свіста́ць, свішчу, свішчаш, свішча; заг. свішчы; незак.

1. Утвараць свіст (у 1 знач.). Клён стаіць яшчэ, той самы клён, на які мы лазілі ў свой час, каб давесці, хто мацней свішча ў пальцы. Брыль. Праз хвіліну за лазняй пачуўся свіст. Федзя ўмеў свістаць на розныя лады. Нядзведскі. // каго і без дап. Свістам клікаць, падзываць, гукаць каго‑н. Слаўны выдаўся дзянёк: Свежая пароша. Я свішчу: — Цю-цю, Жучок, Пойдзем, мой харошы. Бялевіч. // што і без дап. Высвістваць мелодыю, матыў; пераймаць голас птушак. Алесь хадзіў каля крынічкі, Што з лесу тут жа выцякала І дужкай хату агібала, Хадзіў, свістаў пад голас птушак, Збіраў ён ягадкі ў гарнушак. Колас. // Сапці, храпці са свістам. Злева ад мяне, у сёмым радзе, чацвёрка слухачоў сапраўдны квартэт наладзіла: адзін свішча праз нос, другі са смакам падхр[о]пвае, а двое сапуць. Кавалёў. // безас. Пра хрыплыя, свісцячыя гукі (пры дыханні, кашлі і пад.). Крэст завярнуў за рог, і вакол Алеся зноў завіравала. Ён раскідваў тых, што чапляліся за яго, як мог, атрымліваючы за кожны ўдар — чатыры. У грудзях свістала. Караткевіч.

2. Утвараць свіст (у 2 знач.). На дварэ вясна. Свішчуць шпакі ў садзе, над палямі не сціхаюць жаўранкі, ля калгаснага двара бегаюць, падбрыкваючы, жарабяты. Лупсякоў. Свішчуць, цёхкаюць салаўі так, што гаі і дубровы звіняць. Бялевіч.

3. Утвараць свіст (у 3 знач.). Паравоз свішча. □ З адкрытага ніпеля свістала паветра. Гамолка. // Гусці, выць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Гуляла завіруха. Была. Свістала. Шамякін. Гудзе, свішча, вые лютая паўночная пурга. Бяганская.

4. Біць, ліцца з сілаю (пра вадкасць). — Пазаўчора ўранку прыбягае на кватэру цётка Магдалена, наша прыбіральшчыца. «Аркадзька, а даражэнькі, дзеці скруцілі кран. Вада свішча, ратуй». Пальчэўскі. А хлопчык ужо ляжыць на зямлі. Кроў свішча з невялікай дзюрачкі. Прокша.

5. Утвараць свіст (у 4 знач.). І гудуць касілкі, Свішчуць тонка косы, І наўсцяж кладуцца Роўныя пракосы. Астрэйка. Кінулася.. [жонка] да стала і пачала свістаць дубцом над галовамі. Броўка. Стары цыган з чорнаю барадою спрытна свістаў пугаю, і конік круціўся вакол яго, як уюн. Якімовіч. / у безас. ужыв. Навокал выла, свістала, грымела. Васілеўская. Унізе было ціха, .. а ў верхавінах стромкага сасняку часам пачынала шумець і свістаць, нібы зімою ў завіруху. Кулакоўскі.

6. перан. Гультайнічаць, не працаваць. — Як будзеш свістаць, то трасцу і мець будзеш, — панура адзываецца Пракоп: — машына сама рабіць не будзе. Колас.

•••

Вецер (свішча) у галаве — тое, што і вецер (гуляе) у галаве (гл. вецер).

Свістаць усіх наверх — каманда на флоце для выкліку экіпажа карабля на палубу для работы ці бою.

Чортам свістаць — вельмі злавацца, варожа ставячыся да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спыні́цца, спынюся, спынішся, спыніцца; зак.

