўрадніка пранеслася ў галаве думка: арыштаваць і папа за пакрыванне крамольніка. Але перадумаў і знайшоў, што не варта. Колас. // Палічыць, прызнаць. Знайсці неабходным паведаміць аб прыездзе.

•••

(Днём) з агнём не знойдзеш; са свечкай не знойдзеш — пра што‑н. далёка закінутае, схаванае.

Знайсці агульную мову — дасягнуць узаемаразумення, узгодненасці.

Знайсці дарогу к чыйму сэрцу — выклікаць у каго‑н. да сябе любоў, сімпатыі.

Знайсці канец (канцы) — разабрацца ў чым‑н., даведацца пра што‑н.

Знайсці смерць (магілу) — загінуць, памерці.

Знайсці сябе — правільна вызначыць свае схільнасці, зразумець сваё прызванне.

Знайшоў (знайшлі) дурня (іран.) — выражэнне нязгоды з кім‑, чым‑н., адмаўлення ад чаго‑н.

На дне мора знайсці — адшукаць у любым выпадку, незалежна ад абставін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лаві́ць, лаўлю, ловіш, ловіць; незак., каго-што.

1. Хапаць каго‑, што‑н. на ляту. Лавіць мяч. □ Рукою маткі На ўслон шпурляліся аладкі, А дзеці іх даўно сачылі і на ляту блінцы лавілі. Колас. // Імкнуцца дагнаць, схапіць таго (тое), што аддаляецца, ухіляецца. Увішна Нінку ловіць Петрык. Смагаровіч. // Намацваючы, адшукваючы, браць, затрымліваў. Лёгшы ў пасцель, [Міхаська] мяккімі пальчыкамі ловіць матчыну руку. Скрыган. А падыдзе Нямко, дык [конь] ловіць губамі яго руку, трэцца мордаю аб вопратку, ла[шчы]цца як шчанё. Кулакоўскі.

2. Здабываць (рыбу, звяроў, птушак) з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў. Лавіць невадам рыбу. Лавіць сеткай птушак. □ Спачатку Міколка з бацькам з таптухай цялёпкаліся, а потым узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. Лынькоў. // Мець сталым заняткам промысел, здабычу каго‑н. Ён — паляўнічы, ён — рыбак, Страляе, ловіць, пяе песні. Колас. [Бацька:] — Вось цяпер я магу спакойна і паміраць, бо бачу, што вы розуму набраліся: ловіце, страляеце і гаспадарку даглядаеце. Якімовіч.

3. Разм. Высочваць, вышукваць, каб затрымаць, арыштаваць, абясшкодзіць. Лавіць кантрабандыстаў. □ Седас уеўся людзям у косці так, што .. перад самым адыходам польскага войска яго лавілі, падпільноўвалі, каб не выпусціць жывога з рук. Чорны. // Старацца заспець, захапіць каго‑н. у пэўным месцы, за пэўным заняткам. Каля самай вёскі Вару сустрэў Даніла. Ён часта лавіў яе на вячэрніх сцежках. Дуброўскі.

4. Не прапускаць магчымасці для ажыццяўлення чаго‑н., выбіраць зручны момант. Мы лавілі кожную хвіліну перадышкі, каб прылегчы ці .. па чарзе падрамаць. Шамякін. Нявідны стаяў і цярпліва лавіў зручны момант, каб выйсці з свае засады. Колас.

5. перан. Успрымаць слыхам, зрокам, розумам. Лавіць погляд таварыша. □ Лемяшэвіч з непакоем назіраў, з якой зачараванасцю лавіў Алёша кожнае слова сакратара. Шамякін. Ніна прагна, з вострай увагай прыглядалася да ўсяго, лавіла гукі жыцця. Мележ. // Убіраць у сябе, паглынаць, затрымліваў. Праходжу моўчкі я начную плошчу, і ловяць сутарэнні гулкі крок. Панчанка. Непадалёку ўжо стаяць аграмадныя люстры, ловяць сонца, даюць энергію для мініяцюрных буравых машын і адбойных малаткоў. Гамолка.

6. перан. Разм. Настройваць радыёпрыёмнік на пэўныя хвалі, прымаць радыёсігналы. Сёння свята. Па радыё Я лаўлю Маскву. Куляшоў.

7. перан. Разм. Выкрываць, абвінавачваць каго‑н. у чым‑н. Лавіць на хлусні.

