зрэ́заць, зрэжу, зрэжаш, зрэжа; зак., каго-што.

1. Аддзяліць якім‑н. рэжучым інструментам. Зрэзаць кветкі з клумбы. Зрэзаць мазоль. □ Шура зрэзаў дзве арэшыны, аздабляе палкі ўзорамі. Навуменка. // Спілаваць. Зрэзаць сасну. // Збіць, сарваць, аддзяліць (ударам, стрэлам, выбухам і пад.). Адна міна, выбухнуўшы паблізу акопчыка, як касой, зрэзала палову алешыны. Мележ. Ноччу раптам сарваліся з прычала плыты, як брытвай, зрэзалі адзіны праз раку пантонны мост. Асіпенка. // Зняць няроўнасць або частку якой‑н. паверхні, зрабіць выемку ці скос на чым‑н. У гэтых курганах мы і зрабілі цір, ці, як называе яго Сяргей, палігон. Зрэзалі рыдлёўкамі схіл аднаго кургана, паставілі дошкі, абгарадзілі пляцоўку чырвонымі сцяжкамі. Жычка. // перан. Разм. Скараціць ці паменшыць памеры чаго‑н. Зрэзаць ліміты. □ На лаўках у куце лаяліся, відаць, рабочыя леспрамгасцы ў замасленых.. і старых фуфайках, — некаму недзе зрэзалі прагрэсіўку. Пташнікаў.

2. Пакрыць паглыбленнямі, палоскамі; спаласаваць. Канавы зрэзалі ўсё поле. □ Там, дзе гай бярозавы З песняй салаўінаю, Хтосьці ўсю дарожаньку Зрэзаў каляінамі. Дзеружынскі.

3. Парэзаць усё, многае для якой‑н. мэты. Зрэзаць салому на корм жывёле.

4. перан. Забіць стрэлам. — Падпусціў я іх як мага бліжэй, — лясь! — і няма аднаго. Другі назад кінуўся, але не дабег да траншэі, яго сержант Леўкін зрэзаў. Корбан.

5. Моцна збіць, адсцябаць. — То глядзі ж, — паўтарыў .. [бацька] яшчэ раз, — каб ні гуку, бо зрэжу да смерці... Дайліда.

6. Разм. Паставіць нездавальняючую адзнаку. Юзіку таксама хацеў [бацька] даць.. прафесію, але таго «зрэзалі» на выпускных экзаменах. Пальчэўскі.

7. Падаць мяч рэзаным ударам. Зрэзаць падачу.

•••

Зрэзаць круг (паваротку) — пайсці напрасткі, каб скараціць шлях. Чалавек другі раз ідзе па той самай дарозе. Ён зрэжа павароткі, дзе што пераступіць, а дзе што абыдзе. Ермаловіч.

Зрэзаць на горкі яблык — тое, што і збіць на горкі яблык (гл. збіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спры́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Якому ўласцівы фізічны спрыт; лоўкі, паваротлівы. Сам [хлапчына] высокі, спрытны, стройны, да работы ўсякай здольны. Дубоўка. З усіх каралінскіх хлопцаў .. [Рыгор і Мікодым] былі самыя спрытныя і не баяліся лазіць на ясакар. Сабаленка. Валя ўсім падабаецца. Спрытная, усё ў яе руках гарыць. Ермаловіч. / Пра рукі, пальцы. Часам хто і слабейшы, ды спрытнай рукой зробіць больш за дужэйшых. Дубоўка. Прыемна было пазіраць, як пад спрытнымі пальцамі ў .. [маці] расцвітаюць васількі, рамонкі, сплятаюцца ў вянок. Карпаў. // Які валодае спрытам, уменнем (у якой‑н. галіне). Міхась Кірылавіч быў не надта спрытны лыжнік, ды яшчэ на пачатку крыху прыхінуўся, што не ўмее. Шамякін. Заўжды дзіўнаградцы — Племя заўзятых — І ў працы, і ў танцах Спрытныя надта. Калачынскі. Мабыць, найбольш гаваркі, вясёлы і спрытны на словы быў сёння Віктар. Зарэцкі. // Зроблены, выкананы са спрытам, уменнем; лоўкі. Віця доўга любавалася спрытнай работай Івана Харытонавіча. Новікаў. Вось .. [Мая] нагінаецца, бярэ рыбіну з вялікага каша, кладзе на стол, два спрытныя ўзмахі нажом — і рыбіна гатова. Дуброўскі. Паляўнічы спрытным рухам закінуў стрэльбу за плячо, падбег да здабычы. Гамолка.

