памя́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад памя́ць.
2. у знач. прым. Няроўны, нягладкі, са складкамі, маршчынамі. У лодцы сядзеў чалавек у сіняй палінялай майцы і шэрым памятым капелюшы. Шашкоў. Пазаўчора з суседняй вёскі .. [людзям] перадалі зачытаную, памятую партызанскую газету. Шамякін. // Які страціў сваю першапачатковую форму ад удару, штуршка; пашкоджаны ўмяцінамі. Пад адхонамі валяліся памятыя цыстэрны, шкілеты вагонаў. Карпаў. Там, на шырокіх дашчаных паліцах і ў вялізных плеценых карзінах, яшчэ можна было знайсці хлеб — праўда, пабіты і памяты. Якімовіч. // Прыбіты, прыгнуты, прытоптаны (аб раслінах). На тым месцы, дзе [людзі] селі на зямлю, асталася пасля іх толькі памятая трава. Чорны. // перан. Заспаны, са слядамі стомы; змораны, нясвежы (пра твар). Якаў застаў Вярбіцкага дома. Той нядаўна прачнуўся, і твар яго быў памяты і нясвежы. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
параўня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак., з кім-чым.
1. Рухаючыся, аказацца на адной лініі з кім‑, чым‑н. [Фурманка] параўнялася з Цітковай хатай, потым гукі яе шырока рассыпаліся па валасным двары. Лобан. Параўнялася Палікарпаўна з дваром сваёй напарніцы Маланні і не ўтрымалася, заглянула ў акно. Кулакоўскі. Кожную раніцу, як толькі сонца параўняецца з вяршалінамі ліпы, што стаіць у канцы агарода, Тамара бярэ збан з малаком і нясе яго бабцы Кацярыне. Сіняўскі.
2. Стаць роўным, аднолькавым. І вось ён, век той чалавечы, — І параўняліся ўжо вы. Як станеш побач — плечы ў плечы І галава да галавы. Гаўрусёў.
3. Стаць нароўні з кім‑, чым‑н. у якіх‑н. адносінах. Нашы хлопцы, як заўсёды, У працы беззаганныя, Толькі цяжка параўняцца З дзеўчынай стараннаю. Русак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паэ́зія, ‑і, ж.
1. Мастацкая, пераважна вершаваная, творчасць. Асветленая і сагрэтая полымем рэвалюцыі 1905–1907 гадоў, паэзія Янкі Купалы стала голасам беларускага народа. Палітыка.
2. Творы, напісаныя вершаванай мовай; проціл. проза. Прозвішча нічога не гаварыла слухачам, хіба толькі аматары паэзіі ўспомнілі невялікую кніжку ў блакітнай вокладцы — першы яго зборнік. Хадкевіч. [Сцёпка:] — І адкуль ты ўзяў, што я паэзіі не люблю? Сапраўдную паэзію ўсе любяць. Колас. // Сукупнасць вершаваных твораў якога‑н. народа, эпохі і пад. Пралетарская паэзія. Рамантычная паэзія.
3. перан. Што‑н. прыгожае, велічнае, узвышанае, што хвалюе, уздзейнічае на пачуцці. Паэзія прыроды. Паэзія працы. □ І гэты ясны дзень, і гэтыя краявіды, поўныя паэзіі, і гэтыя весткі аб новым месцы, сабраныя ў дарозе, — усё гэта памацняла той добры настрой, у якім пад’язджаў Лабановіч да Пінска. Колас.
[Грэч. póiēsis.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плява́ць, плюю, плюеш, плюе; плюём, плюяце; незак.
1. Выкідваць, выдаляць з рота сліну, макроту і пад. Дубовік ведаў, што Доўнар ненавідзіць яго, таму і ішоў ззаду, каб не пападацца яму на вочы, а той штохвілінна азіраўся, зняважліва пляваў на снег і мармытаў нешта ўпаўголаса. Чарнышэвіч. [Стары] курыў і пляваў сабе пад ногі. Чорны.
2. перан.; на каго-што. Разм. Адносіцца да каго‑, чаго‑н. з пагардай, зусім не лічыцца з кім, чым‑н. Наогул, як гэта можна пляваць на тое, што зрабіў рабочы чалавек! Шахавец. // інф. пляваць у знач. безас. Усё адно, усё роўна. — У-у, зараза! — прасіпеў Ягор услед Піню. — Што чалавек загінуў, яму пляваць. Каня шкадуе. Корбан.
•••
Пляваць у вочы — зневажаць каго‑н.
Пляваць у столь — нічога не рабіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
салю́т, ‑у, М ‑люце, м.
1. Урачыстая форма прывітання або аддача пашаны каму‑, чаму‑н. ружэйнымі або артылерыйскімі залпамі, падняццем ці апусканнем сцяга і пад. Артылерыйскі салют. Развітальны салют. □ І ва ўсіх нас ёсць Радзіма, Што імёны нашы помніць І салюта громам гулкім Паўтарае з году ў год. Танк. І пачуў у той дзень ён [хлопчык] салют Перамогі, Што ў Маскве прагучаў, скалыхнуў увесь свет. Прыходзька.
2. Піянерскае прывітанне, якое выражаецца ў падняцці над галавой правай рукі. Піянеры застылі ў стройных шарэнгах, падняўшы рукі ў піянерскім салюце. «Маладосць». // Разм. Прывітанне пры сустрэчы з кім‑н. — Салют брыгадзіру! — выгукваў Марцін, падымаючы руку ў знак прывітання. Хадкевіч. — Салют, — казырнуўшы, .. [Сашка] павіншаваў тых, хто стаяў у калідоры. Гроднеў.
