яно́, яго́, яму́, яго́, ім, аб ім; займ. асаб. 3 ас. адз. н.

1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка ніякага роду адзіночнага ліку, які ў папярэднім кантэксце абазначае прадмет гаворкі. Люблю, як шуміць жыта Сваім вусатым калоссем. Шуміць, смугою спавіта, Што зернем яно налілося. Шымук. Бярэ на повад свёкар Цыбатае цяля. Яно глядзіць здаля Сваім тужлівым вокам. Голуб. У садку, на самай сярэдзіне, уцалела адна яблыня. Лісце яе, праўда, прыхапіла агнём, яно завяла. Якімовіч. // (у спалучэнні са словам «само»). Іменна тое, а не іншае; тое самае.

2. У спалучэнні з часціцай «вось» набывае ўказальны характар. Вось яно, тлумачэнне.

3. Ужываецца з пабочнымі словамі і ў безасабовых сказах у знач. узмацняльнай часціцы. [Яўхім:] — Праца, яно, вядома, нялёгкая, але заробак ёсць. С. Александровіч. — Яно добра маразком пагрэцца. Зарэцкі. // у знач. наз. яно́, яго́, н. Тое, што і гэта (у 4 знач.). [Голас:] — Куды, маладзічка, ідзеш? — Наташа спалохана азірнулася. — А ты не бойся. От ужо напалоханая... Ды яно ўсе цяпер такія. Асіпенка. // у знач. наз. яно́, яго́, н. Паказвае на якія‑н. акалічнасці, з’явы, падзеі і пад., пра якія ідзе гутарка, якія знаходзяцца перад вачамі. Садзімся сабе ў сваю машыну і едзем. Яно і добра. Корбан. Здарылася яно неяк так, што [Галя] расла адна. Ермаловіч.

4. Ужываецца ў значэнні займенніка «гэта», паказваючы на што‑н. раней названае, упамянутае. Мне кажуць, што старасць прыгнула мяне, Не тое гавораць, не так яно, не! А. Александровіч. / У спалучэнні з часціцай «і». Так яно і ёсць: палонка. «Ну і разява», у думках аблаяў сябе Дзімка. Аляхновіч. Яно і крыўдаваць не было на каго. Кавалёў.

•••

Вось яно што! Вось яно як! гл. вось ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

малады́, ‑ая, ‑ое; молад, ‑а.

1. Які не дасягнуў сталага ўзросту; юны; проціл. стары. На ярусах стаяць маладыя хлопцы і сталыя мужчыны з бомамі ў руках. Колас. Доктар Сільвановіч быў малады, энергічны чалавек, высокі, дужы. Арабей. / у знач. наз. малады́, ‑ога, м.; малада́я, ‑ой, ж. Гэты стары спраўней маладога. // Уласцівы маладому ўзросту, маладым людзям. Малады твар. Маладая душа. Малады задор. □ Усплёсквалі ў начным змроку звонкія маладыя галасы. Мележ. // Ужываецца для абазначэння дзяцей у адрозненне ад бацькоў (звычайна пры прозвішчах). Пра Нахлябіча старога .. [Пніцкі] не ўспамінаў, нават калі спатыкаў Нахлябіча маладога. Чорны.

2. у знач. вык., з інф. або са злучн. «каб» і інф. Нясталы, малавопытны па маладосці. Малады ты яшчэ мяне вучыць. □ — Ты малады яшчэ, каб са мною сілаю мерацца. Якімовіч.

3. Які нядаўна нарадзіўся, пачаў расці. Малады рой пчол. □ [Балота] пасярэдзіне было амаль голым, толькі дзе-нідзе купкамі выбіваўся малады альхоўнік. Дуброўскі. // Які нядаўна ўзнік, утварыўся. Малады горад. □ У маладым калгасе адразу занялося жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. // Які нядаўна пачаў дзейнічаць у якой‑н. галіне. Малады аўтар. □ [Патапаў:] Мяне і маіх сяброў паслала сюды партыя, каб мы перадалі маладым беларускім кадрам свой вопыт. Крапіва.

4. Які нядаўна вырас, свежы (пра агародніну). Маладая бульба. □ Бацька накроіў хлеб і парэзаў тонкае сала. Выняў з торбы маладую цыбулю і паўлітроўку малака. Брыль.