2. Разм. Акуратны, зграбны. Спрытная постаць. □ А нос... я глянуць мушу ў неба, Бо не патраплю, як пачаць І з чым нос дзядзькаў параўнаць, Каб выйшаў ён такі, як трэба: Ну, нос кароткі і таўсматы, Ды досыць спрытны, хоць кірпаты. Колас.

3. Які лёгка знаходзіць выхад з цяжкага становішча; кемлівы, знаходлівы. Сцяпан Фёдаравіч выявіў сябе спрытным камандзірам і энергічным чалавекам. Мележ. // Неадабр. Прадпрымальны, абаротлівы. Спрытнаму на розныя махінацыі і гешэфты Хурсу добра шанцавала. Кудраўцаў.

4. Разм. Добры, зручны ў карыстанні (пра рэчы, прадметы). Спрытная сякера. □ Боты спрытны, за калені. Рог — бы чортава рабро. Завяршала ўсё адзенне Тое гордае пяро. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Кідаць, шпурляць што‑н. Сёння Данька больш клапаціўся аб дзяўчатах. Ён паказваў, як лепш укалупіць гной на вілкі, як шыбаць праз акно на двор, не дужа торгаючы рукамі. Ермаловіч. // перан. Разм. Хутка, нядбайна гаварыць, вымаўляць (словы, рэплікі, заўвагі і пад.). Потым, мабыць, зразумеў [Максім] і чамусьці ўзлаваўся — пачаў злосна шыбаць словы. Шамякін.

2. Хутка, з вялікай сілай узлятаць угару; шугаць (пра полымя, дым і пад.). Шыбалі ўгару цёмныя стаўбуры дыму, вогненна бліскала полымя. Мележ. Полымя шыбае ўверх роўна, бо ў густым бярэзніку не праймае вецер. Пестрак. / у перан. ужыв. Гараць вераснёвыя ночы У неба шыбае агонь. Пушча. // Распаўсюджвацца, пранікаць куды‑н. Праз новыя крокаў трыста агонь ужо шыбаў па страсе. Чорны. Полымя шыбае праз дзверкі, гудуць паддувалы... Барашка. // безас. перан. Раптоўна ўрываючыся, дзейнічаць з вялікай сілай на каго‑н. У нос шыбала рэзкім пяньковым пахам, кастрыца абсыпала твар і калолася за каўняром. Быкаў. // перан. Налівацца чырванню, палымнець. [Каця] не спалохалася, пачуўшы, што ў скроні гулка забіла кроў, а твар шыбаў полымем. Алешка. // безас. перан. Выклікаць які‑н. стан. [Цобель:] Ну, уцягнуў ты мяне ў гісторыю!.. То ў холад, то ў пот шыбае! Мележ.

3. Разм. Хутка рухацца, ісці, ехаць і пад.; шыбаваць. — Ты вось што, — сказаў.. [гаспадарцы], — бяры сваіх памочніц і шыбай да машыны. Лупсякоў. А вечарком мы выпускалі У паветра белых галубоў. Зрабіўшы некалькі кругоў, У вышыню яны шыбалі. Багдановіч. Гутарка зацягнулася, і мы, выбраўшы зручны выпадак, пакінулі шумную кампанію паэтаў і ўжо шыбалі маскоўскім трамваем да Парку культуры і адпачынку імя М. Горкага. Хведаровіч. // Падаць, ісці (пра дождж, снег, град). Мяккі, пульхны, нібы з ваты, Мітуслівы і таўсматы З неба снег шыбае. Гілевіч.

