Стос 1 ‘ворах, груд, штабель’ (ТСБМ, Нас., Гарэц.), ‘груда, куча’ (Сл. ПЗБ), ‘груда, капец’ (ТС), ‘касцёр, куча лому’ (Сержп. Прымхі), ‘сажань дроў’ (Арх. Федар.); сюды ж, магчыма, сто́са ‘стайма’ (Сл. ПЗБ), стэ́сам ‘з імпэтам, вельмі шпарка’ (Варл.), сто́сам ‘гуртам’ (Сл. ПЗБ), у сто́сы ‘ў поўнае падпарадкаванне’ (Ян.). Праз польск. stos ‘удар’, ‘куча’ з с.-в.-ням. stoʒ, суч. Stoß ‘тс’. Гл. Карскі, Белорусы, 163; Кюнэ, Poln., 100 з аглядам літры. Ст.-бел. стосъ, стусъ ‘стос, штабель, удар’ (XVI ст.) з той жа крыніцы, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 189. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 420. Для польскага слова мяркуецца чэшскае пасрэдніцтва, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 373–374. Гл. яшчэ стус.
Стос 2 ‘слізь’ (рас., Шатал.). Значэнне вызначана недакладна, параўн.: чысьціла трыбух і стосу многа было. Відаць, гэта тое, што “счышчаецца”. Слова цьмянае. Да цяса́ць (гл.)?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Та́йна ’сакрэт; тое, што яшчэ не пазнана, неразгадана’ (ТСБМ; 1913 г., КСНН; Ласт., Некр. і Байк.), ’таямніца’ (Бяльк., Вруб.), сюды ж суфіксальныя дэрываты з той жа самай семантыкай та́йносць (ТС), та́йнысьць (Бяльк.), ст.-бел. тайна ’таямніца’ (канец XV ст., КГС). Укр. та́йна, таїна́, та́йня, рус. та́йна ’таямніца’, стараж.-рус. та́ина ’тс’, польск. старое паэт. tajnia, в.-луж. tayeṅo, ’выгляд, прытворства’, tajenje ’таямніца’, серб.-харв. tȃjna, славен. tajna ’тс’, ст.-слав. таина ’тс’. Да прасл. *tajьna < *taj, якое, у сваю чаргу, з *tajiti, гл. таіць; параўн. укр. ота́й, пота́й ’употайкі’, серб.-харв. старое tȃj, tȁja, tāja ’таямніца’, чэш. taj ’таямніца; невядомае’ + ‑ьna, аналагічна *vojna (аб суфіксе, але без кантынуантаў *taj‑ гл. Слаўскі, SP, 1, 137). Наяўнасць гістарычных паралеляў і дэрыватаў адназначна сведчаць на карысць спрадвечнасці наймення. Параўн. тайба, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
дарма́ і да́рма, прысл.
1. Бескарысна, дарэмна, марна. Сцёпка сваё вядзе: чытае, піша, думае, разважае. Ні адзін вечар вольны не прападаў дарма. Колас. // Без дастатковых падстаў, беспрычынна. [Вярхоўскі:] Дарма, грамадзянін, злуяцеся. Маўзон.
2. Бясплатна, за нішто. У Ксавэра Блецькі цяпер толькі клопату ў галаве, каб Антон не еў дарма хлеба. Чорны. // Незаслужана, беспадстаўна. Наш сябра тытул атрымаў. Ну што ж, насі, такая справа. Ці па заслугах, ці дарма — Не так, прызнацца, і цікава. Гілевіч.
3. у знач. часціцы. Хай, так і быць. Не хопіць ці хлеба, ці бульбы? — Дарма! Дадасі яшчэ бобу. Дубоўка.
4. у знач. вык. Дробязь, не мае значэння. Баіцца — будзе ёй адплата — Чакаць дабра з таго дарма. Колас.
•••
Дарма што (уступальны злучнік) — хоць; нягледзячы на тое, што. Сядзіць Андрэйка з татам. Добра так умасціўся, дарма што трасе трохі. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акрэ́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Акрыяць, паправіцца пасля цяжкай хваробы, набрацца сіл. Відаць, не акрэп яшчэ камісар пасля гестапаўскага засценка. Кулакоўскі. // Стаць мацнейшым, здольным супрацьдзейнічаць. [Мяснікоў:] Акрэпне Піцер — гэта ўсё: Як снежная лавіна з стромкіх гор, Змятаючы з дарогі перашкоды, Кастрычнік пройдзе па Расіі. Клімковіч. // Стаць мацнейшым, здаравейшым. Сэрца мацярок нашых ляжыць больш да слабейшага дзіцяці, пакуль яно не акрэпне, да таго, што ў дарозе, пакуль не вернецца, да меншага, пакуль не дарасце. Карпюк.
