цырымо́нія, ‑і, ж.

1. Устаноўлены парадак правядзення якога‑н. абраду, урачыстасці; абрад, урачыстасць, якія праводзяцца ў строгім парадку. На цырымоніі адкрыцця выстаўкі выступіў беларускі паэт В. Вітка. «Звязда». Стала ў Брэсце добрай традыцыяй праводзіць многія ўрачыстыя цырымоніі ля сцен легендарнай крэпасці. «ЛіМ».

2. Разм. жарт. Пра якое‑н. працяглае, доўгае дзеянне, якое складаецца з шэрагу асобных учынкаў, дзеянняў. Цырымонія надзявання «добрага пінжака» праходзіць з адмысловай урачыстасцю.. Бярэ яго канечн[е] «Матрёна» і, трымаючы на выцягнутых уперад руках, падносіць да Гвардыяна з напружанай, блізкай да спалоху павагай. Гвардыян ужо загадзя абярнуўся спінай насустрэчу «добраму пінжаку» і выставіў назад.. рукі. Зарэцкі.

3. звычайна мн. (цырымо́ніі, ‑ій). Умоўнасці ў паводзінах, якія ўласцівы цырымоннаму чалавеку; паводзіны цырымоннага чалавека. [Полаз:] — Слухай, Лемяшэвіч, давай на «ты»... Мы з табой людзі роўныя, камуністы, і выкінем да ліха ўсе цырымоніі. Шамякін. [Зыбін:] — Заходзь сёння, пасядзім, пагаворым... Заходзь, праўда — без цырымоній!.. Мележ.

[Ад лац. caeremonia — літаральна пашана, павага.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кано́н, ‑а, м.

1. Якое‑н. правіла, устаноўленае і ўзаконенае вышэйшай царкоўнай іерархіяй. Беларускія кніжнікі XVI–XVII стст. перакладалі рэлігійныя творы на «простую» мову, але з аглядкай — не нарабіць бы памылак, не адысці б ад царкоўных канонаў, не ўпасці б у ерась. Шакун.

2. перан. Кніжн. Правіла або сукупнасць правіл якога‑н. напрамку ў мастацтве. Класіцысцкія каноны. □ Паэт выступаў супраць сацыяльнага і нацыянальнага ўціску і адкідваў прэч рэакцыйныя, антырэалістычныя «каноны» эстэтыкі сімвалізму. Майхровіч. // Тое, што з’яўляецца традыцыйнай, абавязковай нормай. Тэхнічныя каноны. □ [Мікалай] адкінуў бы прэч усе каноны ветлівасці, дагнаў бы Адама і з усёй сілы ўчапіўся б яму ў горла. Дамашэвіч.

3. Спіс рэлігійных кніг, прызнаных царквою ў якасці свяшчэннага пісання. Біблейскі канон.

4. Царкоўнае песнапенне ў пахвалу святога або свята і пад. Велікодны канон. Памінальны канон.

5. Паўтарэнне адной мелодыі рознымі галасамі, якія ўступаюць у спевы паслядоўна, адзін за другім, дакладна паўтараючы мелодыю першага голасу.

[Грэч. kanon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

магчы́масць, ‑і, ж.

1. (у спалучэнні з наз. або інф.). Тое, што можа пры пэўных умовах адбыцца, ажыццявіцца, здзейсніцца. Магчымасць перамогі. □ [Ігнат] і ў думках не мог дапусціць магчымасці здрады .. [Багуцкага]. Лынькоў. Магчымасць пастаяць у сапраўдных варотах сапраўднага стадыёна прывабіць хоць каго. Васілёнак. // Дазволенасць, дапушчальнасць. Дзедава фантазія трохі разгулялася і свавольна пераходзіла межы рэальных магчымасцей. Колас.

2. Сродкі, умовы, неабходныя для здзяйснення чаго‑н. Пакуль Мірон зноў учапіўся за дрэва ды агледзеўся, човен быў на такой адлегласці, што дагнаць яго не было магчымасці, тым больш чалавеку адзетаму і абутаму. Маўр. [Сержант:] — Я ўжо даўно не хацеў служыць у польскай арміі, хацеў перайсці да бальшавікоў, але не было магчымасці... Нікановіч.

