Смалу́да ‘дзікая расліна, карэнні якой па смаку нагадваюць моркву’ (Адм.). Параўн. укр. смовдь ‘дзікая пятрушка, Peucedanum L.’, польск. smłod, smłód ‘гладыш шыракалісты, Laserpitium latifolium L.’, ‘расліна Peucedanum L.’, чэш. smldí, smldník ‘тс’, славен. smlȇd ‘расліна Peucedanum oreoselinum L.’, харв. чак. smlȇd ‘herbae genus’, smudnjak ‘расліна Peucedanum L.’. Назва няяснага паходжання. Без беларускага матэрыялу рэканструююць формы *smьldъ, *smeldъ, *smoldъ і *sml̥dъ, а таксама адносяць да асноў з чаргаваннем прасл. *smeld‑/*smьld‑/*smold‑, што працягваюць і.-е. *smel‑ ‘тлець, гарэць’ (параўн. літ. smėla ‘тлее, гарыць’) з пашырэннем ‑d‑, параўн. смала1 (гл.), смо́лда ‘смолка, Viscaria vulgaris Bernh.’ (Мат. Гом.). Куркіна (Диал. структура, 114) на падставе славен. smlẹ̑d ‘жоўты’, якое супадае з славенскай назвай расліны Peucedanum, матывуючым прызнакам лічыць жоўты колер, што падмацоўваецца народнай назвай рус. желтолен, аднак гэта няпэўна. Фурлан (Бязлай, 3, 271), улічваючы паралельную назву ўкр. мовдь ‘расліна Peucedanum oreoselinum L.’, параўноўвае з літ. meldà, méldasчарот’, лат. męldi, męldri ‘тс’ і звязвае з *moldъ (гл. малады), якое значыла не толькі ‘які мае мала гадоў’, але і ‘мяккі, дробны’, а адпаведны корань і.-е. *mold‑ меў таксама значэнне ‘мачыць, памякчаць’, што магло б сведчыць пра ўжыванне расліны Peucedanum у якасці лячэбнага сродку. Менш верагодная версія Махэка₂ (561), звязаная з пераносам назвы з асновай *smld‑, параўн. ст.-чэш. smldie ‘купена, Polygonatum multiflorum All.’, чэш. smldí ‘малінія’, старое польск. smilz ‘вострыца, Deschampsia caespitosa P.B.’, на расліну Peucedanum, паколькі стабілізацыя значэння ‘Peucedanum’ адбылася яшчэ ў праславянскую эпоху, гл. Лабко, БЛ, 18, 60. Гл. таксама Брукнер, 503; Врубель, Term. bot., 31; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 324; Бязлай, Eseji, 81–82.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

даво́лі, прысл.

1. (у спалучэнні з прым. або прысл.). У значнай ступені, у вялікай меры. Собіч палажыў на стол перад Варанецкім даволі вялікі стос паперак. Скрыган. Ісці Ніне прыйшлося даволі доўга. Шчарбатаў.

2. безас. у знач. вык. Дастаткова, колькі трэба. Сіл і майстэрства ў нашых перакладчыкаў даволі. Лойка. Не імкнуўся я ніколі За багаццем хіжа гнацца. Усяго ў мяне даволі: Цэлы свет — маё багацце. Панчанка. // Досыць, хопіць; пара спыніць. Даволі гуляць у хованкі! □ Заглянула сонца ў вочкі, Дзень прыйшоў — даволі сну! Чарот.

3. безас. з інф. У складаным сказе, звычайна са злучн. «як», «і», «каб» у другой частцы, абазначае ўмову хуткага наступлення дзеяння або непазбежнага з’яўлення выніку. Даволі прайсціся раз у дзень па чыгунцы — вярсты дзве туды ды назад — вось і поўны кішэні здабытку. Лынькоў. Даволі было.. [салдату] аднаму пабыць гэты малы час тут, на ціхім полі, у ціхую ноч, як тое пекла, што адышло кудысьці наперад, зноў паўстала перад ім з усёю сваёю сілай. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́вернуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Перавярнуць унутраным бокам наверх. Вывернуць навалачку. □ Міхась скінуў кажух, вывернуў уверх шэрсцю і накінуў на сябе. Колас.

