Каланты́рыцца ’валаводзіцца’ (міёр., Нар. сл.). Добра вядомае ў розных значэннях у паўн. і ўсх. гаворках. Рус. варонеж., валаг. колотырить ’займацца нязначнай пустой справай’, арханг. ’бадзяцца без справы’ і мн. інш. Утворана ад колотить з экспрэсіўнай суфіксацыяй. Відавочна, сумесная бел.-рус. інавацыя, аднак геаграфія слова не выключае магчымасці рэалізацыі старой слав. тэндэнцыі; серб.-харв. клата́рити се ’вандраваць, бадзяцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лізя́вы ’нясмачны’ (маст., Сцяшк. Сл.), лізявэй ’тс’ (пін., Шатал.). Трэба разглядаць як запазычаную лексему з пераносам значэння. Параўн. польск. lizawy — аб жывёле, якая захварэла ад недабору розных мінеральных злучэнняў (солей) і вітамінаў. Параўн. яшчэ польск. lizawka ’сумесь з солі, гліны і інш., якая давалася жывёле’, ’месца, дзе гэта мяшанка давалася жывёле’. Семантыка развівалася такім чынам: ’без солі’ > ’нясмачны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мэнтам ’хутка’ (дзятл., Сцяшк. Сл.), мёнтам ’вокамгненна, у момант’ (Нар. Гом.). Чэш. ani ment, ani za ment, ani о ment ’нават, крышачку, зусім не’, do (g)mentu ’да апошняга кавалачка’; mentem, mentinou ’ўсё без выключэння’, ’усё запар’. Паводле Траўнічка (Literarni noviny, 15.9.1942), ment было, відаць, назоўнікам ад meri‑ši ’меншы’. Бел. лексема магла ўзнікнуць з у моментъ (гл. момант).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лэндаць ’хадзіць без справы’ (ваўк.), лэндзіць ’гаварыць абы-што’ (астрав.), лэндало ’балбатун’ (свісл., Сцяшк. Сл.). Дзеясловы пры ад’ідэацыі лындаць (гл.) запазычаны з польск., параўн. падгальск. lędzić ’жабраваць, прасіць’, галіцк. łandzić ’з плачам шукаць, прасіць’, якія разам з landzić, lamdzić, lamdać узыходзяць да ням. дыял. landern, ländern, lendern ’бадзяцца’, ’павольна поўзаць, хадзіць’ (Слаўскі, 4, 46). Гл. таксама ла́нда.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

толкI сущ.

1. (смысл) толк, род. то́лку м., сэнс, род. сэ́нсу м.;

ма́ло то́лку ма́ла то́лку (сэ́нсу);

что то́лку? які́ толк (сэнс)?;

с толком з то́лкам (з сэ́нсам, з ро́здумам);

бе́з толку без то́лку (без сэ́нсу, без ла́ду);

2. (прок, польза) разг. кары́сць, -ці ж., толк, род. то́лку м.;

что из него́ то́лку? яка́я з яго́ кары́сць?;

из э́того бу́дет толк з гэ́тага бу́дзе толк;

3. ед. нет (разговоры) гаво́рка, -кі ж.; (слухи) чу́ткі, -так, ед. чу́тка, -кі ж.; (молва) по́галаскі, -сак, ед. по́галаска, -кі ж.; (сплетни) плёткі, -так, ед. плётка, -кі ж.;

положи́ть коне́ц то́лкам спыні́ць ро́зныя гаво́ркі (плёткі);

4. (мнение, суждение) уст. ду́мка, -кі ж., меркава́нне, -ння ср.;

взять в толк на цям узя́ць; ске́міць (сця́міць); дабра́ць ро́зуму, зразуме́ць;

понима́ть (знать) толк зна́цца (на чым-небудзь); (разбираться) разбіра́цца (у чым-небудзь);

не доби́ться то́лку не дабі́цца то́лку;

