абадра́ць, абдзяру, абдзярэш, абдзярэ; абдзяром, абдзераце; зак., каго-што.

1. Здзерці з усіх бакоў, з усёй паверхні чаго‑н. верхні слой, пакрыццё і пад.; абдзерці. Абадраць кару. □ Да абеду гумно абадралі: свіцілася голае — сохамі, кроквамі, рабрынамі жэрдак. Мележ. // Падрапаць руку, твар і пад. Драпануў Вараны ў кусты направа, абадраў аб каравы пень на баку скуру і залапатаў капытамі ўніз, к рэчцы. Чорны.

2. перан. Разм. Тое, што і абабраць (у 2 знач.).

•••

Абадраць (абдзерці, абабраць, аблупіць) як ліпку — адабраць усё начыста, аграбіць. Айда, мурзатыя, на працу! Што? Яны нас хутка абдзяруць, як ліпку! Лынькоў.

Абадраць як сідараву казу — абадраць, абабраць поўнасцю, цалкам. А Мікіцёнак учора каня купіў у Даўгінаве, але кульгавы, падла, і Мікіцёнак усунуў сорак рублёў цыгану, чорту лысаму. Абадралі як сідараву казу. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кро́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Маленькі кусочак, дробная часцінка чаго‑н. Хлебныя крошкі. □ Па абрусе растрэсены крошкі французскага торта. Баранавых. Разам з дымам Ходас суха сплюнуў з языка крошку горкага тытуню. Адамчык. // зб. Здробненая маса якога‑н. рэчыва. Тарфяная крошка. □ [За клумбай] — кветкавы дыван, перарэзаны чырвонай дарожкай з цаглянай крошкі. Шамякін.

2. Разм. Пра дзіця, маладую істоту. І нават крошка Соня І тая пахвалілася: — І я сама сягоння Вунь чыста як памылася! Шуцько.

3. у знач. прысл. кро́шку. Разм. Трошкі, нямнога. Яўсей гэтага коціка неяк палюбіў: то малака яму налье ў сподак, то мяса з баршчу падкіне крошку. Сабаленка.

•••

Да крошкіпоўнасцю, зусім (расходаваць, аддаць што‑н. і пад.).

І крошкі падабраць гл. падабраць.

Ні крошкі — ніколькі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напо́ўніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

1. Зрабіць поўным, запоўніць да верху. Сейбіты спрытна напоўнілі сеялку насеннем, і вось ужо агрэгат рушыў наперад. «Звязда». Бурмакоў сабраў узоры пяску, у некалькіх месцах адбіў кавалкі камяністых парод, напоўніў колбы паветрам і пайшоў да ракеты. Шыцік. // Заняць сабой поўнасцю. Ужо немцы напоўнілі .. сенцы, ужо білі ў дзверы другога паверха. Чорны. // Насыціць, запоўніць (пахамі, водарам, гукамі і пад.). Прынясе бацька з сенцаў загадзя падрыхтаванае бярэмя духмянага сена, і адразу ўсю хату напоўніць водар скошаных траў і красак. Машара. Вясёлы, дружны шум уварваўся ў школу, звонкія, шчаслівыя дзяціныя галасы напоўнілі ўвесь дом. Колас.

2. перан. Запоўніць, заняць цалкам (пра думкі, пачуцці і пад.). Прырода, вясна і маладосць напоўнілі .. [хлопцаў] жыццярадаснасць. Маўр. Тое, што .. [Булгак] тут убачыў, напоўніла яго сэрца радасцю з гордасцю. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. што, а таксама з чым і з інф. Давесці выкананне чаго‑н. да канца; завяршыць. Кончыць жніво. Кончыць з рамонтам. Кончыць пісаць. □ Хлопцы кончылі сваю работу і пайшлі дамоў. Колас. // што. Поўнасцю расходаваць. Кончыць усё мяса.

2. што, чым. Зрабіць што‑н. у заключэнне, закончыць чым‑н. Кончыць выступленне заклікамі. // Закончыць сваю дзейнасць, жыццё пэўным чынам; зрабіць што‑н. у канцы жыцця. Яшчэ так не было на свеце, Каб іуда кончыў, як чалавек, жыццё. Танк.

3. што. Закончыць навучанне дзе‑н. Кончыць універсітэт.

4. што, а таксама з чым і з інф. Спыніць што‑н.; палажыць канец чаму‑н. Кончыць гулянкі. Кончыць з прагуламі. Кончыць бяздзейнічаць.

5. каго. Разм. Звесці са свету; загубіць.

