Сярто́ліцца ’быць у неспакоі, неспакойна пачувацца, сядзець’ (лаг., Гіл.), ’выконваць доўгую і цяжкую работу’ (ушац., Нар. лекс.). Словаўтваральны варыянт да сёртаць (гл.): *sьrtati > *sьrt‑olʼa > sьrt‑ol‑iti (sę), што да прасл. *sьrt‑ < і.-е. *ser‑ ’цячы, рухацца’ (Варбат, Этимология–1975, 32–34). Параўноўваюць з балг. дыял. ср̥тим ’цяжка, з намаганнем працаваць’ (Пятлёва, Этимология–1985, 18). Сюды ж, магчыма, і ўкр. се́ртувати ’цягаць сюды і туды’, якое выводзіцца з польск. certować ’цырымоніцца, браць удзел у барацьбе, змагацца’ < лац. certo ’змагаюся’ (ЕСУМ, 5, 222), што не выключае кантамінацыі згаданых дзеясловаў. Адносна экспрэсіўнага суф. ‑oli‑ гл. Борысь, Etymologie, 697.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіля́ць ‘часта цягнуць сілом або вудаю, вудзіць’, ‘шмат браць, чэрпаючы’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘есці’ (Бяльк.), ‘чэрпаць, браць’ (Мат. Гом., Пал., Янк.), ‘чэрпаць ваду’ (паўн.-усх., ЛА, 5), селя́ць ‘наліваць’, силя́ць ‘чапляць’ (Растарг.), ‘нанізваць’ (Гарэц.; чэрв., Нар. лекс.; Нік., Оч., Варл.), ‘удзяваць нітку або шнурок’ (Варл.); сюды ж сіля́ўка ‘нізка рыбы’ (лід., ЛА, 1). Укр. силя́ти ‘нізаць’, рус. силя́ть (рыбу) ‘лавіць сілом, якое прычэпліваецца да доўгай вуды’, польск. usidlić ‘злавіць сілом’, чэш. osidliti ‘сплясці сіло’, славац. zasídliť ‘перавязаць ніткай’. Да сіло (гл.), сіллё. Адносна значэння ‘чэрпаць’ параўн. рус. заси́лить ‘зачапіць канцом буча за што-небудзь, зачарпнуць’; гл. Праабражэнскі, 2, 286.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́рзаць ’торгаць, тузаць (пра боль)’ (ТС), ту́рзаць ’тс’, ты́рзаць ’тс’, торзуну́ты ’тузануць, таргануць’ (пін., Сл. Брэс.; стол., Нар. лекс.). Укр. дыял. то́рза́ти, то́рсати ’трэсці, рухаць, штурхаць, тузаць, торгаць’. Карэннае ‑о‑ пад уплывам лексемы торгаць1 (гл.). У іншых славянскіх мовах te‑ < прасл. *tьrzati, у якім *‑z‑ развілася ў выніку 3‑й палаталізацыі (Сной у Бязлай, 4, 242; Сной₂, 790): рус. терза́ть ’раздзіраць’, ’мучыць’, укр. терза́ти ’тс’, ст.-слав. трьсати ’тузаць, ірваць, раздзіраць’, ц.-слав. трѣзати ’тс’, харв. tȑizati, серб. тр̏зати ’рваць, вырываць, тузаць’, ’кляваць’. Да і.-е. *ter‑g̑(h)‑ (Покарны, 1073; Міклашыч, 354; ЕСУМ, 5, 604). Генетычна блізкае да торгаць1, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́вень ’май, старая назва месяца мая’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб.), тра́вэнь ’май’ (бяроз., Нар. скарбы). Укр. тра́вень, рус. старое тра́вень ’тс’ (Даль), харв. trȃvanj ’тс’, гіст. traven mali ’красавік’, traven veliki ’май’, баснійск. тра̑вањ (мали і велики), тра̑вник ’красавік’; славен. mali tráven ’тс’, veliki tráven ’май’, старое балг. тра́вен ’тс’. Прасл. *travьnь/*trěvьnь ’трэці месяц у годзе’ (ад сакавіка), адрозненні ў семантыцы назвы тлумачацца кліматычнай розніцай у перыядах цвіцення траў, з чым звязана яе этымалогія: ад прыметніка *travьnъ, вытворнага ад *trava, які пазней канкрэтызаваўся ў абстрактны назоўнік з суф. ‑ь (travьnь) (Глухак, 636; Слаўскі, SP, 1, 128).