4. Вельмі хутка расці. Вунь як трава шыбае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яно́, яго́, яму́, яго́, ім, аб ім; займ. асаб. 3 ас. адз. н.

1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка ніякага роду адзіночнага ліку, які ў папярэднім кантэксце абазначае прадмет гаворкі. Люблю, як шуміць жыта Сваім вусатым калоссем. Шуміць, смугою спавіта, Што зернем яно налілося. Шымук. Бярэ на повад свёкар Цыбатае цяля. Яно глядзіць здаля Сваім тужлівым вокам. Голуб. У садку, на самай сярэдзіне, уцалела адна яблыня. Лісце яе, праўда, прыхапіла агнём, яно завяла. Якімовіч. // (у спалучэнні са словам «само»). Іменна тое, а не іншае; тое самае.

2. У спалучэнні з часціцай «вось» набывае ўказальны характар. Вось яно, тлумачэнне.

3. Ужываецца з пабочнымі словамі і ў безасабовых сказах у знач. узмацняльнай часціцы. [Яўхім:] — Праца, яно, вядома, нялёгкая, але заробак ёсць. С. Александровіч. — Яно добра маразком пагрэцца. Зарэцкі. // у знач. наз. яно́, яго́, н. Тое, што і гэта (у 4 знач.). [Голас:] — Куды, маладзічка, ідзеш? — Наташа спалохана азірнулася. — А ты не бойся. От ужо напалоханая... Ды яно ўсе цяпер такія. Асіпенка. // у знач. наз. яно́, яго́, н. Паказвае на якія‑н. акалічнасці, з’явы, падзеі і пад., пра якія ідзе гутарка, якія знаходзяцца перад вачамі. Садзімся сабе ў сваю машыну і едзем. Яно і добра. Корбан. Здарылася яно неяк так, што [Галя] расла адна. Ермаловіч.

4. Ужываецца ў значэнні займенніка «гэта», паказваючы на што‑н. раней названае, упамянутае. Мне кажуць, што старасць прыгнула мяне, Не тое гавораць, не так яно, не! А. Александровіч. / У спалучэнні з часціцай «і». Так яно і ёсць: палонка. «Ну і разява», у думках аблаяў сябе Дзімка. Аляхновіч. Яно і крыўдаваць не было на каго. Кавалёў.

•••

Вось яно што! Вось яно як! гл. вось ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́ле, ‑я, н.

1. Абшар зямлі, прызначаны, прыгодны для ворыва. Балеслаў стаяў у самым лесе, на мяжы з полем. Чорны. Па той бок Нёмана лугі ідуць, а за лугамі — лес і поле. Колас. // Засеяны або падрыхтаваны да пасеву ўчастак зямлі. За садам разгортвалася вялікае поле канюшыны. Бядуля. Малашонак доўга не здаваўся, але ўсё ж штучнае ўгнаенне зааралі ў глебу разам з гноем, рыхтуючы поле пад кукурузу. Ермаловіч. // чаго або якое. Вялікі абшар, прастора, накрытая чым‑н. [Маечка] потым доўга расказвала бацьку, як яны хутка імчаліся па дарозе, як з-пад капытоў каня ляцеў іскрысты снег, як прыгожа блішчыць за вёскай снежнае поле. Краўчанка. // чаго або якое. Прастора, прызначаная для чаго‑н.; пляцоўка. Лётнае поле. Футбольнае поле.

2. Спец. Прастора дзеяння якіх‑н. сіл. Электрычнае поле. Магнітнае поле.

3. перан.; чаго або якое. Галіна, сфера (якой‑н. дзейнасці, заняткаў і пад.). З гадамі ж увогуле поле дзейнасці для будаўніка ў вёсцы стане неабмежаваным. Хадкевіч. «Вось дзе багатае поле для гераічных учынкаў», — думаў ён. Шамякін.

