ме́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Адпаведны размер чаго‑н. Каб абутак шыць па мерцы: Не вялікі, не малы, Прымяраеш, круціш-верціш — Падбіраеш капылы. Непачаловіч.
2. Прадмет, які служыць для вымярэння даўжыні. Калі заходзім у другую палавіну хаты нашага калгаснага садоўніка .., у вочы адразу кідаецца двухметровая, з адламаным канцом-нагой, брыгадзірская мерка «каза». Шуцько.
3. Пасудзіна для мерання чаго‑н. вадкага або сыпучага. — Гэты хлапчук без чаргі, не адпускайце, — нібы прачнулася .. [жанчына] ад бразгату літровай меркі аб бітон. Пальчэўскі. Хлеба нам гаспадыня не прыбаўляла, бульбы таксама насыпала адну мерку: хочаш — еш, хочаш — бяры з сабою. Якімовіч.
4. перан. Спосаб ацэнкі, крытэрый. — Я пачынаю думаць, што да ўсяго трэба падыходзіць з нейкаю меркаю, але гэтай меркі ў мяне няма. Колас. Кастрычнік, Ні ў чым ты не знаеш стандарту, Нічога не мераеш меркай крывою. Барадулін.
5. Уст. Плата збожжам за памол у млыне. Пакуль прымаць мерку ў новых завознікаў, студэнт паглядзеў на вялікія, як добрыя парсюкі, мяхі Сценкі Мякіша, што хітра прысуседзіліся каля самага каша. Брыль.
•••
Мераць усё (усіх) сваёй меркай гл. мераць.
Мераць усіх адной меркай гл. мераць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ноч, ‑ы; мн. ночы, начэй, начам, ночы, начамі, начах; ж.
Частка сутак ад захаду да ўсходу сонца, з вечара да раніцы. Да позняй ночы. Глухая ноч. □ Вечар і ноч прайшлі ў канчатковай падрыхтоўцы абароны. Брыль. Ноч выдалася зорная, цёплая. Якімовіч. З-за мяне маці не спіць цэлымі начамі. Бядуля.
•••
Белыя ночы — кароткія ночы на поўначы, калі вечаровы змрок непасрэдна пераходзіць у ранішняе світанне.
Палярная ноч — частка года за палярным кругам, на працягу якой не ўзыходзіць сонца.
Варфаламееўская ноч — масавае знішчэнне бязвінных людзей (назва ўзнікла пасля знішчэння гугенотаў католікамі ў Парыжы перад святам «святога Варфаламея» 24 жніўня 1572 г.).
Вераб’іная ноч — а) тое, што і рабінавая ноч; б) самая кароткая летняя ноч.
На ноч гледзячы гл. гледзячы.
Ноч у ноч — кожную ноч.
Рабінавая ноч — цёмная летняя ноч з громам, маланкай, праліўным дажджом або толькі з бесперапыннымі зарніцамі. Ноч была рабінавая: раз-пораз грымелі перуны, жахалі маланкі, па густым чарналессі шоргаў дождж. Сабаленка. — Бываюць .. такія ночы, што дажджу няма, а бліскае з вечара да раніцы. Такія ночы ў нас называюць рабінавымі... Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. каго. Убачыць, сустрэць каго‑н. З самай раніцы мы таўкліся каля саўгаснай канцылярыі, каб як пабачыць загадчыка саўгаса. Нікановіч. Ахрэму хацелася пабачыць старшыню, дазнацца пра ўсё падрабязна, што там на вечар запланавана. Кавалёў.
2. каго-што. Убачыць многае. Малодшы брат.. паспеў пабываць ужо ў Заходняй Беларусі, пабачыў Бесарабію і недзе цяпер, мабыць вызваляе Румынію ад фашыстаў. Асіпенка. Твар стаў калючым, суровым, нібы пражыў Міколка доўгія дзесяткі год, усё перажыў, усё пабачыў на свеце. Лынькоў. // перан.; што, чаго і з дадан. сказам. Зазнаць, перажыць. Хоць шмат мы пабачылі гора За годы праклятай вайны, Але не хілілі ў пакоры Прад катам сваёй мы спіны. Астрэйка.