•••

Варон лавіць — тое, што і варон страляць (гл. страляць).

Лавіць бягучага воўка след — пра марныя пошукі каго‑н.

Лавіць вецер у полі — тое, што і шукаць ветру ў полі (гл. шукаць).

Лавіць вухам — прыслухоўвацца.

Лавіць на ляту — лёгка успрымаць пачутае.

Лавіць на слове (словах) каго — а) карыстаючыся сказаным, прымусіць каго‑н. зрабіць або паабяцаць зрабіць што‑н. з таго, аб чым было сказана; б) скарыстаўшы агаворку, супярэчнасць у словах субяседніка, прыпісваць яму тое, чаго ён не думаў гаварыць. — Гэта што — пагроза, таварыш Наготка? — ловіць на слове Кацялёў. Шамякін.

Лавіць сябе на чым — нечакана заўважаць у сабе якую‑н. новую схільнасць, асаблівасць і пад. Я часта лаўлю сябе на тым, што пішу не так, як гавару. Скрыган.

У каламутнай вадзе рыбу лавіць — мець выгаду з чаго‑н., карыстаючыся няяснасцю абставін, чыімі‑н. цяжкасцямі, няўдачамі і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак.

1. каго-што. Пачаць цягнуць каго‑, што‑н., прымушаючы рухацца. Паравоз, скрануўшы з месца вагоны, павольна пацягнуў іх за сабою. Арабей. Жанчына схапіла хлопчыка за руку і пацягнула да адчыненых дзвярэй аўтобуса. Каліна. Кандрат пацягнуў Андрэя за сабою, разам з цэпам, і спінаю прыціснуў Паўлюка ў кут. Караткевіч. / у безас. ужыв. Пакуль шынель не намок, Чыжык яшчэ трымаўся на паверхні. Потым яго пацягнула на дно. Няхай. // перан.; што. Выклікаць што‑н., з’явіцца прычынай узнікнення чаго‑н. Такіх дакументаў, якія маглі б пацягнуць за сабою арышты другіх асоб, Нявідны не меў звычаю насіць пры сабе. Колас. Як гэта часта бывае, адна добрая прапанова пацягнула за сабой новыя. Шыцік.

2. каго-што. Узяўшыся за каго‑, што‑н., прымусіць зрушыцца, скрануцца. [Андрэйка] ўскочыў на жэрдку плота, схапіў адно вудзільна, пацягнуў да сябе. Ваданосаў. [Ліда] пацягнула на сябе дзверы і сама выйшла на ганак — насустрач гэтаму ранняму госцю. Васілевіч. // што. Працягнуць, накіраваць. Да яго [сцяга] пацягнуў руку я, Поўны шчасця, тугі і любві. Бураўкін.

3. безас. перан.; каго. Пачаць хіліць, вабіць, прыцягваць; адчуць патрэбу, неабходнасць у кім‑, чым‑н. Спачатку мы перашэптваліся, потым стаміліся, пацягнула на сон. Няхай. [Лабановіча] пацягнула на свежае паветра, на волю. Колас. Пацягнула хутчэй дадому, да Андрэя. Як знойдзенага, абхапіла за шыю, заплакала. Лобан.

4. перан.; каго. Прыцягнуць да адказнасці. [Людміла:] — Іван Іванавіч... Дык вам жа небяспечна тут заставацца. Калі я пайду, — вас зноў могуць пацягнуць, арыштаваць могуць. Арабей.

5. безас. чым. Пачаць распаўсюджвацца; падзьмуць, павеяць. З Нёмана пацягнула прахалодай. В. Вольскі. Ад кастра пацягнула прыемным цяплом. Бяганская. З расчыненых дзвярэй пацягнула насустрач знаёмымі пахамі друкарскай фарбы і спрасаванай паперы. Хадкевіч.

6. што і чым. Набраць, уцягнуць у сябе (паветра, дым і пад.). Лось узняў угару пакручастыя рогі і моцна пацягнуў у сябе паветра. Няхай. Ганька пацягнула носам. Смачна пахне гарачымі блінцамі. Трэба хутчэй уставаць! Васілевіч. // Курачы, зрабіць зацяжку. [Мароз] выняў з шуфляды запалку, пакарпаў ёю ў люльцы і .. зноў пацягнуў. Лобан. // чаго і без дап. Выпіць, цягнучы патроху. Салдат зноў дрыжачымі губамі пацягнуў кіпню. Лобан. // чаго і без дап. Разм. Выпіць чаго‑н. спіртнога. [Ладымер:] Хаця каб ён не выпіваў. А то ён часта пацягнуць любіць. Чорны.

