пакасі́ць 1, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак., што.

1. пераважна безас. Зрабіць касым, скрывіць. Дзверы пакасіла.

2. і чым. Павярнуць вочы ўбок, коса паглядзець. Я пакасіў вокам .. і напраўду, побач з месцам, дзе я толькі што ляжаў, убачыў выціснутую ад сядзення ямку, на купіне, а спераду купіны выбіты нагамі мох. Кірэенка.

пакасі́ць 2, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак., каго-што.

1. Скасіць усё, многае. Едзе, едзе к нам падмога, Усё пакосім, убяром!.. Парахневіч.

2. перан. Забіць, загубіць усіх, многіх. Усіх фашыстаў, якія на чале з Фрыдрыхам Фенсам былі ў Макушоўскім лесе, пакасілі партызанскія кулі. Паслядовіч.

3. і без дап. Касіць некаторы час. — Пакашу да вечара, — хоць душу адвяду, — сказаў Алесь і пагнаў пракос. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкме́ціць, ‑мечу, ‑меціш, ‑меціць; зак., каго-што або з дадан. сказам.

1. Убачыць, звярнуць увагу; заўважыць. Шэранькую, пад колер пасохлай травы, [птушку] цяжка прыкмеціць. Пальчэўскі. Агей, прайшоўшы на другі дзень па вуліцы, прыкмеціў, што побач з разбуранымі хатамі стаяць новыя — пяцісценкі. Каваль. Разведчыкі прыкмецілі: штосьці непакоіць Белазора. Янкоўскі. // Убачыўшы, звярнуўшы ўвагу, запомніць. Ты прыкмеціў таго дзядзьку, што прыходзіў да нас учора раніцай? Новікаў.

2. Звярнуць асаблівую ўвагу, вылучыць сярод іншых. Дом пісьменнікаў.. стаў тым месцам, дзе хутка перазнаёміліся ўсе — і старэйшыя і маладзейшыя. Якуб Колас прыкмеціў і мяне — маладога паэта. Хведаровіч. [Маёр] прыкмеціў спрытненькую сястру і рознымі адзнакамі ўвагі пачаў вылучаць яе сярод іншых. Быкаў.

3. Прыгледзець, падшукаць; намеціць. — Паеду пад Баранавічы, там месца добрае прыкмеціў у адной вёсцы... Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скі́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Змяншэнне якой‑н. сумы, вызначанай нормы; паніжэнне цаны на што‑н. — Дык скідкі не зробіш, дзядзька? — усміхаючыся, запытаў Клім. — Скідкі? Не... Хаця... для цябе тройку скіну, а ты мне за гэта пач[а]к махоркі дасі. Ладна? Галавач. [Каморнік Варановічу:] — Вам цяпер далі скідку з падатку на канюшыну?! Чорны.

2. Зніжэнне патрабаванняў да каго‑, чаго‑н., уступка. [Карн:] — Цяпер ужо ты камандуй мной. І глядзі, каб ніякай там скідкі, патурання не даваў ні мне, ні каму з нас. Шамякін. [Дзімін:] — Не так у нас, маўляў, многа галоўных інжынераў, каб не рабіць ім скідак!.. Карпаў.

3. Скачок звера ўбок пры бегу, каб заблытаць сляды. Побач прабег палахлівы бяляк, Скідку зрабіў — і падаўся на [лежню]. Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́рта, ‑ы, ДМ ‑рце, ж.

1. Вялікі стог сена, саломы або снапоў збожжа і пад., прызначаны для захавання пад адкрытым небам. Непадалёку ад кароўніка ўзвышаліся вялізныя сцірты сена — запасы на зіму. Паслядовіч. Сцірты саломы, падобныя на высокія пясчаныя курганы, адзначалі месцы палявых такоў. Хадкевіч. [Жанчыны] падышлі да льняной сцірты і пачалі памалу брацца за работу. Гроднеў. [Стары Юстынь] уклаў у сцірту апошні сноп, і калі разагнуўся — пацямнела ўваччу. Чарнышэвіч.

2. Куча прадметаў, пакладзеных адзін на адзін. Жаўцеюць высокія сцірты дошак, брусся, апілаваных плашчакоў. Бялевіч. Сцірты сухой цэглы былі складзены на груд[зе] перад вёскай. Чорны. На дрывотніку ляжала сцірта толькі што наколаных дроў. Хведаровіч.

3. Складзены ў штабялі тавар. Гарэлі побач сцірты мяшкоў са збожжам на адкрытай платформе. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трава́, ‑ы; мн. травы, траў; ж.

Расліна з аднагадовымі зялёнымі неадзеравянелымі парасткамі і сцяблом. Сонца яшчэ не схавалася, але раса ўжо густа пакрапіла апавітую тонкай густой сеткай з павуціння высокую траву. Мурашка. Яшчэ над Нёманам Лугі не скошаны, Яшчэ над Нёманам Трава, як шоўк. Шымук. // Зялёнае покрыва зямлі з такіх раслін. Зямля была пакрыта высокімі духмянымі і сакавітымі травамі. В. Вольскі. Сёмка .. падышоў да Петруся і прылёг побач з ім на траву. Брыль.

•••

Трава травой — пра нясмачную яду.

Травой зарасці — тое, што і зарасці (парасці) быллём (гл. зарасці).

Хоць воўк траву еш гл. воўк.

Хоць трава не расці — пра зусім абыякавыя адносіны каго‑н. да чаго‑н.

Цішэй вады, ніжэй травы гл. цішэй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умясці́цца, умяшчуся, умесцішся, умесціцца; зак.

