Даба́д ’лебедзь’ (Касп.). Трубачоў (Слав. языкозн., V, 178) мяркуе, што, відаць, гэта старое слова з цёмнай формай і, магчыма, праславянскае (праславянскі дыялектызм бел. мовы). Форма яго не дае ўпэўненасці ў тым, што яно звязана з прасл. *elbedь, *olbǫdь ’лебедзь’ (магчыма, паводле Трубачова, там жа. тут назіраецца табуістычная змена слова). Нягледзячы на тое што слова яўна дэфармаванае, можна меркаваць, што тут, магчыма, адбыліся фанетычныя змены (асіміляцыя): даба́д < лаба́д, а гэта ўжо значна бліжэй да магчымых прасл. форм; параўн. чэш. labuť, дыял. labudek, славац. labuť, labuď, labuda, польск. łabędź, серб.-харв. лабуд, славен. labod (параўн. Махэк₂, 316). Калі бел. дыял. дабад сапраўды з ранейшага *лаба́д ’лебедзь’, то гэта можа быць каштоўным сведчаннем таго, што ўсх.-слав. гаворкі мелі змешаны характар, г. зн. што ў іх маглі сустракацца элементы зах.-слав., а нават і паўд.-слав. тыпу.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калёўка ’спецыяльны рубанак для выстругання дошак і планак з фігурнымі краямі (багетаў, карнізаў і інш.)’ (БРС, ТСБМ; драг., Жыв. сл.; Касп., Клім., Мат. Гом.), ’фігурны профіль дошкі або бруска, які атрымліваецца струганнем’ (ТСБМ, Мат. Гом.). У рус. мове адзначана калёвка ’жалабок, канаўка (у сталярнай справе)’, колёвки ’паглыбленні, выемкі, канаўкі ў налічніках; розныя ўпрыгожанні на іх’. На рус. слова звярнуў увагу яшчэ Матцэнаўэр (LF, 8, 41), які лічыў, што яно запазычана з франц. cale ’клін, падстаўка’, супраць Фасмер (2, 166). Ён лічыць асноўнай формай дзеяслоў калевать ’выдзёўбваць, выразаць (карніз, жалабок)’, для якога ў якасці крыніцы запазычання мяркуецца (aus) kehlen у тым жа значэнні. З пункту погляду рэаліі такая этымалогія можа быць прынята; аднак няясным застаецца шлях запазычання. Лінгвагеаграфія выразу (калі толькі бел. слова не запазычана параўнальна позна з рус. мовы) сведчыць аб магчымым польскім пасрэдніцтве.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кло́пат 1 ’неспакойная думка пра што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Сержп. Грам., Гарэц., Сцяшк., КЭС, лаг., Ян.). Гл. клапаціцца. Насуперак Кюнэ (Poln. 64) не з’яўляецца пранікненнем з польск. kłopot.
Кло́пат 2 ’квактанне’ (Сл. паўн.-зах., Яруш.). Утварэнне на ‑otъ ад гукапераймальнага дзеяслова. Гл. клопалка.
Клопат 3 ’у жорнах дошчачка ад жалабка, якая прыціскаецца да чатырохграннай часткі корбы і пры вярчэнні механічна рэгулюе перадачу зерня на камень’ (Нар. словатв., Выг., Кліх, Дразд.). Укр. клопіт ’тс’, польск. kłopot ’тс’. Да прасл. klopotъ ’стук, шум’, але ў значэнні ’частка жорнаў’ толькі польскае, беларускае і ўкраінскае. Паколькі рускія дыялекты (апрача заходніх) практычна не ведаюць гэтага слова, можна меркаваць аб тым, што яно ўзнікла як тэхнічны тэрмін на польскай моўнай глебе і адтуль распаўсюдзілася на беларускі і ўкраінскі арэалы (Смулкова, Бел.-польск. ізал., 117).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вято́к, веточок ’маладзік’ (Нас.; Чач.). Польск. wietek, wiotek, чэш. валаш. vetek ’першая або апошняя квадра месяца’, якія з прасл. vetъxъ ’стары’; больш падрабязна гл. пад ветах. Што датычыцца бел. вяток, то яно, зыходзячы з даных геаграфіі (гродз., вілен., Нас.), семантыкі і фанетыкі, запазычана з польскай мовы. Праблематычным застаецца час, калі адбылося запазычанне. Магчыма, гэта даволі новае слова перыяду моцнага польскага ўплыву, а магчыма, і вельмі старое кантактнае запазычанне, калі польск. wietek, wiotek займала больш шырокую тэрыторыю (зараз толькі на поўдні, гл. Купішэўскі, Słownictwo, карта 3 і ст. 47–48). У такім разе семантычныя змены тыпу ’стары месяц’ — ’маладзік’ і да т. п. адбываліся таксама рана. Параўн. яшчэ бел. паўн.