Малжэнскі ’шлюбны’, ’сямейны’, малжэнства ’шлюб’, ’сям’я’ (Нас.). Насовіч (278) мяркуе, што яны запазычаны з польскай мовы. Жураўскі (Гіст. лекс., 94), Булыка (Лекс. запазыч., 125) ст.-бел. малжонокъ ’муж’, малжонка, малженка ’жонка’ (XV ст.) таксама адносяць да паланізмаў. Філін (Происх., 584) тлумачыць польскім уплывам існаванне рус. малжонки ’муж і жонка’ і ст.-рус. малъжена (н. скл. парнага ліку). Аднак харв. malžena (в. скл. парнага ліку), якое Скок (2, 364) лічыць багемізмам, ст.-чэш., валаш. malžen, чэш., славац. manžel ’муж’, manželé ’муж і жонка’, в.-луж. mandźelska ’жонка’, н.-луж. manźelska ’тс’, manźelski ’муж’, ст.-польск. manżel, manżenka, суч. małżonek, małżonka, małżeństwo ’муж і жонка’ значна пашыраюць распаўсюджанне лексемы. Міклашыч (36), Бернекер (2, 13), Варш. сл. (2, 867) і інш. тлумачаць паходжанне лексемы як частковую кальку ст.-в.-ням. mâlwîp або mâlkona ’жонка’; першая частка mâl, ‑mahal ’шлюбная ўмова’, ст.-в.-ням. gimahalo > новав.-ням. Gemahl (Gemahlin) ’жаніх’ (’невеста’), другая — пераклад žena, з гэтай формы malъžena пазней утварылася malъženъ ’муж’ (Фасмер, 2, 562). Ваян (RÉS, 19, 102) прапанаваў замест ням. mâl зыходным лічыць слав. mǫžь (тады разам mǫžьžena) як ст.-слав. братъсестра ’брат і сястра’. Махэк₂ (351), выходзячы са славац. mladoženstvo з mladoženka ’нявеста’ і mladoženník (mladoženich), меркаваў, што ўжо ў дагістарычны перыяд чэшскай мовы існавала зах.-слав. *maldo‑żenьstvo (< прасл. moldo‑), у якім пасля выпаў склад ‑do‑. Так узнікла malženstvo, malzenstvie, а ад іх — malžen і malženka, у якіх пазней адбылася перастаноўка l — n > n — l. Скок (2, 364) дапускае магчымасць словаскладання mǫžь + žena, прыводзячы аналагічныя прыклады: вагульск. nēχum ’жонка і муж’, баскск. aitamek ’бацька-маці’ > ’бацькі’. Гэтак жа і Атрэмбскі (Gr., 2, 8) адносна літ. vyr‑moteriai. Шаўр (Slavia, 56, 4, 372–374) не згаджаецца з тым, што асновай для першай часткі слав. malъžena з’яўляецца ст.-в.-ням. ‑mahal‑, таму што яшчэ доўга пасля XI ст. інтэрвакальнае ‑h‑ жыве ў герм. словах гэтага кораня, а ў Рыльскіх глагалічных лістках ужо сустракаецца форма Д. скл. парнага ліку malъženoma, тым больш што mâl ’умова’ вядома на поўначы герм. тэрыторыі. Ён прапануе ўзяць крыніцай запазычання ст.-в.