2. Усталявацца, умацавацца. Новы ж свет акрэпне і ўзбагацее тады, калі кожны яго будаўнік будзе добрым гаспадаром. Гартны. // Пра з’явы прыроды. Праз які тыдзень зіма акрэпла. Пянкрат.
3. Стаць цвярдзейшым (пра грунт, глебу). Напярэдадні прайшоў спорны веснавы дождж, першы ў гэтым годзе. Ён абмыў з зямлі ўсю смугу, што засталася ад зімы; поле выглядала чыстым, яно нібы памаладзела. Дарога акрэпла. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́круціць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.
1. Круцячы ў адваротны бок, дастаць, выняць, выцягнуць што‑н. Выкруціць электрычную лямпачку. // Вывернуўшы руку, прымусіць каго‑н. адпусціць што‑н. Я рвануў.. [Капейку] раз і другі і кульнуў пад сябе на мох. Я намагаўся выкруціць з рук наган. Брыль. // Разм. Узмацніць, павялічыць (пра агонь у лямпе). Зося падышла да стала, выкруціла ў лямпе агонь, прысела на ўслоне. Гартны.
2. Круцячы што‑н., выціснуць ваду. Туравец сеў на траву і, стараючыся не вярэдзіць раненую руку, зняў боты, выкруціў мокрыя анучы. Мележ.
3. Высвідраваць. Выкруціць дрылём дзірку.
4. Разм. Вывіхнуць, вывернуць. Выкруціць руку, палец.
5. Разм. Круцячы, зрабіць, утварыць што‑н. Выкруціць мудрагелісты подпіс.
6. Разм. Выгадаць. Грамадой.. падручыўся напалавіну.. шнурок урабляць. Колькі там тае палавіны.., а Грамабой яшчэ і з гэтай палавіны сабе выкруціць. Крапіва.
•••
Мокры, хоць выкруці гл. мокры.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абяца́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак. і незак.
1. з інф. Даваць абяцанне што‑н. зрабіць. Крысціна ідзе на спатканне з незнаёмым мужчынам, які абяцаў знайсці ёй працу. Васілевіч. Сам не мае, а другому абяцае. Прыказка. // каго-чаго, каго-што і каму-што. Даваць абяцанне каму‑н. аддаць, перадаць што‑н. у яго распараджэнне. За галаву Ціхана мінскі губернатар абяцаў тады вялікія грошы. Бядуля. Нашы сцежкі сышліся зусім нечакана. Ды я ні разу яшчэ не падумаў, што лёс абяцаў мне не гэтую. Брыль.
2. што і без дап. Выклікаць якія‑н. спадзяванні, падаваць надзеі на што‑н. Глядзеў, ці хіліцца ўніз дым, — Дажджу нішто не абяцала. Колас. Я хапаўся за ўсякую думку, якая магла абяцаць які-небудзь ратунак. Якімовіч.
•••
Абяцаць залатыя горы — вельмі многа абяцаць, не клапоцячыся аб выкананні абяцанага.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абле́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; зак.
Разм.
1. Страціць валасы, поўсць, пер’е. Аблез [Ігнат].., чэрап свеціцца голы. Мележ. // Выпасці, вылезці (пра валасы, поўсць). — Адна [жонка] свайму ж гаспадару чыгун кіпню на галаву выліла. Добра, што вада ўжо трохі выйшла парай, дык валасы ў чалавека аблезлі, скура за вушамі спяклася, а сам жыў астаўся. Кулакоўскі.
2. Страціць першапачатковую афарбоўку, выліняць, выцвісці. [Млынар Шэлегу:] — Калі можна, дарагі, то я яшчэ пару баначак фарбы прыхвачу. Аканіцы зусім аблезлі. Навуменка.
3. Змяніць скуру, абгарэўшы на сонцы. [Стафанковіч:] — Гэта ж трэба мець нечалавечую галаву, каб выседзець у гэтакай пякельнай моцы, як у яго там скура, разам з валасамі, не аблезе?.. Чорны.
