Ато́рва ’вісус, гультай’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Юрч.). Рус. маск. оторва, оторвиголова ’тс’. Параўн. сарвігалава; рус. сорванец, сорвиголова, укр. урвиголова, урвитель, зірвиголова. Паралелі шыбенік ’нягоднік’ (< ’павешаны’), укр. шибеник ’гультай’, польск. wisus, магчыма, рус. повеса з аналагічным пераасэнсаваннем даюць магчымасць прыняць як дапушчальнае этымалагічнае тлумачэнне Насовіча, 377: «нібы сарваўся з шыбеніцы». Магчыма і іначай: параўн. рус. сорваться с цепи, бел. дыял. сарвілаўшчына ’беднасць з-за ляноты’; рус. хоть голову оторви і інш. Так ці інакш аторва, сарвігалава адлюстроўваюць корань дзеяслова рв‑аць (гл.), у дадзеным выпадку з прэфіксам ато‑ (*otъ‑); утворана слова як бязафіксны назоўнік ад дзеяслова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Афе́кт ’моцнае хваляванне; запальчывасць і злосць’, ст.-бел. афектъ, аффектъ ’моцнае жаданне, страсць’ (канец XVI — пачатак XVII ст., Нас. гіст.; Булыка, Запазыч.). Запазычана праз польскую мову або непасрэдна з лац. affectus ’прыхільнасць, пачуццё, любоў’, гл. Гіст. лекс., 108; Булыка, Запазыч., 34; параўн., аднак, Краўчук, ВЯ, 4, 1968, 123, дзе адмаўляецца насуперак Рудніцкаму, 1, 41, непасрэднае запазычанне ўкр. афе́кт з лацінскай па акцэнталагічных прычынах — наяўнасці ў Бярынды слова з двума націскамі: а́фект і афе́кт. Магчыма, паўторнае запазычанне ў беларускую літаратурную мову з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 76), пра што сведчыць сучасная семантыка слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ачэ́піны ’вясельны абрад надзявання чапца на галаву нявесты’ (ваўк., пруж., Федар.), укр. очепини. Запазычана з польск. oczepiny ад o(b)czepić ’надзець чапец’ (у XVII–XX ст., Крупянка, Formacje, 99) з больш ранняга czepić, параўн. чэш. čepiti ’надзяваць чапец нявесце’, якія лічаць вытворнымі ад czepiec, czepek, гл. Брукнер, 74; Слаўскі, 1, 116, аднак наяўнасць бел. ачапіць ’надзець наверх, палажыць’ і словаўтваральнай мадэлі тыпу заручыны (ад заручыць), агледзіны (ад аглядзець), запоіны (ад запіваць) дае падставы дапускаць самастойнае аддзеяслоўнае ўтварэнне, параўн. адназоўнікавую форму ачэпканне ’тс’ (брэсц., Раманюк, «Маладосць», 1975, 3, 158) ад ачэпка ’чапец’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́ўтар (БРС), ст.-бел. авторъ з 1596 (Булыка, Запазыч.). Запазычана праз польскую мову або непасрэдна з лац. auctor. (Гіст. лекс., 104, 107). Параўн. таксама Рудніцкі, 1, 7; Фасмер, 1, 60; Шанскі, 1, А, 35–36; Собік, Poln.-rus., 168, і інш.

Аўта́р ’алтар’ (Федар., Яруш.). Запазычана вусным шляхам з польск. ołtarz, параўн. перадачу ł праз ў, а таксама польскія дыялектныя формы з націскам на апошнім складзе ołtárz, oltárz, outárz. У польскай мове праз чэшскую з лац. oltāre або ст.-в.-ням. altâri, гл. Рэчак, 44; Басай і Сяткоўскі, SFPS, 11, 18 (з літаратурай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабок, бабоўнік, бобік ’расліна Menyanthes trifoliata L., бабок трохліставы’ (Шат., Кіс.); рус. бобки́, бобо́вник ’канюшына’, бобовник ’канюшына, Trifolium’, ’бабок, Menyanthes’, ’капытнік балотны, Calla palustris’, аналагічныя назвы ў польск. і ўкр. мовах (параўн. Мяркулава, Очерки, 36). Ад bobъ ’боб; штосьці круглае’. Першапачаткова назва адносілася да канюшыны, потым была перанесена на бабо́к (тры лісцікі, як у канюшыны) і капытнік (гл. Мяркулава, Очерки, 36–37). Такім чынам, сюды належаць і бабо́ўнік ’капытнік балотны, Calla palustris L.’ (Кіс., Інстр. II), ’Veronica beccabunga L.’ (Кіс.). Бел. слова бабоўнік ’Trifolium’ (Нас.) Кюнэ (Poln., 45) лічыць запазычаннем з польск. bobownik.