-ням. mȃ̃l ’імгненне’, ’хвіліна’, вырашальныя для ўзнікнення шлюбу (да прыняцця хрысціянства ў славян шлюбы не заключаліся, было пашырана выкраданне нявест і палігамія — паліандрыя), параўн. і mâlôn ’абазначаць, намеціць’. Запазычанне адбылося на Мараве ў IX ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пляцёнка1, пляця́нка, плецю́нка, плэтю́нка, плыті́нка ’што-небудзь сплеценае ўздоўж з 2–3 і больш пасмаў, кавалкаў’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’плеценая вяроўка’ (Касп.), ’лазіва бортніка’ (карм., рэч., ЛА, 1), ’плецены пояс’ (навагр., З нар. сл.; валож., ЛА, 4), ’тасёмка’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’карункі’ (добр., Мат. Гом.), ’мярэжка’ (пін., Шатал.); ’плеценая кашолка’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’каробка, сплеценая з сітняку’ (драг., З нар. сл.), ’палукашак’ (віл., Сл. ПЗБ; віл., ЛА, 4), ’аснова кроснаў, сплеценая ў касу’ (пін., карэліц., Шатал.; трак., ашм., вільн., стаўб., бяроз., Сл. ПЗБ), ’прылада для звівання нітак у клубок’ (брагін., Мат. Гом.), ’сплеценая з саломы дарожка на падлогу’ (дзятл., Сцяшк. МГ), ’будынак з плеценымі сценамі’ (ТС), ’падоўжаная вітая белая булка’ (ТСБМ), ’сеткавая частка сіта’ (свісл., Шатал.), ’уцяпленне дзвярэй’ (драг., Нар. словатв.), ’сплецены вянок цыбулі’ (астрав., Сцяшк. МГ; Ян.; ТС, Бяльк., Мат. Гом.; брасл., ганц., бяроз., Сл. ПЗБ; усх.-брэсц., усх.-віц., маг., усх.-гом., ЛА, 2), ’нізка грыбоў’ (кругл., ЛА, 1), ’вялікая бутэлька, аплеценая лазой’ (Мат. Маг.; Сл. Брэс.; ТС), ’вязаная хустка’ (воран., Сцяшк. Сл.), а таксама: пляце́нка ’сплеценая аснова (для красён)’ (пух., Сл. ПЗБ), плеце́нка ’ручнік з датыкальных адрэзаных і сплеценых канцоў’ (івац., З нар. сл.), плэ́тянка ’плеценая ёмістасць’ (драг., З нар. сл.), пле́цінка, пліця́нка ’аплеценая бутля’, ’акуратна сплецены кошык’ (Юрч. СНЛ), пляця́нка ’пуня з лазы’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. плеті́нка ’вязаная рукавіца’, ’род вышыўкі’, плетя́нка ’агароджаны крыніца’, ’сплеценая з саломы стужка, з якой сшывалі капялюш’; рус. плете́нка ’сплеценая рэч — шнурок, пояс, гірлянда з зелені, кветак, пляцёнка цыбулі; круг з саломы; палавічок для выцірання ног’, ’карункі’, плетёнка ’заплечны кошык для бялізны’; польск. plecionka, plecionka ’што-небудзь сплеценае’, ’тасьма, плецены шнур’, ’гірлянда, нізка, вянок; “каса” з саломы для аббівання дзвярэй’, ’кошык’, ’пляшка, аплеценая лазой’, ’саламяны вулей’, чэш. pletenka ’хала’. Прасл. *pletьnъka < *pletьnъ(jь), адпрыметнікавае ўтварэнне. Да пле́сці (гл.).

