адцура́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каго-чаго.
Адрачыся, пакінуць прызнаваць роднае, блізкае, сваё; парваць сувязь, адносіны з кім‑, чым‑н. [Мужчына:] — Хто ж табе прынясе.. [зямлю]? Думаеш, сам пан Ёдка адцураецца ды прыйдзе, ды пакланіцца табе, ды скажа: — Дарагія мае мужчынкі! Так мне абрыдла гэта зямля! Скрыган. Хто роднага краю цураецца, той і маткі сваёй адцураецца. Прыказка. // Кінуць, забыць што‑н. у страху, паніцы. [Тварыцкага] апанаваў такі жах, што ён кінуўся адгэтуль ходу, адцураўшыся і знойдзенага на дарозе недаломка дугі. Чорны. // Пакінуць верыць чаму‑н., перастаць прызнаваць за ісціну што‑н. А цётка Магда не стрывае І Дзівака свайго палае: — Чаго, кацьмак, там заваліўся? Пайшоў бы ў цэркву, памаліўся, Зусім ты бога адцураўся: Пятнаццаць год як спавядаўся! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аняме́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Пра чалавека, які страціў здольнасць гаварыць. // Той, хто страціў на некаторы час мову (ад здзіўлення, радасці і пад.).
2. Застылы ў нерухомасці пад уплывам якога‑н. пачуцця. Гэта Волечка! Але чаму яна не бяжыць подскакам .. насустрач [Няваду], а стаіць, як анямелая, і не адрывае ад яго вачэй?! Чорны. Міхалка стаяў анямелы на грэблі каля заставак. Бядуля.
3. Ціхі; пазбаўлены гукаў. І часамі ў стэпах анямелых, Калі толькі ты ды цішыня — Нечакана і незразумела Мёртвыя размовы зноў звіняць. Панчанка. Заснуў пасёлак анямелы. Колас.
4. Неадчувальны. — А я быў ужо заснуў, — сказаў Сімон і пацёр анямелую шчаку. Самуйлёнак. // Нечуллівы. [Васіль], дзіўна, ні аб чым не думаў, нічога не шкадаваў, у анямелай душы яго была важкая і жорсткая спусцеласць. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
задушы́ць, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак., каго-што.
1. Пазбавіць жыцця, гвалтоўна спыніўшы дыханне. Пагранічнікі.. накінуліся на дазорнага [немца]. Яны хацелі задушыць яго моўчкі, каб ён не ўзняў трывогу. М. Ткачоў. Пан і да аднаго доктара і да другога — ніхто не можа скулы вылечыць. А яна вось-вось задушыць яго. Якімовіч. // Не даць магчымасці дыхаць; атруціць (пра дым, пыл і пад.). — Хадзем, курцы, надвор, — сказаў Андрэй. — Тут пыл задушыць. Чарнышэвіч. // Разм. Загрызці, разарваць (пра драпежнікаў). Надоечы перад самым досвіткам жарабя задушылі [ваўкі]. Скрыган.
2. перан. Падавіць, не даць развіцца на поўную сілу. Задушыць паўстанне. □ Як ні імкнуліся царскія сатрапы задушыць баявое, рэвалюцыйнае купалаўскае слова, ім гэта не ўдавалася. Івашын. Максім адчуваў, як закіпае ў глыбіні грудзей злосць, і намагаўся задушыць яе. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зна́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Вялікі намерам, колькасцю, сілай і пад. Значная частка. У значнай ступені. □ Малыя варожыя заслоны, якія трапляліся на шляху, — знішчалі [байцы]. Ад сустрэчы са значнымі сіламі ворага ўхілялася, заходзілі глыбей у лясы. Шамякін. Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, .. тым болей, што для гэтага трэба зрабіць значны крук. Колас.
2. Важны па значэнню; істотны. Значныя падзеі. Значная роля. □ Астаючыся верным сабе, Кашын не прапускаў ніводнага больш-менш значнага сходу. Карпаў. // Разм. Які займае высокае становішча ў грамадстве; уплывовы. Ну, калі ўжо сам таварыш Верашчака... — прамовіў я такім тонам, быццам мне вельмі добра было вядома, якая гэта значная птушка — Верашчака. Васілёнак.
3. Разм. Бачны, прыметны. Вусны дзедавы складаліся ў ледзь значную ўсмешку. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бубні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; ‑нім, ‑ніце; незак., што і без дап.
Разм.
1. Біць у бубен; барабаніць. [Юрка:] — Нашто вы бубен дасталі? [Жыгунец:] — Бубніць пайду. Чорны. // Ствараць, утвараць гукі, падобныя да гукаў бубна. Аднастайна, сумотна бубніць дождж у шыбы акон. Шамякін.
2. перан. Гаварыць ціха, незразумела, манатонна. Таркевіч рабіў уражанне сярдзітага чалавека. Бровы яго пераважна былі нахмураны, ён меў звычай бубніць і прыгаворваць: «Ці гэта парадак?» Колас. Дастаўшы чыгунок ці якую варэйку, .. [Андрэй Данілавіч] адхопліваў гарачы кружок, заглядваў у пасудзіну і дабрадушна бубніў: «Ну, а тут што ёсць? Чаго нам тут накухарыла?» Ракітны. // Назойліва паўтараць адно і тое ж. — Печаны гад! І зямля іх такіх носіць. Усю дарогу мне бубніў, што вайне канец. С. Александровіч.
•••
Бубніць (сабе) пад нос — гаварыць вельмі ціха, незразумела.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
будзі́ць, буджу, будзіш, будзіць; незак., каго-што.