4. Фон, на якім нанесены ўзоры. Тканіна з узорам на атласным полі. Паркаль у белыя гарохі на чырвоным полі.

5. звычайна мн. (палі́, ‑ёў). Вузкія чыстыя палоскі па краях аркуша, кнігі, сшытка, рукапісу і пад. Потым сеў і стаў чытаць кнігу.., робячы на палях нейкія паметкі. Гурскі. На вялікіх палях з нядбайна абарванымі краямі.. [Валя] піша папраўкі мікраскапічнымі літарамі. Асіпенка.

6. толькі мн. (палі́, ‑ёў). Шырокі бераг капелюша. [Мінгрэл] быў невялікага росту, і першае, што кідалася ў вочы, — гэта яго шырокі чорны капялюш з абвіслымі палямі. Самуйлёнак.

•••

Аперацыйнае поле — участак цела, на якім робіцца аперацыя. Коўбец прыняў з рук другой памочніцы вузкі нож і, нахіліўшыся над аперацыйным полем, спакойным рухам зрабіў разрэз. М. Ткачоў.

Аднаго поля ягады гл. ягада.

Поле зроку — а) прастора, якую бачыць вока; б) перан. круг інтарэсаў, кругагляд.

Шукаць ветру (лавіць вецер) у полі гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́яцца, ба́ецца; незак.

Зал. да баяць (у 1 знач.).

бая́цца, баю́ся, баі́шся, баі́цца; незак.

1. Адчуваць страх; апасацца каго‑, чаго‑н. [Спаткай:] — Сядзелі ў зямлянках, грызлі сухары і носа баяліся вытыркнуць. Навуменка. Жыў некалі адзін пан, ды такі злосны, што бяда: ніхто не мог яму дагадзіць. Усе яго баяліся, як чорта. Якімовіч. // Знаходзіцца ў стане трывогі. У Ванды закружылася галава. Яна баялася, каб не страціць прытомнасць. Мяжэвіч. // Непакоіцца за каго‑, што‑н. За Валодзіка.. [Змітрок] менш баяўся. Бажко. // Пазбягаць каго‑, чаго‑н. непрыемнага. Баяцца сустрэчы. □ [Мацей Кулеш:] — Воўкам ты жывеш, кума. Жывых людзей баяцца стала. Шамякін. // Не адважвацца на што‑н.; не хацець узяцца за якую‑н. справу; пасаваць перад цяжкасцямі. [Ігнась] баяўся зрабіць непрыемнае сябру сваімі словамі. Мурашка. На якую хвіліну ў хаце ўсталявалася такая ўрачыстая цішыня, што кожны, здавалася, баяўся парушыць яе сваім дыханнем. Лынькоў. [Заатэхнік:] — Я так і ведала. Значыць, баіцеся паходзіць каля фермы. Сергіевіч. // З цяжкасцю пераносіць што‑н. [Чалавек:] — Гэта далёка, вёрст дваццаць адсюль будзе. Але я дарогі не баюся. Скрыган.

2. чаго. Не пераносіць чаго‑н., адмоўна рэагаваць на што‑н.; псавацца ад чаго‑н. Галава стала, холаду баяцца. Толькі на восень паверне, і Дубель носіць зімовую шапку. Ермаловіч. [Палікарпаўна:] — Любіць, пястуха [расада], каб яе рана сеялі, а калі пачне ўзыходзіць, дык вельмі ж баіцца холаду. Кулакоўскі.

3. (з адмоўем «не»), у знач. пабочн. Разм. Будзь упэўнены, не сумнявайся. [Жлукта:] Не бойся, я ведаю, што раблю. Крапіва. [Дзед:] — О, брат, не бойцеся, — .. [Верачка] ведае, з кім сябраваць. У старшыні не толькі хлеб, — у яго і скварка знойдзецца. Брыль.

•••

Баяцца дыхнуць — трымаць сябе ціха, баязліва.

Баяцца як агню — вельмі баяцца каго‑н.

