сіро́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сіраты, уласцівы яму (ёй). Ці мала з вачэй нашых слёз пралілося, Слёз горкіх, сірочых, слёз крыўды і мук? Ці мала магіл на палях засталося, Каб новыя рыць? На выгоду каму?.. Гілевіч. Хлеб сірочы, вядома, нялёгкі, аднак пра яго пакуль што больш думала мама. Брыль. / у перан. ужыв. Як бацька памрэ — дык і хата Сірочаю стане ў той час. Бялевіч. // перан. Бедны, убогі, мізэрны. Сеўшы ў машыну, я ўзяў з сядзення свой сірочы скрутачак, які падрыхтаваў для Эрны. Ракітны. Жытцо было тоненькае, сірочае, па пяць зернетак у каласку. Лобан.
2. Які праходзіць у адзіноце. Нялёгка ўспамінаць гісторыю сірочага маленства. Грамовіч. // Які адасоблены, знаходзіцца ў адзіноце. Дзед Астап ступіў.. да невялічкай хвойкі, якая цямнелася наперадзе ў сірочай самоце. Лынькоў.
3. Які мае адносіны да апёкі над сіротамі. Сірочы прытулак. □ [Настаўніца:] — Я расла ў сірочым доме... Вітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чуллі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны ўспрымаць знешнія, фізічныя раздражненні. Чуллівыя нервы. // Які вызначаецца хваравіта павышанай здольнасцю ўспрымаць раздражненні. Адно вядома, што хвароба вельмі небяспечная, яна падкралася да самага чуллівага аргана — да мазгоў. Васілёнак. — У гэтых дваццаці яблынь мы наўмысна затрымліваем цвіценне, яны вельмі чуллівыя да замаразкаў. Стаховіч.
2. Кранальны, сардэчны, здольны выклікаць замілаванне, добрае пачуццё. Мы добра ведаем з біяграфіі У. І. Леніна аб яго вымушанай эміграцыі за мяжу, ведаем аб той чуллівай апошняй сустрэчы Уладзіміра Ільіча з маці ў Стакгольме. «ЛіМ». Вечарамі баян з пералівамі Ціха шэпча песні чуллівыя. Бураўкін.
3. Здольны тонка адчуваць, востра рэагаваць. На душы ў паэта, чуллівай заўжды, Кожны імпульс жыцця адгукнецца. Сэрца плача, смяецца, а трэба — тады І крывёю гарачай зальецца. А. Астапенка. Ад чуллівага дзіцячага сэрца не схаваеш фальшы. Краўчанка. Людзі з цяжкім лёсам ад гора не чарсцвеюць, а робяцца чуллівымі, вельмі спагадлівымі. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Арда́ ’татарскае войска’, ’саюз плямён, дзяржава ў старажытных усходніх народаў’, ’шумны, неарганізаваны тлум’ (БРС), ’дружына жаніха, што едзе за нявестай’ (таксама ірда — Нікольскі, 55), арду тварыць суматоха, дзіцячыя гульні’ (Нас. Сб.; Янкоўскі, докт. дыс., 1, 333). Старажытнарускае (з 1307) працягваецца ў старабеларускай, дзе таксама горта ’арда’ (Булыка., Запазыч., 228). Рус., укр. орда́ ў розных значэннях. Канчатковая крыніца цюрк. ordu (ortu) ’лагер, стан войска, рэзідэнцыя хана’ ўжо ў старажытнацюркскіх мовах (Др.-тюрк.), вядома ў многіх цюркскіх мовах. Усходнеславянскае слова з цюркскай; ст.-бел. горта (1691) праз польскую з нямецкай (параўн. Брукнер, 381). Фасмер, 3, 150; БМ, 43, Курс суч., 161. Ірда, магчыма, з украінскай. Думка Бугі, 2, 507 (параўн. таксама Жучкевіч, Топон., 159), пра паходжанне бел. арда ’шум, беспарадак’ з літ. ardà ’спрэчка’ малаверагодна: аналагічныя значэнні вядомы і ў іншых славянскіх мовах. Супрун, Зб. Крымскаму, 126–127.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бабёла ’пуп, частка жывата ў абсягу пупа’ (Некр.). Паколькі ненаціскное а можа адлюстроўваць розныя гукі, то можна думаць пра сувязь з праслав. bab‑, bob‑, bǫb‑ — асновы для абазначэння розных прадметаў, у прыватнасці круглых (аб гэтай аснове гл. Попавіч, ЈФ, 19, 169–171). Аднак найбольш верагодным здаецца паходжанне ад bǫb‑ (параўн. Бернекер, 78–79), што азначае ’штосьці круглае, надутае’. Тады бел. слова да праформы bǫb‑elъ, bǫb‑elь (параўн. bǫbъlʼь, Бернекер, 78; польск. формы bąbel, bąbol, Слаўскі, 1, 29). Аснова bǫb‑ вельмі разгалінаваная (гл. Бернекер, 78–79; Фрэнкель, 33) і вядома амаль ва ўсіх і.