пала́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Гарэць яркім полымем. Пад разложыстым старым дубам палае вялікі агонь. Пестрак. Палалі вагоны і платформы з цюкалі сена. Карпаў. // Зырка паліцца. Магдалена нясмела і з трывогай адчыніла дзверы з сянец у знаёмую кухеньку. Там палала печ. Чорны. // Павяваць цяплом, жарам. Ах, якая пагода! Ах, пагода якая! Ад усходу да захаду Сонца палае. Танк.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ярка свяціцца. У вітрынах палалі рознакаляровыя агні. Корбан. Палала зарніца над бярэзнікам. Бядуля. // Быць чым‑н. асветленым; свяціцца яркім святлом. Палаў далягляд ад палярнага сонца. Шамякін. А я на Замкавай гары стаю, дзіўлюся, як азёры агнём палаюць на зары. А. Вольскі. // перан. Вылучацца колерам, афарбоўкай (звычайна чырвонай). Востраў, цэлы востраў кустоў барбарысу з чырвонымі ягадамі палаў на сонцы! Хомчанка. Трыбуна! Твой абрус чырвоны Палае сцягам агнявым. Вітка.

3. Станавіцца чырвоным ад прыліву крыві. Літары зліваліся ў адну шэрую пляму, твар палаў, але на душы ў .. [Рыгора] было светла. Ваданосаў.

4. перан. Быць ахопленым якім‑н. пачуццём, быць узбуджаным. Сам.. [Косця] палаў шчасцем і думаў, што шчасцем поўняцца ўсе навокал. Шыцік. Дзяўчынкі так і палалі жаданнем прыступіць да выканання сваіх абавязкаў. Маўр. // Праяўляцца бурна, з вялікай сілай (пра пачуцці). Агонь абурэння ў іх грудзях палаў, Адна толькі песня палёгкай была. Чарнушэвіч. // Выражаць моцнае пачуццё (пра вочы, погляд). Вочы.. [Зосіны] палалі, валасы распушыліся. Мехаў.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Праходзіць бурна (пра паўстанне, барацьбу і пад.). Пасля грамадзянскай вайны на ўсім яшчэ ляжаў водбліск вялікіх, рэвалюцыйных бітваў, яшчэ палаў іх агонь і чулася іх водгулле. Перкін.

пала́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Ачышчаць абмалочанае або абтоўчанае зерне ад мякіны і пылу пры дапамозе маленькіх начовачак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.

1. чаго. Паставіць у значнай колькасці. Дома маці наставіла на стол, што толькі мела. Якімовіч. Стагоў сёлета калгас .. наставіў шмат: была добрая трава. Пташнікаў. // Пабудаваць значную колькасць чаго‑н. Замест жа хібарак, панылых цямніц, Наставім прыгожых святліц. Колас.

2. што. Накіраваць на каго‑, што‑н., у бок каго‑, чаго‑н.; нацэліць. Салдат наставіў на.. [маладога чалавека] аўтамат. Чорны. Начальнік паліцыі падышоў і наставіў пісталет упрытык да грудзей. Новікаў.

3. што. Выставіць наперад; выцягнуць. Зося наставіла рукі і адступалася назад. Крапіва.

4. што. Накіраваць на каго‑, што‑н. (позірк, вочы і пад.). Шляхціц наставіў на пана спалоханыя вочы. Бядуля.

5. што. Падняць, зрабіць стаячым (каўнер). Люба схавала сшытак, наставіла каўнер у кажушку і развіталася. Мурашка. [Аўсееў] наставіў каўнер і нерашуча ступіў у змрок ночы. Быкаў. // Падняць, натапырыць насцярожана (вушы, шэрсць і пад.). Конь ірвануў сані ў бок ад Панаса, наставіў палахліва вушы і пабег шпарчэй. Галавач. Хіб наставіў звер калматы. Вітка.

6. што. Разм. Паставіць грэцца (пра самавар). [Марына Паўлаўна:] — Я наставіла самавар — зараз будзе гатоў. Зарэцкі.