3. каго-што, з дадан. сказам і без дап. Успрыняць зрокам, убачыць; паглядзець на каго-што. [Ігнась] ужо нецярпліва чакаў, каб хутчэй пабачыць.. таемны багаж. Мурашка. Самым цікавым для мяне было пабачыць, як з высокага яруса бярвення кацілі ў Нёман калоды. Колас.
4. што і без дап. Даведацца, упэўніцца ў чым‑н. [Маці:] — Пабачыш, застанецца.. [Андрэйка] на другі год. Гамолка. [Максім Сцяпанавіч:] — Ды не хвалюйся, калі ласка, пабачыш, усё будзе добра. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падмяні́ць, ‑мяню, ‑меніш, ‑маніць; зак., каго-што.
1. Тайна, непрыкметна замяніць адно другім. [Васіль:] — Туды завезяце ячмень, а там пагрузіце льнасемя. Ды прасачыце, каб гатунак не падмянілі. Шашкоў. // перан. Перайначыць нейкім чынам. Нібы хто падмяніў хлапца: на ўроках сядзіць разгублены, заклапочаны. Якімовіч. Сымона падмянілі ў палацах. Ён зусім не той, якім быў раней... Бядуля. // перан. Напоўніць іншым зместам. Падмяніць шчырую размову выкрыкамі.
2. Замяніць каго‑н., узяць на сябе часова чые‑н. абавязкі. З-за хаціны паявілася Прусава з вінтоўкай і ў.. плашч-палатцы. Мабыць, выйшла падмяніць вартавога. Асіпенка. Як толькі навучыўся я ўзбірацца Буланчыку на спіну, бацька мне сказаў: — Ну, сынок, давай падмяні мяне, звадзі сёння [каня] на начлег. Ляўданскі. // Разм. Прадоўжыць чыю‑н. справу. Хведар.. ужо даўно памагае Цімоху запальваць ліхтары. Ён надзейна робіць гэтую справу. «Вучуся пакуль. А там і вас падмяню, бакеншчыкам стану», — не раз гаварыў Хведар. Ваданосаў. // Узяць на сябе чые‑н. абавязкі, не маючы на гэта права. [Камароўскі:] — Я лічу, што мне .. у [лесе] няма чаго рабіць, таму і не еду. У следстве пан падмяніў мяне, дык, калі ласка, вядзіце да канца. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насадзі́ць 1, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак.
1. што. Зрабіць пасадку дрэў, раслін; стварыць шляхам пасадкі. Насадзіць сад. □ Ля клуба разбілі вялікую клумбу. Насадзілі парк. «Беларусь». // чаго. Пасадзіць у нейкай колькасці. Зноў маладых каштанаў шмат Мы працавіта насадзілі. Танк. Усцяж плоту Фёдар пасадзіў агрэсту, парэчак, маліны. Кірэенка.
2. каго-чаго. Напоўніць кім‑, чым‑н., саджаючы куды‑н., у што‑н. Насадзіць поўную машыну людзей.
3. перан.; што. Увесці, распаўсюдзіць. Насадзіць культуру.
4. перан.; каго-што. Пасяліць, размясціць у нейкай колькасці каго‑, што‑н. Насадзіць асаднікаў. Насадзіць ваенныя базы.
насадзі́ць 2, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.
1. Моцна, шчыльна надзець на што‑н. Насадзіць сякеру на тапарышча. Насадзіць вілкі на ражон. □ Вадзік пасадзіў на кручок чарвяка, закінуў вуду. Гамолка. Засыпаў у стрэльбу [дзед Талаш] добрую порцыю пораху, туга забіў яго.. Палажыў штук шэсць гранкулек, і калі ўсё было гатова, тады пасадзіў на брамку пістон і ўжо болей цвёрдымі і ўпэўненымі крокамі накіраваўся ў Макушы. Колас.
