Зброд ’бязладнае зборышча выпадковых людзей’ (ТСБМ), ’зборышча бадзяг’, ’свавольнік’ (Нас.). Рус. сброд ’тс’, укр. збрід ’зборышча бадзяг’. Sъbrodъ — аблаўтная форма назоўніка да дзеяслова bred‑ti (брасці, гл. брадзіць, брод). КЭСРЯ, 401. Збродзень ’свавольнік’ з суфіксам ‑ень да таго ж кораня; параўн. рус. сбродни ’бадзягі’, ст.-рус. XV ст. събродьнь ’бадзяга’ (Сразн.). Параўн. развіццё знач. у чэш. zbrodeň, zbrodně, польск. zbrodnia ’злачынства’, адкуль ст.-бел. (XVI ст.) збродня, збродзень і суч. дыял. збродня ’злачынства’ (Булыка, Запазыч., 118), Брукнер (648) тлумачыў zbrodnia як ’адход ад броду’, г. зн. ’дарогі’, што наўрад ці дакладна. Хутчэй тут пераход ад назвы сукупнасці бадзяг на ўчынак, які яны могуць зрабіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Здрой ’крыніца’ (Сл. паўн.-зах.), здруй (Бельск. пав., Яшкін) ’тс’. Ст.-бел. здрой ’тс’ з польск. zdrój ’крыніца’. Булыка, Запазыч., 120. Zdrój з устаўным d і менай o > ó (чэш., славац. zdroj < польск. у XIX ст.) з jьz‑roj‑ь (як і ц.-слав. изрой ’семязвяржэнне’, Міклашыч, Lex. palaeosl.), аддзеяслоўнага (jьz‑ri‑nǫ‑ti) назоўніка з чаргаваннем галосных ioiě (параўн. рэяць) у корані (гл. рой, рынуць). Форма зрой (Сл. паўн.-зах.) хутчэй за ўсё з другасным спрашчэннем групы зычных. Формы здрай (Сл. паўн.-зах.), здра́я (Яшкін) адлюстроўваюць нейкія народна-этымалагічныя збліжэнні (можа, з рай?). Брукнер, 650; Голуб-Копечны, 434; Махэк₂, 713; Фасмер, 3, 496.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лахма́ты, лахма́тый ’касматы, калматы’, ’зроблены са скуры з доўгай і густой поўсцю, з доўгім ворсам’, ’чалавек з доўгімі і густымі ўскудлачанымі валасамі’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш.; паст., Сл. паўн.-зах.), лахмач ’тс’ (міёр., З нар. сл., ТСБМ), лъхмаціна ’лахматая асоба’ (міёр., Нар. словатв.), мсцісл. лахмаценечкій, лахмаценькій ’лахматы’ (Нар. словатв.), лахмаціцца ’станавіцца лахматым’, лахмаціць ’рабіць лахматым’ (ТСБМ), лахмацець ’тс’ (в.-дзв., Сл. паўн.-зах.), лахма́тка ’непрычасаная жанчына’, ’калматая жывёла’ (Юрч. Вытв.). Паўн.-усх. бел. рус. ізалекса. Утворана ад лохма < лох‑ма, якое чаргаваннем галоснай кораня звязана з лах1 (гл.) (Фасмер, 2, 524). Сюды ж лыхма́ціння ’рызманы’ (Юрч. Вытв.). Параўн., аднак, ст.-грэч. λάχνος ’шэрсць, воўна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́нка1, лу́нька ’ямка, невялікае паглыбленне’ (ТСБМ; лёзн., Яшк.), ’вада пасля дажджу на дарозе, лужына’ (там жа), ’палонка’ (Гарэц., Нас., Дразд., Др.-Падб., Нік., Оч.; брасл., докш., Сл. ПЗБ; віц., Маш.; лёзн., Касп.). У выніку распадабнення лм > лн з лумка > луміна (гл.). Сюды ж і слаўг. лу́нка ’града’ (Мат. Гом.), параўн. рус. ярасл. луне́ние ’прыставанне ямак для пасадкі гароху і інш.’, урал. луна́ть ’рабіць лункі (ямкі) для пасадкі агародніны’. Крукоўскі (Уплыў, 38) мяркуе аб запазычанні бел. лексемы з рус. мовы. Няма падстаў.