-зах. вётак ’назва старога месяца’ (Маш., Atlas, 2, карта 1). Верагодна таксама дапускаць незалежнае ўзнікненне бел. слова як утворанага з памяншальнай суфіксацыяй ‑ок і пад. (параўн. вятлюк) або фанетычным шляхам; параўн. жанік < жаніх.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Па́зуха ’прастора паміж грудзямі і адзеннем’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Сл. ПЗБ), ’вараток, манішка ў сарочцы’ (ТС), па́зухі ’пярэдняя частка адзення на грудзях’ (Малчанава, Мат. культ., Шн. 3). Рус. па́зуха, укр. па́зуха, ст.-слав. пазоуха, польск., чэш., славац. pazucha, серб.-харв. па̏зухо ’пазуха, плячо’, славен. pȃzduha, балг. па́зуха, па́зува, па́зва. Зыходзячы са славен. pȃzduha, тлумачаць з праслав. pazducha з прыстаўкай paz‑ (як, напрыклад, у пазногаць, рус. паздер) і ducha, якое роднаснае ст.-інд. dōṣ ’рука, перадплечча’, dōṣṇás ’рука, перадплечча; ніжняя частка пярэдняй лапы жывёліны’, авесц. daōš ’плячо’, лат. paduse ’падпаха, пазуха’ (гл. Фасмер, 3, 187; там жа гл. і інш. літ-py). Няясным у гэтай этымалогіі застаецца знікненне d; яно тлумачыцца дысіміляцыяй у спалучэнні podъ > pazducha (Бернекер, 1, 233) або дыял. слав. зліццём zd > z (Уленбек, KZ, 40, 553 і наст.). Брукнер (400) выводзіць слав. слова з паз (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тонь 1 ’тоня’ (Сцяшк.), ’затон, вір’ (ТС), ’месца, дзе можна закінуць невад’ (мёрск., Жыв. НС), ’адзін заход з рыбнай снасцю і адзін улоў’ (паст., Сл. ПЗБ), ’вялікі невад’ (трак., Сл. ПЗБ), ’частка вуды, лескі’ (іўеў., Сл. ПЗБ), ’сетка (на рыбу)’ (Барад.). Гл. то́ня, лічыцца больш позняй формай, што ўзнікла ў выніку трансфармацыі канца слова, параўн. польск. woń ’пах, смурод’ < прасл. *vonʼa ’тс’ (Крытыкі, PF, 7, 228; Борысь, 708) і пад.
Тонь 2 ’ход, рух’ (Сцяшк.). Рэдкае слова, адносна якога выказваецца меркаванне, што яно звязана чаргаваннем галосных з цягнуць (гл.), што, магчыма, узыходзіць да *tęti ’цягнуць’ < і.-е. *ten‑ ’тс’ з зыходным значэннем ’цяга’, параўн. рус. тять ’ісці’, укр. стена́тися ’кінуцца (пачаць рух)’, якія маюць адпаведнікі ў лац. tenor ’раўнамерны рух’, ст.-ірл. tēit ’ідзе’ (Мяркулава, Этимология–1975, 54–55). Хутчэй за ўсё, аналагічнага паходжання з аманімічным яму папярэднім словам, падрабязней гл. тоня.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ту́флі, адз. л. ту́фель, памянш. ту́флік ‘лёгкі неглыбокі абутак, пантофлі’ (ТСБМ, Брасл. сл.), ту́флі, ту́хлі ‘тс’ (Сцяшк.), ту́хлі ‘тс’ (ТС, Арх. Вяр.), ту́хель ‘пантофель’ (Юрч. Вытв.), ту́флі, ту́плі ‘пантофлі’ (Васільковая сп., Сл. ПЗБ), памянш. туфелʼо́чак (Вруб.). Запазычаны з рус. ту́фли, ту́фель, якія з нідэрл. tóffel ‘хатні абутак’ ці з с.-н.-ням. tuffele, апошнія з с.-н.-ням. pantuffel (гл. пантофлі); яно ў выніку пераасэнсавання (паводле народнай этымалогіі) разлажылася на pant ‘завязка, шнурок’ і tuffel. Крыніцай запазычання лічыцца італ. pantofola (далей няясна, гл. Арол, 4, 122), якое нібыта з незасведчанага грэч. *παντόφελλός ‘сандалі на коркавай падэшве’ < πάντη ‘усюды, адусюль’, φελλός ‘коркавае дрэва’ (Фасмер, 4, 127; Чарных, 2, 273). Зайкоўскі (Слов. етим., 184–185), абапіраючыся на засчведчанае на Магілёўшчыне панто́пель ‘вязаны лапаць з тоўстых пяньковых ці льняных нітак’ (Янк. Мат.), мяркуе, што другая частка магла паходзіць з φλοιός, φλούδα ‘кара’, а дакладней ‘лыка’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
кру́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены, прыгатаваны шляхам скручвання. Кручаная пража. Кручаныя дубцы.
