разасла́ць 1, разашлю, разашлеш, разашле; ‑шлём, ‑шляце; зак., каго-што.
Паслаць, адправіць у розныя месцы. Разаслаць пісьмы. Разаслаць запрашэнні. □ Стараста разаслаў ганцоў ва ўсе куты вёскі Ямішчы. Колас. Зараз жа пасля нарады Грамабой разаслаў пасланцоў — дзяўчыну, жонку, Міколу. Крапіва.
разасла́ць 2, рассцялю, рассцелеш, рассцеле; зак., што.
1. Разгарнуўшы, паслаць на якой‑н. паверхні. Дзед разаслаў на траве пінжак і прылёг. Шашкоў. Першае, што Ніна зрабіла, — гэта паздзірала газеты з акон, са стала, фіранкі павесіла, настольнікі разаслала. Лобан. // Раскласці тонкім слоем па якой‑н. паверхні. — Ну, як там лён? — тонам гаспадара спытаў Віктар. — Увесь разаслалі? Кулакоўскі. // перан. Распаўсюдзіць на паверхні чаго‑н. Ранак выдаўся які! Паглядзі на гоні: Сонца, нібы ручнікі, Разаслала промні. Смагаровіч.
2. Разабраць для сну (пра ложак, пасцель). Думалася і нам выспацца. Мы і пасцелі разаслалі, і от.. прыселі пагаварыць. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свары́цца, сваруся, сварыліся, сварыцца; незак.
1. Распачынаць сварку з кім‑н., лаяцца з кім‑н. Сышліся бабы ды давай сварыцца, лаяць адна адну. Зарэцкі. Не хацелася Сцёпку з бацькам сварыцца. Колас. І не нясі, і не мілуй, А то з дарогі лёгка збіцца. І асцярожна! Не цалуй!.. Ну, як з табою не сварыцца! Танк. / у перан. ужыв. За ўтульны дамок на ліпе сварацца з вераб’ямі шпакі. Лужанін.
2. Крычаць на каго‑н., лаяць каго‑н. І калі сёння ўранні.. [камендант] сварыўся на Коўціка і гаварыў, што ёсць людзі, якія могуць яго замяніць на пасадзе начальніка раённай паліцыі, меў якраз на прымеце Шылахвоста... Сачанка. — Не паслухала! — зноў пачаў сварыцца на Улю бацька. — Ці бачылі, разумніца якая?! Паўлаў. Аднак маці, якая звычайна любіла, калі дачка лашчылася да яе, чамусьці злавала і сварылася на Люсю. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скамячы́ць, ‑мячу, ‑мечыш, ‑мечыць; зак., што.
1. Змяць, ператварыць у камяк. Скамячыць паперу. Скамячыць адзенне. □ Зіна з абурэннем скамячыла прачытанае пісьмо, кінула яго ў кут. Гамолка. Курачка скамячыў у руках кашулю, якую яшчэ не паспеў надзець. Чарнышэвіч. Ну што будзе, калі я скамячу з мякішу галачку і шпурну яе ў ночвы, дзе сястра будзе мыць бялізну? Грамовіч. // Шчыльна сціснуць, самкнуць; згарнуць. Хутаранец, скамячыўшы губы, схапіў .. [Уладзю] за плечы. Чорны. — Вось якія яны [барозны] твае!!! — і ахоплены дзікай злосцю, Кузьма скамячыў здаровую фігу і з сілаю сунуў Петраку ў нос. Нікановіч.
2. перан. Сказіць, сапсаваць. Шум галасоў скамячыў.. словы [Карпуся]. Баранавых. Незнаёма-металічны тон рашучага загаду і кулямётная чарга адразу скамячылі ўсе яго гарачыя пачуцці. Паслядовіч. Аб’езд першага ўчастка не пагоршыў, не скамячыў таго радаснага настрою, які пакінуў пасля сябе другі ўчастак. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стаго́ддзе, ‑я, н.
