ско́са, прысл.
1. Скасіўшы вочы; збоку. Віктар увесь час скоса пазіраў на хлеб. Маўр. Чэмпіён, не зважаючы ні на кога і сам скоса любуючыся сваімі значкамі, ганарыста прайшоў да піянерважатага. Скрыпка. Майка не павярнулася на, крокі, а калі .. [Алесь] пазваў яе, скоса ўскінула на яго дзікаватыя і нібы разгневаныя вочы. Караткевіч.
2. перан. Недаверліва, падазрона, недружалюбна. Ходзячы па двары, па хаце, заўважыў Агей, што пазіраюць сыны [адзін на аднаго] скоса, не па-людскому. Галавач. Мне здалося, што гнеў старога трошачкі адпаў, хоць ён і скоса глянуў на мяне, як на якога злачынцу. Сабаленка.
3. Па дыяганалі, пад вуглом да прамога напрамку. Ад святла, што скоса падае ў акно на Валіны рукі, абгортка марожанага падобна на бліскучы і туманны кавалак лёду. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сма́га, ‑і, ДМ смазе, ж.
1. Моцнае жаданне піць. Як зморышся, пад сонцам косячы, хочацца тады ўпасці на густую мураву, схіліцца над самой вадой рэчкі і піць яе губамі проста з ракі, піць доўга, аж пакуль не прагоніш дакучлівай смагі. Галавач.
2. Недахоп вільгаці, суша, спёка. І папраўдзе, усё дакляравала добрую ноч: неба чыстае, звонкае, а ў вечар асядае ўжо .. гарачыня і смага. Скрыган. А што б вадзе гэтай млын круціць, на палі разліцца, калі пасевы гараць ад смагі? Лобан.
3. перан. Разм. Моцнае імкненне да чаго‑н. У тыя дні.. [Тадаровіч] выехаў сохнучы, ныючы, повен пакутнае смагі да жыцця і чуючы перад сабой адно — чорную навісь смяртэльнае навалы. Чорны.
•••
Сагнаць смагу гл. сагнаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спазні́цца, спазнюся, спознішся, спозніцца; зак.
1. Прыйсці, прыехаць, з’явіцца пазней, чым трэба. У інстытут Юрка прыйшоў у гуморы, хоць праспаў і спазніўся па першую лекцыю. Карпаў. — Хадзем! — папраўляючы сарафанчык, сказала Святланка. — А то яшчэ спознімся. Васілёнак. Цягнік спазніўся на некалькі гадзін. Барашка. // Паступіць, пачацца са спазненнем. Вясна крыху спазнілася, і народ гамоніць, што, мусіць, за грахі людскія кара гэта. Мурашка. Жніво! Гэтым годам яно спазнілася дзён на восем. Гартны.
2. з чым, з інф. і без дап. Не паспець зрабіць што‑н. своечасова. Спазніцца з сяўбой. □ Настрой створаны, глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца, каб не ахаладзеў запал і рашучасць. Зарэцкі. Старая спазнілася разбудзіць Грыба, калі той збіраўся ў лес лавіць парубшчыкаў. Кучар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спя́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
1. Стан паніжанай жыццядзейнасці, які наступае ў некаторых млекакормячых у неспрыяльную для іх пару года. Упасці ў спячку. Летняя спячка. □ Нарэшце, дзеці рашылі пакінуць вожыка на тыя самым месцы, якое ён аблюбаваў сабе на час доўгай зімовай спячкі. Стаховіч. // Пра здранцвенне халаднакроўных жывёлін. Спячка жаб. / у перан. ужыв. Вось і аблогі. Шмат гадоў ляжалі яны некранутымі, парослыя хмызняком ды рэдкай сухой травой. Ні карысці, ні радасці не было ад іх людзям. Але сёлета прыйшоў канец іх спячцы. Так парашылі калгаснікі. Бяганская.
2. Разм. Неадольная санлівасць. // перан. Стан душэўнага здранцвення; бяздзейнасць, пасіўнасць. І толькі тады абудзіўся [Казімір] ад горкай спячкі, калі пачуў адну навіну, якую ўсе людзі ў аколіцы лічылі звычайнай. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стаі́ць, стаю, стоіш, стоіць; зак., каго-што.
1. Утаіць, зрабіць невядомым, нябачным для іншых. У апошнюю .. кампанію, калі складалі спісы зямлі і жывёлы, Ключынскі запісаў васемнаццаць дзесяцін зямлі, а дзевяць дзесяцін стаіў. Галавач. [Вера:] — Не, я стаіла, што я архітэктар. Навошта? Каму і гэта патрэбна ў такі час? Мікуліч.
2. Не выказаць, не даць магчымасці заўважыць іншым (думкі, пачуцці і пад.). Глушко анямеў. Але ўзрушанасць стаіў, сеў за стол, зняў шапку. Навуменка. — Маня! — крыкнуў .. [Тамаш], стараючыся стаіць хваляванне. — Прынясі кубак вады. Краўчанка.
3. перан. Захаваць, зберагчы ў таямніцы (пра тое, што знешне не прыкметнае або яшчэ не вядомае). Яго [Капыля] старыя курганы Мо’ не адну стаілі быль. Астрэйка.
•••
Стаіць дыханне — перастаць дыхаць (ад напружання, пры чаканні і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сто́ены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад стаіць.