2. Разм. Хворы на шаленства (пра жывёл). Кручаны сабака. // Нясталых, несур’ёзных паводзін (пра чалавека). — І скажыце, ці не дурны, ці не кручаны хлопец. Як да вайны трэба было ў школу хадзіць ды вучыцца, дык яго за кніжку не загнаць было. А цяпер дзень і ноч чытае. Арабей. Хлопцы пакеплівалі з Макара, расказвалі такое, ад чаго Макар чырванеў, згараў ад сораму і крыўды ды кляўся, што ніколі не гляне на кручаную няверную Ядвісю. Асіпенка.
3. перан. Няроўны, неспакойны, заблытаны. — Жыццё тваё, чалавеча... Якое яно.. нейкае кручанае. Дуброўскі.
4. Разм. З няроўнымі сцёбламі, касымі слаямі (пра дрэва, драўніну). Хмызняк быў нейкі нялюдскі: каравы, кручаны, цвёрды, як жалеза. Маўр. // Кучаравы, пакручасты (пра валасы).
•••
Кручаны мяч гл. мяч.
Кручаны ўдар гл. удар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лепш, прысл.
1. Выш. ст. да прысл. добра. Здала .. [Аленка] экзамен не толькі лепш за вучняў свае школы, — з усіх школ .. выдзелілася яна сваімі здольнасцямі. Колас. Лепш позна, чым ніколі. Прыказка.
2. безас. у знач. вык., каму. Аб паляпшэнні стану хворага. Часам гаспадыні бывае лепш. Тады яна злазіць з печы, адкрывае каваныя скрыні, выцягвае адтуль свае уборы, пасцілкі, коўдры, ручнікі, абрусы. Асіпенка.
3. у знач. часціцы. Ужываецца для падкрэслівання важнасці значэння якога‑н. дзеяння; служыць для ўзмацнення просьбы, парады і пад. [Міколка:] — Лепш скажы мне вось, дзед, дзе цяпер мой бацька. Лынькоў. [Андрэй:] — Не падпірай ты, чалавеча, таго, што згніло, бо яно ўсё роўна ўпадзе. Зрабі лепш новы плот. Якімовіч.
•••
Лепш (і) не трэба — ужываецца для абазначэння высокай, найвышэйшай ступені чаго‑н. Зажыў цяпер бедны брат лепш не трэба. Якімовіч.
Лепш сказаць (у знач. пабочн.) гл. сказаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нахапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішcя, ‑хопіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Нечакана настаць, надысці. Хутка развіднівае вясковай парой. Не паспееш дайсці з брыгаднага двара дадому, як, глядзіш, ужо нахапіўся дзень. Палтаран. Сонца заходзіла чыста. Раптам за чорнай сцяною далёкага лесу яно знікла, і змрок адразу нахапіўся. Чорны. // Нечакана пачацца, наляцець. [Дождж] нахапіўся раптоўна і лінуў як з вядра. Карпаў. Ужо блізка сенакосу нахапілася раптам некалькі навальніц. Мележ.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Разм. Ускочыць на скуры цела; уздуцца, нарваць. З непрывычкі смылелі далоні, Нахапіўся, як сліва, мазоль. Хведаровіч.
3. Нечакана, знянацку з’явіцца, прыйсці, сустрэцца і пад. А потым аднекуль нахапілася знаёмая .. расчырванелая дзяўчына з дужымі мужчынскімі рукамі і шырокім касцістым ілбом. Вышынскі. // перан. Аб пачуццях. Тады й нахапілася тая туга, З каторай шукаеш сяброўства сляды. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)