прыспе́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.

1. што. Зрабіць больш хуткім, таропкім. Алесь прыспешыў крок. І калі выйшаў на адкрытае месца, у некалькіх кроках ад сябе ўбачыў Тасю. Хадановіч. Я прыспешыў хаду і праз некалькі крокаў апынуўся на лясной паляне, мякка асветленай ружовымі праменямі вячэрняга сонца. В. Вольскі.

2. што. Наблізіць наступленне чаго‑н. Ніколі .. [Дзялянка] не лічыўся са сваім часам, каб толькі даць краіне больш вугалю і гэтым прыспешыць разгром ненавісных гітлераўцаў. Паслядовіч. [Ніна] ведала, рана ці позна, а шчырая размова са Сцяпанам Сцяпанавічам павінна была адбыцца. Выпадак толькі прыспешыў яе. Шахавец.

3. каго-што. Прымусіць рабіць што‑н. хутчэй. Дзяўчына.. зірнула на.. [Паўла] і перастала пісаць. Але Маша прыспешыла яе: — Пішыце, мы згодны ў Задубскую РТС. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тынк, ‑у, м.

Аддзелачны раствор з сумесі вяжучых рэчываў (вапны, цэменту, гліны, пяску, вады і пад.), які наносяць на паверхню будынкаў, унутраных сцен памяшканняў і пад. Пытаюся ў будаўнікоў: — Мо’ прымеце ўжо навасёлаў? — Рыхтуем пірагі для вас, А вы не падаяце вестак, — Дзяўчына кажа мне ў адказ І тынк замешвае, як цеста. Аўрамчык. // Цвёрды слой такога раствору на паверхні будынкаў, на ўнутраных сценах. Тынк у розных мясцінах быў абабіты, з-пад яго свяціліся пераплёты дранак, прыбітых да сцен. Колас. Тынк на сценах даўно ўжо змылі дажджы, і дом пачарнеў. Чорны. Падлога страсянулася, са столі і сцен пасыпаўся тынк. Мележ.

•••

Сухі тынк — будаўнічы матэрыял у выглядзе вялікіх тонкіх лістоў, які выкарыстоўваецца замест раствораў для аддзелкі памяшкання з сярэдзіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарня́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае цёмныя валасы і смуглы твар; з цёмнымі валасамі. Перад .. [Евай] стаяў незнаёмы чарнявы хлопец з бліскучымі цёмнымі вачыма. Колас. [Лёнік] зняў кепку,.. выцер далонямі мокрыя ад поту скроні, чарнявую галаву, твар. Марціновіч. // Чарнаваты, цёмны (пра валасы); смуглы (пра твар). Чарнявы, з тонкім носам і прыгожымі вусікамі твар лейтэнанта ажывіўся, у вачах мільганулі хітрыя іскрынкі. Мележ. Калі дзяўчына села і паправіла на галаве зблытаныя чарнявыя валасы, Святлана ўбачыла, што гэта — машыністка. Кулакоўскі. / у знач. наз. чарня́вы, ‑ага, м.; чарня́вая, ‑ай, ж. Алёшка ціха сказаў да чарнявага слова, і той пайшоў з хаты. Мікуліч. А там, за вечным ціхім снегам, Які не сходзіць з галавы, Дарожкі-сцежкі, што абегаў, Калі чарнявую лавіў. Семашкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыгаша́ць ’прыбіраць, прыгожа адзяваць’ (Ласт.). Да незафіксаванага о́шыць/*гашы́ць ’прыводзіць у належны стан; гатаваць, рыхтаваць і пад.’, параўн. ст.-рус. гоши(ти) ’рыхтавацца’ (берасцяная грамата XII ст., Зализняк, Древненовг., 318), гошити ’рабіць, рыхтаваць’ (наўг., Сразн., помнік XVI ст.), рус. смал., пск., наўг., цвяр., ярасл. гоши́ть ’гатаваць, рыхтаваць; збіраць у дарогу; назапашваць’, укр. закарп. гоши́ти, гоші́ти ’падпільноўваць каго-небудзь; што-небудзь вельмі любіць’, гоши́тися, гоші́тися ’гатавацца; узбуджацца’. Філін (Происх., 593) лічыў гошити старажытным паўночна-заходнім лексічным дыялектызмам, які быў вядомы і на крайнім паўднёвым захадзе. Звязваюць таксама з гоноши́ть ’нагрувашчваць, збіраць’, гоноши́ться ’рыхтавацца’ (так ЕСУМ, 1, 578), што не падаецца пэўным (параўн. у гэтым кантэксце прасл. *gonositi ў ЭССЯ, 7, 25–26). Этымалогія беспрэфіксальных форм няясная. Ва ўсякім выпадку, не мае рацыі апеляцыя да вельмі сумнеўнага о́ха ’харчовыя прыпасы’ (ЕСУМ, 1, 578). Параўн. рус. пск., цвяр. пригоша́ть, пригоши́ть ’гатаваць, рыхтаваць на запас’, пск. приго́ха ’страва; харчовыя прыпасы’. На семантыку наўг. приго́ха ’прыгожая дзяўчына, жанчына; прыгажуня’, як і бел. прыгашаць ’прыбіраць, прыгожа адзяваць’, паўплывала, безумоўна, семантыка лексем з коранем прыго́ж‑. Гл. Антропаў, Palaeoslavica, XII, 1, 2004, 141–142.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ля́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