7. чаго. Разм. Пабоямі нарабіць (сінякоў, гузакоў). Наставіць сінякоў. □ За выпасы нямала вялося гарачых спрэчак паміж ніўскімі і нізоўскімі начлежнікамі, нямала наставілі адзін аднаму гузакоў. М. Ткачоў.

8. што. Павесіць, надзеўшы на што‑н.; навесіць. Шэмет моўчкі падышоў да варот і пачаў спрабаваць наставіць вароты на крук. Лобан.

•••

Акуляры наставіць каму — падмануць каго‑н., паказаўшы што‑н. у значна лепшым выглядзе, чым ёсць на самай справе.

Наставіць (натапырыць) вушы — пачаць прыслухоўвацца.

Наставіць (навесці) на дарогу — навучыць чаму‑н., дапамагчы ўладкавацца ў жыцці.

Наставіць (навесці) на розум — даць разумную параду, навучыць чаму‑н. добраму.

Наставіць рогі каму — а) здрадзіць мужу; б) стаць палюбоўнікам чыёй‑н. жонкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́цца, ламлюся, ломішся, ломіцца; пр. ламаўся, ‑малася; заг. ламіся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ужыв.). Раздзяляцца, распадацца на часткі ад уздзеяння якой‑н. сілы. І на маўклівыя нізіны Бяжыць, шалеючы, вада, І ломяцца, як шкло, ільдзіны, І крыгі гнуцца, як слюда. Глебка. Палі часта ламаліся, плюшчыліся, іх прыходзілася выцягваць назад. Шамякін. Бліскае маланка, ломіцца на часткі, — і па ўсім наваколлі працяжна грукоча гром. Гамолка. // Быць крохкім, ломкім; лёгка разломвацца. Гнецца, а не ломіцца.

2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Псавацца, станавіцца непрыгодным. Людзі помняць усялякія здарэнні, якія адбываліся ў гэтым месцы, як ламаліся калёсы, трапляючы ў глыбокія западзіны між каменняў на дне тонкай разбоўтанай гразі. Пестрак.

3. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Парушацца, разбурацца (пра што‑н. прывычнае, традыцыйнае). Стройна апрацаваныя планы ламаліся пад націскам жывое сапраўднасці. Гартны. // Рэзка змяняцца (пра характар, прывычкі, паводзіны). Іх [Косціка і Зосі] дружба пачала ламацца, гульні нярэдка канчаліся разладамі. Дуброўскі.

4. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Змяняцца на тэмбру і дыяпазону ў пераходным узросце (пра мужчынскі голас). // Станавіцца перарывістым пад уплывам моцных пачуццяў, перажыванняў (пра голас). Добры раманс гучаў ненатуральна: Рая «крыўлялася», голас яе дрынчаў, ламаўся. Шамякін.

5. перан. Разм. Ісці напралом; спрабаваць пранікнуць куды‑н. сілай. Ламацца ў дзверы. □ Ноч не збавенне — толькі забыццё... Засну. — А ў грудзі ломяцца трывогі. Зуёнак.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Быць застаўленым чым‑н., быць перапоўненым мноствам чаго‑н. Ломяцца вітрыны ад тавараў. □ Частка людзей адразу ж вярнулася ў пакой, дзе стол ламаўся ад усякай яды. Чорны. // Гнуцца пад цяжарам. Голле ў садзе ломіцца ад яблыкаў. Грамовіч.

•••

Ламацца ў адчыненыя дзверы — даказваць, сцвярджаць тое, што даўно ўсім вядома, што не патрабуе доказаў і не выклікае пярэчанняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прызна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што. Па якіх‑н. знешніх прыкметах выявіць, убачыць у кім‑, чым‑н. знаёмага або што‑н. знаёмае; пазнаць. [Марыя Іванаўна] добра да яго прыгледзелася, нават падышла бліжэй і з вялікім здзіўленнем прызнала ў ім былога ахоўніка завода. Няхай. Ледзь прызнаў яе. Некалі бачыў маленькай дзяўчынкай, а цяпер — нявеста. Пянкрат. Але Крыма сады, Як жа іх не прызнаць, І з якімі садамі Яны параўнаюцца?! Тарас.