4. Страціць верхні слой; аблупіцца; выцерціся. Бур’ян быў і на самім папялішчы — зялёны, густы, ён падыходзіў аж да печы, якая аблезла, завалілася ад дажджоў і снегу зусім. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. што, а таксама з чым і з інф. Давесці выкананне чаго‑н. да канца; завяршыць. Кончыць жніво. Кончыць з рамонтам. Кончыць пісаць. □ Хлопцы кончылі сваю работу і пайшлі дамоў. Колас. // што. Поўнасцю расходаваць. Кончыць усё мяса.
2. што, чым. Зрабіць што‑н. у заключэнне, закончыць чым‑н. Кончыць выступленне заклікамі. // Закончыць сваю дзейнасць, жыццё пэўным чынам; зрабіць што‑н. у канцы жыцця. Яшчэ так не было на свеце, Каб іуда кончыў, як чалавек, жыццё. Танк.
3. што. Закончыць навучанне дзе‑н. Кончыць універсітэт.
4. што, а таксама з чым і з інф. Спыніць што‑н.; палажыць канец чаму‑н. Кончыць гулянкі. Кончыць з прагуламі. Кончыць бяздзейнічаць.
5. каго. Разм. Звесці са свету; загубіць.
•••
Дрэнна (кепска) кончыць — пра ганебны канец чыйго‑н. жыцця або дзейнасці.
Кончыць жыццё — памерці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кры́зіс, ‑у, м.
1. Рэзкі пералом, пераходны стан, абвастрэнне становішча. Адчуваецца крызіс мяшчанскай сям’і, што існуе на маральных асновах старой патрыярхальнай Расіі. «Полымя».
2. Пераломны момант у ходзе хваробы, які вядзе да паляпшэння або пагаршэння стану хворага. Звычайнае запаленне лёгкіх, расказваў доктар, крызіс прайшоў, чалавек, з дапамогай медыцыны, мінуў смяротны рубікон. Ермаловіч.
3. Перыядычная перавытворчасць тавараў у капіталістычнай гаспадарцы, якая вядзе да разарэння дробных вытворцаў, да скарачэння вытворчасці, да павелічэння колькасці беспрацоўных. Эканамічны крызіс. Прамысловы крызіс.
4. Недахоп чаго‑н., цяжкасці з чым‑н. Паліўны крызіс. Жыллёвы крызіс. // Разм. Цяжкае становішча, безграшоўе. Крызіс з грашамі.
•••
Палітычны крызіс — палітычнае становішча, якое характарызуецца рэзкім абвастрэннем класавай барацьбы працоўных супраць пануючай эксплуататарскай вярхушкі і няздольнасцю апошняй кіраваць грамадствам.
Урадавы крызіс — перыяд, калі пытанне аб адстаўцы старога ўраду рашылася, а новы ўрад яшчэ не сфарміраваўся.
[Ад грэч. krísis — рашэнне, прыгавор.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знаёмства, ‑а, н.
1. Адносіны паміж людзьмі, якія ведаюць адзін аднаго і падтрымліваюць узаемныя сувязі; устанаўленне, пачатак такіх адносін. Завесці знаёмства. □ Са Святланай у Салаўёва знаёмства было даўняе, яшчэ партызанскае. Шахавец. [Ядвіга] знаёмілася з ваколічнай шляхтай, хаця з «кавалерамі» мала гутарыла пры знаёмстве. Бядуля.
2. Разм. Круг знаёмых. У яго ў горадзе вялікае знаёмства. □ Міласэрныя сёстры, мяшчане, сяляне, чыгуначнікі, гандляры, спекулянты складаюць звычайны круг знаёмства швачкі Самабыліхі. Колас.
3. Набыццё ведаў, звестак пра што‑н., азнаямленне з чым‑н. Знаёмства Карніцкага з камвузам зацягнулася на цэлых тры гады. Паслядовіч. // Веданне чаго‑н., азнаёмленасць з чым‑н. З салдатаў Бухча прынёс знаёмства з культураю. Чорны.
•••
З першага знаёмства — адразу, пры першай сустрэчы.
Па знаёмству — скарыстоўваючы блізкія адносіны, сувязі з кім‑н. (уладкавацца, уладзіць якую‑н. справу і пад.).
Шапачнае знаёмства — павярхоўнае знаёмства.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)