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́тва ‘плыт’ (З нар. сл.), ‘від плыта для невялікіх рэк’, ‘кладка для мыцця бялізны на рацэ’ (ТС). З польск. tratwa ‘платформа з бярвёнаў для рачнога транспарту’, якое з больш ранняга trafta, trawta ў выніку перастаноўкі зычных ft (wt) > tw, што ад tref з с.-в.-ням. tref ‘звязаны плыт’, trift ‘сплаў бярвенняў’ < с.-в.-ням. triften ‘гнаць, піхаць, прыводзіць у рух’ (Вінцэнц; Борысь, 640); метатэза тлумачыцца ўплывам фіналі ‑twa ў словах тыпу brzytwa, dratwa. Семантычна і фармальна палескія словы набліжаны да пратва (гл.). Формы без метатэзы трапта, трапты (гл.) сведчаць аб больш раннім запазычанні спецыфічнай плытніцкай тэрміналогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́тар ‘трэск’, ‘рэха’: як даў, аж трэтар пайшоў (Касп.; полац., Волк.; в.-дзв., Шатал.), ‘водгалас, водгук, розгалас’ (Вушац. сл.; полац., Нар. лекс.), ‘шум, гвалт, піск’ (рас., Шатал.). Ca ст.-польск. treta, treter ‘шум, шуміха, гармідар, замяшанне, блытаніна, разброд’ (XVI ст.), якое разглядаецца як метафарычнае да першаснага treta ‘рынак, рыначная плошча’, што да ням. tret ‘тс’ (Вінцэнц). Няпэўна. Відаць, не звязанае са ст.-слав. тръторъ (трътъръ), што перадавала грэч. ταρταρος ‘апраметная, пекла’ (СССл.), аднак, паводле Рачавай (Slavia, 79, 1, 106), роднаснае ц.-слав. трътрати ‘выдаваць гук’, балг. търторя ‘балбатаць, мармытаць’, славен. triráti ‘тс’ і іншым гукапераймальным дзеясловам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́мба ‘невысокі слупок ля дарогі або тратуара’, ‘круглае збудаванне для наклейвання афіш, аб’яў’, ‘падстаўка’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Яўс.), ‘выемка, гняздо ў бэльцы, куды ўстаўляецца прамавугольны шпень кроквы’ (Зайка Кос.), ‘тоўстая мажная кабета’ (Яўс.), тумбава́ты ‘тоўсты (чалавек)’ (Сцяшк. Сл.), тумбішча ‘непаваротлівая жанчына’ (Юрч. СНЛ). Праз польскую (tumba першапачаткова ‘саркафаг для цела святога’, пасля ‘слупок’, якое з лац. tumba) ці рускую мову (ту́мба, якое з нова-в.-ням. Tumbe ‘магіла’, ‘труна’, ‘яма’) з нар.-лац. tumba ‘магіла’, апошняе ўзыходзіць да ст.-грэч. τύμβος; ‘пагорак’, ‘магільны курган’, роднаснага лац. tumulus ‘узгорак’ (Фасмер, 4, 120; ЕСУМ, 5, 675; Чарных, 2, 271; Арол, 4, 116).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Турката́ць ‘утвараць характэрныя для галубоў гукі, буркаваць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Нар. Гом.), туркота́ті ‘тарахцець’ (беласт., Сл. ПЗБ). Сюды ж туркаце́ць ‘утвараць характэрныя для жабаў-жарлянак гукі’ (Скарбы), ‘грукатаць (коламі па шашы)’ (Др.-Падб., Гарэц., Байк. і Некр.); ‘ляскатаць’; туркоті͡еті ‘тс’, ту́ркот ‘грукат’ (Вруб.). Параўн. укр. туркота́ти ‘буркаваць’, ‘аднастайна тарахцець, грукаюць’, ‘мармытаць, нешта часта паўтараць’, польск. turkotać ‘тс’, славац. trkotať ‘хутка і шмат сакатаць, балбатаць’, славен. trketáti ‘гучна ступаць’. Дзеяслоў з інтэнсіўным фармантам ‑от‑ (‑ат‑), утвораны ад гукапераймальнай асновы туркаць, гл. Борысь (654) лічыць, што адпаведны назоўнік, параўн. польск. turkot ‘грукат колаў’, вытворны ад дзеяслова turkotać ‘туркатаць’, а не наадварот.