2. каго-што. Палічыць кім‑, чым‑н., за каго‑, што‑н., якім‑н. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Мележ. І не такі .. [Мартын] чалавек, каб бяссільна палажыць вясло і прызнаць сябе пераможаным. Колас.

3. каго-што. Палічыць законным, зацвердзіць сваёй згодай права на існаванне чаго‑н. Прызнаць дзяржаву. □ Лепей згінуць у змаганні за сваю волю, за права будаваць сваё жыццё па-свойму, чым прызнаць панскую ўладу і панскую волю. Колас.

4. каго-што. Ацаніць каго‑, што‑н. па заслугах. І ўсё ж... карціну не прызналі; Адна з прычын тае бяды: Блакіт і сонца — ўсе дэталі Не з неба ўзяты, а з вады. Непачаловіч.

5. што і з дадан. сказам. Дапусціць рэальнасць, наяўнасці, чаго‑н.; згадзіцца з чым‑н. Прызнаць свае памылкі. □ [Хлапец] з вінаватай, кплівай усмешкай пакруціў галавою, перад усімі прызнаў кволасць сваю: — Запарыўся!.. Мележ. Сцёпка змушан быў прызнаць сваё паражэнне. Колас. Чалавек сумленны, Міхал таксама не мог не прызнаць, што начальнік цэха меў рацыю. Карпаў. // Прыйсці да якога‑н. заключэння, вываду; устанавіць. Жанчына ляжала, як нежывая. — Ад хворых нерваў, — прызнаў доктар. Чорны. Грышка рад, бо ўсе прызналі, Што найлепшы ён стралок. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разуме́ць, е́ю, ‑е́еш, ‑е́е; незак.

1. каго-што. Усведамляць, спасцігаць розумам сэнс, змест і пад. чаго‑н.; асэнсоўваць. Разумець заданне. Разумець тэкст. Разумець міміку і жэсты нямога. □ [Андрэй:] — Я цябе паважаю, Кузьма, як чалавека вучонага, і люблю паслухаць тваю гутарку, хоць ты гаворыш так разумна, што я не ўсё разумею. Колас. Іліко пачуў некалькі слоў на рускай мове. Ён ужо навучыўся адрозніваць гэтую выразную, чоткую, адрывістую мову ад іншай, але не разумеў яшчэ ні слова. Самуйлёнак. // Разбірацца ў думках, паводзінах, учынках, намерах каго‑н. Чалавек, як не трэба лепш, разумеў ужо свайго начальніка. Чорны. Дзяцей пісьменнік той не меў і іх не разумеў ніколі. Таму ў творах не было ніводнай кропелькі жывога. Корбан.

2. што і з дадан. сказам. Ведаць, здагадвацца аб чым‑н., усведамляць што‑н. Разумець сваю памылку. □ Міколка разумеў, што трапілі яны з дзедам у бяду. Лынькоў. [Чарнеў] бачыў і разумеў, што Міхалу яго выбар не падабаецца. Васілевіч.

3. каго-што і без дап. Быць дасведчаным у чым‑н.; магчы разбірацца ў чым‑н., меркаваць пра што‑н. Разумець музыку. □ Свайму настаўніку, які вучыў разумець і любіць літаратуру, Канстанцін Міхайлавіч прысвяціў некалькі адвячоркаў. Лужанін. Сам пан Вальвацкі нічога ў гаспадарцы не разумеў. Крапіва. // Мець пэўны погляд на што‑н., пэўную думку наконт чаго‑н. Важна тое, як крытык разумее сучаснасць у літаратуры. «Полымя». Я так каханне разумею: Калі кахаеш сапраўды, Ідзеш да любай у завею, А глянеш — расцвітуць сады. Прануза.

4. каго-што. Падразумяваць, мець на ўвазе. Пад лексікай разумеюць усю сукупнасць слоў мовы.

5. у знач. пабочн. разуме́еш (разуме́еце). Ужываецца з мэтай падкрэсліць што‑н., звярнуць увагу на што‑н.