1. Дзіцячая цацка ў выглядзе фігуркі чалавека. Гуляць у лялькі. □ Дзеці бегалі, крычалі, складалі з кубікаў розныя хітрыя і няхітрыя пабудовы, вазілі ў аўтамабілях лялек. Якімовіч. Як маленькую сяброўку, Ляльку любіць Каця: То расчэша ёй галоўку, То памые плацце. А. Александровіч. // Макет фігуры чалавека ці жывёлы для тэатральных прадстаўленняў, ігрышч і пад. Тэатр лялек.

2. Разм. Пра каго‑, што‑н. вельмі прыгожае, прывабнае па свайму знешняму выгляду. Шалёўка .. ўсюды, пафарбаваныя дзверы, вокны, аканіцы — лялька, а не хата стаіць... Васілевіч. Праз тыдзень Кабінет прасторны Лялькай стаў. Корбан.

•••

Як лялька — прыгожы, зграбны, прывабны. [Сабастыяніха:] — Дзяўчына, як лялька, адно паглядзець на яе. Чорны. Дамок быў трэці ад ракі з правага боку, абшаляваны і пафарбаваны. Як лялька дамок. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́сці, мяту́, мяце́ш, мяце́; мяцём, мецяце́; пр. мёў, мяла́, мяло́; незак., што.

1. Ачышчаць якую‑н. паверхню ад смецця, пылу мятлой, шчоткай і пад. Месці вуліцу. □ Як толькі замільгалі ў акне чырвонаармейскія шапкі, «дзяўчына» старанна ўзялася месці хату. Крапіва.

2. З сілай гнаць, пераносіць што‑н. з месца на месца. Вецер мяце сухі снег.., і, здаецца, што дзесьці адчышчаюць іржавыя нажы наждачнаю шкуркаю ці сыпкім жвірам. Лужанін. Калі садзяць сады, вецер лісце мяце І на сцежках сляды засыпае. Прыходзька. // без дап. З сілай ісці, кружыць (пра мяцеліцу, завею). І снег мяце такі густы, што не відаць, дзе дол, дзе неба. А. Вольскі. Завея мяце, завывае, намятае вялізныя сумёты. Лынькоў. / безас. Пайшоў снег, пачало месці, зраўняла і дарогу, і поле... Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недасту́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, да якога нельга наблізіцца, падысці; непрыступны. Белы хорам стаяў недаступнай сцяной, Грозна, думна глядзеў на прыволле. Купала. А сопкі — без дрэў і без траў, А сеткі — амаль недаступныя. Пысін.

2. Такі, да якога цяжка прыступіцца; ганарысты, фанабэрысты. — Зрэшты, .. [Грышка] можа не такі ўжо недаступны, як ты думаеш, — дыпламатычна намякнула Вольга Карпаўна. Вірня. Недаступны да таго таможнік яшчэ з якую хвіліну глядзеў на нас, нібы вырашаў якую складаную праблему. Лынькоў. // Які выказвае ганарыстасць, фанабэрыстасць. Недаступны выгляд. // Строгай натуры (пра жанчын). Дзяўчына перастала засцілаць ложак, выпрасталася, упартая, недаступная. Мележ.

