пля́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. без дап. Ударыць, стукнуць з пляскам. Каля лодкі рыбіна злосна пляснула шырокім хвастом па вадзе, спрабуючы нырнуць пад ніз. Ігнаценка.

2. каго і без дап. Ударыць, стукнуць далонню аб далонь або далонню па кім‑, чым‑н. — Што ты нарабіла? — пляснула далонямі Поля, да якой не адразу дайшло, што здарылася. Шамякін. Дзверы адчыніла мне цётка. Пляснула ў далоні, ледзьве зірнула на мяне. Савіцкі. Я прамармытаў нешта, а ён пляснуў мяне па плячы: — Значыць, дамовіліся! Рунец.

3. што. Разм. Кінуць што‑н. з шумам, з пляскам. Тады Алёша з размаху пляснуў аб падлогу мокрую анучку і рушыў да дзвярэй. Шамякін. // Упасці з шумам.

4. што або чаго. Разм. Плюхнуць на каго‑н., у што‑н. Бабка бразнула пустым посудам, ссыпала ўсе лыжкі і міскі ў начоўкі, пляснула гарачай вады. Каліна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прайгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што і без дап. Пацярпець паражэнне ў гульні, спаборніцтве, спрэчках і інш. Прайграць матч. □ [Юрась Бабіч] у заклад ішоў са мною і, як бачыце, прайграў. Савіцкі. Бондар бачыў — бой прайгралі. На штурм камяніц ісці нельга... Трэба адыходзіць. Навуменка. [Сымон:] Усё прапала: мы прайгралі. Не даказалі сведкі, свае людзі не даказалі нашае даўнасці на гэтую зямлю. Купала.

2. што. Страціць што‑н., пазбавіцца чаго‑н. у выніку азартнай гульні; прагуляць. Прайграць грошы. □ Казалі, што .. [пан] прайграў сваю зямлю, і ад вялікага маёнтка застаўся ціхі, недагледжаны хутар. Адамчык.

3. што і без дап. Сыграць, выканаць; прымусіць прагучаць. Прайграць пласцінку. □ А восьмай гадзіне на дваровым дзядзінцы прайграў гармонік. Гартны. Акампанемент у складзе банджа, кастаньетаў і некалькіх гітар прайграў уступ усім вядомай песні. Скрыпка.

4. Іграць некаторы час. Прайграць дзве гадзіны на раялі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пратрубі́ць, ‑трублю, ‑трубіш, ‑трубіць; зак.

1. Утварыць гукі, дзьмучы ў трубу ці ў іншы падобны духавы інструмент. Пратрубіць у ражок. // Утварыць моцныя гукі, падобныя на гукі трубы. Лось пратрубіў перамогу над гаем, Аж па вадзе захадзілі кругі. Лось.

2. што. Гукам трубы (ці іншага падобнага духавога інструмента) даць сігнал аб чым‑н. Пратрубіць збор. Пратрубіць трывогу. □ Гарніст пратрубіў адбой, дзетдомаўскі двор апусцеў. Нядзведскі. Пратрубілі дружна ў лад Звонкі марш гарністы. Гілевіч.

3. Разм. Правесці час за якім‑н. нецікавым, бескарысным заняткам. [Дзед:] — Сядай, ды толькі барзджэй, і без гэтага палову дня задарма пратрубіў. Пянкрат.

4. што і без дап. Трубіць некаторы час. Пратрубіць увесь дзень на трубе.

•••

Пратрубіць (пракрычаць) вушы каму — надакучыць размовамі пра што‑н. — А то вось і мой большы [сын] вушы мне пратрубіў: паеду, памагае, паеду на завод, дый годзе... Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

псава́цца, псуюся, псуешся, псуецца; псуёмся, псуяцеся; незак.

1. Прыходзіць у стан няспраўнасці, станавіцца непрыгодным. Улетку, калі «студэнтачка» была дома, у.. [Тодзіка] каля яе хаты што-небудзь псавалася ў аўтобусе, а рамонт працягваўся доўга. Чорны. Плод.. [ігрушы] мог ляжаць усю зіму і не псаваўся, а ўсё смачнеў. Кулакоўскі. // Паддавацца пашкоджанню. Ад чытання ў прыцемку псуюцца вочы. □ Я заўсёды ёй гаварыў: «Наталка, не прывыкай да цукерак, ад цукерак зубы псуюцца». Пянкрат.

2. Рабіцца непрыемным, брыдкім; пагаршацца. Калі .. [Васіль] глядзеў на няскончаны зруб клуба, заўсёды псаваўся настрой. Шамякін. Прыемна было ісці пешшу, асабліва ў лесе. Праўда, пачало псавацца надвор’е. Неба пакрылася смугою, якая пакрысе засланяла сонца. Чарнышэвіч.

3. Набываць дрэнныя схільнасці, станавіцца дрэнным. [Падпалкоўнік:] — Салдату нельга доўга сядзець у казармах, бо ён псуецца без работы, як іржавее без работы добры аўтамат! Лынькоў.

4. Зал. да псаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлі́ў, ‑ліву, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разліваць — разліць (у 2 знач.).

2. Дзеянне і стан паводле дзеясл. разлівацца — разліцца (у 2, 3 і 4 знач.). І ў гэтым разліве пяшчоты, дзіцячай ласкі .. [Галя] адчула, што ўжо не можа быць без яго, без хлопчыка, які ёй стаў такі родны. Сабаленка.