5. Нядаўна прыгатаваны (аб напітках, прадуктах). Маладое віно. Малады сыр.

6. у знач. наз. малады́я, ‑ых; адз. малады́, ‑ога, м.; малада́я, ‑ой, ж. Жаніх і нявеста пасля заручын і ў час вяселля. [Дзяўчаты] прывезлі падарункі дня маладых, — заўтра мелася адбыцца камсамольскае вяселле. Корбан. Некалькі саней .. ехала ад касцёла, везлі маладую з маладым. Карпюк.

•••

Маладыя людзі гл. людзі.

Малады век гл. век.

Малады, ды ранні — пра вопытнага, спрактыкаванага не па гадах чалавека.

Малады чалавек гл. чалавек.

Молада-зелена — пра чалавека вельмі маладога, з малым жыццёвым вопытам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́ставіць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што.

1. Выняць устаўленае. [Юрка:] — О, ужо і ў вас падвойныя вокны вынялі! [Лаўрэн:] — Вясна, Юрка! — Вясна, дзядзька Лаўрэн. — І смяецца: — А я свае яшчэ тыдні два назад быў выставіў. Ракітны.

2. Падаць, высунуць уперад. Выставіць перад сабою рукі. □ — Во, сіла ў мяне яшчэ ёсць, — выставіў.. [Гардзіенка] свае пудовыя кулакі. С. Александровіч. Падышоў Мартын трохі бліжэй да лесу, паднёс да губ трубу, выставіў крыху наперад левую нагу і затрубіў. Колас.

3. Паказаць, высунуць што‑н. адкуль-небудзь. Выставіць галаву з-за дзвярэй. // перан. Утаропіўшы, спыніць на кім‑, чым‑н. вочы. Доктар і адвакат выставілі на.. [Язэпа] здзіўленыя вочы. Бядуля.

4. Перамясціць што‑н. за межы чаго‑н.; вынесці. Выставіць вазоны з пакоя на балкон. // Паставіць на віду, дастаючы адкуль‑н. Буфетчыца выставіла на стол бутэльку крэм-соды. Асіпенка. // перан. Разм. Выдаліць, выгнаць. Выставіць за дзверы. □ [Дзядок:] — Старшынстваваў Якім у адным калгасе ў суседнім раёне. .. Але выставілі яго адтуль. Корбан.

5. Вылучыць для якой‑н. мэты пэўную колькасць асоб. [Сяльчонак:] — Каб сабраць гэтае сена, мы павінны выставіць сотні касцоў, бо касілкі ўсюды не пусцім. Асіпенка. // Паставіць, размясціць (варту і пад.). Выставіць вартавых. □ [Партызаны] занялі рад .. суседніх вёсак, выставілі заслоны. Казлоў.

6. перан. Выказаць прапанову, патрабаванне. Сход пастанавіў арыштаваць стражнікаў і ўрадніка і выставіў патрабаванне аб скасаванні пасады земскага начальніка. «Весці».

7. перан. Назваць, прапанаваць для якой‑н. ролі. Выставіць сведку.

8. Змясціць для агляду. Выставіць напаказ. □ Паны, распісваючы нас, Не шкадавалі чорнай фарбы, А мы ўзялі на гэты раз Ды нашы выставілі скарбы. Крапіва.

9. перан. Падаць у якім‑н. выглядзе. [Алесь:] — Можа, думаеш, прыемна, калі цябе выставяць вось гэтакім даўгавухім ішаком? Шыцік. // Паказаць, пахваліць сябе. Ваўчок пакідае ўражанне чалавека энергічнага, кемлівага, але занадта самаўпэўненага, схільнага парысавацца, выставіць самога сябе на пярэдні план. Хадкевіч.

•••

Выставіць на смех (на пасмешышча) каго — прымусіць каго‑н. аказацца ў смешным становішчы; абсмяяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сказ, ‑а, м.

