шушу́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Гаварыць пра каго‑, што‑н. шэптам па сакрэту, нашэптваць. Шушукалі, хіхікалі Падсуседзі дасужыя, Назад вярнуцца клікалі — З натугі, бач, нядужае. Купала. І вось ён, Аляксандр Іванавіч Сідарчук, храбры камандзір партызанскага атрада, сядзіць цяпер у рэстаранчыку, дзе працуе яго жонка Ніна, пра якую шушукаюць яе сяброўкі па працы, што яна хоча пакінуць свайго Сашу, бо Саша не можа перастаць піць. Пестрак.

2. перан. Тое, што і шушукацца (у 2 знач.). Над страшнай працягла сасонка Шушукала з ветрам начным. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эксплуата́цыя, ‑і, ж.

1. Бязвыплатнае прысваенне аднымі людзьмі прадуктаў працы іншых людзей, заснаванае на прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці. [Лаўрыновіч:] — Савецкая ўлада вызваліла сялянскую беднату ад эксплуатацыі і памагла ёй стаць на ногі. Лобан. Сацыялістычны прынцып свабоды і роўнасці ўсіх рас і нацый атрымаў верх над капіталістычным прынцыпам эксплуатацыі і прыгнечання. «Звязда».

2. Пастаяннае, сістэматычнае выкарыстанне (зямлі, яе нетраў, чыгунак, дарог, машын, агрэгатаў і пад.) для якіх‑н. практычных мэт. Эксплуатацыя станкоў. □ У горадзе ўведзена ў эксплуатацыю новая аўтаматычная тэлефонная станцыя на 4 тысячы кропак. «Звязда».

[Фр. exploitation.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ясне́ць, ‑ее; незак.

1. Станавіцца ясным, светлым; праясняцца. [Воблакі] пачынаюць дзяліцца, яснець, кучаравіцца і выплываюць з-за далягляду, як каравелы. Карпаў. Неба спакваля яснела. Мележ. / у безас. ужыв. На ўсходзе ўжо яснела. // Станавіцца больш лагічным, дакладным. Думкі цяпер у яе [жанчыны] пачалі яснець. Чорны. // Станавіцца радасным, незасмучаным. Твар у старшыні яснее, у вачах паяўляецца ўсмешка. Палтаран. Твой смех звінеў, Яснеў погляд Вясновы, Як вішнёвы цвет... Барадулін.

2. Вылучацца сярод чаго‑н.; віднецца. Толькі на ўскраіне, у вузкім акенцы аднаго з дамоў, жоўтай плямай яснела шыба. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бу́хта 1 ’заліў’. Рус. бу́хта, укр. бу́хта. Запазычанне (у рус. мове з Пятроўcкай эпохі) з ням. Bucht ’тс’ (а гэта вытворнае ад biegen гнуць, выгібаць’, гл. падрабязна Клюге, 107). Фасмер, 1, 256; Рудніцкі, 277; Шанскі, 1, Б, 241–242. З даўнейшай літ-ры параўн. Корбут, PF, 4, 501.

Бу́хта 2 ’глыбокае месца ў рацэ на самым яе павароце, вір’ (Яшкін); ’выкручаная вадой яма на дарозе, на лузе ў час разводдзя’ (Яшкін), ’шырокае і глыбокае месца на рацэ’ (Сцяшк. МГ). Наўрад ці ад бу́хта ’бухта’ (< ням. Bucht). Хутчэй трэба думаць пра сувязь з слав. дзеясловам гукапераймальнага паходжання *buxъtěti (гл. бухцець). Мабыць, таго ж паходжання і рус. дыял. (паўн.) бу́хта ’вада са снегам на паверхні лёду’, якое Фасмер, 1, 256 (услед за Кілімам) няўпэўнена выводзіць з фін. uhku. Параўн. бу́кта, бу́кча, бо́хат. Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 68.

Бу́хта 3 ’круг складзенага каната’. Рус. бу́хта, укр. бу́хта. Запазычанне з гал. мовы (параўн. гал. bogt ’тс’; ССРЛЯ, 1, 712; Рудніцкі, 278; Сл. ин. сл. прыводзіць bocht). Але магчыма і запазычанне з ням. Bucht ’тс’.

