сакрэ́т 1, ‑у, М ‑рэце, м.

1. Тое, што падлягае захаванню ўпотай, аб чым не гавораць усім; тайна. Выдаць сакрэт. □ Дзед Лукаш даўно здагадваўся, што ў Міколы ёсць сакрэты, пра якія ён маўчыць. Якімовіч. Асцерагаліся партызаны да пары, да часу выдаць свой баявы сакрэт. Лынькоў. // чаго. Скрытая прычына. Сакрэт поспеху. Сакрэт высокіх паказчыкаў працы. □ І ці не ў гэтым сакрэт і сэнс жыцця — сеяць прыгожае і з радасцю схіляць перад ім галаву... Навуменка. // Прыём, спосаб (вырабу, атрымання чаго‑н.), які невядомы іншым. Сакрэт вырабу сінтэтычнага валакна. □ Некалі сярод нашага брата — масцеравога хадзіла вера ў нейкі спадчынны вытворчы сакрэт. Кулакоўскі. // Пэўная інтэлектуальная рыса, якасць. [Удома] навучыўся сакрэту цярпення і ўменню хаваць ад другіх свае думкі і пачуцці. «Маладосць». Хаджу ў тэатр не толькі дзеля свайго задавальнення, але галоўным чынам вучыцца, пазнаваць сакрэты акцёрскага майстэрства. Сяргейчык.

2. Мудрагелістая канструкцыя механізмаў, прадметаў хатняга ўжытку, мэблі і пад. Замок з сакрэтам.

3. Дадатковы патайны пост, які размяшчаецца вартаўнічай аховай на найбольш небяспечных подступах праціўніка. Былі выстаўлены пасты, сакрэты, узмоцнена ахова — як на самай пярэдняй лініі. Асіпенка. Трэба было спяшацца, каб засветла выбраць, дзе паставіць сакрэт. Быкаў. // Месца патайнога паста. У Сцёпы было добрае сховішча, ім ён некалі карыстаўся, калі сядзеў у сакрэце. Зуб.

•••

Адкрыць сакрэт гл. адкрыць (у 7 знач.).

Не рабіць сакрэту з чаго гл. рабіць.

Сакрэт палішынеля — уяўная тайна; сакрэт, які стаў вядомы ўсім.

Сказаць (расказаць) па сакрэту (пад сакрэтам) гл. сказаць.

Трымаць у сакрэце гл. трымаць.

[Фр. secret.]

сакрэ́т 2, ‑у, М ‑рэце, м.

Прадукт дзейнасці залоз, неабходны для жыццёвых функцый арганізма.

[Ад лац. secretus — выдзелены.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свя́та, ‑а, М свяце, н.

1. Урачысты дзень у гонар або ў памяць якой‑н. выдатнай падзеі, даты. Рэвалюцыйныя святы. □ Ленін нас да шчасця клікаў, Мы за Лекіным пайшлі, І Кастрычнік стаў вялікім, Лепшым святам на зямлі. Грахоўскі. // Нерабочы дзень або некалькі дзён запар з прычыны такіх падзей. — Што цябе падняло? — Свята ж сёння, Вольга Міхайлаўна. Шамякін. [Валя:] — На зімовыя канікулы я абавязкова прыеду, а на кастрычніцкія святы можа вы з татам выберацеся... Васілевіч. // Дзень або дні, што адзначаліся царквою ў гонар якой‑н. падзеі ці святога. [Свідзерскі:] — Хто ведае, якое сёння царкоўнае свята? — Дзень Андрэя-налівы, здаецца, — сказаў пажылы баец. Хомчанка.

2. Урачыстасць, наладжаная з якога‑н. поваду. Сямейнае свята. □ [Сцёпка:] — Мы вельмі рады, што прыйшлі вы па наш фэст, на наша маладое свята працы. Колас. У старога сёння свята, І гасцей не месціць хата. Гілевіч. // чаго або якое. Дзень гульняў, спаборніцтваў, забаў і пад. Свята песні. Студэнцкае свята.

3. Шчаслівы, радасны дзень, азнаменаваны якой‑н. прыемнай падзеяй, а таксама сама такая падзея. Вялікім святам для сям’і было паступленне Васі ў школу. «Звязда». У Ліпава пайсці з ім [дзядзькам]! божа! І хто ўстаяць прад гэтым зможа? Ды гэта ж — свята, ягамосці! Колас. А калі выпрасаваныя накрухмаленыя фіранкі, сурвэткі і абрусы займалі сваё месца, у хаты зусім ужо заходзіў парадак і свята. Васілевіч.