Пляцёнка2 ’пляткарка’ (пух., Сл. ПЗБ), ’весялуха, пахатніца’ (пух., ЛА, 3). Да пле́сці (гл.).

Пляцёнка3 ’бярозка палявая, Сопvulvulus arvense L.’ (брагін., ельск., Мат. Гом.). Да пле́сці (гл.). Названа паводле таго, што расліна ўецца, нібы “пляцецца” па дарозе. Параўн. іншыя назвы, звязаныя з віць: укр. повійка, чэш. svlak, slatec, але і opletnik ’тс’ (ад oplétati ’абпляпаць’) (Махэк, Jména, 184), параўн. лац. con‑volv‑ulus, дзе ‑volv‑ < *‑vel‑ ’віцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́ня ’ўчастак вадаёма, прызначаны для лоўлі рыбы закідным невадам’, ’адзін закід невада, а таксама ўлоў ад аднаго закіду’ (ТСБМ), ’глыбокая яма на рэчцы’ (кам., ЛА, 2), ’мачулішча’ (докш., ЛА, 4), ’вір’ (Ласт.; кам., ЛА, 2), ’месца, праз якое за адзін раз працягнуты невад’ (Арх. Вяр.), ’разавы прагон рыбалоўнай сеткі, невада’ (Крыв.), ’глыбокае месца ў рэчцы’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ’затон, вір; адзін заход пры лоўлі рыбы сеткай; колькасць рыбы, злоўленай сеткай за адзін заход’ (ТС), ’адзін заход з сеткай (закідванне і выцягванне сеткі); найбольш глыбокі ўчастак возера, дзе водзіцца рыба’ (в.-дзв., Нар. сл.), ’колькасць рыбы, злоўленай за адзін раз’ (івац. ЖНС), ’месца, дзе водзіцца рыба, затон; адзін запуск невада ў раку’ (ушац., Нар. сл.), ’месца, дзе можна закінуць невад; адна закідка невада’ (полац., З нар. сл.), ’глыбокае месца на рацэ ці возеры, дзе закідваецца невад; вір’ (навагр., свісл., лід., стаўб., Сл. ПЗБ), то́ня, то́нька ’старарэчышча, затока’ (докш., Сл. ПЗБ), таня́ ’невад’ (брасл., Рабк.), ст.-бел. тоня ’месца для лоўлі рыбы’ (Статут 1529). Гл. таксама тонь1. Укр. то́нячастка вадаёма для лоўлі рыбы невадам; невад з рыбай’, дыял. ’месца, дзе можна ўтапіцца’, рус. то́ня, тонъ ’адна працяжка невада’, ’прастора, якую ахоплівае невад’, ’месца, дзе можна закінуць невад’, ’месца, дзе ловяць рыбу; сетка’, польск. tonia, toń ’глыбокае месца; месца, дзе можна закідваць невад’, н.-луж. toń ’невад; балота, дрыгва’, чэш. tůně, tůň ’глыбокае месца’, славен. дыял. tonja ’тс’, ’лужа’, серб.-харв. то̀ња ’тарфянік, тарфяная глеба’, балг. дыял. то́на ’зручнае для рыбнай лоўлі месца’ (БЕ, 23, 5, 437). Прасл. *tonʼa ’глыбокае месца (дзе збіраецца рыба)’, *tonь ’тс’, традыцыйна звязваюць з *topiti ’тапіць, акунаць’, адпаведна з *topnʼa, *topnь (Фасмер, 4, 77; Махэк₂, 661; Брукнер, 573; Талстой, Геогр., 170), параўн. і то́пень ’месца, дзе можна закінуць невад’ (мёрск., Жыв. НС). Зубаты (Studie, 1, 2, 120) і Мяркулава (Этимология–1975, 52–58) разглядаюць праславянскія словы як звязаныя з *tęgnǫti ’цягнуць’ < і.-е. *ten‑ на падставе таго, што ў шэрагу славянскіх моў пераважае семантыка, звязаная з працягваннем невада, параўн. таксама волак (гл.) і ст.-бел. озеро зволочити ’аблавіць возера’ (Статут 1529 г.). На думку іншых (Шустар-Шэўц, 1516; Фурлан у Бязлай, 4, 198), мае месца аманімія двух слоў з рознай этымалогіяй або дапускаецца аб’яднанне ў адным слове генетычна адрозных слоў (Борысь, 637). Параўн. тонь2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паласа́, ‑ы; мн. палосы, палос і палосаў; ж.

1. Тонкі доўгі кавалак якога‑н. матэрыялу (металу, тканіны, паперы і пад.). Доўгая паласа паперы звесілася ў акне рэдакцыі. Гартны. Там было поле са старой прысадзістай арабінай, у якой была адарвана разам з паласой кары да самай зямлі тоўстая галіна. Чорны.

2. Доўгая, параўнальна вузкая частка якой‑н. прасторы, паверхні, якая вылучаецца чым‑н. Дрэвы пачалі радзець, між стваламі зашарэла паласа берага. Мележ. Уздоўж лесу вузкай паласой цягнецца гнілое балота. Гамолка. / Аб чым‑н. такім, што набыло выцягнутую прадаўгаватую форму. Закурылі. У шызых палосах дыму .. лямпа гойдалася, як на хвалях. М. Стральцоў. // Доўгая вузкая рыса, лінія. На кошыку была шырокая рознакаляровая паласа. Мяжэвіч. Праз усю Мінскую вобласць, праз Палессе, праз Піншчыну і далей, на Баранавічы, працягнулася па карце цэлая паласа чырвоных флажкоў — шлях партызанскага рэйду. Лынькоў. // Вузкі, доўгі след ад чаго‑н. Гімнасцёрку на плячах перакрыжавалі дзве вільготныя паласы ад лямак парашута. Алешка.