3. толькі мн. (магчы́масці, ‑ей). Унутраныя сілы, рэсурсы, здольнасці. Кожны будаўнік — у пэўнай ступені паэт і летуценнік, з вялікаю вераю ў свае сілы і магчымасці. Грахоўскі.

•••

Па магчымасці (у знач. пабочн.) — наколькі магчыма.

Па меры магчымасцей гл. мера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́ўдзень, поўдзе́н, поўднён, по́ўдэнь ’супрацьлегласць поўначы’, ’мясцовасці з цёплым кліматам’, ’сярэдзіна дня’ (ТСБМ, Некр., Маш., Касп., Сл. ПЗБ, ТС), по́ўдзенне ’поўдзень’ (Нас.), ’полудзень, абед’ (Бяльк.), по́ўдзень, паўдня́ ’напрамак свету’ (Шат.), ст.-бел. полудень ’сярэдзіна дня’, полудне, полдень ’напрамак свету’, укр. пі́вдень ’поўдзень (сярэдзіна дня; напрамак свету)’, рус. по́лдень ’сярэдзіна дня; напрамак свету (паэт.)’, польск. południe ’тс’, палаб. pọ̈lni ’тс’, славац. poludnie ’поўдзень’ (старое), чэш. poledne ’тс’, в.-луж., н.-луж. poł(d)njo ’сярэдзіна дня, поўдзень’, серб.-харв. пла́дне, подне ’сярэдзіна дня, поўдзень’, балг. пла́дне ’сярэдзіна дня, полудзень’, дыял. ’поўдзень’, макед. пладне ’сярэдзіна дня’, ст.-слав. полоудьниіє ’сярэдзіна дня, поўдзень’. Прасл. *polъdьnь, *polьdьne, *poludьne, *poludьnьje, *poludьnъ ’сярэдзіна дня; поўдзень’, у складзе якога *роlъ (*polu — P., M. скл. адз. л.) і *dьnь (*dьne — Р. скл. адз. л.), гл. паў-, дзень (Махэк₂, 469; Шустар-Шэўц, 2, 1123 –1124; Скок, 1, 379; Банькоўскі, 2, 691; БЕР 5, 291–292). Мяркуецца, што ў праславянскай мове назіраліся тры фазы фармальных змен назвы: *poludьne > polъdьne > *poldьne з далейшай рэдукцыяй у асобных славянскіх мовах (Маньчак, JP, 76, 286, з літ-рай). Найменне напрамку свету па часе сутак назіраецца ў балтаў, румынаў, угра-фінаў, ёсць у цюркскіх мовах, параўн. ням. Mittag ’поўдзень (сярэдзіна дня, напрамак свету)’, ’абед’, літ. piẽtūs ’поўдзень (напрамак свету, сярэдзіна дня)’, лац. vesper ’вечар’, ’захад’ (Ніканаў, Этимология–1984, 163). У славян, побач з гэтай сістэмай, існавала іншая, арыентаваная на назвы вятроў і ўзыход–захад сонца (параўн. рус. востокзапад, северюг), якая ўзнікла на славянскім поўдні і трапіла да ўсходніх славян разам са стараславянскай мовай (Німчук, Давньорус., 47–50).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ло́жа 1, ‑ы, ж.

1. Месца ў глядзельнай зале, аддзеленае перагародкаю для невялікай колькасці асоб. У ложы паблісквалі маноклі і ордэнскія крыжы генералаў. Мехаў. Увечары .. [Эльга], нібы цень, прашмыгнула ў артыстычную ложу, забілася ў кут, каб не ўбачылі яе з залы. Мікуліч.

2. Уст. Аддзяленне масонскай арганізацыі.

[Фр. loge.]

ло́жа 2, ‑ы, ж.

Драўляная частка ружжа ці аўтамата, да якой прымацаваны ствол. Падняў я стрэльбу. Снег абцёр з рулі і ложы. Сачанка. Гэта быў невялікі, лёгкі і вельмі зручны аўтамат; ложа яго была аздоблена перламутрам, механізм ніколі не даваў асечкі. Шчарбатаў.