Баяцца як чорт ладану (крыжа, кадзіла) — вельмі баяцца каго‑, чаго‑н.

Бога ты не баішся! — выражэнне дакору ў сувязі з тым, што хто‑н. робіць нешта недазволенае.

Бойся (ты) бога — май сумленне.

Духу баяцца — адчуваць страх пры адным упамінанні каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Дазволіць каму‑н. пайсці, паехаць ці адлучыцца. Капітан адпусціў паставога, а сам пачаў пісаць пратакол. Якімовіч. У пачатку вёскі Салаўёў адпусціў машыну.. і пайшоў далей пехатою. Шахавец. // Абслужыўшы, задаволіўшы чые‑н. патрэбы, даць магчымасць пайсці. Доўга давялося чакаць, пакуль Нічыпар адпусціць пакупнікоў. Б. Стральцоў. // Даць мажлівасць пайсці на новую працу, вучобу і пад. [Сазон:] — Конюхам пастанавілі прызначыць Карэньку, а.. [Кліма] адпусцілі ў леснікі. Ермаловіч.

2. каго. Даць каму‑н. свабоду, выпусціць з няволі. Адпусціць затрыманага. □ [Таццяна:] Дайце слова, Што вы адпусціце мяне на волю, І скажу вам праўду. Глебка. // За паншчынай — вызваліць ад прыгоннай залежнасці, даць адпускную, вольную. Адпусціць прыгоннага на волю.

3. Перастаць стрымліваць, сціскаць; выпусціць з рук. Міцька неахвотна адпусціў пальцы, вызваліў .. [Храпкевічаў] каўнер. Шамякін. Галінка, якую адпусціў.. Казак, спружыніла і балюча сцебанула мяне па твары. Карпюк. — Ага, папаўся! — дзед схапіў Язэпа за вуха. Язэп адпусціў падол, і соль пасыпалася на зямлю. Асіпенка. // што. Зрабіць менш нацягнутым, паслабіць. Адпусціць папружку. Адпусціць тармазы. □ Вайтовіч адпусціў трошкі вальней сырамятныя лейцы. Пальчэўскі. // Разм. Зменшыцца, сціхнуць, перастаць мучыць каго‑н. (пра хваробу, болі, пачуцці). [Кірдун:] — Божа ж мой. А як жа я чакаў! Кожную раніцу. Калі гэта, думаю, тая хвароба адпусціць?! Не пускалі мяне. Нікога не пускалі. Караткевіч. // Аслабець, памякчэць, паменшыцца (пра надвор’е). Мароз адпусціў. / у безас. ужыв. З раніцы трохі адпусціла. Памякчэла зямля, раставаў першы кволы сняжок. Грахоўскі.

4. што. Выдаць пэўную колькасць чаго‑н., прадаць. Адпусціць тавары са склада. // Назначыць, выдзеліць пэўныя сродкі для якой‑н. мэты, асігнаваць. Адпусціць сродкі на капітальнае будаўніцтва. // Вызначыць пэўны тэрмін. Адпусціць тры дні на вяселле.

5. што. Адгадаваць (валасы, ногці і пад.). Адпусціць бараду.

6. Уст. Дараваць (віну, грахі, доўг і пад.).

7. што. Сказаць што‑н. вострае, нечаканае або недарэчнае. Бабініч адпусціў такія словы аб іх спяванні, што і прывычныя жанкі [паўскоквалі] з месца. Колас.

8. Спец. Зрабіць мякчэйшым, зменшыць гарт.

•••

Адпусціць душу на пакаянне (жарт.) — адпусціць, не чапаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саба́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сабакі; належыць сабаку. Сабачая будка. □ На сабачы брэх, пакуль Галя ставіла ля частакола веласіпед, выйшла сястра Марына, а за ёю выбег у кароткіх штоніках на падцяжачках, белагаловы, босы Сцепік. Ермаловіч. // Зроблены з футра сабакі. Сабачая даха.