3. Раён, пояс, зона, якія адрозніваюцца ад суседніх з імі раёнаў, паясоў, зон. Чарназёмная паласа. Паласа стэпаў. □ Хто з вас з сярэдняй паласы, той ведае апошнія зімовыя завірухі. Шамякін. // Участак, тэрыторыя, дзе што‑н. адбываецца, якія ахоплены чым‑н. у адрозненне ад акаляючай мясцовасці. Прыфрантавая паласа. Пагранічная паласа. □ Гэты палкоўніцкі маёнтак быў у паласе вайны, але ад фронту даволі яшчэ далёка. Чорны. [Васіль і Аксана] трапілі ў паласу абстрэлу... Кавалёў.

4. Нешырокі ўчастак ворнай зямлі. Раней кожны з нас паасобку калупаўся на сваёй паласе. Брыль.

5. перан. Прамежак часу, перыяд, які адрозніваецца чым‑н. ад папярэдняга і наступнага. [Валя] была ўзбуджана сваімі маладымі гадамі, пачаткам новай паласы ў сваім жыцці. Чорны. // Перыяд у настроі, унутраным стане чалавека. Мастак.. перажыў паласу змрочнага адчаю. «Беларусь».

6. Набраная або аддрукаваная старонка газеты, кнігі, часопіса. Рэдактар чытаў толькі што прынесеныя з друкарні палосы заўтрашняга нумару газеты — гэта была яго штовячэрняя работа. Хадкевіч.

•••

Паласа адчужэння — участак пэўнай шырыні ўздоўж чыгункі або шашы, які знаходзіцца ў падпарадкаванні дарожных упраўленняў.

Узлётна-пасадачная паласа (на аэрадромах) — доўгі ўчастак пэўнай шырыні, дзе адбываецца ўзлёт і пасадка самалётаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палатно́, ‑а; мн. палотны, палотнаў, палацён і палоцен; н.

1. Гладкая льняная тканіна асобага перапляцення (звычайна белая), а таксама баваўняная, шаўковая ці сінтэтычная тканіна падобнага перапляцення. Кужэльнае палатно. Зрэбнае палатно. Штапельнае палатно. □ Маці кужаль прала пры лучыне. На расе маёвай палатно бяліла. Барадулін. Вольга падала.. [Зараніку] чысты ручнік з грубаватага льнянога палатна. Хадкевіч. // Сувой такой тканіны. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі схаваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас.

2. Вялікі шырокі кавалак якой‑н. тканіны. Насупроць дзвярэй.. стаяў стол, накрыты чырвоным палатном. Асіпенка. // Пра вялікі ліст паперы і пад. Папяровае палатно трапляе на сушыльную частку машыны, дзе яно высыхае, разгладжваецца і накручваецца на вал. Рунец. // У жывапісе — кавалак матэрыі палатнянага перапляцення, на якім пішуцца карціны (звычайна алейнымі фарбамі). Зіна больш не працавала на пякарні. Яна ад раніцы да ночы размешвала фарбы і нацягвала палатно на падрамнікі. Нядзведскі. Мастак, чалавек ужо немалады, невысокі і лысы, вязе з сабою вялізнае палатно, нацягнутае на раму, мальберт і эцюднік з пэндзлямі і фарбамі. В. Вольскі.

3. Карціна мастака (звычайна на матэрыі асобага перапляцення). Джордж Лоўрэнс у гэты час быў даволі прыкметнай велічынёй сярод чыкагскіх мастакоў. Яго палотны мелі поспех на апошняй выстаўцы. Васілевіч. // Пра літаратурны або музычны твор, які дае шырокую карціну чаго‑н. Сцэнарый [фільма] ўяўляе сабой шырокае эпічнае палатно. Б. Стральцоў.