7. чым. Слізгануць чым‑н. па паверхні; правесці. [Хвядос] адчуў, як невядомы абапёрся яму на плечы і нечым мокрым пацягнуў па твары. Скрыпка. Бруском пацягнуў [Міхал] разоў дваццаць, паклаў яго назад, сякеру заткнуў за папружку. Чорны. // Разм. Ударыць. З лесніком жарты малыя, яму нічога не значыць пацягнуць па спіне дубцом за самавольства. Асіпенка. — Вось лазіною пацягну каторую — перастанеце пустое малоць. Мыслівец.

8. што. Пакрыць паверхню чаго‑н. тонкім слоем якога‑н. рэчыва. Пацягнуць падлогу лакам. // Пакрыць, абшыць паверхню вопраткі якім‑н. матэрыялам. [Маці] збіралася яшчэ на зіму «пацягнуць» фуфайку кортам. Пташнікаў.

9. Накіравацца ў якім‑н. напрамку. Пакружыўся [бусел] над сваім гняздом, Адзінокі ў вырай пацягнуў. Астрэйка. Хмара здаволілася ліць, як з вядра, і пацягнула на лес. Грамовіч.

10. Паказаць пры ўзважванні пэўную вагу; заважыць. Нарэшце агурок з грады ўрачыста знялі. Калі ж яго на вагі ўсклалі, Ён пацягнуў прыблізна пуд! Корбан.

11. Разм. Справіцца з якой‑н. работай, даручанай справай. Цяпер .. [Алёшку] паставілі на брыгаду, якую толькі што ўзбуйнілі, і лічылі, што ён пацягне. Кухараў.

12. колькі. Разм. Пражыць, працягнуць. — Ці доўга я яшчэ, доктар, пацягну? — запытаў Кручынін. С. Александровіч.

13. каго-што. Разм. Украсці, сцягнуць каго‑, што‑н.

•••

Ног не пацягнуць — не магчы скрануцца з месца ад стомы.

Пацягнуць за язык каго — прымусіць сказаць, вымавіць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узя́ць, вазьму, возьмеш, возьме; пр. узяў, узяла, ‑ло; заг. вазьмі; зак.

1. Зак. да браць.

2. заг. і інф. (часта ў спалучэнні з часціцамі «хоць», «хоць бы»). Ужываецца пры ўказанні на тое, што патрабуе пільнага разгляду: спыніць увагу, разгледзець як прыклад.

•••

Узяць на каравул — аддаць пашану асобым ружэйным прыёмам.

Дзіва ўзяло каго гл. дзіва.

Завідкі ўзялі гл. завідкі.

Наша (ваша, іх) узяло (возьме) — тое, што і наша (ваша, іх) бярэ (гл. браць).

Ні ўцяць ні ўзяць гл. уцяць.

Узяць быка за рогі — тое, што і браць быка за рогі (гл. браць).

Узяць верх над кім — тое, што і браць верх над кім (гл. браць).

Узяць волю над кім — тое, што і браць волю над кім (гл. браць).

Узяць голымі рукамі — тое, што і браць голымі рукамі (гл. браць).

Узяць грэх на душу — тое, што і браць грэх на душу (гл. браць).

Узяць за аснову — узяць як галоўнае што‑н.

Узяць за горла (за глотку, жабры) — тое, што і браць за горла (за глотку, жабры) (гл. браць).

Узяць за душу — тое, што і браць за душу (гл. браць).

Узяць за жывое — тое, што і браць за жывое (гл. браць).

Узяць за каўнер (за карак) — тое, што і браць за каўнер (за карак) (гл. браць).

Узяць за правіла — зрабіць сваім правілам.

Узяць за сэрца — тое, што і браць за сэрца (гл. браць).

Узяць з бою (боем) — тое, што і браць з бою (боем) (гл. браць).

Узяць зморам; узяць на змор — тое, што і браць зморам (гл. браць).

Узяць лейцы ў рукі — сканцэнтраваць у сваіх руках уладу, кіраўніцтва.