2. Варочаючы, выняць, выцягнуць; вырыць. Вывернуць пянёк з коранем. □ І першацвет далікатны парэчкавы, І чарназём той, што вывернуў крот, — Тры гады не ўдыхаў. Барадулін. // Падаць неўласцівы паварот; вывіхнуць. Вывернуць нагу.

3. Разм. Выліць, высыпаць, перакуліўшы пасудзіну; вываліць, выкуліць. Вывернуць вядро вады. □ За якую гадзіну назбіраў поўны кошык, а грыбоў у гэтай мясцінцы яшчэ многа. Прыйшлося вывернуць кошык, паадразаць ножкі і пакінуць толькі шапачкі. С. Александровіч. // Выкуліць з саней, лодкі і пад. [Янка:] — Ну, садзімся! Марыська, наперад за фурмана. Бяры лейцы ў рукі ды моцна трымай, каб не вывернулі! Чарот.

•••

Вывернуць душу — падзяліцца з кім‑н. сваімі перажываннямі, думкамі і пад.; расказаць усё да канца, выказаць самае запаветнае. Поўны трывогі,.. [Скуратовіч] меў патрэбу вывернуць перад кім сваю душу. Чорны. Мне хацелася гаварыць і гаварыць, нават душу вывернуць, каб Марылька паверыла кожнаму майму слову. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адчыні́ць, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.

1. Адводзячы, знімаючы або адстаўляючы ўбок тое, чым перакрыты ўваход ці выхад, пройма ў якое‑н. памяшканне, у якую‑н. пасудзіну і пад., зрабіць даступнай унутраную або знешнюю прастору; адкрыць; проціл. зачыніць. Адчыніць хату. □ Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвіце, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў, Алесь і Юрка. Колас. // Зняць накрыўку; адвесці дзверы і пад. Адчыніць вароты. □ Данік не вытрымаў, узлез з каленьмі на акно, адчыніў фортачку і задрыжаў — не то ад холаду, не то ад голасу жанчыны. Брыль. // Пусціць у памяшканне, даць увайсці каму‑н. [Рыгор] падняўся на ўсходы да свае кватэры і пазваніў. Ніхто не з’яўляўся адчыніць. Гартны.

2. Тое, што і адкрыць (у 3 знач.). Падабраўшы з сваіх «хлопаў» хлапцоў і дзяўчат, [пан Вашамірскі] адчыніў у сябе студыю. Бядуля. [Андрэй:] — Часцей заязджайце, ды, калі можна, кніжак і газетак нам сюды прышліце: на гэту зіму школку думаем адчыніць. Чарот.

•••

Адчыніць дзверы — а) даць шырокую дарогу для свабоднага паступлення куды‑н., стварыць спрыяльныя ўмовы; б) зайсці, наведаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асцерага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Прымаць якія‑н. меры перасцярогі; быць асцярожным. У той дзень была галалёдзіца, тратуары зрабіліся слізкімі, і Валіку прыходзілася ўвесь час асцерагацца, каб не пакаўзнуцца. Жычка. — Ах, сынок, ці ж так можна? Асцерагайся, не лезь на ражон! — маліла маці і несла то вішань, то свежага малака, то ягад. Карпюк. // каго. Быць асцярожным у сваіх адносінах з кім‑н.; пабойвацца каго‑н. Падпольнае і партызанскае жыццё навучыла яго [Косцю] асцерагацца ворага, не падпускаць яго да сябе. Якімовіч. Князь.. славіўся адвагай і вельмі запальчывым характарам, і.. яго асцерагаліся. Самуйлёнак. А Грышка, дык той проста лічыў Казюка не сваім хлопцам і казаў усім асцерагацца яго. Чарот.