1. Прамежак часу ў сто гадоў; век. Дваццатае стагоддзе. Мінулае стагоддзе. □ [Гопкель] ведаў характар людзей, якім даюць .. адказныя заданні. Не дарма ж ён вывучаў іх на працягу чвэрці стагоддзя. Шамякін. Літаратурнай дзейнасць Змітрака Бядулі пачалася ў пачатку дваццатага стагоддзя. Каваленка. Дрэвы — да сонца, Людзі — да волі Цягнуцца праз усе стагоддзі. Барадулін. // Вялікі, неакрэслены прамежак часу; глыбокая даўніна. Ну што ж, я і з гэтым міруся, Вайне не стагоддзі грымець. Астрэйка. Можа гэта казка ці паданне Нашай фантастычнае зямлі... Паміж стэпаў у стагоддзях даўніх Скіфы легендарныя жылі. Панчанка. Закрыеш вочы і дзіўныя вобразы адзін за адным лунаюць у карагодзе бясконцым, у карагодзе, сатканым з красак стагоддзяў. Лынькоў.
2. Стогадовы юбілей каго‑, чаго‑н. Стагоддзе універсітэта. Стагоддзе завода. □ Усё прагрэсіўнае чалавецтва ўрачыста адзначыла стагоддзе з дня нараджэння У.І. Леніна. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узбудзі́ць, ‑буджу, ‑будзіш, ‑будзіць; зак., каго-што.
1. Заставіць прачнуцца; разбудзіць. Ноч мінула. Надышла раніца. Холад узбудзіў амаль усіх. Чарот. [Сябар:] — Ну, што, Антоні, рыбу вудзіш? Заснеш, брат, потым і не ўзбудзіш. Колас. / у перан. ужыв. І вялікае жаданне ў людзей даць спаўна энергіі гораду, азарыць, узбудзіць тайгу. Мыслівец.
2. Паставіць, вынесці што‑н. на абмеркаванне, вырашэнне. Пецярбургская судовая палата ўзбудзіла супраць суполкі [«Загляне сонца і ў наша вакенца!»] судовую справу. Семашкевіч.
3. перан. Давесці да нервовага або прыўзнята-нервовага стану; усхваляваць. Аднак была ў ім [гэлефонным званку] і такая вестка, якая вельмі ўзбудзіла Дзяніса Рыгоравіча, прымусіла разгубіцца, пазбавіцца на імгненне дару мовы. Харкевіч.
4. перан. Выклікаць, абудзіць (пачуцці, думкі, стан і пад.). Узбудзіць рэўнасць. Узбудзіць апетыт. □ Адчуўшы, што ўзбудзіла ў маладым шафёру цікавасць, маладзіца .. выняла люстэрка і какетліва паправіла спадаўшыя на лоб завіткі. Хадановіч. Незвычайнае начное жніво ўзбудзіла ў Зінінай душы .. ўспаміны. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. уліп, ‑ла; зак.
1. Папасці ў што‑н. ліпкае, вязкае, прыстаць да чаго‑н. ліпкага, клейкага. Уліпнуць у смалу.
2. перан. Разм. Трапіць у непрыемнае, нялёгкае становішча; папасціся. — Аднак і ўліплі мы, браткі, з гэтым хлебам... — сказаў нехта з нас. Лынькоў. [Пан Вячорык:] — Дзейнічаць вам [агентам] трэба асцярожна, каб самім не ўліпнуць. Машара.
3. Разм. Шчыльна прытуліцца, прыпасці да чаго‑н. Высокі стары.. так даў Валі дарогу прайсці, што аж уліп плячыма ў сцяну І забраў з яе на сябе траха не ўвесь мел. Чорны. Арцыховіч уліп у зямлю і падрыхтаваўся да стральбы. Алешка.
4. Разм. Добра аблегчы, прыстаць (пра адзенне, абутак). Бот юхтовы — толькі скрып Ад новага бота, Да нагі ён проста ўліп — Чыстая работа. Бялевіч.
•••
Уліпнуць у гісторыю — тое, што і уліпнуць (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цемната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
1. Адсутнасць святла, асвятлення; цемра. Пад сховай цемнаты Нам даставілі пасылкі, Тэлеграмы і лісты. Глебка. За цемнатою цяжка было разглядзець, колькі зараз часу. Гартны. // Пра цёмнае, неасветленае месца, прастору. За колькі крокаў ад Лабановіча, вынырнуўшы з цемнаты, без шуму, як цень, выступіла жаночая постаць. Колас.