-е. мовах. Да семантыкі параўн. пуп (слав. pǫpъ, глухі варыянт да bǫb‑, таксама ў розных значэннях). Параўн. літ. bámba ’пуп’, bam̃balas таўстун’, нарв. bembel ’пуп’ (Фрэнкель, там жа). Суфіксальная відазмена bǫbelъ > бел. бабёла як у жывёла (параўн. ст.-польск. żywioł, ст.-чэш. živel, zivěl ’animal’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Барэткі жаночыя туфлі’ (Касп.). Рус. дыял. баре́тки ’розныя віды жаночага абутку’ (смал., тул., свярдл., ярасл. і г. д.), баре́ты ’модныя чаравікі’ (данское). Паводле Шанскага, 1, Б, 43, магчыма, запазычанне з ісп. мовы (ісп. barreta ’скураная сцілка’). Няпэўна. Параўн. рус. дыял. баре́товый ’скураны’ (?): Надевал перчаточки баретовые (з песні). Зыходзячы з рус. дыял. варыянта буре́тки ’жаночы абутак’, можна лічыць, што слова таго ж паходжання, што і рус. буре́т, польск. burat, buret, boradek, boratek ’гатунак баваўнянай ці шарсцяной або шаўкова-шарсцяной матэрыі, якая мела ўзоры і зажывалася на парцьеры і для пакрыцця мэблі’ (а гэта з франц. burat, італ. buratto; Варш. сл., 1, 190, 235, 236). Тады значэнне ’скураны абутак’ другаснае, а першаснае ’абутак з матэрыі’ (гэта значэнне яшчэ вядома ў рус. гаворках). Таксама рус. перчаточки баретовые хутчэй за ўсё ’пальчаткі з матэрыі барету’ (гл. Краўчук, БЛ, 1973, 4, 69).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вяча́й ’дзірка ў верхнім камені жорнаў, куды засыпаюць збожжа’ (Інстр. III, Шатал., З нар. сл.), вечэя́ (Тарн.), вечай (Сцяшк. МГ). Рус. вечея (СРНГ, пск.; дзве іншых фіксацыі без лакалізацыі). Слова вядома на вузкай тэрыторыі (захад рускай і беларускай моўных зон). Рус. вечея < ячея яшчэ ў Даля. Беларускія формы адпаведна ячай (Сцяшк., МГ, Мат. АС), ячэя (Тарн.). В не прыназоўнік vъ, як дапускаў Бернекер, а пратэза; параўн. дублеты: ветроўка/ятроўка (КСТ), вехо/эхо (КСТ), вікона/ікона (Янк. I), ветаж < этаж (Жд., 2). Незразумела нечея (Сцяшк. МГ), відавочна, выпадковая форма н + j. Прымаючы пад увагу бічай ’круглая дзірка ў верхнім камені ручных жорнаў’ (Касп.), не выключана ўзаемадзеянне з бічайка (гл.). Да гэтага параўн. у Даля обечайка ’ячэя, ячэйка, вочка невада’; параўн. яшчэ ячэя/вечэя/очэя (Тарн.), дзе апошняя форма паказвае на збліжэнне з око ’вока’. Гл. дадаткова літаратуру пад вечай і ячай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
про́ба, ‑ы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прабаваць, пробаваць (у 1 знач.).
2. Невялікая частка чаго‑н., узятая для праверкі, вызначэння якасці. Узяць пробу. □ Захапіўшы з сабой кірку, компас, ручны бур для даследавання выхадаў нафты, скрынку для проб розных парод і, вядома, карту Гаўрынава, падарожнікі выйшлі з двара. Гамолка. Пасля кожнай варкі ў лабараторыю ідзе проба. Прадукцыю правяраюць на ўтрыманне цукру, тлушчу, сухіх рэчываў. «Беларусь».
3. Колькасць вагавых частак высакароднага металу, якая змяшчаецца ў пэўнай колькасці вагавых долей сплаву, а таксама кляймо, якое абазначае гэту колькасць, на вырабах з высакароднага металу. Вызначыць пробу плаціны. Золата 958 пробы.
4. Выпрабаванне. Проба агнём.
•••
Высокай (вышэйшай) пробы — вельмі высокай якасці, кваліфікацыі і г. д.
