разасла́ць 1, разашлю, разашлеш, разашле; ‑шлём, ‑шляце; зак., каго-што.
Паслаць, адправіць у розныя месцы. Разаслаць пісьмы. Разаслаць запрашэнні. □ Стараста разаслаў ганцоў ва ўсе куты вёскі Ямішчы. Колас. Зараз жа пасля нарады Грамабой разаслаў пасланцоў — дзяўчыну, жонку, Міколу. Крапіва.
разасла́ць 2, рассцялю, рассцелеш, рассцеле; зак., што.
1. Разгарнуўшы, паслаць на якой‑н. паверхні. Дзед разаслаў на траве пінжак і прылёг. Шашкоў. Першае, што Ніна зрабіла, — гэта паздзірала газеты з акон, са стала, фіранкі павесіла, настольнікі разаслала. Лобан. // Раскласці тонкім слоем па якой‑н. паверхні. — Ну, як там лён? — тонам гаспадара спытаў Віктар. — Увесь разаслалі? Кулакоўскі. // перан. Распаўсюдзіць на паверхні чаго‑н. Ранак выдаўся які! Паглядзі на гоні: Сонца, нібы ручнікі, Разаслала промні. Смагаровіч.
2. Разабраць для сну (пра ложак, пасцель). Думалася і нам выспацца. Мы і пасцелі разаслалі, і от.. прыселі пагаварыць. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)