•••

Вось гэта я разумею! гл. я.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскі́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Стаць непрыгодным, разбурыцца, разваліцца на часткі. — А людзі кажуць так: раскідаецца печ зімою — тое самае, што абрадзініцца жонка ў жніва. Колас. [Сабастыян:] — Раскідаліся жорны, хоць ты што хочаш. А заўтра чуць свет трэба будзе вобмешкі ўмалоць. Чорны. // перан. Разладзіцца, расстроіцца; распасціся. Вяселле раскідалася. □ Кампазітар Сэлецкі браўся напісаць музыку, спыніліся на драматычнай старонцы гісторыі — Мазепе. Але справа раскідалася. Клышка.

2. Размясціцца на вялікай прасторы, далёка адзін ад аднаго. Нізенькія кусцікі.. уперамежку з ядлоўцамі кучкамі раскідаліся па балоце. Колас. // Разм. Раз’ехацца, разысціся, перастаўшы быць разам. Раскідаліся Шэметы па свеце: Мацвей у Некрашах, у калгасе, Лукаш у Мінску, у аспірантуры. Лобан.

3. Раскінуць рукі, ногі (у сне). Алёшка павярнуўся, раскідаўся, спаўзла коўдрачка. Гурскі.

4. Разм. Стаць непрыгодным, немагчымым для язды (пра дарогу напрадвесні і ранняй вясной). — Раскідаецца дарога, тады ні ў санях, ні ў калёсах нікуды не дабярэшся. С. Александровіч.

5. Разм. Захапіцца кіданнем чаго‑н.

6. Разм. Нарадзіць дзіця. І толькі тады ў галаву мне цюкнула: жонка ж мая цяжарная, не сёння — заўтра раскідацца павінна. Сачанка.

7. Заняцца адначасова многімі справамі, не засяроджваючыся ні на чым. [Алесь:] — Мяркую за паўтара года падрыхтавацца і здаць іспыты за славесны і гістарычны факультэты. — Ну, а потым? — Потым, мяркую, філасофію, натуральныя навукі. — Не баіцеся раскідацца? Караткевіч.

раскіда́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Незак. да раскі́дацца.

2. Разм. Не цэнячы чаго‑н., дарэмна траціць, не імкнуцца ўтрымаць што‑н. пры сабе; раскідвацца. — Не з беднага краю, — паглядзела на.. [Зіну] Таня. — Дзесяткамі раскідаешся. Мыслівец. Пасада першага сакратара ЦК камсамола Беларусі не давала магчымасці [Платону Галавачу] надта раскідацца часам. Скрыган. — Цяпер вельмі разбірацца і раскідацца няма кім. Усё лепей, чым нікога... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распаўзці́ся, ‑паўзецца; ‑зёмся, ‑зяцеся, ‑зуцца; пр. распоўзся, ‑паўзлася, ‑лося; зак.

1. Папаўзці ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх насякомых, жывёл). Мурашкі распаўзліся. □ [Змеі], як відаць,.. вызваліліся і распаўзліся па караблі. Маўр. З учарашняга дня ваўчыца не вярнулася ў бярлогу, і галодныя ваўчаняты распаўзліся па кустах. Якімовіч. // Разм. Разысціся ў розныя бакі (пра людзей). — Вось што, хлопцы, — перавёў Лабановіч гутарку на іншае, — усім гуртам ісці на станцыю не варта. Давайце лепей распаўзёмся паціхеньку. Колас. // Павольна разыходзячыся, захапіць вялікую прастору (пра хмары, дым, туман і пад.). Па небе распаўзлася шэрая хмара і схавала сонца. Гроднеў. Густы дым распоўзся каля нары, але, здавалася, зусім не ішоў у сярэдзіну. Маўр. // Рассунуцца, раз’ехацца. Яна засталася адна. Рукі яе апусціліся, не давязаўшы вузла, і рагі ў прасцірадле распаўзліся з-пад рук. Чорны. // Разм. Прасторна, шырока размясціцца. Вялізнае сяло распаўзлося на багатым .. суглінку па броўках яроў, па схілах, па адхоне над рачулкай. Караткевіч.