Узяць (займець, паняць) моду — займець прывычку, звычай.

Узяць на абардаж — тое, што і браць па абардаж (гл. браць).

Узяць на буксір — тое, што і браць на буксір (гл. браць).

Узяць на веру што — тое, што і браць на веру што (гл. браць).

Узяць на вока каго — прыкмеціць каго‑н. і назіраць за кім‑н.

Узяць (купіць) на выплат — узяць (купіць) што‑н. у растэрміноўку з платай часткамі.

Узяць нагу — пайсці ў нагу.

Узяць на заметку (на карандаш) — тое, што і браць на заметку (на карандаш) (гл. браць).

Узяць на мушку (на прыцэл) — тое, што і браць на мушку (на прыцэл) (гл. браць).

Узяць напрамак (кірунак) — тое, што і браць напрамак (кірунак) (гл. браць).

Узяць на сябе што — тое, што і браць на сябе што (гл. браць).

Узяць (браць) пад абстрэл — пачаць рэзка крытыкаваць.

Узяць пад варту (стражу)арыштаваць.

Узяць пад казырок — тое, што і браць пад казырок (гл. браць).

Узяць пад каравул — тое, што і браць пад каравул (гл. браць).

Узяць пад увагу — тое, што і браць пад увагу (гл. браць).

Узяць прыклад — тое, што і браць прыклад (гл. браць).

Узяць сваё — тое, што і браць сваё (гл. браць).

Узяць след — тое, што і браць след (гл. браць).

Узяць слова — тое, што і браць слова (гл. браць).

Узяць слова з каго — тое, што і браць слова з каго (гл. браць).

Узяць слова назад — тое, што і браць слова назад (гл. браць).

Узяць сябе ў рукі — тое, што і браць сябе ў рукі (гл. браць).

Узяць у абарот — тое, што і браць у абарот (гл. браць).

Узяць у абцугі каго — стварыць каму‑н. абставіны, становішча безвыходнасці.

Узяць у галаву што — тое, што і браць у галаву што (гл. браць).

Узяць у лоб — тое, што і браць у лоб (гл. браць).

Узяць (схапіць) упол каго — схапіць у ахапак каго‑н.

Узяць у разлік — тое, што і браць у разлік (гл. браць).

Узяць у толк — зразумець, уясніць што‑н.

Узяць у шоры — тое, што і браць у шоры (гл. браць).

Узяць шлюб — тое, што і браць шлюб (гл. браць).

Чорт не возьме гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схапі́ць, схаплю, схопіш, схопіць; зак., каго-што.

1. Узяць, злавіць хуткім, рэзкім рухам рук, зубоў і пад. Воўк схапіў авечку. □ Кандрат Бус, зачуўшы наезд польскай конніцы, схапіў кажух і шапку, адзеўся на хаду і кінуўся на задворкі. Колас. Боязна было зварухнуцца, думалася — гаспадар здагадаецца, што я там схаваўся, схопіць за каўнер і пачне лупцаваць. Бажко. [Вася] схапіў са сцяны бацькаву паляўнічую стрэльбу і без шапкі кінуўся на двор. Пальчэўскі. // Захапіць, злавіць як здабычу. — Унадзіўся падлюка-каршун лятаць, — паскардзіўся .. [дзед] бабцы Вікці. — Сёння зноў маладога пеўніка схапіў. Даніленка. / Пра дзеянне ветру, вады. А потым схопіць [вецер] снег шурпаты і сцебане ў шыбы ім. Свірка.

2. Сілай затрымаць каго‑н., не даючы пайсці, уцячы. Хлапчыну схапілі, выкруцілі назад рукі і адабралі гуркі. Карпаў. Да дзеда і Міколкі падскочылі салдаты, схапілі іх, звязалі рукі. .. Павялі ў склеп. Лынькоў. // Разм. Арыштаваць. — Сяргея схапілі, — дрыжачы ад узбуджэння, паведаміў [Лобік] як навіну. Навуменка. [Кірыл Іванавіч] яшчэ здолеў нейкім чынам перадаць аднаму з падпальшчыкаў, што яго збіраюцца схапіць, і такім чынам выратаваў чалавека ад смерці. Казлоў.

