Роўны ’просты, прамы, без выгібаў’, ’гладкі, без упадзін і ўзгоркаў’, ’аднолькавы, пастаянны’, ’ураўнаважаны’, ’які аднолькава з кім-небудзь вырастае’, ’які мае аднолькавыя правы, становішча, значэнне’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’палогі (пра бераг ракі, возера)’, раўні́сты ’тс’ (жлоб., рэч., глус., ЛА, 2), рі́мны ’роўны’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. рі́вний, рус. ро́вный, ро́вен, стараж.-рус. ровьнъ; польск. równy, н.-луж. rowny, в.-луж. runy, палаб. ruovnė, чэш., славац. rovný, славен. ráven, серб. ра́ван, ра̂вни ’тс’, харв. rávan ’роўны’, rȃvan ’раўніна’ чак. ravȁn, rõvan, шток. ràvan, ж. р. rámna, н. р. râmno, макед. рамен, балг. ра̀вен, ст.-слав. равьнъ. Прасл. *orvьnъ(jь) — прыметнік, утвораны ад асновы *orvo‑es‑, роднаснай ст.-прус. arwis ’сапраўдны’, якое Смачынскі (IF, 94, 307) лічыць калькай-запазычаннем з ням. мовы; хецк. aruna‑ ’мора’, авест. ravah‑/raunah ’свабодная, адкрытая прастора’, ірл. róe, rói ’роўнае поле’, лац. rūs ’зямля, поле, вёска’, ст.-в.-ням. rûm ’памяшканне’, англ. room ’пакой’, ням. Raum ’прастора’ < і.-е. *réu̯H1‑es‑ ’адчыняць’ (Фурлан–Бязлай, 3, 155–156; Фасмер, 3, 489; Махэк₂, 520; Сной₂, 604; ESJSt, 13, 754–755). Сюды ж: ро́ўніца ’раўняцца’ (ст.-дар., Сл. ПЗБ), ро́ўна ’адначасова’ (браг., Мат. Гом.), ро́ўня ’раўня’ (ТСБМ, ТС; слуц., Чуд.), ’узровень’ (Гарэц.), ’раўніна’ (слонім., Сцяшк. Сл.) і ро́ўнядзь ’раўніна, роўнае месца’ (ТСБМ, ТС, Бяльк., Касп., Байк. і Некр.), ’плошча (паверхні)’ (Стан.), ’гладкая паверхня вады’ (БРС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

каці́ць, качу, коціш, коціць; незак.

1. каго-што. Рухаць, перамяшчаць які‑н. круглы прадмет, прымушаючы яго вярцецца. Каціць бочку. Каціць мяч. □ А самым цікавым для мяне было пабачыць, як з высокага яруса бярвення кацілі ў Нёман калоды. Колас. // Рухаць, везці што‑н. на колах. Шашура ў гэты час з двума таварышамі каціў на фланг процітанкавую гармату. Мележ. Па цяністай алеі малады мужчына асцярожна каціў дзіцячую каляску. Гроднеў.

2. што. Перамяшчаць сілай цячэння, павеву ветру і пад. Толькі Бярэзіна, вада ў якой пацямнела ад холаду і хмурнага неба, спакойна і велічна коціць сваю плынь. С. Александровіч. Наша возера хвалямі б’ецца, Коціць пену сваю на пяскі. Калачынскі.

3. перан.; што. Губіць, нішчыць (пра эпідэмія), павальную хваробу). Геня ніяк не мог адразу зразумець, што хоча сказаць Кася, бо тая так хвалявалася, нібы на ферме .. чума.. коціць усю жывёлу. Пташнікаў.

4. Разм. Тое, што і каціцца ​1 (у 2, 3, 4 і 5 знач.). І машына коціць.. мякка, бясшумна. Лынькоў. Па дарозе, уздымаючы слуп пылу, коціць на кірмаш айцец Парфіры. Чарот. А час ідзе, на захад коціць сонца. Шушкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вал, ‑а; мн. валы, ‑оў; м.