ло́жа 3, ‑а, н.

1. Паглыбленне ў грунце, па якім цячэ водны паток; рэчышча. Вось як цяпер, перада мною Устае куточак той прыгожа, Крынічкі вузенькае ложа. Колас.

2. Уст., паэт. Пасцель.

•••

Пракрустава ложа (кніжн.) — мерка, пад якую сілком падганяюць, прыстасоўваюць што‑н. (Ад імя міфічнага грэчаскага разбойніка Пракруста, які клаў захопленыя ім ахвяры на сваё ложа і абсякаў ногі тым, хто быў даўжэй ложа, а тым, хто карацей, выцягваў іх.)

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́мант, ‑у, М ‑нце, м.

1. Вельмі кароткі прамежак часу; імгненне, міг. На нейкі момант у пакоі запанавала цішыня. Шыловіч. Адзін момант — і першая лінія службы дзесяткамі зоркіх вачэй і чуткіх вушэй заблакіравала граніцу. Брыль. // чаго. Адрэзак часу, калі пачынаецца нейкае дзеянне, з’ява. Момант спаткання. Момант зацішша.

2. Пэўны прамежак часу, этап у гісторыі, развіцці чаго‑н., у жыцці каго‑н. Паэт [Колас] не прапусціў ніводнага больш-менш значнага моманту з жыцця і працы селяніна. Навуменка. Бывае, што нечакана светлы момант узнагароджвае чалавека за многія гады пакут. Кулакоўскі.

3. Частка, элемент, асобны бок якой‑н. з’явы. На мастацкіх палатках адлюстраваны моманты з працоўнай дзейнасці і адпачынку працоўных. «Беларусь».

4. Спец. Матэматычнае паняцце, якое адыгрывае значную ролю ў механіцы і тэорыі імавернасцей. Момант інерцыі. Момант сілы.

•••

Бягучы момант — сучасны, цяперашні момант.

Магнітны момант — асноўная велічныя, якая характарызуе магнітныя ўласцівасці рэчыва.

На момант — на імгненне; вельмі коратка.

У адзін момант — тое, што і у адзін міг (гл. міг).

[Лац. momentum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намёк, ‑у, м.

1. Слова, выраз, у якіх адкрыта не выказваецца думка таго, хто гаворыць, але яе можна зразумець. Празрысты намёк. Далікатны намёк. □ [Пісьмо] было напісана ў жартлівым тоне, з няяснымі сказамі і намёкамі. Ужыты былі такія словы, сэнс якіх быў вядомы Садовічу і блізкім сябрам. Колас. — Не задавайце мне недарэчных пытанняў, якіх я не разумею. Гаварыце, што вам трэба, толькі без загадак і намёкаў, — суха адказала Вера. Машара. // Аб дзеяннях, учынках, якія намякаюць на што‑н. Дастаткова было .. выразу твару, вачэй і яшчэ якога-небудзь намёку на тое, што паэт [М. Багдановіч] паказаны ў час творчай працы. Ліс. // Ускоснае ўказанне на што‑н. У кенігсбергскіх актах няма нават і намёку на тое, што паездка Скарыны ў Прусію была звязана з выдавецкай справай. Алексютовіч.

2. перан. Слабае падабенства чаго‑н. Пракоп прыглядаецца, пазнае. .. Лісіная шапка, кароткая на аўчынах бравэрка, суконныя нагавіцы з некаторым намёкам на галіфэ. Гэта Ігнат Чыкілевіч. Колас. // Слабая прымета чаго‑н. Нідзе не было аніякага, хоць бы маленечкага намёку на дождж. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пэ́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Дакладна вызначаны, прызначаны. Ліда атрымала некалькі мін, заведзеных на пэўны, вядома, позні час ночы. Кавалёў. [Тарыел і Тапурыя] ўгаварыліся сустрэцца на пэўным месцы, на паўднёвай ўскраіне лесу. Самуйлёнак.