3. Недасяжны з прычыны якіх‑н. абставін, умоў. Недаступнае .. агню, які сцелецца па зямлі, таксама і галлё сасны, бо яно знаходзіцца высока на ствале. Гавеман. // Цяжкі для разумення. Гэта кніга яшчэ недаступная для дзяцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ню́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Удыхаць праз нос які‑н. пах. Перад самым домам стаяў вялікі сабака і, схіліўшы галаву, нюхаў нешта на зямлі. В. Вольскі. Старэйшыя калгаснікі выходзілі ў поле, бралі ў жмені зямлю, расціралі яе паміж пальцаў, нюхалі. Курто. Андрэй Сцяпанавіч запускаў руку то ў ячмень, то ў пшаніцу, перасыпаў з далоні на далонь зярняты, нюхаў іх. Бялевіч. // Удыхаць у нос (лекавы, наркатычны і пад. сродак). Нюхаць тытунь.

2. перан. Разм. Выведваць, высочваць. [Альжбета:] — Э-э! Я думала, хто там!.. Ажно нічога людскага. Толькі ездзіць ды нюхае, якая дзяўчына пасагу больш мае. Купала.

•••

(І) не нюхаў чаго — не зведаў чаго‑н., не знаёмы з чым‑н.; не мае аб чым‑н. ніякага ўяўлення.

Не нюхаць пораху — не быць на вайне, не ваяваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́яцца, ка́юся, ка́ешся, ка́ецца; незак.

1. Прызнаваць сваю віну, памылку перад кім‑н. Каяцца ў сваіх памылках. □ На судзе .. [Міхалапіха] вельмі каялася, кляла сябе ўсякімі словамі і прасіла суддзяў, каб ёй болей далі... Лупсякоў. — Ад усёй душы каюся перад вамі, што спачатку не зусім верыў вам. Новікаў. // у знач. пабочн. ка́юся. Разм. Прызнаюся. — Каюся, — сам іншы раз выпіваў. Корбан.

2. Усвядоміўшы сваю памылку, шкадаваць аб зробленым. — Табе, Дамінік, трэба, памочнік... Ёсць у мяне на прыкмеце добры чалавек.. Вазьмі яго! Каяцца не будзеш... С. Александровіч. Размова ўсхвалявала і .. [Япукевіча], і ён цяпер каяўся, што гаварыў з Паходнем занадта рэзка. Хадкевіч.

3. Уст. Прызнавацца ў сваіх грахах, спавядацца ў царкве. Сярод многіх чутак была і такая: нейкая дзяўчына ў вёсцы нарадзіла дзіця і пайшла да ксяндза каяцца ў сваіх «грахах». Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інты́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Глыбока асабісты, патаемны, запаветны. Інтымнае жыццё. □ Лясніцкаму не заўсёды падабаліся жарты камандзіра і асабліва яго празмерная цікавасць да асабістых інтымных перажыванняў і пачуццяў камісара. Шамякін. Такая ўзнагарода была для Сушкевіча нечаканай. Праўда, былі іншы раз думкі аб гэтым. Але гэта былі самыя інтымныя думкі, якіх ён саромеўся нават сам. Дуброўскі. // Які датычыцца пачуццяў; сардэчны, любоўны. Інтымныя прыгоды. Інтымная лірыка. □ [Змітрок] ведаў, што пра Іну.. [Галі] расказваў Іван. Але не тое, што дзяўчына ведае аб яго інтымных справах з Інай, непакоіла яго. Ваданосаў.

2. Блізкі, сяброўскі, сардэчны. Анцыпік як бы прадчуваў замах свайго суседа і стараўся ўхіліцца ад усякіх адкрытых і інтымных гутарак. Колас. Успаміны-развагі паэта ўзрушаюць асабліва таму, што вядуцца яны ў вельмі даверлівым, інтымным тоне, надзвычай проста і натуральна. Ярош.

[Фр. intime.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)