4. Праезная паверхня дарогі; дарожны насып. Шаша была мёртвай. Яе пакарабачаная пасля зімы палатно, здавалася, правісала між двух узгоркаў. Асіпенка. Пешаходнай сцяжынкі ля дарогі няма, ісці па палатне дарогі небяспечна — могуць забіць ці знявечыць машыны. Новікаў. // Чыгуначная лінія, насып чыгункі. Праз шкляныя дзверы балкона відаць вакзал і палатно чыгункі. Сяргейчык. Паабапал чыгуначнага палатна цягнуўся рэдкі жухлы хмызняк. Васілёнак.

5. Спец. Паласа, стужка, якая складае частку пэўнага механізма. Палатно транспарцёра.

6. Спец. Плоская тонкая частка якога‑н. інструмента, прылады. Тонка і працяжна звініць цыркулярка, самавіта шастаюць палотны піларамы. Ракітны. Перахапіў [Толік] далонню палатно касы на сярэдзіне, каб лягчэй было падтачыць, і — ужо глушэй азвалася рэха: Шах! Шах! Шах! Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нале́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. каму-чаму. Быць, з’яўляцца ўласнасцю каго‑, чаго‑н. Гэтыя кнігі належаць таварышу. □ Дзед не раз гаварыў пра зямлю пад Дубамі, пра паплавы на рэчцы, якія калісьці належалі мужыкам. Колас. // Быць, знаходзіцца ў распараджэнні каго‑н. Будучае належыць моладзі. □ Цяпер вуліца належала .. [працэсіі]: сустрэчныя аўтамашыны збаўлялі хуткасць, а тыя, што даганялі, паволі сунуліся ззаду. Карпаў. // Быць, з’яўляцца чыім‑н. тварэннем, быць напісаным, створаным (пра твор, ідэю, думкі і пад.). Пяру Янкі Купалы належаць пераклады многіх вершаў з «Кабзара». Палітыка. // перан. Быць прысвечаным каму‑, чаму‑н. Усё жыццё Дзяміда належала лесу. В. Вольскі. // (з займеннікам «сабе»). Свабодна распараджацца сабою, ні ад каго не залежаць. Цяпер Міхал Шарупіч належаў не толькі сабе. Дэлегацыю на вакзале ўжо чакалі, і прыйшлося пасяліцца ў гасцініцы «Масква». Карпаў.

2. да каго-чаго. Адносіцца да якой‑н. групы, уваходзіць у склад чаго‑н. Відаць, прахожыя належалі да тутэйшых механізатараў і цяпер па нейкай патрэба ішлі ў РТС. Быкаў. Адчувалася, што доктар не належаў да вельмі спакойных і ўраўнаважаных натур. Васілевіч.

3. каму-чаму. Быць чыім‑н. правам, непасрэдным абавязкам. [Андрыян Цітавіч:] — Калі справа ідзе аб павышэнні, то рашаючае слова павінна належаць .. [Валі]. Марціновіч.

4. безас. каму. Падлягаць выплаце, выдачы за што‑н. Вам належыць заплаціць за білет. □ Бабка была зацікаўлена ў гэтай ссыпцы, бо і ёй належала некаторая частка гарцаў. Колас. // з каго. Разм. Пра пачастунак з якой‑н. нагоды. — З цябе сёння належыць, — смеючыся на ўсю палатку, сказаў Пракапенка. — Пішы, што ты імяніннік.. Пойдзем у клуб, пачытаеш, як там цябе ў заводскай насценгазеце расхвалілі. Кулакоўскі. [Лявон:] Ну, пане гаспадар, дакоскі зрабіў, з вас бутэлька належыць. Козел.

5. безас. каму і без дап. Быць устаноўленым, вызначаным. Па статуту нам належаць пісталеты. Але дзе ж там.. — калі і вінтовак усім не хапіла... Брыль.

6. безас. з інф., каму. Быць неабходным. Перш за ўсё належала сабраць насенне, ачысціць яго, пратруціць, каб увесну было што ўкінуць у зямельку. Сабаленка. Нарэшце пагадзіліся [настаўнікі] на тым, што дырэктару школы належыць яшчэ раз сустрэцца са старшынёй.. сельскага Савета. «Звязда».