1. Перастаць рухацца. [Паляўнічыя] спыніліся на ўзлеску адпачыць. Ляўданскі. Харытон спыніўся, кашлянуў так, што па ўсёй аколіцы пайшоў грукат. Бажко. Ганна прабралася ў куток і тут спынілася, спакваля разглядаючы ўсіх. Лупсякоў. // Перастаць дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, заводы, а таксама сэрца і пад.). Матор спыніўся. Дыханне спынілася. □ Спыніцца ў хаце гадзіннік, і адразу ўсе адчуюць, што нечага не хапае. Корбан. Біцца спынілася мужнае сэрца Таварыша Жданава, бальшавіка. Танк. // Перастаць ісці, цячы (пра дождж, ваду і пад.). [Вейс:] — Прыкрыў я сваёй куртачкай механіка, шапку на [галаву] насунуў яму шчыльней, каб кроў спынілася... Шынклер.

2. Часова размясціцца, пасяліцца дзе‑н., прыехаўшы куды‑н. [Кастусь:] — А не падкажаце, у каго б мне спыніцца на некалькі дзён? Я — рыбак... Ваданосаў. Спыніліся ў сям’і партызанскага сувязнога дзеда Тамаша, куды паслаў іх [партызан] Тарас Яцэвіч. Якімовіч.

3. Перапыніцца, прыпыніцца, перарвацца (пра развіццё, ход і пад.). Гутарка спынілася. □ Друкарская і выдавецкая дзейнасць Францішка Скарыны ў Вільні па нейкіх прычынах спынілася пасля 1525 года. С. Александровіч. Пакуль цячэ ў лясах маіх жывіца, Пакуль у іх азону пах чуцён, Табе, жыццё, ніколі не спыніцца. Камейша.

4. Зрабіць перапынак або спыніць (якія‑н. свае дзеянні); стрымацца. Страчыў я адказы дзесяткі разоў і спыніўся... Няўжо гэта важна — калі я і дзе нарадзіўся? Кірэенка. Коста спыніўся, не скончыўшы фразы. Шыцік. // на чым. Перапыніць сваю працу, занятак і пад. на якім‑н. этапе. [Міхайлаў:] — Я атрымаю дыплом тэхнолага, але на гэтым не спынюся. «Маладосць». Ёсць у дзяцінстве міг гульні, Калі самому не спыніцца І цяжка некаму спыніць! Чэрня.

5. на кім-чым. Затрымацца па кім‑, чым‑н. (пра погляд, увагу, думкі і пад.). Позірк лесніка спыніўся на Бобіку, які нешта вынюхваў у галлі. Аношкін. Усё тое, на чым магло спыніцца вока, знікла. Чарнышэвіч. У наступным пакоі позірк Кет спыніўся на адзінай карціне сына. Гарбук. // Расказваючы, апісваючы, затрымаць сваю ўвагу на кім‑, чым‑н. Паколькі большасць з апублікаваных у свой час твораў М. Косіч невядома сучаснаму чытачу, мы крыху спынімся на іх характарыстыкі. Казека. — Таварышы! Успомніце свой баявы шлях! — генерал коратка спыніўся на гісторыі зараджэння і развіцця ўсенароднага партызанскага руху. Шамякін. І вось вячэра зачалася! Спыніцца мушу я на квасе: Ён колер меў чырванаваты. Колас.

6. на кім‑, чым. Прыйсці да якога‑н. рашэння, заключэння; спыніць свой выбар на кім‑, чым‑н. Спыніцца на апошнім варыянце. □ — Дык як, Ніна, выбрала ты нарэшце «свайго героя» ці ўсё яшчэ не ведаеш, на кім з нас спыніцца? — ідучы па алеі, быццам жартам пытаўся Андрэй. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страх, ‑у, м.

1. Пачуццё і стан вельмі моцнага спалоху; боязь. Калаціцца ад страху. Умлець ад страху. □ Грыша раптам прыгадаў бацькоў і здрыгануўся: яго апанаваў страх. Пальчэўскі. Карн ніколі не ведаў пачуцця страху, ніколі не думаў аб смерці. Шамякін. А дужасцю славіцца той, Хто можа любою парой — Хоць радасць, хоць гора ці страх — Трымаць сябе моцна ў руках! Непачаловіч. Алень, адчуўшы на сабе драпежніка, ад болю і страху памчаў, як шалёны. В. Вольскі. // Выражэнне, праяўленне трывогі, неспакою, боязі. І з кожным пытаннем голас у Васіля змяняўся: то ў ім гучэў малады задор, то чуўся страх утраты любай дзяўчыны. Колас. У .. вачах [жанчыны] быў страх. Мележ. // звычайна мн. (стра́хі, ‑аў). Разм. Тое, што страшыць, выклікае трывогу. Юстын плакаў. Ніколі ён яшчэ не бачыў столькі страху. Няхай. Аб .. [Радзівіле] старац шмат страху казаў, Ажно з жалю сціскаліся грудзі, Як ён вёскі паліў, мужыкоў забіваў, Як бязвінную кроў лілі людзі. Чарот. / у вобразным ужыв. [Бабка Ягася:] — Ціха, дзіцятка, спі, Лізанька, я страхі прэч прагнала, яны больш не вернуцца. Арабей. У страха вочы лупатыя і лыжка здаецца лапатаю. Грахоўскі.