3. Выхад з берагоў ракі, возера; паводка. Мне не часта даводзілася бачыць Дняпро ў час яго разліву, ды яшчэ ў такую слаўную ранішнюю пару... Ракітны. // Веснавая вада, а таксама прастора, залітая вадой. [Раўбіч:] — Паколькі пачнём вясной, а разліў .. часам дасягае шасці вёрст ушыркі — гэта дасць вам неабходны спакой на той час, пакуль мы будзем наводзіць парадак. Караткевіч. Пешаходы сцішалі свае таропкія крокі, спыняліся на мосце і, любуючыся шырокім разлівам, прыслухоўваліся: ні то гэта шуміць веснавая вада, ні то тое новае, што ідзе разам з вясной. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́зыка, ‑і, ДМ ‑зыцы, ж.

1. Магчымая небяспека, пагроза чаму‑н. З вялікай рызыкай друкавалі часамі .. патрыёты антыфашысцкія лістоўкі, якія потым распаўсюджваліся па горадзе. Няхай. — Здаецца, пара зразумець табе, дзяўчына, што ў нас на кожным кроку рызыка. Машара. — Задумана смела, я сказаў бы, занадта смела, — Кіеня гаварыў нібы сам з сабой, — але і рызыка вялікая. Шыцік.

2. Дзеянне наўдачу ў якой‑н. справе з надзеяй на шчаслівы канец. [Камандзір:] — Без рызыкі на вайне не бывае. Якімовіч. Гэта была рызыка, але ці ж разумная, рызыка з добрым гаспадарчыя разлікам — добрая справа. Краўчанка. — Як можна без разумнай рызыкі? — пытаўся Кавалеўскі, беручы Максіма Сцяпанавіча пад руку і крыху заходзячы наперад. Карпаў.

3. Абл. Ганарлівасць, фанабэрыстасць. Голы, як бізун [Лявон], а рызыкі столькі, што носа не дастанеш. Чарнышэвіч.

•••

На сваю рызыку (страх) — на сваю адказнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумле́нна, прысл.

З годнасцю, як належыць. На судзе .. [Клінцэвіч] трымаўся смела і бадзёра, як чалавек, які сумленна выканаў свой абавязак перад партыяй і народам. Машара. Я ведаю толькі, што вашы сыны Сумленна, па-людску загінулі. Аўрамчык. [Лена:] — Жыві, Алесь, сумленна, любі людзей, рабі для іх усё, што можаш зрабіць, а шчасце само прыйдзе. Ваданосаў. // Старанна, шчыра. Працу [бабка Параска] любіла і працавала сумленна, бо іначай ёй нельга было жыць. Колас. Міша Грузд сумленна выканаў даручэнне. Адрас Віці, які яму далі ў настаўніцкай, нельга было ні забыць, ні пераблытаць. Жычка. // Без хітрасцей, выкручвання. [Міхал:] — Наадварот, я хачу, каб іх [законы] выконвалі сумленна. Карпаў. // Без падману, ашуканства, хлусні. Мы працавалі горача, каб ты Стаў сапраўды, рубель наш, залатым! Зароблены сумленна, ты ў хаты Нясеш усё, чым наш Саюз багаты. Панчанка. [Дзядзька Іван:] — Не ўмеў [зяць] сумленна з працы жыць, дык цяпер вось разлічваецца... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адвалі́ць, -валю́, -ва́ліш, -ва́ліць; -ва́лены; зак., што.

1. Адвярнуць, адкінуць што-н. ад чаго-н.

А. камень ад дзвярэй.

А. завалу і адчыніць вароты.

2. Выдзеліць, даць, адрэзаць, расшчодрыўшыся (разм., іран.).

А. ладны кавалак сала.

А. сто тысяч рублёў.

3. ад чаго і без дап. Адысці, адплысці, адляцець.

Параход плаўна адваліў ад прыстані.

|| незак. адва́льваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. адва́льванне, -я, н. (да 1 знач.), адва́л, -у, м. (да 1 знач.) і адва́лка, -і, ДМ -лцы, ж. (да 1 знач.)

|| прым. адва́льны, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

міну́та, -ы, ДМу́це, мн. -ы, -ну́т, ж.

1. Адзінка вымярэння часу, роўная 1/60 гадзіны і якая складаецца з 60 секунд.

Без дваццаці мінут чатыры.

2. Кароткі прамежак часу, імгненне.

Мінуты радасці.

3. Адзінка вымярэння вугла і дугі, роўная 1/60 градуса (спец.).

Мінута маўчання — знак выказвання жалю з прычыны чыёй-н. смерці.

Мінута ў мінуту — абсалютна дакладна.

На адну мінуту (разм.) — ненадоўга.

У адну мінуту — вельмі хутка.

|| памянш.-ласк. міну́тка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так (да 1 і 2 знач.).

Пачакайце мінутку.

|| прым. міну́тны, -ая, -ае.

Мінутная стрэлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

зае́хаць, -е́ду, -е́дзеш, -е́дзе; -е́хаў, -е́хала; -е́дзь; зак.

1. Прыехаць куды-н. ненадоўга, па дарозе.

З. да знаёмых.

2. па каго-што, а таксама з інф. Прыехаць з якой-н. мэтай.

З. па дзяцей.

З. развітацца.

3. Пад’ехаць не прама, аб’язджаючы.

З. з левага боку.

З. наперад.

4. Едучы, апынуцца далёка або не там, дзе трэба.

З. на край свету.

З. у гразь.

5. каму ў што, па чым і без дап. Ударыць каго-н. (разм., груб.).

З. у вуха.

|| незак. заязджа́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. зае́зд, -у, М -дзе, м. (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)