1. Перабіваць чый‑н. сон, спакой, прымушаць прачнуцца. Звонкія, маладыя галасы будзілі спакой гэтага ціхага вечара. Колас. Ужо дзед яго [Сашку] будзіць. Бабка ж Вікця нездаволена бурчыць на дзеда: куды гэта ён у такую рань малога ўскатурхвае. Даніленка. Умела .. [Рагіна] слаць пасцель, умела яна і будзіць — голас у яе ветлы і чысты. Адамчык. // Абуджаць што‑н. у каго‑н. Жалейка! Тоненькі галасочак яе з рознымі адценнямі гучыць у прасторы, будзіць .. нейкія патаемныя струны душы. С. Александровіч. Зямля.. — шырокая, бяскрайняя, здольная будзіць вялікія імкненні пачуццяў і думак. Чорны.
2. перан. Выклікаць да жыцця, дзейнасці. Ці ёсць сіла, каб зацьміла Сонца яснага прамені, Што краіну будзяць мілую Да жыцця, да адраджэння. Васілёк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
любо́ў, ‑бові і ‑бві, ж.
1. Пачуццё глыбокай прыхільнасці да каго‑, чаго‑н., адданасці каму‑, чаму‑н. Любоў да радзімы. □ Нарадзілася д[а]чка, і сэрца загарэлася новым пачуццём.. самай моцнай любві — любові маці. Дуброўскі. // Пачуццё прыхільнасці, сімпатыі да каго‑н. Творы Максіма Танка карыстаюцца заслужанай любоўю чытача, бо напісаны яны ад сэрца. Шкраба.
2. Пачуццё гарачай сардэчнай прыхільнасці да асобы другога полу; каханне. Вось так прыходзіць першая любоў, Нібы паводка, бурна, нечакана. Свірка. Не знайсці мне спакою ні цёмнаю ноччу, ні днём, Бо любоў мяне мучыць і паліць пякельным агнём. Багдановіч. / Пра чалавека, які выклікае гэта пачуццё. Вось і любоў твая ідзе.
3. Цікавасць, схільнасць, цяга да чаго‑н. Любоў да педагагічнай справы. Любоў да мастацкага слова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зашы́цца, ‑шыюся, ‑шыешся, ‑шыецца; зак.
Разм.
1. Забрацца ў куток, зацішнае, глухое месца і пад.; схавацца, затаіцца. Усё шчыльней ахутваў лясістыя горы цёплы туман — гэта радавала .. [Івана], так лягчэй было зашыцца ў лесе. Быкаў. Хлапчук зашыўся ў куток на печы і сцішыўся. Пальчэўскі. // Апусціцца, паглыбіцца ў што‑н. Зашыцца ў пясок. □ [Алёша] зашыўся з галавою ў сухі мох, як вожык, і заплюшчыў вочы. Якімовіч. Пацешны буксір, зашыўшыся па самы нос у ваду, напінаўся з усіх сваіх сіл і весела цягнуў .. баржу. Лынькоў. // перан. Цалкам аддацца якому‑н. занятку. Зашыцца ў работу.
2. Не справіцца з вялікай колькасцю работы ў пэўны тэрмін; закапацца. — Угаварваў дырэктар пасядзець у аддзеле кадраў, — смяецца Кайдалаў. — Дапамажы, кажа, аформіць працоўныя кніжкі, а то мы зашыліся. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́ці, РДМ маці і мацеры, В маці і мацеру, Т маці і мацерай, ж.
1. Жанчына ў адносінах да народжаныя ёю дзяцей. Маці Міхасёва, Ганна Навумаўна, працавала на ферме даяркай. Якімовіч.
2. (звычайна ў прыдатку). Аб тым, што з’яўляецца самым родным і блізкім. Зямля-маці. □ Цябе не любіць немагчыма, Ты ў радасці, ў горы — свая, Вялікая маці-Радзіма, — Цудоўная песня мая. Хведаровіч.
•••
Маці-адзіночка — жанчына, якая ўтрымлівае самастойна пазашлюбнае дзіця і мае права на дзяржаўную дапамогу.
Маці-гераіня — ганаровае званне, якое прысвойваецца ў СССР жанчыне-маці, што нарадзіла і выхавала не менш дзесяці дзяцей; жанчына, якая мае гэта званне.
Гадзіцца ў маці гл. гадзіцца 1.
У чым маці нарадзіла — зусім голы, без ніякага адзення.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жыві́ць, жыўлю́, жы́віш, жы́віць; незак., каго-што.
1. Забяспечваць чым‑н. неабходным для нармальнай дзейнасці, развіцця. Жывілі падкормкай усходы, палолі палеткі не раз. Машара. // Быць для чаго‑н. крыніцай нармальнай дзейнасці, развіцця. Снег даўно сышоў, цёплыя дні жывілі зямлю. Чорны. // перан. Быць апорай, асновай для чаго‑н.; падтрымліваць што‑н. Жывіць душу зноў надзея, Сэрца цешаць песні рання... Колас. Рэвалюцыйны энтузіязм эпохі жывіў творчасць і творы пісьменнікаў. Адамовіч.
2. і без дап. Ажыўляць, бадзёрыць. З паходных кубкаў у сыноў Напіся ты вады. Яна жывіць. Броўка. // Мець лекавыя якасці; гаіць. — А жывакост, дзеткі, гэта значыць: жывіць косці, ажыўляе іх, — схамянуўшыся, дадае [бабка Аксіння]. Чарнышэвіч.
3. (у спалучэнні са словамі «стрэльба», «ружжо»). Не забіваць напавал, толькі раніць. Стрэльба жывіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)