2. перан. Разм. Узбіўшыся на што‑н. вострае, параніць. [Васіль:] — У Карча вараны жарабец нагу на цвік пасадзіў... Кульгае... Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
незнаёмы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога не ведаюць, з якім не сустракаліся раней; невядомы. Дзед Талаш і Мартын маўчаць, не спускаюць з вока незнаёмага чалавека. Колас. Спускацца паблізу на парашуце таксама нельга было.. Давялося выскачыць далекавата ад пляцоўкі над незнаёмымі зараснікамі. Кулакоўскі.
2. Неўласцівы для каго‑н.; чужы. — Калі ты завяла .. [жонку ў бальніцу]? Раніцою ж нічога не было, — сказаў ён незнаёмым самому сабе голасам. Арабей. І вуліца, і людзі, і сонца здаваліся [цётцы Эміліі] новымі, незнаёмымі. Маўр.
3. Які не зведаў, не зазнаў чаго‑н. Светлыя хмаркі — дзеткі прастору — Ціха па небе плывуць, Ім незнаёмы слёзы і гора, Смутак і жаль іх не рвуць. Колас.
4. Які не належыць да ліку знаёмых каго‑н. [Памешчык:] — Ты хто, нешта цябе я не памятаю? — Я таксама з табой незнаёмы... не даводзілася сустракацца... — працадзіў дзед скрозь зубы. Лынькоў.
5. у знач. наз. незнаёмы, ‑ага, м.; незнаёмая, ‑ай, ж. Той (тая), каго не ведаюць, хто не належыць да ліку знаёмых; чужы чалавек. Дзед Аляксей, запытаўшыся «хто там», прапусціў незнаёмага ў кухню. Паслядовіч. — Незнаёмых, сынок, начаваць не пускай. — А як раптам хто свой? — Свой? А ты адгадай, Свой, ці не? Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пля́ма, ‑ы, ж.
1. Знак, месца на паверхні як брудны след чаго‑н. На жоўтым століку выразна віднелася чарнільная пляма, вельмі падобная на след дзіцячай далонькі. Лынькоў. Кожны .. [Раманаў] крок адбіваўся на падлозе мокраю плямаю. Колас. // Частка паверхні, якая выдзяляецца чым‑н. Пасля ліўня яшчэ з раніцы зялёныя ўзгоркі ляжалі чорнымі плямамі. Васілевіч. Маленькае акенца ледзь выдзялялася жаўтавата-шэрай плямай. Кулакоўскі.
2. перан. Што-небудзь ганебнае. Але калі ўчора .. [Пракоп] хацеў знайсці якую-небудзь пляму ў жыцці калгаса, то цяпер ён шчыра хацеў, каб гэтых плям тут не было. Колас. [Гарлахвацкі:] Спадзяюся, што смецця з хаты выносіць вы не будзеце, каб гэта не лягло бруднай плямай на нашу ўстанову. Крапіва.
•••
Белая пляма — а) недаследаваны або маладаследаваны раён; б) перан. аб якім‑н. нявырашаным пытанні.
Жоўтая пляма — вельмі чуллівае да святла месца сятчаткі вока каля выхаду зрокавага нерва.
Радзімая пляма — а) прыроджанае змяненне скуры; б) перан. недахоп, які з’яўляецца перажыткам чаго‑н.
Сляпая пляма — месца ўваходу ў сятчатку валокнаў зрокавага нерва, якое пазбаўлена палачак і колбачак.
Сонечныя плямы — утварэнні на паверхні сонца, якія здаюцца цёмнымі плямамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасто́ра, ‑ы, ж.
1. Неабмежаваная працягласць (ва ўсіх вымярэннях, напрамках). Бязмежная прастора. Паветраная прастора. // Спец. Адна з асноўных усеагульных аб’ектыўных форм існавання матэрыі, якая характарызуецца працягласцю і аб’ёмам. Асноўныя формы ўсякага быцця ёсць прастора і час; быццё па-за часам ёсць такая ж найвялікшая бяссэнсіца, як быццё па-за прасторай. Энгельс.
2. Свабодны прамежак паміж чым‑н. Калі круг рытма іх танца канчаўся і пачынаўся нанова, .. [падлеткі] былі ўжо ў іншым месцы, наколькі дазваляла прастора пакоя. Чорны. Ён [Вінцэсь] бы будаваў так, каб была прастора, многа паветра, каб вока цешылася. Мікуліч.