2. у знач. прым. Які скрывае ад іншых свае пачуцці, настрой, думкі і пад.; скрытны. Аляксандра — кабета стоеная. Шуснуўшы цішком разы са тры ў бор, грыбамі сваімі пахвалілася толькі тады, калі ўбачыла, што лес пусты. Навуменка.
3. у знач. прым. Які скрываецца, утойваецца ад іншых. Кажа [старшыня] спакойна, але ў гэтых спакойных словах чуецца стоены гнеў, раздражнёны крык: — Сарвеш ты мне надоі, Васіль Фёдаравіч, з такім падкормам. Шамякін. Павекі ў Сотнікава здрыгануліся, вочы бліснулі стоенай увагай. Быкаў. // Які ўласцівы каму‑, чаму‑н., але знешне яшчэ непрыкметны. А як ні старалася Вера Антонаўка жыць адасоблена, яна не магла ўнікнуць .. стоенай і даволі ўпартай барацьбы. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стро́мкі, ‑ая, ‑ае.
1. Круты, абрывісты. Заходні бераг — высокі і стромкі — быў вельмі выгадны для абароны. Мележ. У мяне, здаецца, моцна калацілася сэрца, калі я падымаўся па стромкай чыгуннай лесвіцы некуды пад самы дах. Асіпенка. / у перан. ужыв. Пішы заметкі, карэспандэнцыі, надрукуй нават нарыс — ты прайшоў яшчэ не ўсё, стромкіх і цяжкіх вяршынь ты яшчэ не дасягнуў. Навуменка.
2. Роўны і высокі. На агромністай пасецы-плешыне, акружанай магутнай сцяной старога лесу, выступалі з травы вялізныя пні старадрэвін,.. сям-там паднімаліся ў неба стромкія яліны і сосны. Колас. З канца вуліцы, за ракою, дзе адкрываецца шырокі прастор палёў, як вялікі куст стогадовых ліп, абнесены жываплотам з ялін і стромкіх таполяў, відзён быў той самы хутар Тамарын. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стрэ́ча 1, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і сустрэча. Сцяжына песні, вядзеш куды ты Шырокім полем, высокім жытам? Якую стрэчу за небакраем, Якую радасць ты абяцаеш?.. Танк. Калі нас куля праміне, Мы адсвяткуем нашу стрэчу. Астрэйка. Васіль быў таксама, вельмі ўражаны гэтай нечаканай стрэчай: яму стала горача, у роце адразу зрабілася суха; рукі выпусцілі лейцы. Савіцкі.
стрэ́ча 2, ‑ы, ж.
У выразах: у першай стрэчы (абл.) — дваюрадны (брат, сястра, цётка, дзядзька); у другой стрэчы (абл.) — траюрадны (брат, сястра, цётка, дзядзька); у трэцяй стрэчы (абл.) — пра далёкае сваяцтва. Хлопцы смяюцца: — Што ты, цётка Марфа. Старшыня сельсавета ў двары. Ён цябе ў турму ўпячэ. — Алеська? Не ўпячэ. Я яму цётка. Хоць у трэцяй стрэчы, але цётка. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сумле́нне, ‑я, н.
Маральная ацэнка сваіх дзеянняў і ўчынкаў на аснове разумення абавязку перад грамадствам, радзімай, калектывам, сям’ёй. І не магло быць іншага рашэння, Чым тое, што падказана сумленнем: Памерці, а свабоду адстаяць! Жычка. Сэрца і чыстае сумленне патрабавалі не маўчаць. Няхай. Работа ў гаспадароў была гэтакая, што калі і не калупацца з ёю, дык сумленне вельмі мучыць не будзе. Чорны. // Пра найбольш сумленных, справядлівых, адказных за свае паводзіны прадстаўнікоў якога‑н. калектыву, грамадства і пад. За партыю мы тост свой узнімаем, Яна сумленне нашае і сцяг. Астрэйка.
•••
Для ачысткі сумлення гл. ачыстка.
Здзелка з сумленнем гл. здзелка.
Са спакойным (з чыстым) сумленнем — будучы ўпэўненым у правільнасці сваіх учынкаў, дзеянняў, зусім спакойна (рабіць што‑н.).
Сумленне загаварыла — стала сорамна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сці́рта, ‑ы, ДМ ‑рце, ж.
1. Вялікі стог сена, саломы або снапоў збожжа і пад., прызначаны для захавання пад адкрытым небам. Непадалёку ад кароўніка ўзвышаліся вялізныя сцірты сена — запасы на зіму. Паслядовіч. Сцірты саломы, падобныя на высокія пясчаныя курганы, адзначалі месцы палявых такоў. Хадкевіч. [Жанчыны] падышлі да льняной сцірты і пачалі памалу брацца за работу. Гроднеў. [Стары Юстынь] уклаў у сцірту апошні сноп, і калі разагнуўся — пацямнела ўваччу. Чарнышэвіч.
2. Куча прадметаў, пакладзеных адзін на адзін. Жаўцеюць высокія сцірты дошак, брусся, апілаваных плашчакоў. Бялевіч. Сцірты сухой цэглы былі складзены на груд[зе] перад вёскай. Чорны. На дрывотніку ляжала сцірта толькі што наколаных дроў. Хведаровіч.
3. Складзены ў штабялі тавар. Гарэлі побач сцірты мяшкоў са збожжам на адкрытай платформе. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)