2. у знач. вык. Разм. Страшна, жах. [Маці:] — Юрку Пакамісяваму хоць бы што, а Шуру ноччу так разварыла — проста страх. Ставер.

3. у знач. прысл. Разм. Вельмі, надзвычайна. А колькі зелені там летам! Як у вяночку, стаіць хата. Грыбоў і ягад — страх багата!.. Там выгад болей, чалавеча!.. Колас. [Дзед Нічыпар:] — Наадварот, гэта я вам дзякаваць павінен: страх не люблю адзін па дарогах ездзіць. Васілёнак. // (у спалучэнні са словам «колькі»: страх колькі). Вельмі многа, вельмі моцна. Цераз верх плота па снягу лазілі зайцы. Шмат — страх колькі — папсавалі прышчэпаў. Баранавых.

•••

Набрацца страху — нейкі час быць у стане моцнага спалоху.

Нагнаць страху на каго гл. нагнаць (у 6 знач.).

На свой страх — тое, што і на сваю рызыку (гл. рызыка).

Не вялік (і) страх — не мае значэння, няважна.

Не за страх — свядома, па сваёй волі; вельмі старанна, добрасумленна (рабіць што‑н.). Мы не за страх — за сваё рабілі. Куляшоў.

Пад страхам чаго — пад пагрозай.

Страх бярэ (браў, узяў) — а) становіцца (станавілася, стала) страшна. Не было начной рашучасці, і млявасць была ў нагах, у руках. Аж брыдка, браў страх... Мележ; б) становіцца (станавілася, стала) неспакойна, дзіўна. [Фрэйда:] — Вучыцца ён добра, і ў яго такі сталы розум, што мяне аж страх бярэ. Бядуля.

Трымаць у страху (пад страхам) каго — поўнасцю падначаліць сабе, падпарадкаваць пагрозамі каго‑н.

Увагнаць у страх каго — тое, што і нагнаць страху (гл. нагнаць у 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

обраща́ться несов.

1. (поворачиваться) паваро́чвацца;

2. перен. (устремляться, направляться) накіро́ўвацца, кі́дацца;

3. (превращаться) пераваро́чвацца (у каго); ператвара́цца (у што); абарача́цца (у каго, у што, кім, чым); станаві́цца (кім-небудзь, чым-небудзь);

4. (в результате убеждения склоняться к чему-л.) пераваро́чвацца (у што); схіля́цца (да чаго);

5. (прибегать к чему-л.) зваро́чвацца (да чаго);

обраща́ться к первоисто́чникам зваро́чвацца да першакрыні́ц;

6. (адресоваться к кому-л.) звярта́цца (да каго);

обраща́ться с про́сьбой звярта́цца з про́сьбай;

обраща́ться с ре́чью звярта́цца з прамо́вай;

обраща́ться к врачу́ звярта́цца да ўрача́;

7. (вращаться) абарача́цца; (двигаться) ру́хацца;

кровь обраща́ется по кровено́сной систе́ме кроў абарача́ецца (ру́хаецца) па крывяно́снай сістэ́ме;

8. (совершать оборот) эк. абаро́чвацца; (находиться в обращении) быць у абарачэ́нні;

при ро́сте промы́шленности капита́лы обраща́ются о́чень бы́стро пры ро́сце прамысло́васці капіта́лы абарача́юцца ве́льмі ху́тка;

9. (обходиться) абыхо́дзіцца (з кім); (относиться) адно́сіцца (да каго), ста́віцца (да каго);

10. (пользоваться чем-л.) абыхо́дзіцца (з чым), карыста́цца (чым);

отли́чно обраща́ться с прибо́рами даскана́ла (выда́тна) абыхо́дзіцца з прыбо́рамі;

11. страд. паваро́чвацца; звярта́цца, накіро́ўвацца; пераваро́чвацца (у каго, што); ператвара́цца (у што); абарача́цца (у каго, у што, кім, чым); пераваро́чвацца (у што); схіля́цца (да чаго); см. обраща́ть.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пусти́ть сов.