На пробу (узяць, даць) — для праверкі, ацэнкі і г. д.
Нізкай пробы — вельмі нізкай якасці, уласцівасці і г. д.
Проба пяра — пра першы літаратурны твор. Да гэтага часу [вучобы ў Койданаўскім вучылішчы] адносіцца і мая першая проба пяра. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыхілі́цца, ‑хілюся, ‑хілішся, ‑хіліцца; зак.
1. Нахіліцца, нагнуцца трохі ўніз, да зямлі. Нікне трава ад жаласці, а дзерава пад тугою к зямлі прыхілілася. Купала.
2. Шчыльна наблізіцца да чаго‑н., абаперціся аб што‑н. Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца. Лынькоў. Міхась прыклыпаў да дзвярэй, прыхіліўся плячом да вушака — роўна стаяць было яму цяжка. Савіцкі.
3. Прытуліцца, прыпасці да каго‑н. Але хлопчык і не варухнуўся, глянуў спадылба на Косцю, прыхіліўся бліжэй да Ірыны. Арабей. Тады Стася зусім блізка прыхілілася да .. [бацькі] і яшчэ цішэй, ледзь чутна запытала: — А як з мамкай? Зарэцкі. // перан. Знайсці спагаду, спачуванне ў каго‑н.; адчуць прыхільнасць да каго‑н. — Людзі нашы нядрэнныя. Вядома, цёмныя мы, прыхіліцца не да каго, — Алесь зразумеў, што .. [Марыніч] кажа Калачыкавы словы. Чарнышэвіч. Няма да каго прыхіліцца, няма каму пра сваё гора расказаць. Якімовіч. Ранняй часінай к табе я лячу, Позняй парою, Толькі к табе прыхіліцца хачу Сэрцам, душою. Русак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сігна́л, ‑у, м.
1. Умоўны знак (зрокавы або гукавы) для перадачы якога‑н. паведамлення, распараджэння, каманды і пад. Сігнал паветранай трывогі. Сігналы дакладнага часу. Дарожныя сігналы. □ Яфрэйтар стаяў каля акна і нецярпліва чакаў сігналу да адпраўкі эшалона. Мележ. Вечаровую цішыню прарэзалі зазыўныя гукі трубы гарніста — сігнал на новы паход... Каваль. Па сігналу ракеты байцы ўварваліся ў вёску. Краўчанка. // перан. Тое, што з’яўляецца прычынай для якога‑н. дзеяння ў адказ, служыць заклікам да чаго‑н. Забойства Бандароўны паслужыла сігналам для ўзброенага паўстання. Шкраба. Акупанты.. сталі збіраць сейбітаў. Каб загнаць іх за драты лагераў і там замарыць ці завезці ў Нямеччыну. Гэта стала сігналам на масавы выхад. Брыль.
2. перан. Папярэджанне, паведамленне аб чым‑н. непажаданым. Дзімін чакаў яго з неўсвядомленай трывогай — начальства часцей з’яўлялася на завод, калі былі якія сігналы. Карпаў. Сігнал — не жартачкі! Камісія, вядома, прыехала ў саўгас, праверку пачала. Корбан.
3. Спец. Імпульс або група імпульсаў электрамагнітнай энергіі.
[Ням. Signal ад лац. signum— знак.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упе́радзе, прысл. і прыназ.
1. прысл. На некаторай адлегласці перад кім‑, чым‑н., наперадзе; проціл. ззаду. Уперадзе .. ішла машына, пылу давала столькі, што дарогі не відно было. Кулакоўскі. Уперадзе, з-за ўзгорка, выпаўзалі чырвоныя камяніцы станцыі. Мележ. // На пярэднім месцы, непасрэдна перад кім‑, чым‑н. (сядзець, стаяць і пад.). Вядома, калі пышная Лізавета Назараўна сядзе ўперадзе, а Ніна Раманаўна і Лена ззаду, то і для маці месца хопіць. Корбан. // Сярод першых, першым у якой‑н. справе. Я напішу, што ў класе Уперадзе іду, Што я ні ў якім разе Яго [брата] не падвяду. Гілевіч.
2. прысл. У будучым. Але ўперадзе было яшчэ многа цікавага, нязведанага, бо гэта ж толькі адна мяжа, за якою разгортваюцца новыя краіны жыцця, новыя хвалі яго вечнай плыні. Колас.
3. прыназ. з Р. Перад кім‑, чым‑н. Збоку пясчаных узгоркаў, якія раскінуліся ўперадзе грэблі, грымнула некалькі дружных гарматных залпаў. Лынькоў. Уперадзе ўсіх ветрыкам лёгкім ляцела Люба. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)