Слыць ‘быць вядомым; лічыцца знаным, славіцца’ (ТСБМ, Нас.), ст.-бел. смути ‘лічыцца, называцца’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. сли́ти ‘славіцца’, рус. слыть ‘тс’, стараж.-рус. слути ‘звацца’, ст.-польск. słuć, чэш. slouti, славац. sluť ‘тс’, славен. slúti ‘славіцца’, серб.-харв. слу́тити ‘прадчуваць, здагадвацца’, макед. слути ‘тс’, ст.-слав. слоути ‘выразна гаварыць, агалашаць’. Прасл. *sluti роднаснае лат. sluvêt ‘слыць’, slūt ‘зрабіцца вядомым’, ст.-в.-ням. hlût ‘гучны’, ірл. clunim ‘чую’, лац. clueō, cluēre ‘называцца; быць слаўным’, грэч. λκέω ‘слаўлю, усхваляю’, ст.-інд. śrų́tḥ ‘слых, вуха, слуханне’, да і.-е. kʼléu̯ ‘чуць’; гл. Траўтман, 307; Мюленбах-Эндзелін, 3, 942–943; Майргофер, 3, 372–374; Фасмер, 3, 680 з іншай літ-рай; Махэк₂, 557; Скок, 3, 289–290; Глухак, 564 (лічаць сербска-харвацкае слова вытворным ад *slutъ ‘хто слухае’); Бязлай, 3, 267–268; Борысь, 557–558; ЕСУМ, 5, 301. Далей гл. слава, слова, з якімі яно звязана чаргаваннем галосных.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кане́шне і кане́чне,

1. пабочн. сл. Само сабой зразумела, без сумнення. Аб гэтым канцэрце яшчэ задоўга прагудзелі ўсе вушы, і я вырашыў не прамінуць яго і, канешне, запрасіць Соню. Ракітны. Канечне, вельмі добра ведаць мову суседзяў, але найперш трэба ведаць сваю. Арабей.

2. прысл. Абавязкова, што б там ні было. Рызыкаваць хлопцам не хацелася: у іх жа вунь колькі зброі, і яны павінны канешне знайсці партызан... Якімовіч. // безас. у знач. вык. (часцей з адмоўем). Разм. Абавязкова. — А ты, брат Янка, пільнуй адзежу, бо прыдзецца зняць усё, апроч шапак... Не канечне стаяць над ёю крукам, — зрабіў агаворку Марцін, — а з вока спускаць не трэба. Колас. Пасля пачалі казаць: «Няхай сабе жывуць здаровенькі, а мне не канешне зрывацца з бацькаўскіх сцежак». Чорны.

3. сцвярдж. часціца. Так, зразумела, вядома. — [Ваш сын] служыў разам з маім Андрушам, хацела праведаць, пагаварыць... — А-а, яно канешне, канешне, — няпэўна прамовіў стары. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зга́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца.

Зак. да га́дзіцца.

згадзі́цца 1, згаджу́ся, зго́дзішся, зго́дзіцца; зак.

1. Даць згоду на што‑н. — Такога мужа за тры грошы можна купіць. Мусібыць на свеце адна пані Даміцэля і згадзілася пайсці за яго замуж. Колас.

2. Прыйсці да згоды (у 2 знач.); пагадзіцца з чым‑н. — Відаць, з Мацеем нешта здарылася, — згадзіліся ўсе на адным меркаванні. Шамякін.

3. Выказаць згоду з кім‑, чым‑н., прызнаць правільным, пацвердзіць што‑н. — Патрабаваць трэба падвышэння, — абазваўся той. — Праўду кажаш, — згадзіўся Пніцкі. Чорны. Думка была слушная, і Віктар павінен быў з ёю згадзіцца. Маўр.

згадзі́цца 2, ‑дзі́цца; зак.

Аказацца карысным, прыгодным для чаго‑н.; спатрэбіцца. Дрэва патачыў чарвяк, на хаты яно лонаўцам не згадзілася. Пташнікаў. За горадам, у баку ад княжага замка, ужо з самага набліжэння фронту не працавала панская пільня. Цяпер яна згадзілася на выраб лесу на патрэбы войска. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахісну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Страціўшы раўнавагу, хіснуцца. Войт пахіснуўся, пабляднеў і асеў, схапіўшыся за бок. Колас. Ад слабасці закружылася галава, .. [Сяргей] пахіснуўся, але паспеў ухапіцца за стол. Хомчанка. Дрэва раптам пахіснулася, затрашчала, чалавек з сякерай адскочыў убок, і яно бразнулася на зямлю. Лупсякоў.