•••

Як (і) належыць — як патрэбна, як мае быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́йка 1, ‑і, ДМ стойцы; Р мн. стоек; ж.

1. У гімнастыцы і ў страі — пастава цела чалавека, пры якой корпус нерухомы і прамы, рукі апушчаны і прыціснуты да бакоў, ногі выпрастаны і пастаўлены разам. // Наогул пра пэўную характэрную паставу. На явары трашчыць спрасонку бусел, Зрабіўшы стойку на адной назе. Прануза.

2. У гімнастыцы — пастава цела галавой уніз, пры якой апорай з’яўляюцца рукі або галава, а ногі падняты ўверх. Стойка на руках. Стойка па галаве.

3. Нерухомая поза паляўнічага сабакі, калі ён напаткаў дзічыну. Пачуўшы ў верасе дзічыну,.. [Мілька] зноў зрабіла стойку. Паляўнічы наблізіўся да сабакі. Гамолка.

•••

Стойка смірна (спец.) — тое, што і стойка (у 1 знач.). [Мужчына] зрабіў чоткі крок уперад, замёр у стойцы «смірна». «Звязда».

сто́йка 2, ‑і, ДМ стойцы; Р мн. стоек; ж.

1. Вертыкальны брус, які служыць апорай для чаго‑н. у якім‑н. збудаванні. Столь над нізкім вугальным забоем Падпірае стойка не адна. Аўрамчык. — Бачыце? — паказаў ён Люсі і Гошку свае валасатыя рукі. — Імі Амархан стойкі стаўляў у шахтах Караганды. Даніленка. // Спец. Вертыкальная частка машыннай станіны. Стойка такарнага станка. // Прыстасаванне для падтрымання і захавання якіх‑н. прадметаў. Стойка для прабірак.

2. Род вузкага прадаўгаватага стала для працы, расстаноўкі чаго‑н. За стойкай касы сядзела прыгожая чарнявая дзяўчына. Новікаў. Плакс з-за свае стойкі, якая падобна да прафесарскае кафедры, сустракае .. [Веру], як зазвычай, стэрэатыпным запытаннем: — Цытраваніліну ці пірамідону? Зарэцкі.

3. Прылавак у сталовых, рэстаранах, буфетах, дзе прадаецца віно, закуска. Толькі мы адплылі, як да буфетнай стойкі падышоў пахмурны, нечым нездаволены пасажыр. В. Вольскі.

4. Прыстасаванне ў выглядзе табурэткі з прарэзанай у верхняй дошцы круглай дзіркай, у якую ставяць дзіця, каб прывучыць яго стаяць на нагах. Адна пацеха — Любачка шчабятала .. [Жэні з мамай] свае «ня-ня-ня!» ды ўсміхалася, стоячы на лаве ў стойцы. Брыль. [Мачыха:] — Ты б, Васіль, стойку дзіцяці зрабіў, няхай падвучваецца стаяць і хадзіць. Не век жа яму седуном сядзець. Сабаленка.

5. Стаячы каўнерык у выглядзе палоскі, якая цесна аблягае шыю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страла́, ы́; мн. стрэ́лы (з ліч. 2, 3, 4 стралы́), стрэл; ж.

1. Тонкі прут з завостраным канцом або вострым наканечнікам для стральбы з лука. Схапіў Янка лук і пусціў стралу ў .. [каршуна]. Якімовіч. Жыхары абараняюцца лукамі. Стрэлы свабодна праходзяць праз ствалы і голле .. дрэва. Матрунёнак. // звычайна мн. (стрэ́лы, стрэл); перан. З’едлівыя, калючыя словы ў чый‑н. адрас. Стрэлы крытыкі. // Простая, доўгая паласа чаго‑н. Нібы страла, [шаша] рассякала бязмежную раўніну стэпу. Востры канец гэтай даўжэзнай стралы канчаўся там, дзе шызае неба злівалася з жоўтай зямлёй. Шамякін.