Лу́нка2 ’драўляная каробка для вымярэння збожжа ≈ 1 пуда’ (гродз., Нар. сл.). Відавочна, з лукно (гл.) у выніку перастаноўкі ‑кн‑ > ‑нк‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́пар ’крывасмок, вампір’ (Касп., Сцяшк., барыс., Шн., 2, 404); параўн. у запісах Федароўскага: «Каб ты па смерці вупарам хадзіў» (слонім., навагр., Федар., 4, 417); ’ваўкаваты, пануры чалавек’ (карэліц., З нар. сл.; Жыв. сл.); ’упарты чалавек’ (Сцяц.; КЭС, лаг.; Жд., 3; Цых.); ’надзьмуты чалавек’ (Жд., 2). Семантыка і форма слова — вынік кантамінацыі слоў упы́р ’крывасмок, вампір’ (гл.) і упіра́цца ’упарціцца’; супадзенне націску з польск. upior ’крывасмок’ не дае падстаў лічыць бел. слова запазычаннем, бо само польск. слова лічыцца запазычаннем з усх.-слав. з-за пачатковага u‑; аналагічнае развіццё значэння параўн. у рус. упы́рь ’крывасмок’ і упы́рь ’упарты чалавек’ (Фасмер, 4, 165 і наст.). Гл. упор, упі́ра ’упарты чалавек’, ’неслух’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Вы́скарачэнь, вы́скороченʼ, вы́скоротенʼ, ви́скорожэнь, ви́скорошэнʼ, ви́скочэнʼ ’загнуты канец полаза — нос саней; планка, якая ідзе ад загнутага канца полаза саней да першага капыла’ (Маслен.). Бясспрэчна, звязана з рус. вы́скорь і далей выскордь ’дрэва з аголеным карэннем, якое звалена бурай’, таму што полаз часта рабілі з выгнутага кораня (параўн. ко́паны полоз ’полаз з выгнутага кораня’, Маслен., 183). Ад *vyskъriti, якое да і.-е. *(s)ker‑ ’рэзаць, аддзяляць’ (аналагічна рус. выскордь < *vyskъrdnǫti, якое да *s(ker)‑d‑; гл. Мяркулава, Этимология, 1973, 55 і наст.). Бел. формы, відавочна, з расшырэннем дзеепрыметніка на ‑to‑, г. зн. першапачатковая форма вы́скоротенʼ. Але не выключана і ўтварэнне па аналогіі з выварацень (гл.). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 370 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́шкі ’гара, насціл над хлявом, у адрыне для сена або саломы’ (БРС, Бяльк., Шат., Касп., Гарэц., Янк. II, Бес., Бір. дыс., Шушк., Інстр. II, Тарнацкі, Studia, Ліс., Сцяшк., З нар. сл.); ’узвышанае месца, якое робіцца пад столлю хаты для сушкі рэчаў’ (Нас.); ’палаткі’ (Шн., 2); ’месца, дзе садзяцца куры’ (Інстр. III). Рус. вы́шка ’вышкі’, вы́шкі ’верхні этаж у доме’, вы́шкі ’паліца (над дзвярамі) у адрыне’; ’палаткі’, укр. ви́шка, ви́шки ’вышкі’ (паўн.-укр.; гл. Бел.-укр. ізал., 22), польск. wyszka ’высокае месца ў хаце, паліца’, дыял. wyszki ’вышкі’, славац. vyška ’камора, кладоўка над хатай або пабудаваная асобна’. Ад асновы выш‑ (параўн. вышка) з дапамогай суф. ‑к‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяпру́к ’кабан’ (БРС, Мал., Шн., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ); ’кастрыраваны кабан’ (Інстр. II, ДАБМ, 885); ’парсюк, дзікі парсюк, дзік’ (Сцяшк. МГ). Да пашырэння слова вяпру́к ’пакладаны кабан’ і роднасных форм (вапе́р, япру́к і інш.) гл. ДАБМ, карта № 292. Форма вяпру́к вядома на значнай частцы беларускай тэрыторыі ў гаворках і пранікла ў літаратурную мову. Параўн. яшчэ рус. дыял. (смал.) вапер, ваперь, вепирь, вапрюк ’тс’ (СРНГ). Слова гэта праславянскае (*veprь; параўн. рус. вепрь, укр. вепр, ве́пер, польск. wieprz, чэш. vepř, ст.-слав. вепрь, балг. ве́пър, серб. ве̏пар і г. д.). Непасрэдна *veprъ адлюстроўваецца ў бел. вапе́р, вя́пер, ве́пер (гл., там і этымалагічныя версіі). Да вяпру́к; параўн. яшчэ Мартынаў, Лекс. Палесся, 8.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяргі́ня ’кветка, Dahlia Cav., Dahlia variabilis Desf.’ (БРС, Кіс., Шат., Касп.; глус., Янк. Мат.), укр. жоржина, рус. георги́н(а), польск. georgina, в.-луж. jurina, чэш. jiřina, славац. georgína, славен. georgina, серб.-харв. георги́на, макед. георгина, балг. георгина. Кветка Dahlia ў ням. мове была названа ў гонар рускага батаніка І. Г. Георгі ў 1801 г. Georgine (Клюге, 119; Фасмер, 1, 402) і ў першай палавіне XIX ст. запазычана ў рус. мову (Гараеў, 1896; Шанскі, 1, Г, 55–56). У бел. гаворкі — з польск. або з рус. мовы. Пачатковае г‑ (g‑) вымаўлялася як [й] або [г], якія замяніліся прыстаўным в‑. Глус. вяргі́ня ’табака з прыемным пахам’ (Янк. Мат.) з’яўляецца пераносам паводле падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вячэ́рніца1 ’вячэрняя зорка, планета Венера’ (Інстр. I, Касп., Мат. Гом.), Укр. вечерниця, рус. вечерница, польск. wiecze(o)rnica, памор. večérńica, в.-луж. wječornička, чэш. večerníce, славац. večernica, серб.-харв. večernica, večérnjača, славен. večęrnica, макед. вечерница, балг. вечерница ’тс’. Агульнае ўтварэнне ад večerьnъ ці ад выразу тыпу «вячэрняя зорка». Адносна семантыкі параўн. тураў.: «Вячэрня зора, бо першая з вечара сходзіць» (КСТ).

Вячэ́рніца2 ’Nyctalus noctula’ (КТС), вячэрнік ’кажан’ (Інстр. II). Ад вячэрні з дапамогай суфікса ‑іц‑а. Назва адлюстроўвае спосаб жыцця кажаноў, якія палююць пасля заходу сонца. Бел. вячэрнік (суф. ‑ік) атрымоўвае фармальную, незалежную паралель у выглядзе рус. вечерник ’вячэрні матылёк’ (Даль), балг. вечерница ’тс’ (БЕР).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)