1. Граматычна і інтанацыйна аформленае спалучэнне слоў або асобнае слова, якое выражае закончаную думку. Просты сказ. Складаны сказ. □ Пасля кожнага сказа вырываліся з.. грудзей [Антося] глыбокія, працяглыя ўздыхі. Кулакоўскі. Гаворыць Сяргей абрывіста, кароткімі сказамі. Жычка. Валодзька ўспомніў першы сказ сачынення, успомніў — і слёзы набеглі на вочы. Гамолка.

2. Народны твор аб сапраўдных падзеях мінулага або сучаснасць. Сказ пра Чапаева. □ Маладая мая, яснатварая Случчына, гэты сказ пра цябе. Дудар. І сказ аб братняй долі шчаснай Цішком хадзіў ад хат да хат. Панчанка. / у паэт. ужыв. І толькі задымленых танкаў маторы Суровы складалі аб воіне сказ. Кірэенка. // Літаратурны твор, у якім апавяданне вядзецца ад асобы апавядальніка.

3. Паданне пра якую‑н. падзею, асобу. Як крук, здавён кружыўся сказ пануры, Што нельга закранаць труны Цімура. Лойка. Сказ вякі захавалі пра вялікі той цуд. Машара.

4. Разм. Расказ, апавяданне пра што‑н. І вядзе Рыгор свой сказ, Нібы песню, складка: — Мне зямлі далі ў той час Кавалачак ладны. Бялевіч. А прыслухайся толькі да сказаў людзей, І пабачыш, якім будзе горад прыгожым. Танк. // Размова, слова, якія выражаюць чыю‑н. катэгарычную думку, рашэнне адносна чаго‑н. А ў яе [цешчы] кароткі сказ: «Ты, лайдак, завёз не ў час Угнаенне ў калгас!» Корбан.

•••

Аднародныя члены сказа гл. член.

Аднасастаўны сказ — сказ, які мае ў сваім саставе толькі адзін галоўны член.

Безасабовы сказ — сказ, у якім адсутнічае дзейнік і ён не падразумяваецца.

Бессуб’ектны сказ — тое, што і безасабовы сказ.

Галоўны сказ — частка складаназалежнага сказа, якая прадвызначае сувязь, што рэалізуецца даданым сказам.

Галоўны член сказа гл. член.

Даданы сказ — частка складаназалежнага сказа, сінтаксічна падпарадкаваная галоўнаму сказу і звязаная з ім пры дапамозе злучніка ці злучальнага слова.

Назыўны сказ — аднасастаўны сказ, у якім галоўны член выражаны формай назоўнага склону назоўніка.

Намінатыўны сказ — тое, што і назыўны сказ.

Неразвіты сказ — сказ, у саставе якога няма даданых членаў.

Развіты сказ — сказ, які мае ў сваім саставе, акрамя галоўных, даданыя члены сказа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́бці, скубу, скубеш, скубе; скубём, скубяце; незак., каго-што.

1. Цягнуць рыўкамі; цягнучы, браць патроху. Скубці сена. □ Каля самага прыгумення [Курловіч] пачуў, як нехта шастае саломай, скубучы яе са стажка. Дуброўскі.

2. Расскубваць што‑н. пальцамі, разрываць на дробныя часткі. Скубці пер’е. □ Пакрысе .. [маці] скуплівала воўну, прамывала і скубла. Бядуля.

3. Вырываць, адрываць (пра траву і пад.). Поле травіцаю соннай адзелася, Вышла скацінка і дружна скубе. Купала. Бабка Кацярына сядзела ў разоры і жвава скубла маладую лебяду. Якімовіч. Буланы конь за дзень папрацаваў. Цяпер адпачываў і скуб траву. Корбан. // Вырываць, выскубваць (пер’е, пух і пад.). Скубці гусей. □ Паволі таптаўся [Астап] ля печкі, пачаў скубці курыцу. Лынькоў. // перан. Разм. Наносіць урон, шкоду. Відаць, скублі .. [немцаў] тут з усіх бакоў... Няхай.