4. перан. Пачуццё задавальнення, радасці, асалоды, зведанае кім‑н., выкліканае чым‑н. У Варанецкага на душы было сапраўднае свята. Дуброўскі.

•••

Прастольнае свята — свята ў памяць царкоўнай падзеі ці святога, з якім звязана стварэнне дадзенай царквы.

Будзе і на нашай вуліцы свята — спадзяванне на лепшае ў будучым, на перамогу над кім‑, чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скава́ць, скую, скуеш, скуе; скуём, скуяде; зак., каго-што.

1. Зрабіць што‑н. каваннем; выкаваць. — Скуй мне, золатка, сякеру: Загартуй і навастры. Жычка.

2. Злучыць разам пры дапамозе кавання. Скаваць звенні ланцуга. // перан. Зблізіць, згуртаваць.

3. Надзець кайданы, аковы на каго‑, што‑н. [Дзед:] — І скавалі .. [паны] унучачка, дзеда ланцугамі, і пагналі ажно ў Вільню. Брыль. / у перан. ужыв. І Свіслач, прадчуваючы, што скора Яе скуюць гранітам берагоў, Б’е хваляй, устрывожанай і чорнай, У фермы перакінутых мастоў. Танк. // Злучыць кайданамі з кім‑н. Андрэя скавалі з Дзямянам Гараглядам. Пестрак.

4. перан. Пазбавіць або абмежаваць магчымасць рухацца; пазбавіць свабоды, лёгкасці ў рухах. Але вада была яшчэ ледзяная, скавала ў.. [Людвіка] ўсё цела. Кулакоўскі. [Варка:] — Скаваў мяне страх, не магу з месца скрануцца. Асіпенка. Васіль Зарэвіч не мог крануцца, так яго скаваў боль. Грамовіч. // Пазбавіць магчымасці дзейнічаць; пазбавіць волі, лёгкасці ў дзеяннях. І стогн.. [суседа], жывы чалавечы стогн, раптам скаваў мой язык, звязаў мае словы, занесеныя для ўдару. Васілевіч. [Зарына:] Цяжка мне. Гора думкі скавала... Бачыла. Змрочнае захапленне і даўкая трывога скавалі маю сілу і рашучасць. Савіцкі. // Давесці да стану нерухомасці, анямення. Сон скаваў хлопчыка, замардаванага надмернаю працаю летняе пары. Гарэцкі. На нейкі момант зморанасць скавала ўсё цела. Шамякін.

5. Пазбавіць (праціўніка) магчымасці дзейнічаць свабодна, актыўна. Раптоўны і моцны агонь партызан скаваў гітлераўцаў. Шахавец. — Ваша задача, — звяртаючыся да Міхася Грахоўскага, сказаў Сымон Валатніцкі, — скаваць праціўніка, прыкрыць наш адыход і даць мажлівасць вывесці з-пад удару мірных людзей. Гурскі.

6. перан. Зрабіць цвёрдым, замарозіўшы; накрыць лёдам (раку, возера і пад.). Першы марозік моцна скаваў зямлю. С. Александровіч. / у безас. ужыв. А зямлю ледзь не на метр марозам скавала. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сла́басць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан слабага. Слабасць зроку. Слабасць здароўя. □ Такім чынам, неабходнасць шукаць знешняга рынку зусім не даказвае слабасці капіталізму, як любяць паказваць справу народнікі-эканамісты. Ленін.

2. Недахоп або ўпадак фізічных сіл; недамаганне. Валодзю рабілася ўсё горш і горш. Кружылася ад слабасці галава, і ён баяўся, што ўпадзе з каня. Хомчанка. Уклаў [Сташэвіч] у сцірту апошні сноп, і калі разагнуўся — пацямнела ўваччу, млявасць і слабасць прайшлі па ўсім целе і спыніліся ў грудзях каля сэрца. Чарнышэвіч.

3. Адсутнасць цвёрдай волі; маладушнасць. [Таццяна:] — Даруй, Тарас Іванавіч, за слабасць: Я ратаваць хацела нашу справу і выдала цябе. Глебка. [Надзя] раптам заплакала і, прыкрыўшы твар рукамі, хуценька выбегла ў сенцы, нібы саромеючыся людзей за гэтую нечаканую сваю слабасць. Лынькоў.