•••

Дрэнна (кепска) кончыць — пра ганебны канец чыйго‑н. жыцця або дзейнасці.

Кончыць жыццё — памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ёсць 1,

1. Форма цяпер. часу ўсіх асоб адз. і мн. ліку дзеяслова «быць». Люба адчула, што яна не адзінокая, што каля яе ёсць свае, родныя людзі. Шамякін. [Хлопцы] не захацелі, каб Аня праводзіла: самі знойдуць, карты і компас ёсць. Мележ.

2. Служыць звязкай у састаўным іменным выказніку. — Як не пазнаць! — сказаў стары. — Ты ёсць Наш стараста... З. Астапенка.

3. Ужываецца як вокліч радасці, задаволенасці з прычыны якой‑н. удачы. Ёсць! Трапіў якраз у цэль.

•••

Так і ёсць гл. так.

Што (колькі) ёсць духу гл. дух.

Як ёсць — усё, поўнасцю, цалкам. Ці добра мне, ці кепска мне, Я ўсё, як ёсць, перажыву. Астрэйка.

ёсць 2, выкл.

Адказ падначаленага камандзіру, які абазначае: зразумела, будзе выканана. — Адно аддзяленне накіруй праводзіць абоз, а тры — да мінёраў.. Сам, вядзі аддзяленне. — Ёсць! Можна ісці выконваць? М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павыхо́дзіць, ‑дзіць; ‑дзім, ‑дзіце, ‑дзяць; зак.

1. Выйсці адкуль‑н., пакінуць межы чаго‑н. — пра ўсіх, многіх. Партызаны павыходзілі з лясоў. □ Людзі павыходзілі з зямлянак, рассыпаліся па лесе. Шамякін. // Прарвацца, прабіцца адкуль‑н. поўнасцю або ў вялікай колькасці. Павыходзіць з акружэння. // Пакінуць месца знаходжання дзе‑н. — пра ўсіх, многіх. Некаторыя з.. [сяброў па былому падполлю] толькі ў верасні трыццаць дзевятага павыходзілі з санацыйных астрогаў. Брыль.

2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.); перан. Быць выдадзеным, надрукаваным — пра ўсё, многае.

3. Прыйсці куды‑н., апынуцца дзе‑н. — пра ўсіх, многіх. Павыходзіць на суботнік.

4. Выйсці (замуж) — пра ўсіх, многіх. Удава Пагуляйская не мела сыноў, а дочкі павыходзілі замуж, апрача меншай, што яшчэ хадзіла ў.. дзесяцігодку. Грамовіч.

5. Разм. Стаць, зрабіцца кім‑, чым‑н. — пра ўсіх, многіх. [Вейс:] — Бач, колькі.. [маладых] не то што ў памочнікі, а ў машыніст павыходзіла. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насе́нне, ‑я, м.

1. Зачатак вышэйшых раслін, які складаецца з зародка і абалонкі; семя, зерне. Асноўным кормам вавёркі з’яўляецца насенне елкі і сасны. «Весці». З насення толькі адной шышкі цэлы барак мог бы зашумець на ветры. Ігнаценка.

2. зб. Зерні раслін, прызначаныя для пасеву. Насенне жыта. Пратручваць насенне. □ У новым калгасным гумне гула і пастуквала арфа: перапускалі насенне. Чорны. // Часткі раслін (клубні, цыбуліны і пад.) або цэлыя расліны, прызначаныя для пасеву. Пакінуць бульбы на насенне. □ Выспявала думка сёлетні пасеў канюшыны поўнасцю пакінуць для насення. Асіпенка.

3. перан. Пачатак чаго‑н.; тое, што мае ўплыў, уздзеянне. Падумалася, што і я некалі пасеяў добрае насенне ў сэрцы Уладзіміра. Кавалёў. [Нявідны] поўнаю жменяю сее насенне буры і нянавісці да класавых ворагаў. Колас.

4. перан. Разм. Нашчадкі каго‑н. — Мы дарэмна тут загінем І насення не пакінем, — Кажа большая дачка. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уле́гчы, улягу, уляжаш, уляжа; уляжам, уляжаце, улягуць; пр. улёг, улегла і улягла, улегла і улягло; заг. уляж; зак.

Разм.

1. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Улегчы ў навуку. □ [Андрэй] сапраўды гэтак улёг у работу, што нават не глядзеў па баках. Савіцкі. Ціхон прамаўчаў, выкарпаў з гэбля стружку і зноў улёг габляваць. Лобан.