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліза́ць ’дакранацца языком’, ’піць, есці мала, вяла’, ’пакрываць, абдаваць’, ’цалаваць’, лізацца ’падлашчвацца, лашчыцца’ (Нас., Шат., Бяльк., Яруш., ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах.), полац., мсцісл. лізну́ць ’паспытаць, з’есці зусім нямнога’ (Нар. сл., Юрч. Вытв.), лізацца ’прыхарошвацца, старанна прычэсвацца’ (Шат.). Укр. лизати(ся), рус. лизать(ся), польск. lizać (się), палаб. lai̯zĕ ’ён ліжа’, н.-луж. lizaś, (pśe)lizaś se, в.-луж. lizać (so), чэш. lízati (se), ст.-чэш. lzáti, славац. lízať (sa), славен. lízati (se), серб.-харв. ли́зати (се), макед. лизам, балг. лижа, ст.-слав. лизати, чэш.-ц. слав. льзати. Прасл. lьzati з другасным падаўжэннем вакалізму кораня lizati (). І.‑е. адпаведнікі: літ. liẽžti, liežiù, лат. làizît ’лізаць’, ст.-інд. lḗdḥi, rédḥi, líhati ’ліжа’, авест. raēz‑, н.-перс. lištan ’лізаць’, арм. lizem, ст.-грэч. λείχω ’ліжу’, лац. lingō, lingere, ст.-ірл. ligin, гоц. bilaigōn, ст.-англ. liccian, ст.-в.-ням. lecchōn ’лізаць’, і.-е. *lig̑h‑/*lei̯g̑h‑, ітэратыў *loigʼh‑ Міклашыч, 171; Бернекер, 1, 725; Фасмер, 2, 494–495; Фрэнкель, 369; Покарны, 668; Слаўскі, 4, 311–312; Аткупшчыкоў, Из истории, 102; Скок, 2, 311; Бязлай, 2, 145–146). Інакш Жарскі (Rozp. Kom. Jęz. — Wrocł. TN, XI, 185), які памылкова выводзіць польск. lizać з і.-е. ‑lei̯p ’мазаць тлушчам’. Сюды ж лізґаць ’есці, ледзь дакранаючыся зубамі’ (Шат.), ’лізаць раз за разам’ (КЭС, лаг.), ’есці мала, перабіраючы’ (міёр., Нар. лекс.), у якіх ‑ґ‑ экспрэснае (параўн. лузацьлузгаць), а таксама лізну́ць ’цішком адысці’ (Грыг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вясёлка1 ’радуга’ (БРС, КТС, Янк. II, Касп., Гарэц., Сцяшк. МГ, Грыг., Мядзв., пух., З нар. сл.), wiesióu̯ka, wiesiúu̯ka (Маш.), укр. весе́лка, а таксама весели́ця, весели́чка, веселі́вка, весі́вка, рус. пск., смал., валаг. весёлка ’тс’. Да вясёлы (гл.). Усх.-слав. арэал пашырэння лексемы можна звязаць з літ. linskmỹnė ’вясёлка’ ⟷ liñksmas ’вясёлы’ (Непакупны, Связи, 64–65) і вепск. ilʼoi‑kalʼoi ’вясёлка’ ⟷ іло ’весялосць, смех’; падобная ж матывацыя ў бел., рус. радуга < radǫgaradъ ’рады’ (Фасмер, 3, 431). Параўн. таксама весялу́ха2 (гл.). Сюды ж вясёлкавы. Афанасьеў (Представл., 3) атаясамлівае висялуха з висеть ’якая вісіць у паветры’.

Вясёлка2 ’таемнік, Lathraea squamaria L.’ (мін., Кіс.) — рэгіянальнае ўтварэнне ад вясёлы (гл.) і суф. ‑к‑a. Названа расліна паводле шматколернасці (бледна-ружова-чырвоная) суквецця. Параўн. тое ж у рус. весёлые глазки ’браткі, Viola tricolor L.’.

Вясёлка3 ’смаржок, Gyromitra esculenta’ (Інстр. II), гом. вясё́лкі ’смаржкі’ (Працы, 6), узд. ’порхаўка, Phallus impudicus’, укр. весе́лка воню́ча ’тс’, весе́лка чо́ртова ’Phallus caninus Huds.’ Да вясна > *вясеннік < вясенні грыб. Паводле народнай этымалогіі, ад вясёлы ў сувязі з незвычайнасцю формы (выгляду) грыба. Гл. таксама весялуха5, вяселік2.

Вясёлка4 ’бародаўчатая бяроза, Betula verrucosa Ehrh.’ (лёзы., КЭС); ’звычайная дробналістая бяроза’ (паўн.-віц., Нар. лекс.), рус. смал., пск. весёлка ’кучаравая бяроза з гладкімі бліскучымі лістамі’, смал. весёлочка ’тс’. Пад уплывам народнай этымалогіі — да вясёлы. Больш імаверна да вясна (гл.). Параўн. таксама ўкр. назву вясенняга месяца сакавіка бе́резень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)