1. Доўгі, высокі земляны насып. Замест агароджы вакол могілак былі калісь выведзены акопы з даволі высокім валам. Колас. [Шорнер:] — Не ў страх такім салдатам ні крэпасці валы, ні сцены казематаў. Бачыла. // Доўгая і высокая града чаго‑н. Па-над парканам пышным валам Стаяў вішняк густы, прыўдалы. Колас. Нізкія валы хмар.. праплывалі над лесам. Асіпенка.

2. Высокая хваля. І, як заўсёды, безупынна праз возера каціўся вал. Дубоўка. Сыходзяцца тут, на стыку двух мацерыкоў — Азіі і Амерыкі, — стрэчныя вятры і разганяюць цяжкія валы свінцовых хваль. Б. Стральцоў.

3. Суцэльная лінія ваенных умацаванняў. Хвалёныя непрыступныя валы нямецкай абароны пратараньваліся з ходу магутнымі танкавымі злучэннямі. Васілевіч. // Самкнуты, шчыльны строй людзей. Рад за радам чоткім крокам Вал праходзіць малайцоў. Колас.

4. Цыліндр, які перадае рух тым ці іншым часткам механізма. Вал млына. Вал турбіны. Грабны вал.

•••

Агнявы вал — паласа артылерыйская абстрэлу, якая перамяшчаецца наперадзе атакуючага войска.

Валам валіць гл. валіць.

Дзевяты вал — а) самая моцная і небяспечная хваля ў часе марской буры (ад міфалагічнага ўяўлення ліку дзевяць як свяшчэннага); б) сімвал грознай небяспекі або найбольшага ўздыму чаго‑н.

Стаць валам гл. стаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праплы́сці і праплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. праплыў, ‑плыла, ‑плыло; заг. праплыві; зак.

1. Перамясціцца ўперад плывучы. Праплысці да сярэдзіны ракі. □ Усё разлічана ў .. [плыўцу], каб праплысці як мага далей. Паслядовіч. // што. Плывучы, пераадолець якую‑н. адлегласць. Праплысці пяцьсот метраў. □ Невядома, ці здолелі б хлопцы праплысці такую адлегласць у адзежы, у сцюдзёнай вадзе, каб гэта была рака ці возера. Маўр.

2. што і без дап. Плывучы, мінуць што‑н. Праплысці буёк.

3. Плаўна, павольна праляцець. Над узбярэжжам паволі праплыў у паветры дзяжурны дырыжабль. Лынькоў. // Разм. Плаўна прайсці, праехаць. Камбайн, як карабель, праплыў па ўзгорку, павярнуўся і пайшоў назад. Шамякін.

4. перан. Прайсці, пранесціся ў свядомасці, ідучы адно за другім (пра думкі, успаміны і пад.). І перад лордам усталі далёкія гады, адна за другой праплылі ў памяці незабыўныя падзеі. Лынькоў. «Учора недалёка адсюль партызаны вялі бой», — праплыла думка. Новікаў.

5. перан. Мінуць, прайсці (пра час). І так дні за днямі жыццё праплыло. Танк.

6. перан. Пранесціся, распаўсюдзіцца. Крылом баявым партызанская слава Над краем радзімым маім праплыла. Астрэйка.

7. Плысці некаторы час. Праплысці паўгадзіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перарэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак.

1. каго-што. Разрэзаць надвае. Перарэзаць вяроўкі. Перарэзаць тэлефонны провад. □ [Краб] перарэзаў [клюшнямі] рыбіну на дзве часткі, нібы нажніцамі для бляхі паперу. Караткевіч.

2. што. Перайсці, пераехаць што‑н. у якім‑н. напрамку; перасячы. Хацелася перарэзаць на чайцы возера па ўсёй яго даўжыні і шырыні, але ж трэба час. Сташэўскі.