4. Недасканаласць, недахоп, слабае, месца. [Каліноўскі:] — Тое, што.. [маніфест] абвяшчае волю і роўнасць і перадае былым прыгонным сялянам зямлю зараз жа, а не праз доўгія гады, як гэта робіць цар, і без выкупу, чаго цар не робіць, у гэтым яго сіла.. Але маніфест мае і свае слабасці. Якімовіч.

5. Разм. Схільнасць, цяга да каго‑, чаго‑н. Шахматы — мая слабасць. □ Хоць патуранне было і шкодна з педагагічнага боку, і Лабановіч гэта ведаў, але падолець гэту сваю слабасць не мог ніякім чынам. Колас. Саша больш за ўсіх ведаў пра слабасць сябра, які дужа любіў паспаць. Васілёнак. Трэба сказаць, у Зоі была слабасць.. да людзей незвычайных. Арабей. // Пра таго (тое), хто (што) выклікае да сябе чыю‑н. сімпатыю, з’яўляецца прыхільнасцю каго‑н. Аднойчы я чуў, як [сусед] прызнаваўся бацьку: «Коні, — кажа, — гэта мая слабасць, мая хвароба. Калі ўбачу статнага, добрага каня, я губляю спакой...». Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цаля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. у каго-што, па кім-чым. Накіроўваць стрэл, удар у пэўную цэль. Паліцай цаляў у Андрыяна, але папаў у яго таварыша. Марціновіч. Спачатку немцы спрабавалі агрызацца, цалялі па самалётах з зенітак. Сачанка. // у што. Імкнуцца папасці (рукой, нагой і пад.) куды‑н., у што‑н. Усе яшчэ спалі, толькі Вара, пазяхаючы, цаляла рукой у рукаў ватоўкі і ніяк не магла патрапіць. Сабаленка. Не адставай, сынок, не адставай, — раз-пораз падахвочваў тата мяне. — Ты ў мае сляды цаляй — лягчэй будзе ісці. Пальчэўскі. // перан.; у каго-што. Разм. Мець каго‑н. на ўвазе. Каб не было памылкі, у каго ён цаляе, Чорны зрабіў сугучнымі прозвішчы прататыпа і героя. Лужанін. // да каго-чаго, на каго-што. Разм. Ісці, кіравацца ў пэўным напрамку. Адзін цаляў да Валодзі, другі накіраваўся да Івана. Новікаў.

2. Пападаць, трапляць. Кулі сыпаліся градам, а .. [Андрэй] не адчуваў, не заўважаў, куды яны цалялі. Кулакоўскі.

3. перан. Разм. Імкнуцца заняць якое‑н. становішча, месца. Гаспадар крыху замяшаўся, бо і ён таксама меў ласае вока на дачку пана каморніка, адразу сцяміўшы, куды цаляе яго сусед. Колас. — Эге, весела сёння ў народнай! — гукнуў ад парога Мальчэўскі. — Хто тут сёння ў завадатары цаляе? Васілёнак. // з інф. Імкнуцца зрабіць што‑н. пэўным чынам, у пэўны час або ў пэўным месцы. [Валодзя], відаць, цаляў выходзіць з дому і прыходзіць так, каб не трапляцца мне на вочы. Сабаленка. Як толькі малыя з заняткаў, дык.. [жанчыны] ў школу. І ўсё цаляюць заходзіць па адной. Кавалёў.

•••

Зуб на зуб не цаляе — тое, што і зуб на зуб не пападае (гл. зуб).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ца́рства, ‑а, н.

1. Дзяржава, якой кіруе цар. Маскоўскае царства. □ — Ах, — кажа .. [царская дачка], — муж мой нарачоны, зноў ідзе на наша царства вялікае войска. Якімовіч.

2. Праўленне цара (царыцы); цараванне.