2. чаго або з інф. Устрымлівацца ад чаго‑н., пазбягаць чаго‑н. з перасцярогі. Асцерагаліся партызаны да пары да часу выдаць свой баявы сакрэт. Лынькоў. Сотнікаў адчуваў, як проста было ператварыцца з напарніка ў абузу, і найбольш асцерагаўся менавіта таго, хоць і ведаў, што калі здарыцца найгоршае — выйсце для сябе знойдзе сам, не абцяжарыць нікога. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абабра́ць, абяру, абярэш, абярэ; абяром, абераце; заг. абяры; зак., каго-што.

1. Зняць плады з дрэва, куста і пад. Абабраць яблыкі. Абабраць маліны. // Вызваліць ад пладоў. Абабраць яблыню. Абабраць сад. // Пазнімаць рукамі што‑н. з чаго‑н. Моніч, адабраў з плашча салому, што начаплялася ў брычцы. Бажко. // Сабраць што‑н., беручы жменямі, зграбаючы ў што‑н. Абабраць муку з пода. Абабраць рой у раёўню.

2. Абакрасці, абрабаваць каго‑н. ці абабраць што‑н. ашуканствам, пазабіраць што‑н. у каго‑н. [Андрэй:] — Паны вязуць нарабаванае дабро... Сялян нашых абабралі... Чарот.

3. Разм. Пасля пошукаў спыніцца на чым‑н., выбраць каго‑, што‑н. Абабраць месца для маёркі. Абабраць спосаб жыцця. □ З паклонам і павагай [жаніхі] будуць прыязджаць у яе [Эльзы] маёнтак, і яна абярэ сабе самага знатнага і прыгожага. Шчарбатаў.

4. Абрэзаць, зняць лушпінне з чаго‑н. Абабраць бульбіну. Абабраць апельсін.

•••

(Абабраць) да ніткі гл. нітка.

Абабраць як ліпку — тое, што і абадраць як ліпку (гл. абадраць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́пля, ‑і; Р мн. ‑пель; ж.

1. Невялічкая акруглая часцінка якой‑н. вадкасці; кропля. Капля расы. Каплі поту на твары. □ З халодным ветрам урываліся частыя каплі дажджу, адганялі сон, бадзёрылі. Лынькоў. Капля слёз на зрэбнай кашулі Здавалася капляй крыві. Чарот.

2. толькі мн. (ка́плі, ‑пель). Разведзенае на чым‑н. лякарства, якое прымаецца па пэўнай колькасці такіх часцінак. Сардэчныя каплі. Мятныя каплі: Выпіць капель.

3. перан.; толькі адз., чаго. Разм. Самая нязначная колькасць чаго‑н. Газы ў лямпе засталася адна капля. // у знач. прысл. ка́плю. Зусім нямнога, чуць-чуць. Удзяліць каплю ўвагі.

•••

Да (апошняй) каплі — усё без астатку (выпіць, расходаваць і пад.).

Да апошняй каплі крыві — ахвяруючы ўсім, не шкадуючы жыцця (змагацца, біцца, абараняцца і пад.).

Капля за капляй — паступова, патрошку.

Капля ў каплю — абсалютна, поўнасцю (падобен, супадае і пад.).

Капля ў моры — вельмі нязначная колькасць у параўнанні з чым‑н. вялікім.

Ні каплі — ніколькі, ані.

Ні каплі ў рот не браць гл. браць.

Як дзве каплі вады — абсалютна, поўнасцю (падобен, супадае і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

о 1, нескл., н.

1. Шаснаццатая літара беларускага алфавіта. Вялікае О.

2. Галосны гук задняга рада сярэдняга пад’ёму, які вымаўляецца з удзелам губ.

о 2, выкл.

1. Вокліч, пры дапамозе якога выказваецца пачуццё здзіўлення, захаплення, абурэння, дакору і пад. — О, дык у цябе, браце мой, кватэра нішто сабе, — сказаў Кузьма Чорны. Скрыган. О-о-о, непедагогі не ведаюць, што такое няўрымслівасць маладога настаўніка перад навучальным годам! Лобан. // Ускрык, стогн, які выражае боль, адчай. Зноў [Чыжык] пачуў цяжкое, як стогн, «О!», потым ціхі шэпт «Ваня!», які чамусьці прывёў яго ў жудасць. Лупсякоў.