4. Перабіраць пальцамі, патузваць. Хвалююся. Гімнасцёрку скубу, абцягваю, пілотку папраўляю. Ракітны. Пальцы .. [Люды] нервова скублі батыст насоўкі. Савіцкі. — Зямля відаць мне навылёт, Заткну за пояс вас! — І грозна стукнуў кулаком, Нервова вус скубе [бацька]. Бялевіч. // Тузаць, трэсці. — Дай мне слова! — скубе за рукаў старшыню Гарбач. Мурашка. Юзік .. засаромеўся сваіх таварышаў, якія скублі яго за полы ватовай капоты. Чорны. // Цягнуць рэзкімі рухамі. — [Бацька] ўжо не вернецца? — пытае Зміцерка. — Маўчы, дурненькі, — кажа Ганначка і балюча скубе Зміцерку за валасы. Асіпенка. / Пра вецер. Гусцее пад далёкім полем вячэрняя смуга. Вецер зласней скубе фіранку, — спяшае, каб хутчэй аціхнуць нанач. Пташнікаў.

5. Зашчэмліваючы пальцамі скуру, прычыняць боль. — Анэлька, баліць, дурная ты! — азвалася ціха Яніна. — Баліць... Я ж і хачу, каб балела... — праказвала яна, скубучы тую, дзе пападзе. Мурашка.

6. перан. Непакоіць, дакучаць; патрабаваць чаго‑н. [Старшыня:] — Цябе адзін загадчык райана скубе, а мяне ўсё раённае начальства. Асіпенка. Тут табе і яблычак свежы, і мядок пахучы, не якая-небудзь ферма, дзе цябе кожны скубе, а павагі ніякай. Ермаловіч. // Крыўдзіць. [Галя:] — [Іру] ўсе тузаюць і скубуць у класе. Гарбук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смак, ‑у. м.

1. Адчуванне, якое ўзнікае ў выніку раздражнення слізістай абалонкі языка рознымі рэчывамі; здольнасць успрымаць такое адчуванне — адно з пяці знешніх пачуццяў. Салодкі смак. Кіслы смак. Горкі смак. Органы смаку. □ [Чалавек] адчуваў толькі чырвоны туман у вачах і салоны смак крыві ў роце. Караткевіч. Дзеці любаваліся чырвонымі карэньчыкамі [радыскі], каштавалі іх на смак і з удзячнасцю пазіралі на маленькую гаспадыню. Бяганская. // Якасць, уласцівасць ежы, якая адчуваецца ў час яды. Дануся ад душы засмяялася, калі даведалася, што я па смаку не адрозніваю гатункаў цукерак і яны для мяне ўсе аднолькава салодкія. Карпюк. Смак гэтых сушаных яблык.. [Язэпка] яшчэ і цяпер памятае. Бядуля. // Апетыт, прыемнае адчуванне ад яды. Варанае мяса і хлеб з’елі з такім смакам, якога даўно не ведалі. Пянкрат. Акраец хлеба ў торбу ўзяў, кавалак сала ўзяў для смаку. Дубоўка. Ходзіць бабка лесам-гаем У хусціначку збірае Даланясты ліст кляновы — Хлеб на ім пячы жытнёвы,.. А бабоўнік кучаравы — Каб не страціць смак да стравы. Танк.

2. перан. Задавальненне, ахвота. [Міхась] прыпёрся спіной да левага крыла «Пабеды» і доўга стаяў, са смакам пакурваючы папяросу. Корбан. [Тамаш] убіраў у сябе гукі маршаў з такім смакам, нібы піў невядомае смачнае пітво. Бядуля. Калі студэнт выйшаў на двор і спыніўся каля лаўкі, завознікі слухалі якраз вусаценькага мужчыну, які са смакам і веданнем расказваў пра былога гаспадара млына. Брыль. // Цікавасць, схільнасць да чаго‑н.; сутнасць, сэнс чаго‑н. Страціць смак да жыцця. □ Вы, зязюлькі мае, цёткі, Што за смак вам плесці плёткі?! Крапіва. [Чалавек:] — Я люблю рызыку. Як па лязе брытвы ходзіш... Во ў чым смак... Асіпенка.

•••

Дайсці да смаку гл. дайсці.

(Не) да смаку (быць, прыйсціся і пад.) — (не) падабацца, (не) спадабацца каму‑н. Жаласлівасць чужых цётак Ваню была не да смаку. Бядуля. [Маланка] баялася, ці прыйдуцца да смаку гасцям яе аладкі. Грамовіч.

