Лафа́, лахва́ ’выгода’, ’шанцаванне’ (ТСБМ), астрав., паст., лях., чэрв. ’раскоша, удача’, шальч. ’хвальба’ (Сл. паўн.-зах.), ’добры’ (нясв., Жд. 2), ’карысць, лёгка набываемы прыбытак, спажыва’ (Нас., Шат.; паўд.-усх., КЭС). Укр. лафа́, лахва́, рус. лафа́, ст.-рус. алафа, олафа, ст.-польск. lafa, серб.-харв. лафа. З тур. alafa, alef (< араб. elef) ’плата султана на ўтрыманне паслоў, слуг і коней’ (Міклашыч, 159; Бернекер, 1, 683; Фасмер, 2, 467; Слаўскі, 4, 25).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баўто́нка ’баўтушка, пойла’ (Касп.), ’корм для коней’ (Інстр. III). Параўн. бо́ўтанка ’корм для цялят’ (Інстр. III). Форма баўто́нка — яўна гібрыдная. Калі ад боўтаць рэгулярна ўтвараецца боўтанка, то ад баўта́ць павінна быць баўта́нка. Баўто́нка, мабыць, узнікла метатэзай з боўтанка пад уплывам баўтаць або ж гэта гіперкарэктная форма (‑о‑ замест этымалагічнага ‑а‑) пры перанясенні націску (бо́ўтанка → (баўта́нка) → баўто́нка). Усё да баўтаць, боўтаць (гл.). Таксама гібрыдным здаецца і рус. дыял. (пск.) болтонка ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Распраста́ць ’зрабіць простым, роўным; разагнуць; выцягнуць’ (Нас.; ашм., Стан.; ТСБМ), распраста́ць, ріспря́стыць ’распутаць, зняць путы з коней, разпрэгчы каня’, рыспрыста́ць ’распасцерці, распластаць’ (Бяльк.), роспро́статы ’вызваліць ад чаго-небудзь, разлучыць, пазбавіць чаго-небудзь’ (Лексика Пол.), роспро́статыся ’вызваліцца ад чаго-небудзь’, ’разлучыцца з кім-небудзь’ (Сл. Брэс.), ’вызваліць ад путаў’ (Байк. і Некр.). Параўн. укр. роспро́стати ’выраўняць, расправіць’, рус. дыял. распроста́ть ’апустошыць’, і асабліва славен. pròst ’вызвалены, вольны’. Гл. просты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

балазе́, злучн. далуч.

Разм. Далучае сказы з дадатковымі паведамленнямі; па значэнню адпавядае словазлучэнням «тым больш што», «добра што», «добра якраз», «добра, што хоць». Электрыфікатар пайшоў да санітара, балазе жыў ён блізка — праз дзверы. Колас. Пан Зяленскі бубніць паціху пра коней, ды пра белых авечак, балазе здаецца яму, што я сплю. Лынькоў. [Жанчына:] — Уцякайце адсюль. Хавайцеся, балазе туман! Корзун.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мане́ж, ‑а, м.

1. Павее або абгароджанае месца для верхавой язды.

2. Арэна цырка.

3. Памяшканне або месца для коннага прывода малатарні, ваўначоскі і пад. Бірыла ішоў .. у манеж, дзе ўпрагаліся ў малатарню коні. Чорны. Каля гумна на манежы хадзілі наўкруга дзве пары коней, а ў сярэдзіне раўла малатарня. Лобан.

4. Невялікая пераносная загарадка для дзяцей, якія пачынаюць хадзіць.

[Фр. manège.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкурадзёр, ‑а, м.

Разм.

1. Рабочы бойні, які здзірае шкуры з забітых жывёл. Ды такіх коней я і дарэмна не ўзяў бы. Гэта былі недабойкі, ад якіх, відаць, і шкурадзёры адракліся. Якімовіч.

2. перан. Пра скнарнага гандляра, спекулянта, кулака і пад.; жывадзёр. [Галя:] — За хамуты будзе старацца спагнаць [Чапялевіч]. А каб жа працы той. Ну і шкурадзёр. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́ра¹, -ы, мн. -ы, пар, ж.

1. Два аднародныя прадметы, якія выкарыстоўваюцца разам і складаюць цэлае.

П. рукавіц.

2. Дзве штукі чаго-н. (разм.).

П. куранят.

3. Запрэжка з двух коней.

Прыехаць на пары.

4. Дзве асобы, якія знаходзяцца, дзейнічаюць разам, аб’яднаныя чым-н. агульным.

Хадзіць парамі.

Пары танцораў.

Ён табе не п. (не падыходзіць).

5. Невялікая колькасць чаго-н.; некалькі (разм.).

Папрасіць на пару слоў (пагаварыць нядоўга). На пару хвілін.

На пару (разм.) — разам, удваіх з кім-н.

|| памянш. па́рачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

перакава́ць, -кую́, -куе́ш, -куе́; -куём, -куяце́, -кую́ць; -ку́й; -кава́ны; зак.

1. каго-што. Падкаваць нанава або ўсіх, многіх.

П. каню пярэднія ногі.

П. усіх коней.

2. што. Перарабіць каваннем.

П. мячы на аралы (высок.).

3. перан., каго-што. Карэнным чынам змяніць, перавыхаваць (разм.).

П. свой характар.

|| незак. перако́ўваць, -аю, -аеш, -ае.

|| звар. перакава́цца, -кую́ся, -куе́шся, -куе́цца; -куёмся, -куяце́ся, -кую́цца; -ку́йся (да 3 знач.); незак. перако́ўвацца, -аюся, -аешся, -аецца (да 3 знач.).

Па ходзе п’есы галоўны герой перакоўваецца.

|| наз. перако́ўванне, -я, н. і перако́ўка, -і, ДМ -ўцы, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

двор¹, двара́, мн. двары́, дваро́ў, м.

1. Участак зямлі пры доме, хаце паміж гаспадарчымі будынкамі.

Выйсці з хаты на д.

2. Сялянскі дом з усімі будынкамі каля яго; асобная сялянская гаспадарка.

Вёска на сорак двароў.

3. Маёнтак (гіст.).

Панскі д.

4. Гаспадарчы цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства.

Жывёльны д.

Птушыны д.

Манетны двор — дзяржаўнае прадпрыемства, дзе адбываецца чаканка манет і вырабляюцца ордэны, медалі і інш.

Заезны двор — памяшканне пры дарозе для начлегу з месцам для коней.

На дварэ — на адкрытым паветры, не ў хаце.

Ні кала ні двара ў каго (разм.) — няма нічога.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

По́шта1 ’ўстанова для перасылкі пісем, грошай, лёгкіх грузаў’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ), по́чта ’паштальён’ (пруж., Сл. ПЗБ), ст.-бел. почта, почтовый, поштовый (1685), рус. по́чта, укр. по́шта. Запазычана з італ. posta ’пошта’ (< лац. positus, posita ’прыпынак, станцыя, дзе мяняюць коней’) ва ўсе еўрапейскія мовы. Лічыцца, што ва ўсходнеславянскія мовы трапіла праз пасрэдніцтва польскай, параўн. польск. poczta, ст.-польск. poszta (Булыка, Запазыч., 257; Фасмер, 3, 348; Брукнер, 424).

По́шта2 ’нашто’ (Нас.). Гл. пашто́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)