2. Ужываецца для ўзмацнення эмацыянальнай экспрэсіўнасці выказвання ў рытарычных сказах і рытарычных зваротах. О, як прыгожа з вышыні Акінуць вокам лес і поле... Чарот. Дзеці нягоды, о слёзы людскія! Колас. О, як бы нам хацелася забыць І войны ўсе, і стогны, і руіны! Панчанка.

3. Ужываецца для ўзмацнення сцвярджэння або адмаўлення. Жыта цячэ з рукавоў-латкоў машыны па гатунках. Іх аж тры. О, такое [жыта] можна сеяць! Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пага́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Мярзотны, подлы. Паганы чалавек. □ Саўка і два яго канвойнікі застаюцца ззаду. Саўкава місія, паганая здрадніцкая місія, скончана. Колас. Партызаны .. вартавалі вёску ад паганых гасцей. Чорны. // Дрэнны, нядобры. Паганае надвор’е. □ Айцец Кірыл адмовіўся застацца выпіць чаю на дарогу, бо дзень кароткі, а дарога паганая. Колас. / Пра характар, звычкі, душэўны стан і пад. Паганы настрой. Паганы характар.

2. Прызначаны для смецця, нечыстот; брудны. Паганае вядро.

3. Які нельга есці, ядавіты. Паганы грыб.

4. Злы, куслівы (пра сабаку). [Мужык:] — Ёсць у нашага Піліпа сучка паганая, дык мы ўсе яе баімся. Якімовіч.

5. Уст. Нехрысціянскі, язычніцкі. Паганыя ідалы. // Забаронены рэлігіяй. Паганая ежа. □ — Нібы чорт зеллем паганым падкурыў хату Супрона Дразда і Змітрука Карча, — казалі сяляне, чуючы кожны дзень сварку. Чарот.

6. Разм. Не варты ўвагі. І зусім незразумела, навошта было падымаць такі шум з-за гэтай паганай двойкі? Краўчанка.

7. у знач. наз. паганя́е, ‑ага, н. Што‑н. дрэннае, нядобрае. Васіль увесь сціснуўся, насцярожыўся, чакаючы самага паганага. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо,

1. злучн. прычынны. Падпарадкоўвае даданыя сказы з чыста прычынным значэннем; па значэнню супадае са злучнікам «таму што». Згіне ліха, бо на свеце Праўда ёсць, І развеецца, як смецце, Зайздрасць, злосць. Колас. [Пеця:] — Хочацца шмат што запісаць. Але ўсяго запісаць не ўдасца, бо ведаю, адчуваю, перадышка ненадоўга. Шамякін. Мы [Васіль Пятровіч і Лена] гаварылі, бо ўжо нам можна было гаварыць аб усім, і маўчалі, бо добра было і маўчаць, і спыняліся часта, бо нас тут, на ціхім аснежаным лузе, не бачыў ніхто... Брыль.

2. злучн. прычынна-супраціўны. Злучае сказы, якія паказваюць на прычыну неабходнасці дзеяння; па свайму значэнню набліжаецца да злучнікаў «а то», «іначай». [Юзік:] — Толькі не маніце, бо другі раз мы вам не падаруем. Чарот. — Ну, голубе, бывай здаровы і шчаслівы. Будзь асцярожны, бо цябе ўжо можа шукаюць. Колас. [Грамабой:] «Трэба, кажу, памагчы, бо ніхто ж чужы не паможа». Крапіва.

3. часціца. Разм. Ужываецца ў мове пасля слова з лагічным націскам і служыць для ўказання на дадзенае слова. — Чаго ж бо ты цягаўся па падворку? — з ціхай ласкаю і разам з нейкім дакорам сказала маці. Колас. Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)