2. Выразны, акрэслены, які склаўся канчаткова. Без пэўнай думкі расчыніў.. [Раман] у клуню вароты, зайшоў туды, агледзеў сцены, зірнуў на кучы саломы і выйшаў на двор. Колас. Назаўтра, пасля абходу, калі ўрач, таксама не сказаўшы нічога пэўнага, пайшоў з палаты, Лёдзя ўстала і падышла да жанчыны. Карпаў.

3. Некаторы, той ці іншы. У працы выяўлены пэўныя недахопы. □ Кожны будаўнік — у пэўнай ступені паэт і летуценнік, з вялікаю вераю ў свае сілы і магчымасці. Грахоўскі.

4. Перакананы ў чым‑н.; упэўнены. Аўгеня пайшла дадому, пэўная ў тым, што сёння свята. Колас.

5. Такі, якому можна даверыцца; надзейны. [Алалоўнік] быў чалавекам пэўным у палітычным сэнсе... Бядуля. [Жэня:] — [Серада] абяцае завесці нас у найбольш пэўную схованку. Брыль.

6. Упэўнены, цвёрды. Спрактыкаваныя, пэўныя рукі паклалі пад рэйку адну з «мышаловак». Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сло́та, ‑ы, ДМ слоце і слата́, ‑ы, ДМ слаце, ж.

1. Сырое надвор’е з дажджом і мокрым снегам. Прыйшла восень з дажджамі, слотай, а перамогі ўсё не было. Пальчэўскі. Здавалася, што кожны тэлеграфны слуп пры шляху гудзе бесперапынна: і нудна, клічучы вятры і непагадзь, асеннюю слату і холад. Чарнышэвіч. У зімнюю завіруху і ў асеннюю слоту стаяў ён [дзядзька Яўтух], узіраючыся ў густую цемру, у сіняваты змрок, у туманнае ранне. Бялевіч. Ды і самі вуліцы, асабліва ў веснавое разводдзе ці асеннюю слату, .. танулі ў балоце. Мележ. // Вільгаць, макрэча. Асенні снег доўга не трывае — прыбаўляе слаты. Навуменка. І, разагрэты шпаркаю хадою па слоце каламутных каляін, шапчу... рыфмую з шолахам ялін смак цыгарэт і водар сырадою... Федзюковіч. / у паэт. ужыв. Пражыў на свеце многа: Вёз нечага сто год. За век пабачыў гора, Нямала вынес слот. Жылка.

2. м. і ж.; перан. Пра чалавека, які надакучае, прыстае. [Бабуля:] — Адчапіся, слата, у горле перасохла. Прадзі вось лепш, а то будзе бацька без кашулі. Брыль.

•••

Вязацца слатою (слотаю) гл. вязацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смяро́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Вынікам якога з’яўляецца смерць, які прыводзіць да смерці. Смяротная доза яду. Смяротная хвароба. // Які служыць прыкметай памірання, звязаны са смерцю. Таптаў [Казімір] люта, злосна, наколькі хапала сілы, а потым, схапіўшыся за сэрца, у смяротнай бледнасці апусціўся на падлогу. Пестрак.

2. Тое, што і смертны (у 2 знач.). — Бедны я чалавек. Хто пазбавіць мяне майго смяротнага цела? — спытаў .. [прэсвітэр] так шчыра, што Каця паверыла яму. Гаўрылкін.

3. Тое, што і смертны (у 3 знач.). Смяротная небяспека. Смяротны прыгавор. □ Не знала яна [любая], што з-пад Любеч Ужо не напішаш ты ёй. Што ты са смяротнаю ранай Ідзеш у бяссмерце, баец. Прыходзька. Паэт [М. Танк] заклікаў народ да смяротнага змагання з ворагам, вудзіў у народзе палымяную нянавісць да фашысцкіх захопнікаў. Клімковіч.

4. перан. Крайні ў сваім праяўленні; вельмі моцны, люты, бязлітасны. Смяротны жах. Смяротны вораг. □ Смяротная стома скавала цела... Мележ. [Базыль:] — Няхай жыве наш дух здаровы, Далоў, смяротная нуда! А. Александровіч.

•••

Смяротная гадзіна гл. гадзіна.

Смяротны грэх — тое, што і смяртэльны грэх (гл. грэх).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)