1. в разн. знач. пусці́ць, мног. папуска́ць;

пусти́ть пти́цу на во́лю пусці́ць пту́шку на во́лю;

пусти́ть в о́тпуск разг. пусці́ць у во́дпуск;

пусти́ть пассажи́ров в ваго́н пусці́ць (папуска́ць) пасажы́раў у ваго́н;

пусти́ть но́вый заво́д пусці́ць но́вы заво́д;

пусти́ть коне́й ша́гом пусці́ць ко́ней ступо́ю;

пусти́ть слух пусці́ць чу́тку;

пусти́ть в обраще́ние (в ход) что́-л. пусці́ць у абыхо́дак (у ход) што-не́будзь;

2. (бросить) пусці́ць, кі́нуць; (швырнуть) шпурну́ць;

пусти́ть по́езд под отко́с пусці́ць цягні́к пад адхо́н;

пусти́ть ка́мень пусці́ць ка́мень;

пусти́ть ко́рни пусці́ць карані́;

пусти́ть кровь мед. пусці́ць кроў;

пусти́ть по́ миру уст. пусці́ць з то́рбамі, да то́рбы даве́сці;

пусти́ть пыль в глаза́ пусці́ць пыл у во́чы;

пусти́ть слезу́ пусці́ць слязу́;

пусти́ть козла́ в огоро́д пусці́ць казла́ ў агаро́д;

пусти́ть кра́сного петуха́ пусці́ць чырво́нага пе́ўня;

пусти́ть (себе́) пу́лю в лоб пусці́ць (сабе́) ку́лю ў лоб;

пусти́ть в де́ло пусці́ць у спра́ву;

пусти́ть в расхо́д пусці́ць у расхо́д;

пусти́ть в ход пусці́ць у ход;

пусти́ть на дно пусці́ць на дно;

пусти́ть на ве́тер пусці́ць на ве́цер;

пусти́ть на произво́л судьбы́ пусці́ць (пакі́нуць) на во́лю (вы́рак) лёсу;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ісці́, іду́, ідзе́ш, ідзе́; ідзём, ідзяце́, іду́ць; ішо́ў, ішла́, ішло́; ідзі́; незак.

1. Перамяшчацца, робячы крокі.

І. да суседа.

2. Ехаць, плысці, ляцець (часцей пра сродкі перамяшчэння).

Поезд ідзе хутка.

Рыба ідзе касяком.

3. у што, на што або з інф. Адпраўляцца, накіроўвацца куды-н.

І. на вячоркі.

І. ў паход.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Перамяшчацца, будучы адасланым куды-н. з якой-н. мэтай, дастаўляцца, прыбываць адкуль-н. куды-н.

Пісьмы ішлі з фронту.

Ідзе драўніна з Сібіры.

5. перан. Рухацца, развівацца ў якім-н. напрамку (для дасягнення якой-н. мэты).

І. заўсёды наперад.

6. на каго-што, супраць каго-чаго. Дзейнічаць якім-н. чынам, быць гатовым да якіх-н. дзеянняў.

І. супраць волі бацькоў.

І. на ўступкі.

7. Уступаць куды-н., прыступаць да якой-н. дзейнасці, станавіцца кім-н.

І. ў армію.

І. ў аспірантуру.

8. за кім-чым. Далучацца да чыіх-н. думак, поглядаў.

І. за сваім настаўнікам.

9. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Набліжацца, з’яўляцца, надыходзіць.

Нашы ідуць!

Вясна ідзе (перан.).

10. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пра механізмы: дзейнічаць, працаваць.

Гадзіннік ідзе.

11. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пра ападкі: ка́паць, цячы, ляцець.

Дождж ідзе.

12. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Мінаць, працякаць, праходзіць у часе, адбывацца.

Жыццё ідзе хутка.

