го́рды, ‑ая, ‑ае.

1. Надзелены пачуццём уласнай годнасці, павагі да сябе. Чалавек наш горды і шчаслівы, Будучыня свеціцца ў вачах, Бо нясе ў сабе ён беражліва Дарагія рысы Ільіча! Звонак. // Поўны пачуцця задавальнення сваімі або чыімі‑н. поспехамі. [Моладзь] была гордая свядомасцю, што зрабіла вялікую справу. Колас. Успаміны хлопчыка палоняць, За бацьку горды хлопчык наш. А. Александровіч. // Які выражае гордасць. Горды позірк. □ Паша таксама калісьці красуняй лічылася: русыя валасы на прабор, карыя вочы, гордая пастава. Лось. // перан. Узвышаны, чысты. Гордая думка пра сыноў не выходзіла з галавы. Кавалёў. Дзесьці ў глыбіні істоты ў жанчыны заварушылася гордая радасць. Чорны.

2. Ганарысты, напышлівы, фанабэрысты. Яшчэ ўчора такія гордыя і грозныя, сёння кідаліся паны на калені перад Сёмкам-матросам. Лынькоў. Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе, а гордае — ніводнае. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жы́ла, ‑ы, ж.

1. Разм. Крывяносны сасуд.

2. Разм. Тое, што і сухажылле. Стаяў Патапавіч на адным сваім пункце і цяпер стаіць: не хапайся адразу за многае, а то жылы трэснуць. Кулакоўскі.

3. Трэшчына ў зямной кары, запоўненая горнай пародай, а таксама сама горная парода ў такой трэшчыне. Залатаносная жыла.

4. Разм. Багністае месца з падземнай крыніцай. — Тут.. [фашысты] хутка не пройдуць Вунь каля таго куста такая жыла, што засмокча іх з галавой. Шамякін.

5. Асобны провад кабелю. Правады — сотні жыл — Неслі сілу ў сёлы. Бялевіч.

•••

Выцягнуць (усе) жылы гл. выцягнуць.

Залатая жыла — пра вельмі багатую крыніцу даходу.

Ірваць жылы гл. ірваць.

Кроў ледзянее (стыне) (у жылах) гл. кроў.

Напінаць жылы гл. напінаць.

На ўсе жылы; з усіх жыл — на поўную сілу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замо́к, ‑мка, м.

1. Прыстасаванне для запірання на ключ чаго‑н. (дзвярэй, чамаданаў і пад.). Дзвярны замок. Вісячы замок. Унутраны замок. // Засцежка на бранзалеце, ланцужку і пад. // Разм. Від засцежкі ў адзенні. Замок-маланка.

2. Спец. Дэталь у некаторых відах агнястрэльнай зброі, пры дапамозе якой робіцца выстрал. Замок гарматы. □ [Дубінін] з кулямётам пачаў адпаўзаць .., а калі выбіўся з сілы, кулямёт укінуў у варонку ад бомбы, а замок узяў з сабою. Гурскі.

3. Спосаб злучэння частак драўляных канструкцый. Рубіць вугал у замок.

4. У архітэктуры — цэнтральны камень аркі, скляпення.

•••

За сямю (дзесяццю) замкамі — старанна схаваны, надзейна ахоўваецца.

Пад замком (на замку) — замкнуты. Сельмаг цэлы дзень на замку, бо прадаўшчыца таксама пайшла за жняяркай. Брыль.

Сядзець пад замком гл. сядзець.

Трымаць пад замком гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змяя́, і́; мн. зме́і (з ліч. 2, 3, 4 змяі́), змей; ж.

1. Паўзун з доўгім звілістым целам, укрытым луской, без канечнасцей, звычайна з ядавітымі зубамі. Ядавітая змяя. □ Закруцілася змяя, засіпела так, што Ра спалохаўся і адбег назад. Маўр.

2. Разм. лаянк. Пра каварнага, злога чалавека. — Кінь сваю літасць да гэтай змяі. Ён калісьці над рабочымі таксама літасці не меў. Бядуля.

3. у знач. прысл. змяёй (‑ёю). Утвараючы звівы, зігзагі; звіліста. Паміж алешніку змяёю Крыніца чорнай паласою На свет зірнула, лёд прабіла, У старых карчах загаманіла. Колас.

•••

Грымучая змяя — трапічная ядавітая змяя, у некаторых відаў якой на канцы хваста ёсць конусападобныя арагавелыя лускавінкі, што ўтвараюць шум пры трэнні адной аб другую.

Змяя (гадзюка) падкалодная — пра хітрага, злога, каварнага чалавека.

Прыгрэць змяю на (сваіх) грудзях гл. прыгрэць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

існава́ць, існую, існуеш, існуе; незак.

1. Быць у наяўнасці; мецца. Перастаць існаваць. □ Гэта была самая найкарацейшая сцежка, каб прайсці лес, і існавала яна тут здаўн[а]. Чорны. Ігнась пачаў заўважаць, што між Лявонам і Довідам існуе нейкая непрыкметная сувязь, якую яны абодва ўтойваюць ад хатніх. Чарнышэвіч. // Служыць для якой‑н. мэты. Правілы існуюць для таго, каб іх выконвалі.

2. Быць жывым; жыць (у 1 знач.). — Жывеш? — Як бачыш, рухаюся, існую. А ты? — Дыхаю. Значыцца, таксама існую... Лынькоў. // чым і на што. Здабываць сродкі для жыцця якім‑н. чынам. Існаваць на сродкі бацькоў. // Жыць няпоўным жыццём, без радасці, без задавальнення. Калі бяссоннымі начамі Ля вокан сцежак не таптаў, — Хоць ты і быў тут, поруч з намі, Ты ўсё ж не жыў, а — існаваў. Рудкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калы́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

1. Плецены або драўляны дзіцячы ложак (звычайна падвешаны на вяроўках да столі), які можна калыхаць, гушкаць. Маці дзяўчынкі .. падышла да калыскі, падвешанай да столі. Шахавец. Маладая, шчаслівая маці сядзіць над белай лазовай калыскай. Брыль.