2. Уласцівы сабаку (у 1 знач.); такі, як у сабакі. Я многа скептыкаў пабачыў З душой, спустошаная датла; У іх і нюх, і спрыт сабачы, І боязь рэзкага святла. Панчанка. Старая сачыла дурным, спалоханым, сабачым позіркам, старалася дагадзіць як магла! Мележ.

3. Разм. лаянк. У складзе некаторых зневажальных выразаў. Сабачае жыццё. □ Не дарма кажуць: «Батрачы хлеб — сабачы». Якімовіч. Усё .. жыццё [Васіля], усе думкі былі ў тым, каб скарэй збавіцца ад сабачай службы. Колас. // перан. Разм. Незвычайна моцны ў сваім праяўленні. Сабачы голад. □ Холад сабачы, дажджы льюць, а тут ніхто і вачэй на курган не паказвае... Ракітны. // перан. Разм. Адданы, паслужлівы, пакорны. Бачыце, як людзі рады, што ўбачылі нас, — растлумачыў гэта па-свойму шавец, звяртаючыся да каменданта, на якога пазіраў увесь час адданымі сабачымі вачыма. Шахавец. // перан. Разм. Ганебны, агідны. Вера .. расказала .. аб людзях-смаўжах, людзях без сэрца, што падаліся на сабачую службу да фашыстаў, выгінаюць перад імі свае хрыбты і люцей звера накідваюцца на нашых людзей. Лынькоў.

4. Разм. лаянк. У складзе некаторых зневажальных выразаў. Сабачы сын. Сабачая душа. □ [Астап:] — Жыцця ты майго хочаш, крыві маёй прагнеш, блыха сабачая! Лынькоў. [Максім:] — Слухай, Сашка, якая ў гэтым твая сабачая справа? Машара.

5. у знач. наз. саба́чыя, ‑ых. Сямейства драпежных млекакормячых, да якога адносяцца свойскі сабака, воўк, пясец, шакал.

6. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Сабачая мята. Сабачы клешч. □ На ножцы бусловай Сабачы грыбок Уверх падымае Свой жоўты чубок. Бядуля.

•••

Сабачая ножка — тое, што і казіная ножка (гл. ножка). Скурыўшы дзве «сабачыя ножкі», Васіль прылёг на трошкі. Крапіва.

Ушыцца (убрацца, пусціцца) у сабачую скуру гл. ушыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́бці, скубу, скубеш, скубе; скубём, скубяце; незак., каго-што.

1. Цягнуць рыўкамі; цягнучы, браць патроху. Скубці сена. □ Каля самага прыгумення [Курловіч] пачуў, як нехта шастае саломай, скубучы яе са стажка. Дуброўскі.

2. Расскубваць што‑н. пальцамі, разрываць на дробныя часткі. Скубці пер’е. □ Пакрысе .. [маці] скуплівала воўну, прамывала і скубла. Бядуля.

3. Вырываць, адрываць (пра траву і пад.). Поле травіцаю соннай адзелася, Вышла скацінка і дружна скубе. Купала. Бабка Кацярына сядзела ў разоры і жвава скубла маладую лебяду. Якімовіч. Буланы конь за дзень папрацаваў. Цяпер адпачываў і скуб траву. Корбан. // Вырываць, выскубваць (пер’е, пух і пад.). Скубці гусей. □ Паволі таптаўся [Астап] ля печкі, пачаў скубці курыцу. Лынькоў. // перан. Разм. Наносіць урон, шкоду. Відаць, скублі .. [немцаў] тут з усіх бакоў... Няхай.