2. Назвы розных вузкіх і доўгіх дэталей і частак у механізмах, прыладах. Страла станковага кулямёта. Страла вагі. // перан. Паэт. Пра тое, што падобна да стралы, напамінае стралу. Рвануў вецер, недзе далёка грымнуў гром, данесліся сюды яго раскаты, зазіхацелі стрэлы маланкі. Гурскі. Рассыпаючы сноп залатых стрэл, велічна выплывала сонца з-за краю зямлі над прасторамі зялёнага палескага мора. Колас.

3. Рухомая частка пад’ёмнага крана, а таксама спецыяльнае прыстасаванне для пад’ёму грузаў. Страла экскаватара. □ Горад жыў побач, звінеў трамваямі, размахваў стрэламі будаўнічых кранаў, тануў у рознагалоссі шуму і грукату. Ракітны. Націскаючы на рычаг, .. [Таня] накіроўвае стралу з грузам уверх, а пад крык «майна!» і штопар брыгадзіравага пальца ўніз — зніжае груз у патрэбнае месца. Гарбук.

4. Тое, што і стрэлка (у 2 знач.). На слупах вялізная карта на фанерных шчытках. Тлустыя сінія стрэлы прарэзалі яе ў розных напрамках. Лынькоў.

5. Тое, што і стрэлка (у 5 знач.). У Акілініным агародчыку прабіваліся ўжо чырвоныя стрэлы півоняў. Вітка. Здаецца, кінь у раллю зярняты, і яны тут жа, на вачах, выкінуць з сябе імклівыя стрэлы лісткоў. Шахавец.

6. у знач. прысл. страло́й (‑о́ю). Вельмі хутка. Коля стралой памчаўся на кухню, каб папярэдзіць дзяжурнага. Пальчэўскі.

7. у знач. прысл. страло́й (‑о́ю). Вельмі прама. Бяжыць чыгунка. Бор стары Яна стралой перасякае І крута гнецца ля гары, Нібы дуга якая. Калачынскі.

•••

Парфянская страла — меткі каварны ўдар, трапнае знішчальнае слова праціўніка (ад ваеннай хітрасці парфян — сімуляваць уцёкі і цераз плячо паражаць праціўніка з лука).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

труба́, ‑ы; мн. трубы, труб; ж.

1. Доўгі пусты ў сярэдзіне прадмет круглага сячэння, прызначаны для правядзення вадкасці, пары, дыму і пад. Водаправодная труба. Каналізацыйная труба. Трубы цэнтральнага ацяплення. □ Яе чуваць было характэрнага гудзення станкоў, пракураная труба кацельнай не дыміла. Лынькоў. // Аптычны прыбор або частка яго такой формы. Труба тэлескопа. // Апарат для перадачы распараджэнняў у машыннае аддзяленне судна.

2. Духавы медны музычны інструмент з раструбам на канцы. Сола для трубы з аркестрам. □ Заўсёды, у любую часіну, Як клікалі трубы ў паход, Сцяной уставаў за Айчыну Твой мужны, бясстрашны народ. Матэвушаў. // Дудка з раструбам, звычайна з бяросты. І вярталіся з пашы Каровы з лагодным рыканнем Пад вячэрнюю песню Берасцянай трубы. Панчанка. Хлопец сядае пад дрэўца, выцягвае з кайстры берасцяную трубу, падносіць да губ. Гамолка. // Раструб (грамафона, рэпрадуктара і пад.). Грамафонная труба.

3. Канал у арганізме для сувязі паміж асобнымі органамі. Еўстахіева труба (злучае поласць вуха з глоткай). Матачная (фалопіева) труба (тое, што і яйцавод).

4. У мове паляўнічых — хвост лісы.

5. у знач. прысл. трубой (‑ою). Прама ўверх, вертыкальна. Задраўшы ўгору хвост трубою, Сама давольная сабою, Снуецца Такса між кустамі. Колас. — Як на тарфянішчы жыты? — Ўсталі, брат, трубою. Броўка.

6. у знач. прысл. трубой (‑ою). Раструбам. Скласці далоні трубой.