3. што. Стаўшы ўпоперак чаго‑н., спыніць далейшы рух; перагарадзіць. Пасля кароткай парады афіцэраў у камандзіра батальёна .. рота атрымала заданне перарэзаць шлях адступлення немцам з суседняй вёскі. Васілевіч. Не паспеў я адбегчыся шагоў сотню, як раптам дарогу перарэзаў знаёмы рыбак. Якімовіч. Неўзабаве шлях перарэзалі стальныя дзверы. Шыцік. // перан. Парушыць сувязь, зносіны. Збіраўся [Алеська] прыехаць на пабыўку. Ды вайна перарэзала шляхі-дарогі. Б. Стральцоў.

4. перан.; што. Пралягаючы ў якім‑н. напрамку, раздзяліць на часткі што‑н. [Чыгунка] самаўладна перарэзала надвае векавечны лес. Шынклер. / Пра рубцы, маршчыны і пад. Круты смуглявы лоб ад скроні да скроні перарэзалі раўчакі маршчын. Мележ.

5. што. Разм. Размежаваць зямлю нанава, іначай. Большасць галасоў паказала, што ўсю прыбалотную зямлю трэба перамераць і перарэзаць. Чорны.

6. каго-што. Зарэзаць, парэзаць усіх, многіх або ўсё, многае. Перарэзаць усю жывёлу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Акно́1 (БРС, Касп.), вакно (Нас.), акно ’акно, вока’ (Дабр.), ст.-рус. окъно, рус. окно, укр. вікно, польск. okno, чэш. okno, славац. okno, в.-луж. wokno, н.-луж. hokno, серб.-харв. о̀кно (RHSJ, 8, 821), макед. окно. Хутчэй за ўсё прасл. okno — архаічны прыметнік на ‑no, утвораны ад назоўніка око. Гл. Мерынгер, IF, 16, 125–126, які прыводзіць іншыя індаеўрапейскія прыклады ўтварэння назвы акна ад назвы вока. Фактычна, калі выключыць няўстойлівыя метафары, толькі ў германскіх і славянскіх мовах акно называлася словам, вытворным ад вока (Бак., 469–470). Магчыма, прасл. okno ўзнікла як калька з гоц. augadaúrō (= ’вочныя дзверы’). Прасл. *okna dvьrь з наступным спрашчэннем і вызначэннем родавага паказчыка па зыходнаму назоўніку.

Акно́2 ’глыбокае месца ў балотных крыніцах, азёрах’ (КЭС), окна сольныя салёныя азёры’ (Гарб.), вокнішча ’небяспечнае месца ў возеры ці рацэ, што зацягвае ў глыбіню’ (Нас.). Рус. арх. окно ’глыбокае месца ў возеры’, укр. вікно, серб.-харв. о̀кно ’месца на багнах, якое не зарастае і не замярзае’. Усе гэтыя словы звязаны з прасл. oko ’глыбокае месца ў вадзе’ (гл. Безлай, SR, 5–8, 140–141; Ісачанка, Зб. Младэнаву, 313). Параўн. славац. morské oko, серб.-харв. о̏ко ’глыбокае месца ў вадзе’ і літ. ãkis, akatė̃возера, палонка’. Гэта яшчэ балта-славянскае слова Махэк₂ (411–412) звязвае з лац. aqua ’вада’ і іншымі роднаснымі індаеўрапейскімі лексемамі. Не менш верагоднай застаецца сувязь з прасл. oko ’вока’. Параўн. арм. akn дзірка’, ст.-грэч. ὀπή ’адтуліна’ (Покарны, 775–777).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стаў1 ‘прыстасаванне для ўмацавання, замацавання чаго-небудзь’ (ТСБМ, Нік. Очерки), ‘лёгкі варстат на чатырох сошках’: стаў просты, а верстаць така вусока (ТС, Серб. Вічын), стаў, ставы́ ‘кросны’ (Касп., Бяльк., Уладз., Мат. Гом., ТС), став, ставы́ ‘тс’ (Сл. Брэс.), ставы́ ‘тс’ (петрык., Шатал.; смарг., чэрв., віл., Сл. ПЗБ; ЛА, 4; круп., Нар. сл.), ста́вы ‘стойкі ткацкага стана’ (Байк. і Некр., Шат., Бяльк.), ста́ўчык (ставчикъ) ‘ямка для ўстаўкі верацяна’ (Шымк. Собр.). Укр. дыял. ставки́ ‘ніжнія гарызантальныя планкі красён’, рус. дыял. став ‘кросны’, чэш. stav ‘кросны’. Праслав. дыял. *stavъ з’яўляецца аддзеяслоўным вытворным ад асновы прасл. *staviti ‘ставіць’; гл. спецыяльна Трубачоў (Ремесл. терм., 124), які адзначае, што дэрываты ад кораня *sta‑ (гл. стаяць) у значэнні ‘кросны’ сустракаюцца і ў іншых і.-е. мовах, таму няясна, наколькі гэта слова можна лічыць славянскай інавацыяй. Лат. (aužami) stāvi ‘кросны’ падобна на запазычанне з рускай або беларускай.