сбить (сби́ться) с то́лку збіць (збі́цца) з то́лку (з панталы́ку).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Пле́сці, плясці́, плесць, плэсты́, плыстэ́ ’перавіваючы (палосы, лазу, ніці, стужкі), злучаць (іх) у адно цэлае, вырабляць што-н.’, ’вязаць’, ’віць вяроўкі’, ’гаварыць без сэнсу’, ’гаварыць у сне’, ’узводзіць паклёп, паклёпнічаць’; сюды ж у слалучэннях: плётма пле́сці ’хлусіць’, пле́сці кашалі́ без дужак, плесці плота без калкоў ’гаварыць няпраўду, што папала’; пле́сціся, плясці́ся, пле́сцца ’паволі ехаць, ісці, заплятаючыся, чапляючы нагой за нагу’, плётма плесціся ’ўвесь час цягнуцца, ісці’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Др.-Падб., Шат.; Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС; сміл., Стан.; дзятл., Сцяшк. Сл.; ЛА, 4). Укр. плести́, рус. плести́, плесть, польск. pleść, н.-луж. plasć, в.-луж. plesć, палаб. plitě ’пляце’, чэш. plésti, славац. pliesť, славен. plésti, серб.-харв. плѐсти, харв. чак. plȅst, макед. плете, балг. плета́, ст.-слав. плести ’плесці’. Прасл. *plesti < і.-е. *plekʼ‑te/o: ст.-в.-ням. flehtan, англ.-сакс. fleohtan, лац. plectō ’плесці’; без суф. ‑te/o: ст.-грэч. πλέκω, лац. plicāre ’складаць, загінаць, звіваць’ < і.-е. *piekʼ‑ (Міклашыч, 250; Махэк₂, 459; Фасмер, 3, 280; Брукнер, 418; Бязлай, 3, 56); Трубачоў (Ремесл. терм., 248) — *plek‑ (*plekʼ‑). Мее (Études, 180) рэканструюе прасл. форму як *plet‑. Банькоўскі (2, 606) выводзіць тры прасл. формы: *plesti/*plęsti > *plěsti > *plet‑/*plēt‑/*plot ’пашыраць, павялічваць, дадаючы новыя элементы’. Тое ж абазначае і літ. plė̃sti, platùs ’шырокі’. Адносна значэння ’ілгаць, абгаворваць, узводзіць паклёп’: Брукнер (418), Махэк₂ (459). Фасмер (3, 280), Копечны (Zákl. zásoba, 269) бачаць у ім семантычны перанос прасл. *plesti. Фурлан (JS, 29, 120) выводзіць лексему з гэтым значэннем з і.-е. *pléte/o < *(s)pel‑ ’узнёсла гаварыць’, ад якога можа быць і літ. рlерė́ ’балбатаць, несці бязглуздзіцу’ (Бязлай, 3, 56), што непераканаўча (Куркіна, Этимология–1994–1996, 199). Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1), плісціся ў значэнні ’цягнуцца’ — русізм, што неабавязкова, параўн. балг. жарт. плете́ ’ідзе’ (БЕР, 5, 342).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

трапна, метка, па-снайперску □ без промаху, не прамахнуўшыся, не ў брыво, а ў вока, у сук

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

аста́цца, астануся, астанешся, астанецца; астанемся, астаняцеся; зак.

1. Пабыць яшчэ нейкі час дзе‑н.; не пакінуць якога‑н. месца. [Доктар:] — У першыя дні вайны пайшла.. [Надзя] з таварышкай да яе бацькоў перачакаць ліхалецце, ды так і асталася тут. Васілевіч. Мяне мінаюць журавы з апошнім развітальным крыкам. Іх пераймі і запытай, Няхай дадуць астацца згоду. Астрэйка. Калі .. [Хурс] набіраў сабе людзей, астацца на заводзе ўдалося і Валодзю Кастрыцкаму. Чорны. // з інф. Затрымацца з якой‑н. мэтай. Алена асталася дажынаць гоні жыта. Чарнышэвіч. Галілей астаўся чакаць старшыню. Зарэцкі. Пасля налёту не прыйшоў катэр, і.. [Таня] вымушана была астацца начаваць. Шамякін. // Пабыць з кім‑н., у каго‑н. Астацца з дзецьмі. // Не перайсці (у наступны клас). Астацца на другі год.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Захавацца, уцалець, не знікнуць. [Мужчына:] — Вінтоўкі то можа і знайшліся б, каб добра пашукаць. Можа ў каго ад нямецкага фронту асталіся. Чорны. [Ларыса:] — Павер мне, што ў мяне нічога не асталося ад тых ранейшых пачуццяў. Лобан. Яго [Богута] няма, а ў мірнай хатцы Астаўся чад яго пагроз. Колас. // Аказацца ў наяўнасці (пасля выкарыстання, выдаткавання і пад.). Адно толькі будзённае зрэб’е асталося ў .. [маці]: нават і пасажная ўся адзежына, што ад бацькі прынесла, пайшла ў ход. Чорны. // Аказацца нявыкарыстаным або непераадоленым кім‑н. (пра адлегласць і час). Да горада асталося кіламетраў шэсць. □ Дзесяць дзён асталося да канца гаспадарчага квартала. Чорны. У пачатку восені паехала Аленка ў Загор’е. Апошні год астаўся ёй павучыцца. Колас. // каму, на каго. Дастацца каму‑н., прыйсціся на долю каго‑н. Уся спадчына асталася сыну.