3. перан.; чаго або якое. Сфера, вобласць прыроды; свет. Жывёльнае царства. □ Вялікі цяністы, шырока раскінуты па абодва бакі дарогі, .. [сад] стварае цудоўную панараму багатага расліннага царства. «Беларусь». Незлічонае птушынае царства на розныя галасы славіла радасць існавання, першы майскі дзень. Мележ. А ледзь толькі з поўдня ці захаду дыхне цёплы ветрык і ў памякчэўшым паветры закружацца «белыя мухі», мяккім абрусам засцілаючы наваколле, як усё падводнае царства прыходзіць у рух. Матрунёнак. // Месца, дзе пануюць або пераважаюць тыя ці іншыя з’явы; адна з сфер рэчаіснасці. Царства вятроў. □ — Зараз я вас у грыбное царства завязу, — сказаў дзядзька Мікола. Хомчанка. І амаль кожны назаве ў ліку тых, хто назаўсёды застаўся ў памяці, свайго першага бібліятэкара, чалавека, які навучыў нас любіць літаратуру, дапамог пазнаць невычэрпныя духоўныя скарбы, які ўпершыню адкрыў нам чароўныя таямніцы кніжнага царства. «Звязда». Усюды бярвенні — доўгія і кароткія, тоўстыя і тонкія. Штабялямі складзены дошкі. Сапраўднае царства драўніны! В. Вольскі.

•••

Бабскае царства (іран.) — аб пераважнай большасці жанчын дзе‑н.

Вечнае царства — пра рай.

Вянчацца на царства гл. вянчацца.

Мёртвае царства (нар.-паэт.) — пра той, замагільны свет.

Пусціць (адправіць) у царства нябеснае — забіць, застрэліць. [Таццяна:] — Уцякаў, сволач. Пусціла ў царства нябеснае... Навуменка.

Соннае царства — спакой, цішыня, калі ўсе спяць.

Трыдзевятае (трыдзесятае) царства (нар.-паэт.) — вельмі далёкая краіна, зямля.

Царства нябеснае каму — ужываецца пры ўпамінанні нябожчыка як нежаданне яму замагільнага жыцця. Стараста ўздыхнуў. — Добрая жанчына была Хрысціна. Царства ёй нябеснае, — і перахрысціўся. Нізавошта загінула... Шамякін.

Цёмнае царства — сімвал невуцкага, некультурнага, коснага грамадскага асяроддзя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́цца 1, шыюся, шыешся, шыецца; незак.

Разм.

1. Лезці, ісці і пад. у якое‑н. вузкае месца; туды, дзе цесна, шчытна. — Лявон крайні, — выгуквае сіпла гаспадар шапкі-кучомкі і .. шыецца ў натоўп. Кухараў. Адбіваючыся ад сабакі, Гамыра шыўся глыбей у хмыз. Колас. Дзед Трахім, які нешта рабіў у гумне і забавіўся, выйшаў, калі хлапчукі сама шыліся пад снапы. Паўлаў. // Хавацца куды‑н. Капрал наш, забыўшыся на думку пра Берлін, шыецца тварам у траву і, час ад часу, наслепа крычыць: «Агонь!» Брыль. Маланкі ў поўнач рассякалі хмары, І шыліся ў падстрэшша кажаны. Грахоўскі. Рабіў ён [шпачок] гэта смешна: шыўся ў траву галавой, не вельмі, аднак, дбаючы пра свой куртаты, карычняваты хвост. Асіпенка. // Ісці, рухацца, перамяшчацца куды‑н. Стары надзяе шапку і шыецца да дзвярэй. Мурашка. // Залазіць, забівацца, пранікаць куды‑н. [Снег] шыўся ў рукавы і за каўнер. Алешка. Золь зябка хапае за плечы, прабіраецца праз дзіравыя боты, шыецца ва ўсе складкі пацёртага шыняля. Лынькоў. / у перан. ужыв. Галасы.. [паравозаў], напоўненыя трывогай і адчаем, плавалі па-над горадам, запаўнялі вуліцы, і завулкі, і двары, шыліся ў шчыліны [акон]. Галавач. // Пралягаць, праходзіць праз што‑н. шчыльнае. Сцежка шылася праз крапіву і лопух. Адамчык.

2. перан. Старацца быць падобным на каго‑н., прыкідвацца кім‑н. [Драздовіч:] — Прыеліся ўжо «конскія партрэты» ды «саўкі», што шыюцца ў дурні. Машара.

шы́цца 2, шыецца; незак.

1. Вырабляцца шыццём. Каця хадзіла ў шараварах і шырокай, як звычайна шыюцца начныя сарочкі, мешкаватай сукенцы. Васілевіч. Ватнікі, праўда, былі караткаватыя, а гімнасцёрка шылася як бы на волата. Навуменка.

2. безас. Разм. Пра жаданне або магчымасць шыць. Мне сёння не шыецца.