Экзамены ідуць.

Справа ідзе да развязкі.

13. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Праходзіць дзе-н., пралягаць, мець пэўны напрамак.

Дарога ідзе полем.

14. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), з чаго і без дап. Выдзяляцца, выходзіць адкуль-н.

З комінаў ідзе дым.

Ідзе кроў з раны.

15. чым, з чаго. Рабіць ход у гульні.

І. канём.

І. з туза.

16. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), у што, на што, пад што. Прызначацца, выкарыстоўвацца, ужывацца для чаго-н.

На касцюм ідзе тры метры тканіны.

Дом ідзе пад знос.

17. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Рэалізуецца, прадаецца (разм.).

Тавар ідзе па зніжаных цэнах.

18. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рэгулярна налічацца, адпускацца (пра якія-н. сродкі).

Ідзе пенсія.

За звышурочную працу ідзе надбаўка.

19. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), каму-чаму. Падыходзіць, адпавядаць; быць да твару.

Сукенка ідзе да твару.

20. (1 і 2 ас. не ўжыв.), у што. Надзявацца без цяжкасцей, свабодна ўваходзіць, улазіць.

Чаравік не ідзе на нагу.

Цвік лёгка ідзе ў сцяну.

21. (1 і 2 ас. не ўжыв.), у што. Развівацца, расці пэўным чынам (пра расліны).

Бульба ідзе ў націну.

І. ў рост (хутка расці).

22. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выконвацца, паказвацца, ставіцца (пра п’есу, спектакль, фільм і пад.).

Ідзе новы фільм.

23. за каго. Уступаць у шлюб, выходзіць замуж.

Дзяўчына ідзе замуж.

24. 3 прыназоўнікамі «на», «у» і наступнымі назоўнікамі азначае наступленне працэсу, дзеяння, якое выражана назоўнікам.

І. на пасадку.

І. на спад.

25. (1 і 2 ас. не ўжыв.), аб кім-чым, пра каго-што. Весціся (пра гаворку, гутарку і пад.).

Ішла гутарка пра выхаванне моладзі.

Ісці ўгару (разм.) — паспяхова развівацца; атрымліваць павышэнне па службе, аўтарытэт і пад.

Ісці на карысць — быць карысным.

Не ідзе ў галаву каму (разм.) — не засвойваецца, не запамінаецца.

Ісці на папраўку — выздараўліваць пасля хваробы.

З торбай ісці (разм.) — пачаць жабраваць.

Ісці на свой хлеб (разм.) — пачаць зарабляць сабе на жыццё.

Ісці на той свет (разм.) — паміраць.

Ісці супраць цячэння (неадабр.) — дзейнічаць наперакор усяму.

Ісці ў прочкі (разм.) — сыходзіць з дому, не ўжыўшыся з мужам (жонкай).

Ісці на дно (разм.) — цярпець няўдачу; маральна апускацца, занепадаць.

Ісці на лад (разм.) — разгортвацца паспяхова.

Ісці прамой дарогай — жыць сумленна.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гавары́ць несов.

1. говори́ть;

дзіця́ пачало́ г. ра́на — ребёнок на́чал говори́ть ра́но;

г. па-францу́зску — говори́ть по-францу́зски;

г. з акцэ́нтам — говори́ть с акце́нтом;

2. (беседовать с кем-л.) разгова́ривать, толкова́ть;

3. произноси́ть; провозглаша́ть;

выра́зна гавары́ць сло́вы — чётко произноси́ть слова́;

г. тост — произноси́ть (провозглаша́ть) тост;

4. (поддерживать общение) разгова́ривать;

яны́ не гаво́раць ужо́ не́калькі дзён — они́ не разгова́ривают уже́ не́сколько дней;

5. перен. говори́ть, свиде́тельствовать; выража́ть (что);

яго́ ўчы́нкі гаво́раць пра друго́е — его́ посту́пки говоря́т (свиде́тельствуют) о друго́м;

6. (передавать слухи) говори́ть, погова́ривать;

што і г. — что и говори́ть;

што ні ~ры́ — что ни говори́;

г. на кары́сць — (каго, чаго) говори́ть в по́льзу (кого, чего);

няма́ чаго́ і г. — не́чего (не сто́ит) и говори́ть;