Стаў2 ‘воз без колаў’ (івац., Сл. ПЗБ), ставо́к ‘тс’ (Маслен., ТС). Да стаў1, ставіць (гл.).

Стаў3 ‘сажалка, запруда’ (ТСБМ, Гарэц., Касп.; ашм., Стан.; Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), ‘невялікі прыродны вадаём’ (паўд.-зах., ЛА, 1; Пятк. 2), ‘сажалка на рэчцы’ (зах., ЛА, 1), ‘выкапаная сажалка’ (зах., ЛА, 1; Сцяшк.), ставо́к ‘сажалка; запруда’ (Касп.; ашм., Стан.), ст.-бел. ставъвозера’ (Альтбаўэр). Укр. став, рус. став, польск., н.-луж. старое staw. Прасл. дыял. *stavъ ‘месца, дзе спынілася (стала) вада’, да ставіць, аддзеяслоўны назоўнік; гл. Фасмер, 3, 742; Борысь, 576; ЕСУМ, 5, 389.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адкла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак., што.

1. Адлажыць убок, палажыць побач. Пачуўшы стукат у дзверы, Карызна адклаў убок пяро і, паціраючы рукі, крыкнуў бадзёра і весела: — Уваходзь! Зарэцкі. [Рудзько] адклаў лічыльнікі ўбок, змёў далоняй махорку са стала ў падстаўленую лодачкай другую далонь і адарваў новы кавалачак газеты. Дуброўскі. // Палажыць асобна, аддзяліць. Адкласці сапсаваныя фрукты ў асобную скрынку. / у перан. ужыв. Ужо зіма свае ўборы На другі адклала год. Броўка. // Зберагчы якія‑н. сродкі, паклаўшы іх асобна; сэканоміць. Адкласці грошы.

2. Назбіраць, назапасіць; утварыць адклады. За доўгія гады возера адклала на дне многа ілу.

3. Палажыць яйкі для захавання патомства. Самка авадня здольна адкласці да 500 яечак.

4. Апусціць, адагнуць, адкінуць (аб прадметах, прымацаваных да чаго‑н. адным краем). Анісім ад звонкасці Алімпінага голасу прабудзіўся, адклаў каўнер кажуха і пачаў .. услухоўвацца ў Алімпіны словы. Сабаленка.

5. Перанесці на больш позні час; адтэрмінаваць. Прыйшлося адкласці падарожжа на заўтра. Маўр. Старыя раяць шлюб адкласці, А маладыя прагнуць шчасця, — Вось тут, як кажуць, і кукуй! Крапіва.

6. У геаметрыі — адмераўшы, адзначыць адрэзак на прамой. На прамой АВ адкласці адрэзак СД.

7. перан. Пакінуць след, адбітак, не знікнуць бясследна, зрабіць уплыў. Уражанні дзяцінства адклалі выразны адбітак на душы чалавека. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́ла, прысл.