Увайсці ў смак гл. увайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ва́дзіць, ‑дзіць; безас. незак. (часцей з адмоўем).

Разм. Шкодзіць, перашкаджаць. [Паўлюк Трус] трохі своеасабліва вымаўляў «р», але гэта не толькі не вадзіла, а рабіла чытанне яшчэ прыемнейшым. Лужанін.

•••

Не вадзіць — так і трэба; не шкодзіць.

вадзі́ць, ваджу́, во́дзіш, во́дзіць; незак.

1. каго. Накіроўваць хаду каго‑н., памагаць ісці. Вадзіць дзіця за руку. Вадзіць хворага. □ Мы вадзілі коней у лес, у такое месца, куды не вельмі хто трапляў. Кулакоўскі. // Хадзіць з кім‑н., паказваючы яму што‑н. [Дзядок:] — Учора зяць з дачкой вадзілі мяне ў тэатр. Корбан. // каго-што. Хадзіць на чале каго‑, чаго‑н., кіраваць; узначальваць. Вадзіць полк у атаку. // Разм. Прыводзіць з сабою каго‑н. Вадзіць сяброў да сябе ў хату. // Даглядаць, ахоўваць (пра птушак, звяроў). Вадзіць куранят. // Прымушаць хадзіць з сабою. Тады цыганы ў горадзе Смаргоні абучалі мядзведзяў розным фокусам, пасля чаго вадзілі іх па гарадах. Бядуля.

2. што. Кіраваць рухам самаходнай машыны. Вадзіць камбайн. Вадзіць цягнікі.

3. чым па чым. Рухаць чым‑н. па паверхні чаго‑н. Вадзіць алоўкам па карце. □ Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас. Сеецца, дрыжыць мрок. Здаецца, чуваць, як нехта ўгары водзіць далонню па шурпатым палатне. Пташнікаў. // чым. Рухаць, перамяшчаючы з аднаго боку ў другі. Лаўніцкі, гартаючы кнігу, хутка вадзіў вачыма па старонках, час ад часу спыняўся і нешта запісваў у блакнот. Шахавец. Не хапаючыся, не высільваючыся, ашчадна трацячы сілы, мерным, спрактыкаваным рухам вадзіў.. [Васіль] касою. Мележ.

4. што, з кім. Падтрымліваць (знаёмства, дружбу і пад.). Вадзіць блізкае знаёмства. □ Да яго [земляка] зайшоў на службу, У ягоны кабінет: Як-ніяк — вадзілі дружбу Многа зім і многа лет. Бялевіч.

5. пераважна безас. каго-што. Хістаць у бакі, заносіць пры хадзьбе, яздзе. Машыну пачало вадзіць на мокрай дарозе. □ Ішоў.. [малады чалавек] так павольна і так яго вадзіла ў бакі, што льга было думаць, што ён некалькі тыдняў нічога ў рот не браў. Чорны.

6. Кіраваць гульнямі, танцамі. Вечарынкі-карагоды Пад баян вадзіла ты. А. Александровіч.

•••

Вадзіць дзяды — драмаць, седзячы спаць.

Вадзіць за нос — абяцаць і не выконваць, уводзіць у зман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’е́сці, з’ем, з’ясі, з’есць; з’ядзім, з’ясце, з’ядуць; пр. з’еў, з’ела; заг. з’еш, з’ешце; зак., каго-што.

1. і чаго. Прыняць якую‑н. ежу; скарыстаць на яду, на харчаванне. З’есці хлеба. З’есці яблык. З’есці па бліну. □ Кандрат Назарэўскі з асалодай з’еў увесь хлеб і ўсё малако. Чорны. Адзін з’еш хоць вала — адна хвала. З нар. // Загрызці, задушыць. Па пасёлку папаўзлі чуткі, што Гінку з’елі ваўкі. Корбан.

2. перан. Разм. Нападкамі, ганеннем звесці са свету, загубіць. — Заўсёды ён імкнуўся з’есці мяне, зжыць са свету, ну — і згубіць цяпер. Шынклер. Цешча зноў загаласіла: — А не вінаваты ж ён, не вінаваты!.. А з’елі ж яго свае зайздроснікі!.. Асіпенка. // Поўнасцю паглынуць, забраць. [Максім Астаповіч] абышоў навокал хату — усё было старое, трухлявае, разваленае. Вось і ўсё, што асталося дзеля Марынінай будучыні, хіба можа далучыць яшчэ сюды яго былую няўдалую мару, якая з’ела лепшыя яго маладыя гады. Чорны. З’ела царскае каранне Тарасову сілу, — Менш глядзеў ужо на неба, А больш у магілу. Купала.