•••
Салют нацый — салют звычайна з 21 гарматнага залпа пры сустрэчы кіраўнікоў замежных дзяржаў.
[Фр. salut.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стая́к, ‑а, м.
1. Вертыкальны брус, слуп і пад. у якім‑н. збудаванні, прыстасаванне якія служаць для апоры або злучэння чаго‑н. Цяпер і клічкі .. [коням] далі, і шыльдачкі пры кожным стаяку прыбілі. Брыль. З той самай ночы, калі не вярнуўся Сяргей, Ліпа амаль кожны дзень выходзіла да парапета. Там была ўтульная лава з чыгуннымі стаякамі. Хомчанка. // Вертыкальная труба збудаванняў. Работнікі сантэхмантажу абавязаны ў новых дамах .. паклапаціцца, каб стаякі і радыятары ў дастатковай ступені награваліся. «Звязда». // Комін ад столі да страхі.
2. Абл. Галандская печ. Вялікую печ, што займала калісьці амаль чвэрць хаты, замяніў стаяк. Пальчэўскі. Ралан .. загадаў Станіку і Чэсю прынесці дроў з павеці і распаліць стаяк. Грамовіч.
3. у знач. прысл. стаяко́м. Разм. У вертыкальным становішчы. Паставіць бервяно стаяком.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суддзя́, ‑і; мн. суддзі, ‑яў; м.
1. Службовая асоба ў органах суда, якая выносіць прыгавор па судовай справе. Народны суддзя. Міравы суддзя. □ Чыкілевіч успомніў адно здарэнне па судзе, паставіў сябе на месца таго падсуднага, якога асудзіў суддзя. Колас. Джыавані не ведаў, што дні праз тры пасля яго суда тую дзяўчыну таксама прывялі ў суд, праўда, не да таго суддзі, які судзіў Джыавані. Лынькоў.
2. У спорце — той, хто судзіць якое‑н. спаборніцтва, гульню. Сам суддзя аслупянеў — Вырашыць не можа: Гол ці не? Гілевіч.
3. Чалавек, які выказвае якое‑н. суджэнне, думку, вывад пра што‑н. або дае ацэнку каму‑, чаму‑н. Лёдзя не раз заўважала, як людзі чамусьці тушуюцца перад бацькам і, калі спрачаюцца між сабою, звычайна бяруць яго за суддзю. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
твань, ‑і, ж.
Дрыгва, багністае месца. Перад хлопцамі ляжала гнілая зыбучая твань. Гамолка. Як у той час [вясной 1941 года] .. [Нікодыма] радавала і хвалявала кожная асушаная пядзя зямлі, дык цяпер, наадварот, ён нецярпліва чакаў, каб гэтая зямля зноў ператварылася ў першабытную твань, па якой не прашыецца на Воўчую выспу нават мыш. «Беларусь». Твань вакол была такая, што калі ступіш на яе, дык, здаецца, увесь свет зыбаецца. Броўка. Залезлі [маці з Алёшкам] па самую шыю ў густую рыжую твань і сядзелі там, аж пакуль па іх не напароліся карнікі. Сачанка. // Гразь. Дзядзька Марцін вытрас сетку, а потым выпаласкаў з яе розны бруд і твань па чыстай бягучай вадзе. Колас. // Ціна. Падводная гаць з жэрдак і палак спружыніць пад нагамі .. Ногі слізгаюцца па жэрдках, якія абраслі пад вадой зялёнай тванню. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
торг 1, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. таргаваць (у 1 знач.).
2. Дзеянне паводле знач. дзеясл. таргавацца. // Здзелка. Цяпер уся тая іхняя размова нагадвала Анатолю ганебны торг, у час якога Ліля дамагалася выставіць сябе і прынізіць яго. Асіпенка.
3. Уст. Базар, рынак; месца гандлю. Людзі не помняць такога торгу, такога кірмашу, які быў у той .. дзень. Пестрак. Паспееш з казамі на торг. Прыказка.
4. звычайна мн. (таргі́, ‑оў). Уст. Публічны продаж якой‑н. маёмасці, рэчаў, якія дастаюцца таму, хто прапаноўвае больш высокую цану; аўкцыён. Публічныя таргі. □ Сенажаці прадаваліся з таргоў. Нікановіч. // Спаборны парадак здачы падрадаў і паставак таму, хто прапаноўвае ўмовы, найбольш прыдатныя казне. Таргі на пастаўку лесу.
торг 2, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. торгаць і торгацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэмп, ‑у, м.
1. Ступень хуткасці выканання музычнага твора. Тэмп арыі. Тэмп уверцюры. / Пра спектакль, чытанне, мову і пад. Тэмп спектакля. Тэмп песні. □ Гукі полькі запоўнілі хату. Гетманскі лёгка кружыўся, набіраючы тэмп. Алешка. // У спорце — ступень хуткасці мерных або паўторных рухаў, дзеянняў. Тэмп бегу. Тэмп стральбы. □ На трэніроўцы маё сэрца хутка набірала адпаведны тэмп, і я адчуваў сябе зусім свабодна якраз у той час, калі спрытныя гарадскія юнакі ўжо выдыхаліся і выглядалі, як мокрыя кураняты. Карпюк.
2. Хуткасць ажыццяўлення, выканання або інтэнсіўнасці развіцця чаго‑н. Тэмпы росту цяжкай прамысловасці. □ Сельская гаспадарка дасягнула высокіх тэмпаў росту. «Работніца і сялянка». Шаманскі ўсёй сваёй душой адчуў, што цяпер, у дні агульнага працоўнага ўздыму калгаснікаў, самы час набіраць тэмпы. Дуброўскі.
•••
У тэмпе — хутка, энергічна (рабіць што‑н.).
[Іт. tempo.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)