3. Не перастаць быць якім‑н., кім‑н., знаходзіцца ў якім‑н. стане. [Зося:] — А ты [Міхал] такі самы і астаўся, як і змалку быў. Чорны. // з інф. Не змяніць свайго становішча, стану. [Гаруе] паклаў.. [лісты] на стол перад сабою, падпёрся локцямі і гэтак астаўся сядзець над імі. Чорны. Сажалка так і асталася нявыкапанай. Колас.

4. Аказацца, апынуцца ў якой‑н. ролі, стане, становішчы і пад. Астацца ўдавой. □ [Міхал:] — Пустым той кут не астанецца. Не будзе нас — другі там сядзе. Колас. Пасля сходу [Пніцкі] астаўся адзін. Чорны. Сасноўскі, як вынікала са слоў Дзімінай, астаўся не зусім задаволены самой намесніцай. Карпаў. // без чаго. Аказацца без чаго‑н. Астацца без дроў. Астацца без абеду. □ Завойкала Хадося. Што рабіць? Як гэта без агароду астацца? Гроднеў. На бога спадзяешся — без кашулі астанешся. Прыказка. Пераступілі фашысты наш парог ды асталіся хто без рук, а хто без ног. Прыказка.

5. Аказацца ззаду, адстаць. [Зося] злезла з воза і пайшла, разглядаючы ўсё, як бы навіну якую; асталася і ішла адна. Чорны. «Я даганяў каня, але астаўся», значыць, адстаў, не збегся. Лужанін. [Алена:] — Па-твойму, мне адпачываць не трэба.. Каменная я. Цэлы дзень, сагнуўшыся, адна, каб ад людзей не астацца... Ледзь ніву кончыла. Чарнышэвіч.

6. безас. каму і з інф. Трэба толькі, неабходна толькі. Ён ужо зрабіў усё, толькі грошы асталося атрымаць.

•••

Астацца без рук — моцна стаміцца, знемагчыся ад работы рукамі.

Астацца з носам — пацярпець няўдачу.

Астацца ў дурнях — а) прайграць у картачнай гульні «ў дурня»; б) перан. быць падманутым, ашуканым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нішто́ I

1. (род. нічо́га, дат. нічо́му, вин. нішто́, твор. нічы́м, предл. ні аб чы́м) мест. отриц. ничто́;

мне нічо́га не трэ́ба — мне ничего́ не ну́жно;

ні ў чым не вінава́ты — ни в чём не пови́нен;

ён ні аб чым не клапаці́ўся — он ни о чём не забо́тился;

2. в знач. сущ., нескл., ср. ничто́;

без пра́цы чалаве́к — н.без труда́ челове́к — ничто́;

за н. — а) зря; ни за что́; б) (по дешёвке) за бесце́нок;

н. і́ншае — ничто́ ино́е (друго́е);

зве́сці (сысці́) на н. — свести́ (сойти́) на не́т;

лічы́ць за н. — ни во что не ста́вить;

нічо́га не зро́біш — ничего́ не поде́лаешь;

як нічо́га не было́ — как ни в чём не быва́ло;

нічо́га падо́бнага — ничего́ подо́бного;

н. сабе́ — ничего́ себе́;

мно́га шу́му з нічо́гапогов. мно́го шу́ма из ничего́;

без нічо́га нія́кагабез причи́ны

нішто́ II нареч.

1. разг. ничего́;

ко́рмяць там н. — ко́рмят там ничего́;

2. в знач. сказ. (обычно со словом сабе) ничего́;

ураджа́й там н. сабе́ — урожа́й там ничего́

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

адзвані́ць, ‑званю, ‑звоніш, ‑звоніць; зак.

1. што. Адзначыць што‑н. звонам; празваніць. На сцяне гадзіннік адзваніў дванаццаць. Галавач.

2. без дап. Кончыць званіць. Даўно адзванілі ў царкве — адпраўлялася праваслаўная імша. Чорны.

•••

Вушы адзваніць — надакучыць просьбай, гутаркай каму‑н., доўга і настойліва прасіць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)