кроў гаво́рыць — кровь говори́т;

г. пра высо́кія матэ́рыі — говори́ть о высо́ких мате́риях;

да трох не ~ры́ — шу́тки пло́хи;

г. на ро́зных мо́вах — говори́ть на ра́зных языка́х;

гэ́та гаво́рыць само́ за сябе́э́то говори́т само́ за себя́;

г. язы́к не балі́цьпосл. говори́ть язы́к не боли́т; язы́к без косте́й;

гаво́рыць — гаро́дзіць, а на пра́ўду выхо́дзіцьпогов. как бу́дто чушь, а на пове́рку выхо́дит — пра́вда

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

спыні́ць, спыю, спыніш, спыніць; зак.

1. каго-што. Затрымаць на месцы каго‑, што‑н., не даць рухацца каму‑, чаму‑н. — Глядзі ж, сынок! — спыніў .. [Міхася] бацька. — Слухай настаўніка. Колас. Міколку з дзедам спынілі некалькі чалавек. Лынькоў. Кандрат Назарэўскі саскочыў з воза і спыніў каня. Чорны. // Перапыніць працу чаго‑н. (механізма, завода і пад.). Механік лыпнуў вачыма, спыніў барабан і чамусьці палез на яго. Карпаў. [Рыгор Паўлоўскі] заклікаў рабочых кінуць работу, спыніць завод, пакуль гаспадар не выканае іх патрабаванняў. Кудраўцаў. // Перастаць працаваць. Памочнік спыніў работу, кіўнуў настаўніку галавою і чакаў далейшага выяснення справы. Колас. // Перапыніць свой рух. Ні самалёты, ні танкі .. — нават на момант не спынілі свайго імклівага маршу на захад. Брыль. Вінцэсь спыніў крокі, апусціўся на падлогу і зазірнуў Сяргею ў вочы. Мікуліч. // Затрымаць, адбіўшы атаку. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў на гэтым напрамку. «Звязда». // Не даць магчымасці сысці крывёю. [Цярэшка] зняў папружку і, каб спыніць кроў, перавязаў Нініну нагу вышэй раны. Шчарбатаў.

2. што. Стрымаць развіццё, пашырэнне, рух (думак, поглядаў і пад.). Але нішто не можа спыніць распаўсюджвання ідэй марксізма-ленінізма ў масах, нішто не можа аслабіць пераўтвараючую сілу рэвалюцыйнай тэорыі. «Звязда».

3. што. Перапыніць, прыпыніць, перарваць (пра гаворку, смех і пад.). Але як толькі [гаспадар] пачуў, у чым справа, то спыніў размову. Маўр. [Маці] плакала і не магла спыніць слёз радасці. Якімовіч. / у перан. ужыв. І заспяваў так салавейка, што аж спынілі гоман дрэвы. Дубоўка. // Пакласці канец чаму‑н. (дзейнасці, размове і пад.) сваім умяшаннем. Ніхто тае трагедыі не спыніць І не падставіць, не падложыць рук. Чэрня. Разгляд справы быў адложан да таго часу, калі будзе злоўлен Сомік. А калі Сомікаў канец стаў вядомы, справу пра замах на Рыгора зусім спынілі. Крапіва. Тут умяшаўся настаўнік і спыніў спрэчку .. [Грышы і Лёні]. Васілевіч. // Перапыніць, затрымаць натуральныя працэсы развіцця. Цвіцення [дрэў] нішто не магло спыніць. Мележ. Хіба ж можна сонца рух спыніць? Часу вечны бег спыніць ці ж можна? Звонак.

4. каго-што. Утрымаць каго‑н. ад якіх‑н. учынкаў, дзеянняў, намеру зрабіць што‑н., не раіць што‑н. рабіць. Спыніць бойку. □ Ды дзед Антон спыніў агонь: — Страляеш не па цэлі! Смагаровіч. — Што ты робіш! — закрычаў Андрэй. Але гэты вокрык не спыніў Марыны. Шахавец. Фёдараў хацеў абмінуць хлопца, але Юзік спыніў яго. Гамолка.