1. У невялікай, недастатковай колькасці, ступені; нямнога. Калодзеж быў неглыбокі, і вады ў ім было мала. Колас. Віктар пачаў апавядаць усё зусім спакойна, разважна, нібы справа гэта зусім мала яго і абыходзіла. Зарэцкі. Сёння ў ашчаднай касе нешта было мала людзей, зусім не так, як звычайна. Васілёнак.

2. Недастаткова; менш, чым патрэбна. У пакоі мала святла, толькі пад столлю — маленькая цьмяная лямпачка. Шамякін. Заняты нялёгкай вучобай, Яўген мала звяртаў увагі на сястру. Карпаў. / у знач. вык. з інф. [Даміра:] — Гад. Такіх расстрэльваць мала. Ну і тып. Асіпенка. // Разм. Рэдка, не часта. Мала Днём мы бачымся з табой. Куляшоў.

3. У спалучэнні з займеннікамі і прыслоўямі «хто», «што», «дзе», «калі» азначае: нямногія, нямногае; у нямногіх месцах, рэдка і г. д. Працуючы бондарам, .. [Раман] жыў ля самага лесу і зусім рэдка бываў на вёсцы і мала з кім удаваўся ў гаворку. Кавалёў. А вось і возера-акно, Якога мала дзе пабачыш. Колас.

•••

І гора мала каму — пра абыякавыя, няўважлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н.; пра адсутнасць хвалявання з чыйго‑н. боку.

Мала кашы еў (з’еў) гл. есці.

Мала таго (у знач. пабочн.) — акрамя таго. [Галаўня:] «Цяпер.. [Сцяпан] абняславіць мяне. Мала таго, яшчэ з работы паляціш...» Гроднеў.

Мала што — што з таго; не мае значэння.

Ні многа ні мала гл. многа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

салёны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўтрымлівае ў сабе соль, насычаны соллю (пра вадаёмы) і проціл. прэсны. Салёнае мора. Салёнае возера. □ Увесь час пытай зямлю, чаго яна хоча: кіслага ці салёнага? Кулакоўскі. // Якому ўласцівы спецыфічны смак солі (пра вільгаць). Салёныя пырскі. □ У салёнай белай пене Шэпты галькі навакол, Бы Манахава маленне Ціха падае на дол. Крапіва. Хвалі салёныя — чыстыя слёзы, Мо ў твае рэчкі плакалі лозы? Кавалюк. / Пра паветра, вецер. Салёны вільготны вецер дзьмуў.. [хлопчыкам] у твар, свістаў ля вушэй, упіраўся ў грудзі. Бяганская.

2. Прыпраўлены соллю, занадта пасолены. Салёная страва. Салёная зацірка. □ Навечна будзь благаславёны, Запрацаваны ў поце хлеб — Не квашаны і не салёны, Для важных спечаны патрэб! Глебка. / Пра смак крыві, слёз, поту. Салёны пот. □ Мірошкін адчуў салёны смак у роце і зразумеў, што гэта слёзы Галі — апошняе адчуванне, звязанае з гэтай прыгожай, каханай дзяўчынай. Пятніцкі. / у перан. ужыв. Развітаўся з салёнаю службай марской, Месцам вахты працоўнай Стаў ціхі пакой. Жычка.

3. Прыгатаваны ў запас з соллю, у салёным растворы (пра харчовыя прадукты). Салёная рыба. Салёныя агуркі. □ Грыбную ікру можна прыгатаваць з сушаных або салёных грыбоў. «Звязда».

4. перан. Разм. Дасціпны да рэзкасці, непрыстойнасці. Салёнае слоўца. Салёны анекдот. □ Пры рабоце адпускалася многа жартаў, салёных і смешных. Лужанін. Размаўлялі .. [рыбакі] паміж сабой вольна, нярэдка перасыпаючы гаворку салёнымі слоўцамі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)