3. Зал. да шыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Локаць1, локець, лы́коть ’сустаў, месца згібу рукі’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. Брэс., Шат., Яруш., Сцяшк., Ян., Сл. ПЗБ), хойн. локець, арш. локъць, крыч., ушац. локыць, бяроз. локоть (КЭС), лу́коць, лі́коць (Дразд.), лу͡окоть (Бес.), локець (ТС; хойн., Шатал.). Укр. ло́коть, лі́коть, ло́кіть, жытом. ло́хот, рус. ло́коть, ст.-рус. локъть; польск. łokieć, okieć, łochieć, каш. łokc, палаб. lütʼėt, н.-луж. łokś, в.-луж. łochć, чэш. loket, славац. lakeť, lokeť, lacheť, locheť, усх. lo̬kec; славен. laket, lakȃt, прэкмур. lakèt, усх.-штыр. láketсерб.-харв. ла̑кат, дуброўн., чарнаг. ла̏кат; макед. лакот, lokutʼ, lъchtʼ, лъftʼ(ót), балг. лакът, радоп. ла́кать, ст.-слав. лакъть. Прасл. olkъtь, olkъte ’згіб рукі, сустаў у згібе рукі’ з асновай на ‑u, да якой у прасл. мове дадавалася ‑t (як у лац., параўн. cap‑ut, ‑ut‑i‑s). Суф. ‑ъt (∼ балт. ‑ut‑a‑s, ‑ut‑i‑s) ужываецца і ў іншых слав. саматычных назвах: бел. пазногаць, рус. коготь, польск. kłykieć ’мышчалкі’, ’другая фаланга пальцаў’. І.‑е. адпаведнікі: літ. uolektìs ’локаць — мера даўжыні’, лат. uôlekts ’тс’, лат. elks ’локаць’, ’перадплечча’, ст.-прус. woltis ’тс’, а таксама балт. адпаведнікі з пашыранай асновай на ‑n: ст.-прус. alkunis ’локаць’, літ. elkū́, alkū́ ’перадплечча’, ’паварот ракі, вуліцы’, лат. ę̀lkuone ’локаць’, ę̀lkuons, ę̀lkuonis ’згіб’ і іншыя: ст.-грэч. ὠλένη ’локаць’, але ἄλαξ πῆχυς (у Гесіхія), лац. ulna, ст.-ірл. uilenn, гоц. aleina, ст.-в.-ням. elina, алб. llerë, ст.-інд. aratniṣ, авест. arəϑna ’локаць’, арм. ołn ’хрыбетны’, olok​c ’галёнка, вялікая галёначная косць’. Да і.-е. *el‑, *ol‑ ’згінаць, гнуць’ (Фасмер, 2, 514; Слаўскі, 5, 154–158; Скок, 2, 263–264). Сюды ж локаць, локыть, локець ’мера даўжыні 65 см, ад кісці рукі да локця’ (Гарэц., Бес., Мал., Шат., Уладз., Ян., Нас., Сцяшк.), лун. ’даўжыня ў 0,5 м’ (Шатал.), ’мера даўжыні на выцягнутую руку’ (Нас.), ’мера даўжыні ў 3/4 аршыну’ (паўд.-усх., КЭС).

Локаць2 ’прагна піць’ (Крыў., Дзіс.). Да лкаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лунь1 ’мышалоў, Circus Lacép., драпежная птушка з сямейства ястрабіных з шаравата-белым апярэннем у дарослых ’самцоў’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Укр. лун, лунь ’тс’, ’коршак’; рус. лунь ’мышалоў’, ’сокал’, ’сава’, ’голуб’, ст.-рус. лунь ’драпежная птушка’; ст.-польск. łunak ’каня’, ст.-луж. luń, чэш. luňák ’тс’, ходск. ’крэчат’; славац. luniak, lunák ’каня’; славен. lȗnj ’каршун’, ’мышалоў’, ’арол’, ’каня’, серб.-харв. lunj, ljȗna, лу̏ња, љ̏на, ју̏на ’шулёнак’, ’каня’, ’палявы мышалоў’, ц.-слав. лунь ’каршун’. Прасл. lunь ’драпежная птушка з сям’і сокалаў’ (Слаўскі, 5, 311–312; Булахоўскі, Вибр. пр., 3, 227). Генетычна звязана з прасл. luna ’святло, бляск’. Названа паводле белага, сіва-белага, шэра-белага, матавага колеру апярэння. Бернекер (745–746), аднак, звязвае назву птушкі з паняццем ’востры, быстры ясны погляд’. Іншыя этымалогіі менш імаверныя, гл.: Фасмер (2, 534); Уленбек (KZ, 39, 260), Брукнер (KZ, 42, 356), Махэк₂ (344), Скок (2, 231); Бязлай (2, 156).