2. перан. Месца, дзе што‑н. узнікла і атрымала развіццё. Навагрудак і Навагрудчына сталі калыскай генія вялікага польскага паэта [А. Міцкевіча]. Лойка. Вось ён, Пецярбург! .. Гняздо абсалютызму і калыска рэвалюцыйнага руху. Гартны.

3. Вісячы памост для падымання на вышыню рабочых, будаўнічых матэрыялаў і інш., а таксама для работы на вышыні. Вунь высока пад дахам ў хісткіх калысках Аздабляюць фасады майстры-маляры... Звонак.

•••

Ад (з) калыскі — змалку, з дзіцячых гадоў. Ад калыскі да магілы Выціскалі сокі, Кроў пілі, цягнулі жылы Каты-крывасмокі. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каляі́на, ‑ы, ж.

1. Паглыбленне, след на дарозе ад колаў або ад санных палазоў. Дарога тут была малаезджаная, бадай што без каляін. Карпаў. Фурманка выехала ў поле, колы ціха і мякка шаргацелі па пыльных каляінах. Мележ. Ногі коўзаюцца і пападаюць у каляіны ад палазоў. Галавач.

2. Разм. Чыгуначны пуць, каляя. Эшалон стаяў на апошняй каляіне. Чорны.

3. перан. Пра звычайны ход якіх‑н. спраў, прывычнае натуральнае працяканне чаго‑н. — Я вам кажу! — павысіў голас.. Сімон, трапляючы ў сваю звычайную каляіну. Самуйлёнак. А цэлы рад збаноў на плоце Казаў аб тым, што гаспадыня Была ўжо ў моцнай каляіне І што яе, таксама, справа Вялася добра і рухава. Колас.

•••

Выбіцца з каляіны гл. выбіцца.

Выбіць з каляіны гл. выбіць.

Увайсці ў каляіну гл. увайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

малако́, ‑а, н.

1. Белая пажыўная вадкасць, якая выдзяляецца груднымі залозамі жанчын і самак млекакормячых для выкармлівання дзяцей. Мацярынскае малако. // Такая ж вадкасць, якую атрымліваюць ад кароў, коз і інш. жывёл і якая з’яўляецца прадуктам харчавання. Кіслае малако. Забяліць малаком. □ А праз колькі хвілін стол уставіўся розным наедкам: была і страва, і сыр, і масла, і малако. Мурашка.

2. Уст. Семявая вадкасць рыб, а таксама семявыя залозы рыб.

3. Белаваты сок некаторых раслін, вадкасць, якая здабываецца з некаторых пладоў. Канаплянае малако. Міндальнае малако.

4. Белаваты раствор некаторых рэчываў. Вапеннае малако.

•••

Кроў з малаком гл. кроў.

Малако на губах не абсохла у каго — пра маладога нявопытнага чалавека.

Птушынага малака не хапае гл. хапаць.

Пусціць (паслаць) кулю ў малако гл. пусціць.

Як з казла малака гл. казёл.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.

1. Склаўшы разам, звязаць усё, многае. Жонка павязала ў клумкі вопратку, бялізну, абеду не гатавала. Навуменка. // Злучыць, перавязаўшы якія‑н. прадметы. Як толькі вада ў рэчцы паднімецца, з бярвенняў людзі павяжуць плыты і пагоняць іх на будоўлі. Карпюк.

2. Звязаць рукі і ногі ўсім, многім. Перад тым, як уцячы на хаду з вагона, арыштаваныя зрабілі смелы напад на канвой, абяззброілі .. і павязалі яго. Лынькоў.

3. Надзеўшы на што‑н., завязаць. Крыху саромеючыся, [Лёдзя] распранулася, туга, каб не замачыць валасоў, павявала галаву хусткай і паклала адзенне ў .. шафачку. Карпаў. Дземідзенка адзеўся, павязаў гальштук. Асіпенка.

4. і без дап. Вязаць (кручком, пруткамі) некаторы час. [Ганна] шкадавала, што не ўзяла нітак: магла б таксама не марнаваць часу, павязаць. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́фас, ‑у, м.

1. Уздым, запал, а таксама знешняе іх праяўленне. Садовіч захапіўся новаю ідэяю і ўсю рэшту дарогі гаварыў аб ёй з высокім пафасам. Колас. Вейс адчуваў, як знікае ўвесь пафас, увесь уздым, з якім гаварыў ён сваю прамову. Лынькоў. Гаварыў Мілоўскі прыўзнята, з пафасам, і з пафасам скончыў сваю прамову. Галавач.

2. чаго або які. Уздым, натхненне, энтузіязм, выкліканыя якой‑н. высокай ідэяй. Рэвалюцыйны пафас. □ Пафас працы ў паэзіі маладога Купалы зліваецца з пафасам рэвалюцыі, з абуджэннем і ўздымам народнай самасвядомасці. Івашын.

3. Сутнасць, асноўная ідэя, накіраванасць чаго‑н. Царскія чыноўнікі адразу ўлавілі сацыяльны пафас і рэвалюцыйную накіраванасць паэзіі Ф. Багушэвіча. С. Александровіч. Акалічнасць гэта абумовіла асноўны пафас аповесці — рэвалюцыйнае адмаўленне старога і ваяўнічае сцвярджэнне новага, сацыялістычнага. Майхровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)