5. што. Затрымаць увагу на кім‑, чым‑н., накіраваць на каго‑, што‑н. (погляд, позірк). У гэты момант Андрэй паглядзеў на.. [сябровак], спыніў позірк на Насці і здзіўлена ўзмахнуў брывамі. Шамякін. З цікаўнасцю .. [Комлік] агледзеў стракатую сталовую і раптам спыніў позірк на трэльяжы ў кутку. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сябе́, ДМ сабе, Т сабой (сабою), займ. зваротны.

Указвае на адносіны дзеяння да таго, хто яго ўтварае (дзейніка), адпавядаючы па сэнсу асабовым займеннікам любой асобы і ліку. Мікола расказаў дзеду пра сябе. Якімовіч. Прытаіўся дзед у хмызняку і асцярожна ўзіраецца перад сабою. Колас. Сеем, збіраем Спелае збожжа, Сабе, краіне Багацце множым. Купала. Чырвонаармейцы пераглянуліся паміж сабою. Чорны.

•••

Авалодаць сабой гл. авалодаць.

Атэставаць сябе гл. атэставаць.

Біць сябе ў грудзі гл. біць.

Браць (узяць) на сябе што гл. браць.

Браць (узяць) сябе ў рукі гл. браць.

Бубніць сабе пад нос гл. бубніць.

Валодаць сабою гл. валодаць.

Вывезці на сабе гл. вывезці.

Вывесці з сябе каго гл. вывесці.

Выдаць сябе гл. выдаць.

Выдаць сябе з галавой гл. выдаць.

Выйсці з сябе гл. выйсці.

Грудзьмі пракласці (пралажыць) сабе дарогу гл. пракласці.

Даць аб сабе знаць гл. даць.

Даць сябе адчуць гл. даць.

Замкнуцца ў сабе гл. замкнуцца.

Зарубіць сабе на носе гл. зарубіць ​2.

Звязаць сябе вузамі Гіменея гл. звязаць.

Звярнуць на сябе ўвагу гл. звярнуць.

Здрадзіць сабе гл. здрадзіць.

Зжыць сябе гл. зжыць.

Знайсці сябе гл. знайсці.

Ірваць на сабе валасы гл. ірваць ​1.

Лавіць сябе на чым гл. лавіць.

Матаць сабе на вус гл. матаць ​1.

Мераць па сабе гл. мераць.

Набіць сабе цану гл. набіць.

Налажыць (накласці) на сябе рукі гл. налажыць ​1.

На сябе не забыць гл. забыць.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) сябе дзець (падзець) гл. ведаць.

Не па сабе каму — няёмка (пра стан збянтэжанасці, разгубленасці і пад.). Уся гэта абстаноўка для Панаса незвычайна, і ён адчувае сябе крыху не па сабе сярод тлумнага зборышча дарослых людзей. Колас.

Не помніць сябе гл. помніць.

Несці сябе (высока) гл. несці ​1.

Не чуць зямлі пад сабой гл. чуць.

Ног не чуць пад сабой гл. чуць.

Паводзіць сябе гл. паводзіць.

Паказаць сябе гл. паказаць.

Па сабе — па свайму густу.

Прабіць сабе дарогу гл. прабіць.

Прывесці ў сябе гл. прывесці.

Прыйсці ў сябе гл. прыйсці.

Псаваць сабе кроў гл. псаваць.

Сам на сябе вяроўку суча гл. сукаць.

Сам не ў сабе гл. сам.

Само сабой (зразумела) гл. сам.

Сам (сама, само, самі) па сабе гл. сам.

Сам праз сябе гл. сам.

Сам (сама, само, самі) сабе гл. сам.

Сам сабе не рад гл. сам.

Сам сабе пан (гаспадар, галава) гл. сам.

Сам (сама, само, самі) сабою гл. сам.

Строіць з сябе каго гл. строіць.

Трымаць пры сабе гл. трымаць.

Трымаць сябе гл. трымаць.

Трымаць сябе ў руках гл. трымаць.

Трымаць у сабе гл. трымаць.

Убіць (набраць) сабе ў галаву гл. убіць.

У сябе — у сваім доме, пакоі і пад., у месцы знаходжання.

Цераз сябе браць гл. браць.

Як за сябе закінуць гл. закінуць.

Які з сябе (сабою)? гл. які.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тупы́, ‑ая, ‑ое.