3. Вялікі ўчастак зямной або воднай паверхні. Навокал — неабсяжная прастора пад бяздоннай веліччу неба. Брыль. Над туманнай воднай прасторай таксама вісяць зоркі, не такія, праўда, яркія, як над гарамі, што відаць праз чыстае горнае паветра. Дуброўскі.
4. перан. Тое, што і прастор (у 2 знач.). Новая .. работа на курганах яму [Варонічу] вельмі па сэрцу: прастора, цішыня, а самае важнае — ніхто не перашкаджае... Ракітны. Я паклічу цябе ў свет прыгожае казкі, Дзе прастора для мар і задумам ёсць шыр. Чарнушэвіч.
•••
Мёртвая прастора — прастора, якая не прастрэльваецца франтавым агнём.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Наступіць, надысці, настаць (пра час, якую‑н. справу, патрэбу). Прыспела чарга. □ Ісці ў дарогу час прыспеў — Дарога ж многа з’яў хавае. Колас. Толькі адкасіліся — жніво прыспела. «Беларусь».
2. безас. Разм. Абавязкова спатрэбіцца, вельмі захацецца. [Адась:] — Што табе гэтак прыспела з каламажкаю? [Антось:] — Заўтра ў мястэчка паеду. Калюга. Мокры, стомлены, галодны, я ішоў, спатыкаючыся і праклінаючы ўсё на свеце, — разбітую дарогу, цемру, рэдактара, якому прыспела выпхнуць мяне ў такое надвор’е чорт ведае куды. Шашкоў. На платформах яшчэ сюды-туды, едзь, калі табе так прыспела, а тут былі таварныя вагоны, прытым з нейкім важным грузам. Нядзведскі.
3. Разм. Прыйсці, з’явіцца ў патрэбны момант. Крыўдным і незразумелым для Віці было заўсёды тое, што ніхто не прыспеў на бацькаў крык. Кулакоўскі. — То бачу, як гарыць мая хата, то чую, як наракае на мяне мая Поля, што не прыспеў у час. Сачанка. // Паспець, не спазніцца. Звечара.. [салдат] падганяў коней, быццам спяшаўся прыспець некуды да нейкага пэўнага часу. Лобан.
4. каго-што. Разм. Застаць, заспець. За гэтым заняткам прыспеў .. [Энрыка] аднаго разу Сымон і з уласцівай людзям яго характару шпаркасцю вырашыў, што Энрыка можа дапамагчы. Мікуліч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прыціх, ‑ла і прыціхнуў, ‑нула; зак.
1. Перастаць падаваць гукі, ствараць шум і пад.; сціхнуць. Салавейка прыціхне, спыняць бег ручаіны, І жаўрук страпянецца над жытамі пад сонцам. Шушкевіч. Пацягнуліся сумныя трывожныя дні. Вёска неяк адразу прыціхла. С. Александровіч. // Стаць амаль нячутным; перастаць чуцца. Крык прыціхнуў, перайшоў ва ўзбуджаную гаворку. Навуменка. Ён любіў горад і ў гэты позні час, калі ўжо крыху прыціх вячэрні вулічны шум, рассеяўся і апаў пыл, змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. На некаторы час гутарка прыціхла, саступіўшы месца чаўканню сківіц. Колас.
2. Перастаць рухацца; замерці. Юзя пераставіла ражку з бульбай бліжэй да акна і прыціхла. Бажко. Каб соладка размарыцца, вясковаму хлапчаняці дастаткова было прыціхнуць каля плота. Брыль. // Паслабець у сіле свайго праяўлення; сцішыцца. Бой прыціх. Мяцеліца прыціхла. □ І снег ружавее, як дальнія вёсны, І вецер сягоння чамусьці прыціх... Багун. // перан. Стаць ціхім, бяздзейным на некаторы час. З вясны сорак другога года, як толькі Ячны, услед за сваім Кастусём, падаўся ў атрад, Шпэк прыціх. Брыль. Месяцы, можа, на два буржуазныя нацыяналісты прыціхлі, нават на вечарынкі не збіраліся. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)