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пардва ’белая курапатка’ (Дэмб. 1, 457; Інстр. II), парба ’тс’ (Інстр. II). Рус. пирдва ’балотны бакас, Scolopax gallinago’, польск. pardwa ’белая курапатка’, ст.-чэш. pardva ’птушка Totanus’. Пэўнай этымалогіі няма. Брукнер (396) дэфінуе яго запазычанне з рус. Фасмер (3, 205), наадварот, лічыць магчымым (з-за наяўнасці ‑ар‑) яго польскае паходжанне і рэканструюе як pbrdy, pbrdwe, якое аналагічна грэч. семантычнай мадэлі πέρδιξ ’курапатка’: πέρδομαι (гл. пяр‑ дзець) і ўзыходзіць да гукапераймання (ад шума крылаў пры ўзлёце). Пардва існуе ўжо у ст.-бел.; паводле Булыкі (Даўн. запазыч., 236), гэта запазычанне з польск.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́сыртухі, посыртухі ’блочкі, чапёлкі для падвешвання нітоў’ (Уладз.). Паводле Петлевай (Этимология–1985, 18), рэканструюецца як прасла (po) ‑sъrt‑uxa < sъrt‑, якое абазначае рух і паходзіць з і.-е. *ser‑ ’цячы, рухацца’, параўн. серб. -харв. sftałi ’несціся, імкнуцца’, ’нападаць’, ’бадзяцца’, балг. присрътам ’марудна і карпатліва рабіць нешта’, макед. сртам ’углядвацца, чакаць’, польск. siertać się ’кідацца’, каш. sarnęc ’уцячы’, рус. сёртать ’пераступаць з адной нагі на другую’ (Варбат, Этимология–1975, 32–34). Сюды ж і ушацк. сяр‑ толіцца ’выконваць доўга цяжкую работу’ (Нар. лекс.). Бел. лексема посыртухі адлюстроўвае ідэю руху — ’абарачальныя колцы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́така, па́тыка ’густое, цягучае, салодкае рэчыва’ (ТСБМ, Нас.), ’нектар’ (Анох.), ’рэдкі мёд’ (Вешт., Маш.), слаўг., шчуч. ’чысты мёд, які выцек з сотаў’ (Яшк., Бел. лекс., 167). Укр., рус. па́тока ’цукровая патака’, ’мёд без воску’, польск. patoka ’мёд, які выцек з воску’, ’патака’, чэш. patoky ’благое піва, якое ўжо выдыхалася’, ’гушча з соладу’, славен. pátoka ’слабое віно’, серб.-харв. па̏тока ’слабая (апошняя) самагонка’, балг. патока ’слабая ракія, сівуха’. Прасл. patoka, утворанае пры дапамозе прыстаўкі pa‑ (< прасл. po‑) ад tekti > цячы́ (гл.) (Мее, Études, 255; Міклашыч, 347; Фасмер, 3, 217; Махэк₂, 438).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Патрон1 ’апякун свабодных, бедных грамадзян’, ’абаронца горада, абшчыны’, ’адвакат-абаронца’, ’гаспадар фірмы, начальнік’, ’святы’, ’дзень анёла’ (ТСБМ, Нас.), ст.-бел. патронъ ’заступнік, абаронца’ (1556 г.). Запазычана са ст.-польск. patron, якое з лац. patrōnus ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 23).

Патрон2, ветк. патрона ’гільза з капсулем, зарадам і куляй або шротам’ (ТСБМ, Мат. Гом.). З польск. patron, patrona ’тс’. Не выключана магчымасць другаснага запазычання з рус. патрон ’тс’, якое праз ням. Patron прыйшло з франц. patron < с.-лац. patrōnus ’абалонка снарада’. Этымалагічна тоеснае з патрон1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перапе́рці ’перацягнуць, перанесці ў іншае месца’, ’узяць верх у спрэчках, перамагчы, пераканаць’ (ТСБМ, Нас.), перапе́рць ’перайсці, перавезці’, ’пераканаць у іншым’ (мсцісл., З нар. сл.), пырыпэ́ртэ ’перамагчы’, ’пераканаць’ (Сл. Брэс.), перапіраць ’з цяжкасцю пераносіць што-небудзь’, ’пярэчыць, спрачацца’ (Нас.), ст.-бел. перепереть ’пераадолець супраціўленне ў спрэчцы, даказаць’. Да прасл. *per‑pьrěti ’пераканаць’ і *per‑perti, *per‑pirati ’перацягваць, перасунуць’, укр. перепе́рши ’перацягнуць, перавезці’, ’перамагчы ў спрэчцы’, рус. арх. перепира́ть ’угаворваць, пераспрачаць’, польск. przeprzeć ’тс’, славен. prepírati se ’сварыцца, спрачацца’, балг. препѝрам се ’спрачацца’, ст.-слав. прѣпьрѣти ’ўгаварыць, пераканаць’. Да пера- і пе́рці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)