1. Такі, якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць і пад., недастаткова навостраны; проціл. востры. Тупы нож. Тупая сякера. □ Рыдлёўкі былі тупыя, а зямля цвёрдая, як камень. Асіпенка. // Які размешчаны насупраць завостранага канца, вострага краю. Тут жа ля воза [Васіль] уткнуў кассё ў мяккую зямлю, трымаючыся моцна рукой за тупы край касы, стаў мянташыць. Мележ. Ад невясёлых думак .. [Данік] абмакнуў у чарніла тупы канец алоўка і напісаў на парце: Д. Малец. Брыль.

2. Які не звужаецца ці мала звужаецца, закруглены на канцы. Мае бацькі як бы ў аддзяку за поспехі ў навуках купілі мне шарсцяны касцюм, шаўковую сарочку і бліскучыя туфлі з тупымі насамі. Навуменка. Мокры пясок заскрыпеў пад тупым носам баркаса. Самуйлёнак. // Шырокі, круглы (пра галаву, морду і пад. жывёл). Нерпы высоўваюць над халоднай паверхняй вады свае тупыя морды. Бяганская. Галава ў сазана маленькая, тупая, з тоўстымі мясістымі губамі і маленькім ротам. Матрунёнак.

3. перан. Разумова абмежаваны, няздольны, някемлівы (пра чалавека). Спачатку .. [Янка] стаў дарэктарам і два месяцы вучыў дзяцей на хутары ў нейкага шляхціца. Дзеці былі пераросткі і вельмі тупыя. С. Александровіч. [Андрэй:] — Што знайшла ў .. [Халусце] Алена? Дурны, тупы, як даўбешка. Чарнышэвіч. Няхай Баракаў бяздарны механік, тупы і абмежаваны чалавек, але ў яго сівыя скроні і дзеці ў інстытутах вучацца. Шамякін. // Які сведчыць пра разумовую абмежаванасць. [Пан] увесь час сыпаў тупыя жарты і танныя досціпы. Машара. // Неразвіты, слабы. Толя злуе, што ў мяне тупы слых і дубовыя пальцы. Скрыган. // Пазбаўлены разумнага зместу, значэння. Стаяў між ёю [Марынай] і Данілам Тупы закон, як плот глухі. Колас. [Якаў:] — Работа бясконцая, жыццё тупое, толькі што іншы раз вечарам да шляхецкіх дзяўчат сходзіш. Чарнышэвіч. У .. [Курце] прабудзілася нешта жывое, чалавечае. Можа ўбачыў, што, акрамя аднастайнай і тупой лагернай службы, ёсць яшчэ на зямлі сапраўднае жыццё. Ракітны.

4. перан. Які прыйшоў у стан атупення; раўнадушны, абыякавы (пра чалавека). І стаялі над трупам героя тупыя ад злосці Немцы. Страх ледзяніў іх звярыную кроў. Панчанка. // Які сведчыць пра атупенне, пазбаўлены разумнасці; бяссэнсавы. Тупы страх. Тупы смутак. □ З Андрэем Лясніцкі стараўся не бачыцца, бо чуў да яго нейкую незразумелую тупую варожасць. Зарэцкі. // Які нічога не выказвае, бяссэнсавы (пра погляд, твар і пад.). Тупы позірк. □ [Марына Паўлаўна] праводзіла .. [Карызну] тупым адзеравянелым поглядам і ціха, пахіліўшы галаву, выйшла на вуліцу. Зарэцкі.

5. Не востры, глухі; ныючы (пра боль). [Ліда] цяжка апусцілася на лаўку, і толькі цяпер, адчуўшы тупы боль у сэрцы, моцна прыціснула рукой тое месца на грудзях, дзе білася сэрца. Васілевіч. Тупы боль у плячах не даваў магчымасці прытуліцца да сцяны, і хлопец доўга сядзеў сагнуўшыся, потым лёг па жывот. Федасеенка.

6. Глухі, не рэзкі, не звонкі (пра гукі). Вецер свістаў ля акна, і чуцен быў трэск галін бярозы, што з тупым гукам біліся адна аб адну ў цемры. Пестрак. І раптам зверху даляцеў дзіўны тупы грукат, нібы нешта звалілася. Караткевіч.

•••

Тупы як абух — някемлівы, неразумны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)