Лунь2 ’хмара’ (віл., Сл. ПЗБ). Да луна́3 (гл.).

Лунь3 ’маўклівы, скаваны ў рухах чалавек’ (міёр., З нар. сл.), ’марудлівы, пасіўны’ (паст., віл., глыб., брасл., Сл. ПЗБ), ’стары чалавек, жывёліна без энергіі’ (паст., глыб., Нар. лекс.), ’разумова недаразвіты, здурнелы, разгублены’ (глыб., брасл., паст., гарад., Нар. лекс.; глыб., в.-дзв., паст., Сл. ПЗБ), ’здань, прывід’ (чэрв., Сл. ПЗБ; віл., Нар. лекс.); лунь, луніца ’самотны’ (глыб., віл., Нар. лекс.); паст., брасл. аблуне́ць ’стаць зацюканым, прыгнечаным’; паст., віл., глыб., гродз. лунява́ты ’дурнаваты’ (Нар. лекс., Сл. ПЗБ); в.-дзв., брасл., лаг. лунь ’той, хто ходзіць без справы’, ’гультай, маруда’ (КЭС, лаг.). Да луна́1 (гл.). Аткупшчыкоў (Из истории, 238) лексему лунь выводзіць з *louk‑s‑nis. Семантычна блізка стаіць да луне́ц, луна́цік (гл.). Усё семантычнае поле гл. Мацкевіч₂ (Нар. лекс., 165–167).

Лунь4 ’глыбокае, небяспечнае месца на балоце’ (гродз., Яшк.). Да луні (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Газ1 ’газ’ (БРС). Рус. газ, укр. газ ’тс’ і г. д. Слова, якое штучна ўтворана брусельскім хімікам І. Б. ван Гельмантам (1577–1644 гг.) на аснове грэч. слова χάος ’хаос’. У рус. мове гэта слова, паводле Фасмера (1, 382), з ням. або гал. Gas ці франц. gaz. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Г, 7; Клюге, 233; MESz, 1, 1037. У бел. мову гэта слова папала праз пасрэдніцтва рус. або польск. мовы. Паколькі няма дакладных даных наконт гісторыі яго ў бел. мове, то прыходзіцца толькі меркаваць, улічваючы агульную сітуацыю і ролю, якую ігралі гэтыя абедзве мовы ў фарміраванні лексікі бел. мовы новага часу (асабліва навукова-тэхнічнай).

Газ2 ’тканіна газ’ (БРС). Рус. газ, укр. газ ’тс’. Запазычанне з франц. gaze ’газ, вуаль’. Звычайна першакрыніцай гэтага слова лічаць назву месца Газа ў Палесціне. Гл. Фасмер, 1, 382. Іншыя этымолагі ўказваюць, што ў гэтым месцы ніколі не выраблялі такую тканіну і не гандлявалі ёю. Таму першакрыніцай франц. gaze лепш лічыць іспан. gasa < араб. kazz < перс. käž. Гл. Клюге, 236; Локач, 91; Шанскі, 1, Г, 8 (апошні ў пэўным сэнсе вельмі заблытана перадае сутнасць этымалогій Локача і інш.).

Газ3 ’вельмі шырокі брод у рацэ ці возеры’ (Яшкін). Як відаць з крыніц, якія прыводзіць І. Я. Яшкін (лепел.), слова гэта вядома на вельмі абмежаванай тэрыторыі (параўн. яшчэ ў Яшкіна, там жа, Газ — урочышча на Красенскім возеры на Дзісеншчыне) і, здаецца, з’яўляецца рэліктавым словам. Як лічыць Трубачоў, Эт. сл., 6, 113–114, ёсць сувязь з паўд.-слав. мовамі; параўн. серб.-харв. га̑з ’брод’, славен. gȃz, балг. га́зя ’брадзіць і да т. п.’ БЕР (III, 224) неабгрунтавана разглядае яго як толькі паўд.-слав. лексему. Этымалогія ўсёй групы слоў няясная (некаторыя меркаванні БЕР, там жа: лічыцца цёмным па паходжанню словам; праблематычна звязваць яго з арм. лексемай або думаць, што яно запазычана з дака-мізійскай крыніцы). Трубачоў, там жа, бачыць тут і.-е. *g​ā‑ ’ісці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)