2. перан. Уцягнуцца ў што‑н., набыць моцную схільнасць да чаго‑н. Дзівак, дзівак, нарэшце, растлумач ты: Чаго ты падарожнічаць улёг? Панчанка.

3. Кінуцца наўздагон за кім‑, чым‑н. І раптам пад самымі нагамі прашмыгнула рудая вавёрка. Нават не памятаў Алесь, як улёг за ёй. Ваданосаў. // Накіравацца ў якім‑н. напрамку. [Самалёты] доўга ішлі над лесам. Змянілі курс над нейкай леснічоўкай і ўляглі на поўдзень. Лінія іхняга палёту была ламаная, часам пакручастая. Алешка.

4. Пачаць заляцацца да каго‑н. Не на жарты [Галаўня] ўлёг за Клавай. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

То́бто ’няўжо’ (ТС), ’каб’ (Мат. Гом.), то́бто, то́пто ’праўда’ (ПСл), то бо й то ’ды і то праўда’ (Некр. і Байк.), тобойто́поўнасцю з табой згодзен, згода’ (стол., Нар. ск.), то́бтомо ’напэўна’ (Сл. Брэс.), то‑бо‑то, то‑бо‑то́‑што ’вось так, як бы так’ (Некр. і Байк., Байк. і Некр.), то́‑бок ’гэта значыць’ (ТСБМ; Беларусіка, 19, 227), тож‑ба‑то ’у тым-та і справа’ (Стан.), то́ж бо ’тс’ (Федар. 4), то́ж‑то ’вось жа’ (Яруш.); то́ж‑бы‑то ’патакванне’ (Варл.), у свабодным спалучэнні ото бо ж то ’тс’ (Сержп. Прык.), ст.-бел. тоб, тобы ’тады б, калі б’ (Ст.-бел. лексікон), тобы ’як бы’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. то́бто ’гэта значыць’. У складзе элементы то‑, ‑то (гл. то1), ‑бо‑ (‑б‑, ‑ба‑, гл. бо), ‑бы (гл. бы), ‑й‑ (гл. і), ‑мо (гл. мо), ‑што (гл. што), ‑ж‑ (гл. жа); не вызначаным да канца застаецца паходжанне элемента ‑бок, вядомага і ў самастойным ужыванні, параўн. у адваротным спалучэнні raj, czy bok to niebiesnyje warota (Пятк. 2), якое Краўчук (ЭСБМ, 1, 367) у значэнні ’маўляў’ параўноўвае з укр. бак, пак ’потым, але, ж’, польск. bak (ад bakać ’гаварыць, нагаворваць’, гл. Брукнер, 12), што сустракаецца з пэўнымі фанетычнымі цяжкасцямі. Магчыма дапусціць спалучэнне бо‑ і ‑ка або ‑к, параўн. ту́така, чэш. дыял. tadyk ’тады’ і інш.; адносна апошніх гл. ESSJ SG, 1, 316–317. Параўн. форму з аканнем табатош, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спусці́ць, спушчу́, спу́сціш, спу́сціць; спу́шчаны; зак.

1. каго-што. Перамясціць зверху ўніз.

С. вяроўку.

С. бульбу ў склеп.

2. што. Паставіць на ваду (пра судна).

С. новы карабель.

3. каго-што. Пусціць, вызваліўшы ад прывязі.

С. сабаку з ланцуга.

4. што. Пераслаць, накіраваць што-н. у ніжэйшую арганізацыю.

С. распараджэнне.

С. план.

5. што. Выпусціць пару, вадкасць і пад. адкуль-н.

С. пару з катла.

С. ваду з радыятара.

6. што. Вызваліць (якую-н. ёмістасць) ад вадкасці, газу і пад.

С. балон.

С. камеру мяча.

7. што і без дап. Палягчэць у вазе (разм.).

С. кілаграмаў пяць.

8. што. Вызваліць з замацаванага становішча (пра дэталі механізмаў).

С. курок.

9. што. Спілаваўшы, паваліць (пра дрэва; разм.).

С. дзве бярозы.

10. перан., каго-што. Поўнасцю збыць, прадаць.

С. гаспадарку.

С. грошы (зрасходаваць).

11. што і без дап. Збавіць цану.

С. колькі рублёў.

12. перан., што і без дап. Пакінуць без пакарання які-н. учынак.

Гэтай правіннасці нельга с.

Спусціць з вока каго (разм.) — перастаць назіраць, сачыць за кім-н.

Спусціць юху (разм.) — разбіць нос да крыві.

|| незак. спуска́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. спуска́нне, -я, н. (да 1—8 знач.) і спуск, -у, м. (да 1—3, 9, 10 і 12 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)