2. перан. Стаць менш устойлівым, трывалым. Даўнейшы аўтарытэт Каржакевіча як самага багатага ў вёсцы гаспадара і амаль самага пісьменнага чалавека,.. яшчэ і дагэтуль не пахіснуўся. Крапіва. [Максімава] рашучасць пахіснулася і даволі моцна. Шамякін. // Адчуць няўпэўненасць, сумненне ў чым‑н. Варанецкі заўважыў, што Гаруноў пахіснуўся ў сваіх намерах. Дуброўскі. [Камандзір], нарэшце, пахіснуўся. На кароткім начным прыпынку ён выказаў згоду на тое, каб падзяліцца на дзве групы, конную і пешую. Брыль. // Разладзіцца, пагоршыцца. Здароўе пахіснулася. □ Прыйшоў такі момант, калі [Феніны] камерцыйныя справы.. пахіснуліся. Ракітны.

3. Упасці ў паніку, прыйсці ў замяшанне. Правакатары пралічыліся. Савецкія пагранічнікі не спалохаліся .. пагроз, не пахіснуліся. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развярэ́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Дакрануўшыся, дакранаючыся, выклікаць або ўзмацніць боль; раздражніць (рану, балючае месца). Развярэдзіць вольку. □ Выклаў .. [Слесарэнка] усе сілы, што былі, без астатку, развярэдзіў рану — і ад гэтага балелі не толькі рука, а і плячо, і ўвесь левы бок. Бураўкін.

2. перан. Растрывожыць, расхваляваць (душу, сэрца). Успаміны развярэдзілі мне памяць. Лойка. Я не хацеў ужо быць сур’ёзным, бо ведаў: развярэджу зноў і сабе і Марце душу, і мы зноў расстанемся нездаволеныя адно адным. Сачанка. // Узбудзіць, узмацніць (якое‑н. пачуццё, жаданне і пад.). [Леанід Ахрэмавіч:] — Што пісьмо... Яно толькі крышку развярэдзіла думкі, што ўзнікалі і раней. Хадкевіч. Прайшла з цягам часу, развеялася тая горыч, здавалася, вось ужо і забыта ўсё, дык дзе там: развярэдзіў старое сённяшні дзень. М. Стральцоў. // Абудзіць да якой‑н. дзейнасці; разварушыць, падбіць на што‑н. [Агітатары з горада] развярэдзілі мужыкоў, раззлавалі іх, а пасля разам з імі рушылі ў маёнтак. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шту́рхацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Штурхаць каго‑н. А гэтае жарабятка ўжо на другі ці на трэці дзень свайго нараджэння пачынала хадзіць за Нямком, штурхацца мысаю ў спіну, браць у губы яго палец і смактаць. Кулакоўскі. // Штурхаць адзін аднаго. Спрасонку ўсе таўкліся, штурхаліся, тыцкаліся, як сляпыя. Грахоўскі. З Краснаярска адыходзіў параход. Штурхаўся, спяшаўся з клункамі народ. Шушкевіч.

2. перан. Разм. Знаходзіцца, быць дзе‑н. у цеснаце, таўкатні. Садзімся.. ў сваю машыну і едзем. Яно і добра. Не трэба ў тралейбусе штурхацца. Корбан. // Знаходзіцца, быць, бадзяцца дзе‑н. без асобага занятку, без мэты. І на другім «паверсе» Зіна таксама любіла штурхацца, прыцэньвацца да тавараў. Грамовіч. Ззаду ў нас пачуўся зычны вокліч: — Разыдзіцеся, грамадзяне! Няўжо ў вас спраў няма іншых, як штурхацца тут? Васілевіч.

3. Разм. Штурхаць што‑н. ці стукацца ў што‑н., імкнучыся прабіцца, пранікнуць куды‑н.

4. Зал. да штурхаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Адразу, адным прыёмам зрабіць што‑н. Каб не давялося потым наракаць на сябе, яна [Юля] тут жа шухнула ў печ з вядра — вуголлі зашыпелі. Гроднеў. // Нечакана, раптоўна паваліцца. Стаяць нязручна, умошчваюся прысесці і чуць не шухнуў вобземлю. С. Александровіч.

2. Хутка абваліцца, асыпацца, спаўзці, з’ехаць куды‑н. Зямля шухнула ў дзірку і ледзь не засыпала мяне. Сачанка. Раптам зверху на яго [Петрыка] шухнула салаш. Гілевіч.

3. Надысці, настаць, прыйсці (пра якую‑н. з’яву, надзею). Пасля свята раптоўна шухнула адліга. Савіцкі.

4. Выехаць, выбыць адкуль‑н. [Галасок:] — Ды яно так і будзе, як Вербец кажа: з сваёю брыгадаю яны заробяць. Горад будуецца. І я прашу вас, таварыш старшыня, прыміце меры, бо ўслед за імі і ўся мая брыгада шухне. Савіцкі.