3. Сапсаваць, пашкодзіць, грызучы і пад. (пра насякомых, грызуноў). Моль з’ела футра. □ Калі ўжо завёўся шашаль, можа ўсю будыніну з’есці дашчэнту. Баранавых. // Разм. Заесці, пакусаць (пра насякомых).

4. перан. Поўнасцю знішчыць (пра сілы прыроды і пад.). Снег рыхлы з’елі туманы, — Бярозавік цячэ ў збаны; Прынёс нам бусел на хвасце Вясну — чарэмшына цвіце. Бялевіч. Прыхваціла, з’ела Спёка ярыну. Купала.

5. Разм. Пашкодзіць, разбурыць (пра ядавітае рэчыва, іржу і пад.). Грыб з’еў падлогу. Іржа з’ела трубы.

6. Груб. пагард. Ужываецца як дакор пры звароце да каго‑н. у значэнні: вазьмі, забяры. Замест адказу Аўгіння схапіла клубок нітак, шпурнула ім у чорную Васілёву бараду. — Вось па што хадзіла. З’еш яго! Колас.

7. Сцерці, затупіць (зубы).

•••

Жыўцом з’есці (праглынуць) — тое, што і з’есці (у 2 знач.).

З’есці пуд жалезнага бобу — набрацца вялікага цярпення для чаго‑н.

Зубы з’есці (праесці) на чым — доўгай працай, практыкай набыць вопыт, веды ў якой‑н. справе.

Кукіш (фігу, дулю, трасцу) з’есці — нічога не атрымаць.

Мала кашы з’еў — тое, што і мала кашы еў (гл. есці).

Пуд солі з’есці з кім — пражыць разам доўгі час.

Сабаку з’есці ў чым, на чым — мець багаты вопыт, навыкі, веды ў чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

1. Узяць, схапіць (рукамі, пальцамі і пад.) якую‑н. колькасць чаго‑н. Цётка Малання касцістай учэпістай рукою захапіла поўную жменю аўсяных сцяблоў і парывіста, са злосцю, разанула сярпом. Мележ. // Абхапіць. Васіль .. захапіў у абдым[кі] абодвух сыноў і прыціснуў да сябе. Кавалёў.

2. Узяць, прыхапіць з сабою. У дзеда Талаша была раней думка захапіць з сабою воўчую шкуру: дужа было б цікава падаць умоўлены знак іменна ў воўчай шкуры. Колас. [Ларыса] захапіла з сабой палку .. і, як ластаўка, выпырхнула за дзверы. Даніленка.

3. Узяць, авалодаць сілай. Захапіць уладу. □ Ведалі кулямётчыкі.. любоў камбрыга да тэхнікі і таму стараліся не псаваць яе, калі можна было захапіць непашкоджаную. Шчарбатаў. // Затрымаць сілаю, пазбавіць волі. Захапіць у палон. □ Партызаны захапілі бадай палавіну афіцэраў штаба. Лынькоў. // Апярэдзіўшы іншых, узяць што‑н. сабе, авалодаць чым‑н. Захапіць ініцыятыву. □ Хлопцы, каб захапіць месца на бярвенні, спяшаліся. Вітка.

4. Заняць, ахапіць сабой што‑н., распаўсюдзіцца на што‑н. Чорныя крылы хмары захапілі ўсё неба. Даніленка. // Пашырыцца на пэўны прамежак часу. Пахаладанне захапіла пачатак чэрвеня.

5. перан. Вельмі зацікавіць, прымусіць поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Заняткі так захапілі, што лётчыкі не заўважылі, як хутка прабег час. Алешка. Бурная будаўнічая праца захапіла Сцяпана Ягоравіча. Корбан. // Завалодаць, ахапіць, узрушыць (пра пачуцці, думкі і пад.). Розныя мыслі аб школе займалі Лабановіча і раней. Цяпер яны захапілі яго яшчэ з большай сілай. Колас. Юнацкія ўражанні глыбока запалі ў яго свядомасць, захапілі сваёй веліччу і гераізмам. Арабей.