1. Поўнасцю змясціцца ў чым‑н., дзе‑н. Язэп асцярожна падышоў да жыта, сарваў колас. Ён не ўмясціўся на далоні. Асіпенка. Чэк трэба было асабліва асцярожна падпісваць: каб умясціцца ў вузенькім радку і, барані божа, не заскочыць якой-небудзь рыскай за блакітнае поле. Скрыган. Падышоў тралейбус, і чарга ўмясцілася ў яго. Сабаленка. // перан. Заняць, запоўніць сабой што‑н. Усё, што здарылася за адзін дзень, не магло ўмясціцца ў галаве [Шылянка]. Кавалёў.

2. Размясціцца на якім‑н. месцы. Міхась паслухмяна саслізнуў з лаўкі і ўмясціўся побач з рыжым хлопчыкам. «Вожык». Глыбока ўздыхнуўшы, Чарнавус лепш умясціўся на лаўцы, паставіў на калені локці і апусціў на далоні сваю жорсткую бараду. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Памянш.-ласк. да хата; невялікая хата. Глядзіць [Янка] — стаіць пры моры маленькая рыбацкая хатка. Якімовіч. Неўзабаве гэтая невялічкая хатка на ўскраіне вёскі зрабілася штабам буйнейшай будоўлі на Беларусі. Грахоўскі. Свая хатка — як родная матка. Прыказка.

2. Жыллё бабра і некаторых іншых вадзяных жывёл з галінак, сцёблаў трыснягу і пад. Мінуўшы стройныя бары, Прайшлі б па мокрых кладках І паглядзелі б, як бабры Майструюць дружна хаткі. Свірка. // Гняздо птушкі. А побач з ім, на галінцы клёну, цвіркае верабей, яшчэ ўсё не пакідаючы надзеі выпрасіць у шпака яго новую хатку. Брыль.

•••

Астаткі з хаткі — усё, што ёсць, што засталося.

Хатка на курыных ножках (лапках) — невялікая, старая хата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэ́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца, зроблены з аднаго рэчыва, з аднаго куска; суцэльны. Вырабляюцца.. [вудзільны] з цэльнага і колатага бамбуку, сталёвых трубак. Матрунёнак. Калоны [будынка] — з цэльных ствалоў дрэў, якія стаяць на каменных падкладках. «Помнікі».

2. Неразбаўлены, натуральны. Цэльнае малако.

3. перан. Які валодае ўнутраным адзінствам, прасякнуты ім. Каханне пачынаецца не ў дваццаць сем, а ў семнаццаць, яно самае моцнае, цэльнае, гэтае першае каханне... Навуменка. // Адзіны, непадзельны. Цэльнае ўражанне. □ Творчасць Кузьмы Чорнага не варта разбіваць на «раннюю» і «сталую». Яна цэльная і ў цэласці дае ўяўленне пра жыццё беларускага народа. Лужанін. // Закончаны, даведзены да канца. Па глыбіні псіхалагічнай характарыстыкі вобраз Данілы можна паставіць побач з вобразам Мірашнічэнкі. Ён такі ж цэльны, завершаны ва ўсіх сваіх рысах. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Азяро́д ’прыстасаванне для сушкі снапоў’ (БРС, Янк. I, Гарэц., Шн. смол., Шат., Касп.), азярот (Бір. дыс.), азяроды (КЭС); азярэдзіць ’утыкаць снапы ў прасла для сушкі’ (БРС, Шат., КЭС); азярэдзіна ’жэрдка ў азяродзе, высокая нязграбная жывёліна’ (Янк. I). Агульнаўсходнеславянскае слова (рус. озород, зород, укр. озород). Бліжэйшыя паралелі: літ. žárdas, лат. zards, ст.-прус. sardis ’тс’. Параўн. Коген, Запіскі, II, 9, 84–85, на думку якога азярод < *азерод: і.-е. gʼherdh‑ побач з *gʼhord‑. Адлюстраванне розных ступеняў аблаўта ў генетычна тоесных словах, якія з’яўляюцца назвамі рэалій гістарычнага перыяду няпэўнае. Больш верагодна Зубаты, Studie, 1, 2, 125, які бачыць тут старое запазычанне з бал. моў (перад метатэзай плаўных). Лінгвагеаграфія слова (цэнтральны раён і ўсходняя частка Усходняга Палесся) сведчыць таксама ў карысць балтыйскай крыніцы. Але яе ўсходнебалтыйскі характар давесці цяжка па прычынах фанетычнага характару (мы б чакалі *ажарод). Магчыма, аднак, азʼарод < *ажʼарод, як парсʼук < паршʼук (< paršiúkas).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асяло́к ’змаршчок’ (Інстр. II); вясё́лка ўказваецца як варыянт назвы побач. Асноўнае выкарыстанне назвы вясёлка не для абазначэння змаршчка (Morchella), а як назва грыба Phallus impudicus (вясёлка, сраматнік), але, зважаючы на тое, што і ў іншых мовах ёсць такія пераносы назваў (ням. Morchel ’змаршчок’ і Stinkmorchel ’вясёлка, сраматнік’), і тут можа ісці размова аб пераносе. Калі першапачаткова вясёлка — назва змаршчка, магчыма, звязана з тым, што гэта першы вясенні грыб (параўн. вяселік ’жаваранак’), калі ж першапачаткова гэта назва сраматніка, магчыма, у ёй адлюстраваліся адносіны да непрыстойнасці знешняга выгляду гэтага грыба. Калі ўлічыць цяжкасць фанетычнага тлумачэння асялок з вясёлка, трэба дапусціць тую ці іншую сувязь асялок ’змаршчок’ з асялком ’тачыльным каменем’, магчыма, па знешняму выгляду (асабліва калі гэта назва не змаршчка, а сраматніка); нельга выключаць і сувязь з асілкамі, якія, паводле пэўных паданняў, уходзілі ў зямлю. Гл. вясёлка, асілак, асла.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)