2. Расплыцца, расцячыся па паверхні чаго‑н. Дзежка грымнулася аб зледзянелую сцежку, клёпкі са звонам рассыпаліся ва ўсе бакі, па снезе распаўзлася рыжая, як вывернуты стары кажух, пляма. Дуброўскі. / у перан. ужыв. Па светламу твару Колышава распаўзлася здрадлівая чырвань. Мележ. // Страціць пэўныя, яскравыя абрысы, форму пад уздзеяннем вільгаці, вады і інш. Дзе папера ад поту прамокла, там літары распаўзліся, але пыталіся выразна. Грамовіч. На прыгрэве каля ляска заечыя сляды. Пад цёплымі промнямі веснавога сонца яны распаўзліся. Ігнаценка. // Размокнуць, раскіснуць (пра зямлю, дарогу). Дождж прайшоў сляпы, спорны. Дарога распаўзлася. Лукша.

3. Разм. Разваліцца, разлезціся ад доўгай носкі, ад старасці. Алесь устаў. Можна выкруціць, выбіць аб руку пілотку. Выкруціў. Асцярожна, каб не распаўзлася. Брыль. [Крымянец] крыху паправіў падушку, якая даўно ўжо распаўзлася і з якой церушылася старая спарахнелая салома. Лынькоў. А тут новая бяда — чаравікі распаўзліся. Мядзёлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́дкі, ‑ая, ‑ае.

1. Недастаткова густы, вадзяністы. Рэдкі кісель. Рэдкая страва. Рэдкая смятана.

2. Які складаецца з аднародных прадметаў, часцінак, размешчаных не блізка адзін ад другога. На кіламетраў шэсць цягнуўся .. рэдкі лес, у якім хвоя ад хвоі стаяла на метраў пяцьдзесят ці часам сто. Чорны. Трохі .. [барада] няроўная ў .. [дзеда] — адна палавіна густая, другая — рэдкая. Лынькоў. // Размешчаны далёка адзін ад другога. Рэдкія ліхтары асвятлялі вуліцу. Гартны. [Азорыч:] З табою мы прайшлі З Барысава семнаццаць кіламетраў — І хоць бы дзе адна буйная часць! Разведка толькі, рэдкія заставы... Глебка. Нейкі час ехалі моўчкі. Лес парадзеў, стала святлей. У прасветліны відаць было неба з рэдкімі зоркамі. Асіпенка. // Не шчыльна сатканы або сплецены. Рэдкі невад. Рэдкі кошык. □ Праз рэдкую тканіну на вокнах пранізваецца ранішні водсвет. Бядуля.

3. Не густы (пра туман і пад.). Першы туман, лёгкі і рэдкі, як пара над гаршком, пачаў ўздымацца над рэчкаю, гусцець і большаць. Мурашка. // Не насычаны, разрэджаны (пра паветра, святло і пад.). Рэдкае святло. □ Мацей прынёс з-пад паветкі бярэмца дроў, пакідаў іх у рэдкі душок астылай печы. М. Стральцоў.

4. Які адбываецца праз вялікія прамежкі часу, бывае не часта. Цімох не любіў кампаніі і стараўся меней стыкацца з пастухамі. А калі і бывалі спатканні з імі, то вельмі рэдкія і выпадковыя. Колас. Недзе чуваць былі рэдкія выбухі. Дамашэвіч.

5. Які не часта сустракаецца, незвычайны. Там ужо заўважылі .. [кітоў] і згуртаваліся ля варта, каб падзівіцца на такіх рэдкіх, незвычайных марскіх жыхароў. Маўр. [Мікалай] добра разумеў, што гэта вельмі рэдкая выпадковасць — сустрэць таго, каго шукаеш на такім фронце, у мільённым натоўпе палонных. Шамякін. // Выдатны, выключны па сваіх якасцях. — Дык пан добра знае пана Турсевіча? — спытала пані падлоўчая: — Ах, які гэта быў рэдкі чалавек! — Зад на яна. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

струме́нь, ‑я, м.