6. перан. Завалодаць увагай, зачараваць каго‑, што‑н. [А. Александровіч] умеў захапіць аўдыторыю. Хведаровіч. Міжвольна захапіла іх вадзяная шыр, лёгкае, п’янае паветра і гулкі, святочны настрой.. публікі. Гартны.

7. Разм. Застаць; заспець. Стары Якуб Сакалоўскі не захапіў ні свайго двара, ні хаты, ні хлявоў — на іх месцы было папялішча. Лупсякоў. Мы заўважылі і Ніка, які бег таксама разам з усімі. Яго, як і нас, хваля захапіла на беразе. Лынькоў. Ніну вайна захапіла ў піянерскім лагеры. Васілевіч.

•••

Дух (дыханне) захапіла — тое, што і дух (дыханне) заняло (гл. заняць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́даць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; заг. выдай; зак., каго-што.

1. Даць што‑н. з запасаў, адпусціць са сховішча для пастаяннага ці часовага карыстання. Выдаць грашовы аванс. Выдаць кніжку з бібліятэкі. □ — Трэба залічыць дзеда ў рады Чырвонай Арміі і выдаць яму стрэльбу, як чырвонаармейцу, — не то жартаўліва, не то сур’ёзна заўважыў адзін з ротных камандзіраў. Колас. // Забяспечыць чым‑н., уручыць што‑н. Выдаць даведку, мандат. □ Сёлета мне бясплатную пуцёўку выдалі. У Сочы. Грамовіч. // Аддаць, вярнуць назад. Выдаць асабістыя рэчы іх уладальнікам. // Заплаціць за работу. На працадні, што намецілі, — выдалі. Пташнікаў.

2. Здабыць, зрабіць, вырабіць. Не ладзілася справа з вынаходствам — Андрэй адводзіў душу работай: размахнецца, што называецца, на ўсё плячо, выдасць норму ды і да другой наблізіцца, і не сорамна глядзець людзям у вочы. Шахавец.

3. за каго і са словам «замуж». Аддаць замуж. Пасватаўся Алесь, і бацькі выдалі дзяўчыну. С. Александровіч. З Ганнай Лявонаўнай душа ў душу пражылі мы дваццаць год. Выгадавалі дачку, выдалі замуж. Корбан.

4. Выпусціць з друку, надрукаваць. Выдаць поўны збор твораў пісьменніка. Выдаць кніжку масавым тыражом. □ Магчыма, што паэт думаў выдаць гэтыя вершы асобным зборнікам, у які хацеў уключыць перакладзеныя ім творы рускіх паэтаў. «Весці».

5. Прыняць, абвясціць. Выдаць закон. □ Дырэктар выдаў спецыяльны загад. Карпаў.

6. Раскрыць, зрабіць вядомым што‑н. сакрэтнае, тайнае; удаць. Выдаць змову. □ Асцерагаліся партызаны да пары да часу выдаць свой баявы сакрэт. Лынькоў. Аднак, і пасля васьмі гадзін катавання Тадора.. не выдала нікога. Брыль. Як ні трымалася Іна, а вочы яе выдалі. Ваданосаў.

7. Назваць каго‑, што‑н. не тым, кім, чым яны з’яўляюцца. Выдаць сябра за брата. Выдаць чутае за бачанае. □ [Наташа] мела намер выдаць сябе за бежанку. Шамякін. Асцерагайцеся гэтых, — Гусар паказаў пальцам на суседні пакой. — Я вас выдам за сваю даўнюю знаёмую. Краўчанка.

•••

Выдаць на рукі — а) аддаць што‑н. непасрэдна каму‑н.; б) даць наяўнымі пасля вылічэння падаткаў.

Выдаць сябе — выкрыць, выявіць уласныя тайныя пачуцці, намеры і пад.

Выдаць (сябе) з галавой — выкрыць сваю або чыю‑н. віну, памылку, тое, што старанна хаваецца.

Не выдай(це)! — выручы(це)!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)