2. перан. Культурная адсталасць; невуцтва. Наша маладосць Не ведае ніякай цемнаты, Бо ёй Кастрычнік асвятліў шляхі, Высока ўзняўшы палымяны сцяг. Смагаровіч. І спектаклі — от яны куранёўскія спектаклі! Толькі ж і тут — рэлігія цемнатою людской пакарысталася! Мележ. Нашы дзед і бабуля так і памерлі ў цемнаце, а я атрымаў асвету і працую за станком. Гарбук. // Разм. Пра недасведчанага або малаадукаванага чалавека. — Няўжо вы дагэтуль нічога не ведаеце?.. От жа цемната, ну што ты скажаш! — незласліва засмяяўся чалавек. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́зва, ‑ы, ж.
1. Гнойная або запалёная ранка на скуры ці слізістай абалонцы. Язва страўніка. Язва дванаццаціперснай кішкі. □ Высветлілася, што ў чалавека язва, прычым у такім становішчы, што прыйшлося неадкладна рабіць аперацыю. «Звязда».
2. Уст. Мор, эпідэмія.
3. перан. Пра якія‑н. адмоўныя, шкодныя з’явы ў грамадскім жыцці. З высокім пачуццём чалавека новай, сацыялістычнай маралі паэт выкрывае язвы капіталістычнага горада. Гіст. бел. сав. літ.
4. перан. Разм. Пра злога, шкадлівага, з’едлівага чалавека. Ну і язва ж ты. □ [Варавы:] А як з тою варажбіткай, Праксэдай? [Алена:] Вось толькі яна нам і стаіць упоперак горла косткай. Зазер’е наша на ўвесь раён.., на ўсю вобласць добрымі справамі славіцца, і толькі гэта язва ўсё нам псуе. Краўчанка.
•••
Моравая язва (уст.) — эпідэмія, якая выклікае вялікую смяротнасць.
Сібірская язва — заразная хвароба буйной рагатай жывёлы, авечак, коней, на якую часам хварэюць і людзі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́сна,
1. Прысл. да ясны.
2. безас. у знач. вык. Пра добрую бясхмарную пагоду. На небе было ясна. Чарнышэвіч. Хмары яшчэ больш разышліся на небе, вадзяны пыл апаў, стала зусім ясна. Лупсякоў. Едзе восень на рабым кані, Тут дажджы ліюць, а тут і ясна. Астрэйка. // Пра наяўнасць дзе‑н. святла; празрыста, светла. Кусты і трава.. слухалі звонкую музыку крышталёва-чыстага патоку. Тут было ціха, ясна і радасна. Самуйлёнак.
3. безас. у знач. вык. Зразумела, відавочна. Усё было ясна. Усё акрэслена. Усё безумоўна. Ні сумненняў, ні мрояў, ні дзіўных сноў... Кірэенка. // Пра здольнасць лагічна, свядома мысліць, успрымаць што‑н. На душы было светла, у галаве ўсё ясна. Ермаловіч.
4. у знач. пабочн. Несумненна, безумоўна, вядома. І куды ж Андрэй Шэмет можа ісці на Устроні? Ну ясна, у райком. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
яць, ‑я, м.
Назва літары «ѣ» у царкоўнаславянскім і дарэвалюцыйным рускім алфавіце, што абазначала гук, які пазней у беларускай мове супаў з «е». Шыльды з цьмянымі залачонымі надпісамі, часамі яшчэ з цвёрдымі знакамі і яцямі, старанна абвяшчалі, што за аднымі дзвярыма знаходзіцца майстэрня гадзіннікаў, за другімі — бакалея. Скрыган. Думаеце, сапраўдная грамата такая лёгкая. Не, ты спачатку папацей, патлумі сабе галаву, каб у яе ўвайшло, дзе трэба «яць» паставіць, дзе «фіту». Навуменка.
•••
На яць хто-што — вельмі добры, выдатны па сваіх якасцях. [Васіда:] — Вось, прашу! Дакуменцікі на яць! Лепш, чым сапраўдныя... С. Александровіч.
На яць (рабіць, зрабіць што‑н.) — вельмі добра, беззаганна, як патрабуецца. — Ну як жа, хлопцы, рэйд? Усё ў парадку, Міхась? — апошнім запытаннем звяртаецца.. [дзядзька Мірон] да свайго брыгадзіра. — На яць! А то што ж бы мы за гаспадары з табою былі? Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)