7. безас. у знач. вык., каму-чаму і без дап. Гібель, пагібель. Вядзьмар за дапамогаю — да чорта, да самага д’ябла: — Ратуй! Інакш — труба! Мая ўлада ўжо аслабла, Мне не па сілах барацьба... Валасевіч.

•••

Аэрадынамічная труба — лабараторная ўстаноўка, якая стварае моцную плынь паветра для эксперыментальнага вывучэння з’яў, што вынікаюць пры абцяканні цвёрдых цел паветрам.

Дымагарныя трубы — трубы ўнутры паравога катла, па якіх праходзяць газы з топкі і саграваюць ваду.

Маставая труба — збудаванне, якое прапускае ваду пад дарогай або насыпам.

Падзорная труба — аптычны прыбор для наглядання на далёкай адлегласці.

Вылецець у трубу — разарыцца ўшчэнт.

Ерыхонская (іерыхонская) труба — пра вельмі гучны голас; пра чалавека з такім голасам (ад назвы горада Іерыхона).

Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы гл. прайсці.

У трубы віцца гл. віцца.

Хвост трубой гл. хвост.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. і з дадан. сказам. Успрыняць зрокам. Зірнеш у цясніну — не ўбачыш і дна. Панчанка. У двух кроках ад сябе нічога нельга было ўбачыць. Лынькоў. У гэты момант дзверы зямлянкі адчыніліся, і .. [Мікалай] убачыў сястру. Шамякін. Марыя ўбачыла перад сабою прыгожыя цёмна-карыя вочы. Кулакоўскі. // Заўважыць, прыкмеціць. Яшчэ здалёк хлопцы ўбачылі, што частка даху дэпо знесена і ў адной з сцен ззяе вялізарная прабоіна. Шчарбатаў. Дзіўным было тое, што .. [Косця] не ўбачыў нікога знаёмага. Адамчык. [Віктар] убачыў каля грубкі вольнае крэсла і сеў на яго. Зарэцкі.

2. Апынуўшыся дзе‑н., самому пабачыць што‑н. Маці, якая за сваё жыццё на радзіме не была далей свайго валаснога мястэчка, убачыла далёкі свет. Пестрак. // Сустрэцца з кім‑н. асабіста. Успомніў .. [Андрэй] пра дзяўчыну. І так захацелася ўбачыць яе яшчэ хоць раз, што аж млосць бярэ. Якімовіч.

3. У думках, мроях уявіць сабе каго‑, што‑н. Можа, на адну хвіліну заснула Саша ў тую ноч і адразу ўбачыла сон. Шамякін.

4. Паглядзеўшы на каго‑, што‑н., выявіць, заўважыць, адкрыць для сябе што‑н. Я зірнуў на бацьку і ўбачыў, што вочы ў яго ўжо не сярдзітыя. Ляўданскі. — Але, — згадзілася Лёдзя і ўбачыла, як усцешыла галоўнага інжынера яе згода. Карпаў. Чаму ж аніколі ніякіх трывог Не ўбачыш у іншых на твары? Гілевіч. // Выявіць, распазнаць скрыты сэнс, прыкметы чаго‑н. у кім‑, чым‑н. [Карнейчык:] Я не ўбачыў у табе закаранелага ўласніка. Крапіва. Млынар убачыў прычыну [дрэннай работы Любы] у яе цяжарнасці, і з трывогай падумаў, што трэба хутчэй яе пазбыцца. Чорны. // Усвядоміць, зразумець што‑н., зрабіць вывад. Убачыць сваю памылку. □ Убачылі яны [рабочыя Марселя] Небяспеку над сваёй радзімай: Змрочны цень фашызму і вайны, Шыбеніц, пажарышчаў і дыму. Танк.

5. і без дап. Зазнаць асабіста, пераканацца на ўласным вопыце. Шмат убачыў і адчуў сэрцам паэт, калі быў на Віцебшчыне, у партызан бацькі Міная. «ЛіМ».

•••

Не ўбачыць як сваіх вушэй каго-чаго — ніколі не ўбачыць каго‑, што‑н., не атрымаць чаго‑н.

Убачыць свет — а) зажыць інакш, куды лепш; б) выйсці з друку (пра перыядычныя выданні, кнігі і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)