Бухта 4 ’буркун’. Гл. бухцець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ланцу́г 1, ланцу́х, ланцу́к, лынцю́г, ланьцу́г ’жалезны ланцуг’ (Нас., Гарэц., Грыг., Мядзв., Касп., Бяльк., Сцяшк., Шат.; кам., Выг.; паўд.-усх., рагач., КЭС, Сл. паўн.-зах.), ланцужок, ланцу́жык ’ланцужок да гадзінніка, медальёна’ (Нас., Гарэц., Касп., Сцяшк.). Ст.-бел. ланцухъ, лонцухъ, ланцугъ, ланчухъ, ленцухъ (XV ст.) (вытворныя: ланцужокъ, ланцужно, ланцужный, ланцуговый, ланцушокъ, поланцужное) былі запазычаны са ст.-польск. łańcuch (łancuch, lancuch, lańcuch) < с.-в.-ням. *lannzug, якое з lanne ’ланцуг’ і zuc, zuges ’працяг; тое, што цягнецца’ (Брукнер, 306; Слаўскі, 4, 462; Кюнэ, Poln., 73; Булыка, Лекс. запазыч., 101). У сучаснай беларускай мове лексема набыла наступныя значэнні: ’назва прыстасаванняў, прылад, фізічных з’яў’, ’рад гор’, ’лінія стралкоў’ (Крукоўскі, Уплыў, 151). Сюды ж шальч. ланцу́х ’ключ птушак у палёце’ < літ. lenciū̃gas ’тс’ (Грынавецкене, Сл. паўн.-зах., 2, 617), а таксама ланцу́г, ланцужо́к, ланьцу́х, ланьцушо́к ’пляцёнка пражы, аснова, заплеценая ў петлі пасля таго, як яе знялі са снавальніцы ці сцяны’ (Уладз.; трак., вільн., Сл. паўн.-зах.), ланцу́жка ’дзявочы танец, які складаецца з кругападобных фігур’ і ланцу́жнік ’злачынец, закаваны ў ланцуг’, ’злодзей’ (Шат.).

Ланцу́г 2 ’страўнік’ (?) (Герд, Беларус. ізал., 32). Да ланту́х (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярхо́ўе 1 ’частка ракі ля яе вытокаў’ (БРС, КТС), укр. верхівʼя, рус. верховье ’тс’. Усходнеславянская лексема (на астатняй слав. тэрыторыі слова мае іншыя значэнні; параўн. славен. vrhóvje ’горы’), утвораная ад vьrx‑ъ, дзе ‑ъ паходзіць з й < *‑ой; яго рэфлекс мы назіраем у пазнейшым суф. ‑ov‑ (Экерт, ВСЯ, 4, 104). Спачатку vьrxovьje абазначала ’верх чаго-небудзь’; ’вяршыня гары’, потым (ва ўсходніх славян) — ’месца на вяршыні, адкуль рака выцякае’ (Шанскі, 1, В, 69).

Вярхо́ўе 2 ’першы ачос ільну’ (Касп.); ’нізкагатунковая пража з пачасся льну’ (Уладз.), вярхо́ўя ’горшы гатунак ільнянога валакна’ (Бяльк.); ’зрэб’е, ачоскі з атрапанага льну’ (Янк. II, III, барыс., Янк. Мат.), пін. вэрхо́вʼе ’зрэб’е’ (Шатал.). Рус. верховье: йонаўск. (ЛітССР), прэйл. (ЛатССР), пск., смал. ’першыя вычаскі’, таксама с.-урал. ’слой ільновалакна’, пск., йонаўск., прэйл. ’пража з першых вычасак’, йонаўск. ’палатно з гэтай пражы’. Бел. інавацыя. Да вярхоўе 1 < прасл. vьrxovьje ’вярхі чаго-небудзь’.

*Вярхо́ўе 3, вярхо́ўя (зборн.) ’вярхі дрэў’ (Бяльк.), укр. верхівʼя, польск. wierzchowie, славен. vrhǫ̑vje ’тс’, якое магло б быць другасным. Да вярхо́ўе 1 < прасл. vьrxovьje ’вярхі, верхнія часткі чаго-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галаве́нька 1 ’апалонік (паўзун)’ (Шатал.). Наўрад ці ёсць сувязь са словамі тыпу галаве́нь (назва рыбы з вялікай галавой) ці галаве́нька ’спарыння’ (Шатал.). Хутчэй за ўсё трэба думаць пра нейкую кантамінацыю розных па значэнню, але падобных па форме слоў (*golv‑ ’галава’). А можа, гэта памяншальная форма (суф. ‑енька) ад галава?