5. Рэзка, нечакана, з сілай падзьмуць, павеяць. Шухне [вецер], Аж самлееш, на нагах ты, Водар мяты і сасновых смол. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лік1 ’колькасць чаго-небудзь, паняцце колькасці’, ’лічба’, ’вынік гульні’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Янк. БП, Бяльк., Касп., Шат., ТС), маг. ’гандлёвая адзінка для верхаводкі, якая складаецца з 25 рыбак’ (Дэмб.). Укр. лік, рус. алан., смал., кур. лик ’лічба, колькасць’, Комі АССР ’многа’, ст.-рус. ликъ ’шмат’, ’хор’, польск. (з 1603 г.) lik ’лічба, лічэнне, колькасць’. Паўн.-слав. архаізм likъ утвораны ад дзеяслова ličiti > лічыць (гл.).

Лік2 ’твар, абрысы твару’ (Нас., ТСБМ), укр. лик, рус. лик ’твар, выява, ікона, адлюстраванне’, ст.-рус. ликъ ’тс’, славен. lȋk, серб.-харв. ли̑к, макед., балг. лик ’адлюстраванне, выява, вобраз, воблік, фігура’. Прасл. likъзах. і ўсх.-слав. мовах пазней яно замянілася ў lice ’твар, аблічча, шчокі’). Звычайна прасл. likъ параўноўваецца з ірл. lecco, н.-ірл. leaca, ст.-прус. laygnan (< *laiknan ’шчака’) — гл. Фасмер, 2, 495–496. Мартынаў (Лекс. взаим., 213–217) гаворыць аб пранікненні лексемы з прасл. у прагерм. у выглядзе lika, што Слаўскі (4, 224–225) дапускае малаімаверным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жале́за1 Рус. желе́зо, укр. залі́зо, польск. żelazo, чэш., славац., в.-луж. železo, н.-луж. zelezo, палаб. zilʼozü, балг. желязо, макед. железо, серб.-харв. жѐлезо, славен. želę́zo ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус. желѣзо ’тс’. Літ. geležìs, лат. dzèlz(i)s ’тс’, ст.-грэч. χαλκός ’медзь’. Покарны (1, 435) дае праформу *ghel(ē̆)ĝh‑. Паводле Трубачова (ВСЯ, 2, 1957, 31–34), які адкідвае думку некаторых папярэднікаў (Мейе, Общеслав., 408) пра запазычаны характар слова, яно звязваецца са словамі, што абазначалі камяні, косці (перанос па падобнасці і функцыі): польск. głaz, рус. глаз ’каменьчык’ > ’вока’, ст.-слав. желы, бел. жаўлак (гл.), грэч. χέλῦς ’чарапаха’, галава (гл.). Тады выдзяляецца і.-е. корань *ghel‑ ’камень’. Улічваючы польск. żeliwo ’чыгун’, ‑z‑о (< *‑gʼh‑) мае суфіксальны характар (Шанскі, 1, Ж, 281). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 42–43; Траўтман, 83; БЕР, 535 (дзе этымалогія Трубачова кваліфікуецца як няпэўная).

Жале́за2 ’жалезная рэч’ (у тым ліку ’свяцільня’) (Сл. паўн.-зах.). Пераноснае, паводле матэрыялу, ад жале́за1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́ндыш, ла́ндаш, ла́ндуш, маг. лантуш, лануш ’ландыш майскі, Convallaria majalis L.’ (Кіс., Бейл., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), укр. ла́ндиш, ландош, рус. ла́ндыш ’тс’, польск. łanuszka, łanysz, łanka, ст.-польск. łanie uszko ’вуха лані’, што з’яўляецца перакладам сярэдневяковай назвы ландыша — Auricula cervi. Паводле Брукнера (306) і Слаўскага (4, 47–48), Унбегаўна (BSL, 52, 169), Кохмана (Kontakty, 80), ва ўсх.-слав. мовы лексема прыйшла з польскай. Няясным з’яўляецца ‑д‑ у некаторых формах, аднак Унбегаўн мяркуе, што яно — паразітычнае, а паводле народнай этымалогіі лексема збліжаецца з прыметнікам гладкі (параўн. усх.-бел., смал. глад́ыш ’ландыш’). Гл. таксама Фасмер, 2, 457; Махэк₂, 320. Інакш КЭСРЯ (233): рус. ландыш утворана ад ладьнъ ’ладан’ і суф. ‑ыш‑ > ладьнышь, у якім адбылася метатэза д і н. Сюды ж маг. ландыш белы, віц. ландышкі ’грушанка круглалістая, Pyrola rotundifolia L.’ (Кіс.), рус. перм. ландыш ’тс’ — у выніку пераносу паводле падабенства суквецця. Параўн. таксама адваротны перанос: славац. hruštička азначае ’ландыш’ (hruška — ’Pyrola’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)