4. Перабіраць пальцамі, патузваць. Хвалююся. Гімнасцёрку скубу, абцягваю, пілотку папраўляю. Ракітны. Пальцы .. [Люды] нервова скублі батыст насоўкі. Савіцкі. — Зямля відаць мне навылёт, Заткну за пояс вас! — І грозна стукнуў кулаком, Нервова вус скубе [бацька]. Бялевіч. // Тузаць, трэсці. — Дай мне слова! — скубе за рукаў старшыню Гарбач. Мурашка. Юзік .. засаромеўся сваіх таварышаў, якія скублі яго за полы ватовай капоты. Чорны. // Цягнуць рэзкімі рухамі. — [Бацька] ўжо не вернецца? — пытае Зміцерка. — Маўчы, дурненькі, — кажа Ганначка і балюча скубе Зміцерку за валасы. Асіпенка. / Пра вецер. Гусцее пад далёкім полем вячэрняя смуга. Вецер зласней скубе фіранку, — спяшае, каб хутчэй аціхнуць нанач. Пташнікаў.

5. Зашчэмліваючы пальцамі скуру, прычыняць боль. — Анэлька, баліць, дурная ты! — азвалася ціха Яніна. — Баліць... Я ж і хачу, каб балела... — праказвала яна, скубучы тую, дзе пападзе. Мурашка.

6. перан. Непакоіць, дакучаць; патрабаваць чаго‑н. [Старшыня:] — Цябе адзін загадчык райана скубе, а мяне ўсё раённае начальства. Асіпенка. Тут табе і яблычак свежы, і мядок пахучы, не якая-небудзь ферма, дзе цябе кожны скубе, а павагі ніякай. Ермаловіч. // Крыўдзіць. [Галя:] — [Іру] ўсе тузаюць і скубуць у класе. Гарбук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

судзі́ць, суджу́, су́дзіш, су́дзіць; незак.

1. аб кім-чым, па кім-чым і без дап. Рабіць вывад адносна каго‑, чаго‑н.; меркаваць пра каго‑, што‑н. Я хацеў, каб ты зусім бесстаронна судзіла пра мае ўчынкі. Зарэцкі. // Разм. Абмяркоўваць што‑н., размаўляць пра што‑н. Каля платоў, каля калодзежаў, на дварах перадавалі адзін аднаму, меркавалі, судзілі кожны на свой лад. Мележ. [Сёмка:] Ішоў лысы і пляшывы, Знайшлі яны грэбень, Сталі радзіцца, судзіць, Каму ён патрэбен. Глебка. // Думаць, лічыць; разважаць. Судзілі, хоць не ўсе, а многія, што хлопцы паплацяцца здорава. Гартны.

2. каго-што, пра каго-што. Ацэньваць каго‑, што‑н., асуджаць, ганіць. О, многае ты не ўлічыў, Мой пасівелы дзед астролаг. Але ў мяне няма прычын Цябе судзіць за гэта строга. Тармола. Не судзіць, — хто іграў, не праў, Нам бацькоў сваіх. Куляшоў.

3. каго-што. Разглядаць чыю‑н. правіннасць, злачынства ў судовым парадку. Праз некалькі дзён Ляксея судзілі. Яму далі год і адправілі некуды ў лагер. Ермаловіч. Неўзабаве суд судзіў злачынцаў — шэсць чалавек. Васілевіч. / Пра разбор чыёй‑н. справы грамадскія судом. Будаўнікі папрасілі: калі можна, калі няма людской крыві на сумленні ў Варатніцкага — будзем самі судзіць яго. Дадзіёмаў.

4. каго-што. У спорце — сачыць за выкананнем правіл гульні і вырашаць спрэчкі. Усюды .. [Сцёпка] наспявае: судзіць футбалістаў і шахматыстаў, дае распараджэнне юннатам. Жычка.

5. таксама зак., што каму або без дап. Прадвызначыць, наканаваць каму‑н. што‑н. Няхай сабе не разам мы, Так нам судзіла наша доля. Буйло. Лёс не судзіў .. [сыну] вярнуцца да маці бліжэйшай вясною. Мехаў. Ды не судзіў ёй лёс самой гадаваць сваіх дзяцей. Якімовіч.

6. заг. судзі́(це) (звычайна са словамі «сам», «самі»). Ужываецца ў значэнні рашай(це). — Баюся, што... — Міша не дагаварыў, толькі паціснуў плячыма, — судзіце самі — і сабраўся адыходзіць ад трыбуны. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)