3. перан. Разм. Атрымаць, здабыць. Курорт яму [Мацею] падай, кватэру без чаргі, І прэмію схапіць не траціць ён надзею... Корбан. [Мікіта Мінавіч:] — А за ашуканства старога чалавека ты [Вара] ў мяне яшчэ спагнанне схопіш. Кулакоўскі. Але не заўсёды Лукашу шанцавала схапіць што. Бывалі дні, што, акрамя шчаўя, нічога больш не пападалася пад рукі. Лобан. Усе дзяўчаты вешаліся па яго [Сымона]. От і схапіла Аўдоцця шчасце. Чарнышэвіч. // Атрымаць дрэнную адзнаку на ўроку, экзамене. Схапіць двойку. // Нахапаць, узяць адкуль‑н., пераняць. [Астапчык:] — Пачопка кажа, што Павалковіч вялікі майстар кампіляцыі. Спіша, схопіць адтуль-адсюль, скампілюе і выдае за сваё. Машара.

4. Разм. Набыць, атрымаць, падчапіць (якую‑н. хваробу). [Ліда:] — Загадай .. [мужу] змоўкнуць, а то наглытаецца ветру і схопіць запаленне лёгкіх. Шамякін. — Яшчэ чаго не хапала! — фыркнула маці: — Схопіш якую-небудзь заразу і памрэш дачасна... Гарбук.

5. Разм. Раптоўна і моцна праявіцца ў каго‑н. (пра прыступ хваробы, болю). Памятаю, у той дзень бацьку нездаровілася — схапіў жывот. Дамашэвіч. На хвіліну якую Юрка ўспамінае, як яго схапілі былі дрыжыкі, калі ён, едучы з Разіна на Смыку, убачыў дым над сваёй хатай... Пташнікаў. / у безас. ужыв. Жывот схапіла. // Ахапіць раптоўна, адолець (пра пачуцці, стан і пад.). Дзядзьку схапіла злосць.

6. перан. Разм. Хутка ўспрыняць, зразумець, засвоіць. Схапіць думку субяседніка. □ Калгасныя курсанты, відаць, яшчэ сядзелі ў клубе над канспектамі, хапалі там тое, што не паспелі схапіць за дні вучобы. Шашкоў. Ты хочаш розумам схапіць, пра што зара з гарой гаворыць. Дубоўка. // Улавіць зрокам, слыхам. Часам Пятро схопіць вокам, непрыкметна ледзь павярнуўшы галаву, і кожны раз пазнае яе, Таццяну — у белым, вясельным убраны... Пестрак. Схопіць вачамі пачатак якога сказа, і ў думках самі сабой, як у той кінакарціне, адзін за адным мігцяць вабныя малюнкі. Шынклер.

7. перан. Разм. Прыкмеціўшы, раскрыць, адлюстраваць (звычайна ў творах мастацтва). На малюнку хлапчук даволі правільна схапіў прапорцыі. Асіпенка. Слова паэта імкнецца схапіць перажыванне ў момант яго працякання. Клышка.

8. Умела звязаць, абвязаць чым‑н. Схапіць валасы стужкай.

9. Спец. Змацаваць, злучыць. Схапіць бярвёны скрэпамі.

10. Спец. і разм. Застываючы, зацвердзяваючы, змацаваць, злучыць (пра якія‑н. рэчывы і пад.). Тарфяны попел схапіў, умацаваў пясок, атрымаўся рыхлы асфальт. Новікаў. // безас. Зацвярдзець, застыць (пра якое‑н. рэчыва). Бетон хутка схапіла. // Разм. Замарозіць. Лёд схапіў раку. / у безас. ужыв. Лужыны схапіла лёгкім марозікам.

11. (звычайна з адмоўем «не»). Разм. Паспець зрабіць што‑н. [Ульяна:] — А я, думаю, перабяру, а то калі будзем сеяць, дык потым усё не схопіш. Гаўрылкін. Была нядзеля. Праўда — як на заказ, і ўся вёска вываліла за Марозаву лазу схапіць і скласці ў стагі сваё сухенькае, як порах, сена. Ракітны. // Хутка арганізаваць, зрабіць што‑н. Схапіць таксі і паехаць.

•••

Схапіць бізуна — атрымаць лупцоўку.

Схапіць за руку — злавіць на гарачым учынку, на месцы злачынства.

Схапіць у абдымкі — абняць.

Трасцу схапіць — не атрымаць нічога.

Як вока схопіць гл. вока.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)