Галаве́нька 2 ’галавешка’ (Шатал.). Па паходжанню гэта памяншальная форма ад прасл. *golvьńa ’галавешка, факел і да т. п.’ (асноўная форма бел. *галаўня зафіксавана ў бел. мове вельмі слаба; яе няма ў большасці слоўнікаў; Трубачоў (Эт. сл., 7, 12) прыводзіць бел. галаўня, але адкуль?). Прасл. *golvьńa (рус. головня́, укр. голо́вня, польск. głownia, чэш. hlavně, hlaveň, ст.-слав. главьнꙗ, балг. главня́, серб.-харв. гла́вња і г. д.) лічыцца звязаным з прасл. *golva ’галава’ (г. з. н. першапачаткова ’галоўка палена, што гарыць’). Гл. Фасмер, 1, 429–430 (там і агляд ранейшай літ-ры). Менш пераконвае сувязь са ст.-інд. jurvati ’паліць’, jūrṇíṣ ’жар’ і г. д. Іншыя этымалогіі яшчэ больш няпэўныя. Падрабязны агляд славянскіх форм і абгрунтаванне сувязі з *golva гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 12–13.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няха́й (нӗхай) ’хай; насмешлівая назва таго, хто любіць адкладваць справу ці выконвае яе нестаранна’ (Нас.), няхай, неха́й, ніхай, нэха́й ’хай’ (Гарэц., Грыг., Булг., Бяльк., Сл. ПЗБ), ст.-бел. нехай ’тс’ (1342 г.), укр. неха́й ’тс’, рус. нехай ’тс’, польск. niechaj, часцей niech ’тс’, чэш., славац. дыял. nech ’тс’ і ’каб’, в.-, н.-луж. njech ’хай’, славен. naj (< nehaj) ’тс’, серб.-харв. не хај (для выражэння забароны, гл. Івіч, Радови Научног Друштва Босне и Херцеговине, књ. X. Одељење ист.-филол. наука, 4. Сараево, 1958, 28), макед. neka ’хай’, балг. нена ’тс’. Беларускае слова лічыцца запазычаннем з польскай (Кюнэ, Poln., 81; Мова бел. пісьм., 227), што, аднак, пры шырокім распаўсюджанні ў слав. мовах здаецца праблематычным. Карскі (2–3, 85, 96) лічыў бел. няха́й, хай формамі загаднага ладу ад ха́яць (гл.), гл. таксама дзеяслоў з адмоўем няха́ць, нях́аіць ’адкладваць справу з-за гультайства ці нядбальства’ (Нас.). Падобным чынам выводзяцца адпаведныя формы і ў іншых слав. мовах (Фасмер, 3, 70; Махэк₂, 394; Бязлай, 1, 190; Шустар-Шэўц, 13, 1010 і інш.). Адносна гісторыі беларускага слова гл. таксама Карскі 2–3, 269, 378.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капшу́к 1 ’мяшочак для тытуню’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Касп., Мядзв., Арх. ГУ, Арх. Бяльк., Малч., Некр., Клім., Гарэц., Сцяшк., Шн., Янк. 1, Янк. Мат.; КЭС, лаг.; Яруш., Нік. Очерки, Сержп.), ’сумка для грошай’ (Др.-Падб., Сержп.), ’плавальны пузыр’ (З нар. сл.), ’жывот’ (Жд. 2). Параўн. укр. капшук, капчук ’кісет для тытуню’, рус. капшук, капчук ’кісет, сумка для дробных рэчаў, старая шапка’, польск. kapciuch, kapszuk ’кісет для тытуню’ з бел. як і літ. kapšùkas ’тс’. Усходнеславянскае запазычанне з цюрк. моў. Параўн. татар. kapčyk ’мяшочак’ ад kap ’мяшок’ (Слаўскі, 11, 52, Фасмер, 2, 189, Локач, 94).

Капшу́к 2 ’мёрзлая бульба, якая праляжала зіму на полі’ (Жыв. сл.). Параўн. літ. (ap)kapšavóti bùlbe ’абкопваць бульбу’. Магчыма, капшук < літ. kãpčius, kãpšius ’грэбля, яма’, якое ў сваю чаргу з бел. капец (Фрэнкель, 217–218). Гл. капшук 4.

Капшу́к 3 ’целяпень’ (Жыв. сл.), да капшук 2.

Капшук 4 ’сажалка на гары з праведзенай ад яе канавай’ (Яшк.) з літ. kãpčius у тым жа значэнні. Літоўская форма з бел. капец (гл. капшук 2). Як і капшук 2, капшук 3, кантамінацыя з капшук 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Малакі́та, молокі́та ’лаза, з якой робяць кашалі’ (Бес.), кобр. мулукы́та, мулукэта ’тс’ (Нар. лекс.). Рус. молоки́та паўн. ’баркун, Melitotus Adans.’, наўг. ’балотная расліна’, кіраў. ’балота, дрыгва’; урал., табол., свярдл., кіраў. молоки́тник, малаки́тник ’зяновец, Cytisus L.’, гом. молоки́тничек ’вярбняк, лазняк’, ярасл. молоки́товый ’вербняковы’, ст.-рус. молокита ’лаза’, ’дрыгва’, польск. młokicina ’балотная лаза’. Фасмер (2, 645) звязвае іх з польск. pa‑młoka ’сырая імгла, хмара’, ст.-польск. mlekita ’вярба, якая расце на балоце’, чэш., славац., славен. mláka ’лужа’, паўд.-чэш. mlačina ’лужок у лесе’, серб.-харв. мла̏ка ’дрыгва, багністае месца’, мла̑ква ’рачулка, балотца, якія не замярзаюць зімой’, макед. млака, балг. млака ’балота, грузкая зямля’. Прасл. molkyta і molka. Сувязь з прасл. melko ’малако’ праблематычная. Балтыйскія адпаведнікі: mal̃kas ’глыток’, лат. màlks, màlka ’піццё залпам’. І.‑е. *molk‑ ’вільгаць, вільготны’ (Міклашыч, 198; Бернекер, 2, 33; Траўтман, 177; Фасмер, 2, 645; Скок, 2, 440; Бязлай, 2, 187). Інакш Махэк₂ (367 і NŘ, 29, 10), які, не ўлічваючы ўсх.-слав. дадзеныя, выводзіць прасл. mlaka і супастаўляе яе з лат. plācis ’дрыгва’ — фанетычныя цяжкасці. Гл. таксама Кабылянскі (Мовознавство, 1981, 6, 46).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)