1. Вузкі паток вады або якой‑н. вадкасці. А снег над белым полем заіскрыцца, у студзені ўдараць халады — булькоча нестрыманая крыніца струменямі празрыстае вады. Грахоўскі. Насупраць Бунтароўкі .. [рэчка Альхавянка] разбівалася на некалькі струменяў, гублялася ў балотнай твані вузенькімі рукавамі. Дуброўскі. // Рух вады ў рэках і пад.; цячэнне. Трымаецца .. [вусач], як правіла, далёка ад берагоў, на галоўным струмені. Матрунёнак. // Вузкі паток вады, якой‑н. вадкасці, які сцякае, цячэ ўніз; цурок. Дождж не спыняўся. Ён, здаецца, яшчэ болей узмацніўся, ліў суцэльнымі струменямі. Навуменка. Пад каштан падлога фарбавана, Сцены, столь — бялейшыя за снег; Ледзь рукою дакрануўся крана — З-пад яго струмень вады пабег. Непачаловіч. // перан.; чаго або які. Нешырокая паласа святла, дыму, агню, паху і пад. Улетку бываюць такія дзіўныя вечары, калі нагрэтае за дзень паветра не вее, а цячэ гарачымі струменямі. Чарнышэвіч. Непадалёку, пускаючы струмені пары, стаяў паравоз. «Звязда». Праз кожны міг бесперастанку Струмень агню рос удвая. Смагаровіч. Прыпаўшы да зямлі,.. [Арцём] ужо дзьмуў пад кучу вільготнага лісця, над якім цягучым струменем валіў бела-жоўты дым, як на шляху, за валам, пачуўся матацыкл. Ракітны. // Пра паток сыпкіх рэчываў. Струмень пяску. □ Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі. Цэлыя струмені перасечанай саломы сыпаліся на ток. Колас.

2. перан. Вялікая колькасць людзей, што ідзе, рухаецца ў адным напрамку. Раптам струмень пешаходаў зацішыў хаду, затоўкся на месцы, нарэшце збіўся ў натоўп. Гартны. У гэтым жывым чалавечым струмені давялося і рушыць наперад. Чорны.

3. перан.; чаго або які. Напрамак, рыса ў чым‑н. Струмень вынаходніцтва. □ Адметнаю рысаю мастацкай манеры К. Крапівы з’яўляецца наяўнасць у яго творчасці гумарыстычна-сатырычнага струменя. «ЛіМ».

•••

Бабровы струмень — сакрэт мускусных залоз рачнога бабра.

Кабарговы струмень — мускус.

Унесці свежы струмень у што гл. унесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сушы́ць, сушу, сушыш, сушыць; незак., каго-што.

1. Рабіць сухім (што‑н. сырое, вільготнае, мокрае), трымаючы на паветры або ў цёплым месцы. Сушыць бялізну. □ Палажы сушыць валёнкі — Сам адпачывай. Астрэйка. Волька сядзела на печы — сушыла галаву пасля жыцця. Васілевіч. // і без дап. Рабіць празмерна сухім, пазбаўляючы неабходнай вільгаці. Сонца паліла няшчадпа, сушыла апошнія жнівеньскія травы. Шамякін. [Ліда] сама і не чула б, здаецца, таго, што ад рання сушыла смага. Брыль. / у безас. ужыв. А ў той год вельмі сушыла. Зямля, як жывая, енчыла, прасіла піць. Хомчанка. Ад смагі баляць патрэсканыя губы. Сушыць у роце. Сяргейчык. // Рабіць асушэнне, адводзячы ваду. А старыя і чуць не хацелі: — Не, не можна балота сушыць!.. Багун. // Выдаляць (ваду, вільгаць); асушаць. А як паднялося вышэй .. [сонца] і пачало сушыць расу на траве, тады павуціна доўгімі бліскучымі ніткамі пачала паўзці ў паветры. Нікановіч.

2. Нарыхтоўваць у запас, выдаляючы вільгаць з раслін, пладоў і пад.; высушваць, засушваць. Сушыць грыбы. □ Збіраў .. [Лявон] таксама розныя расліны і ягады, сушыў іх, потым даваў людзям ад розных хвароб. Кулакоўскі. Мяса .. [марскія людзі] не прывыклі запасіць надоўга, напрыклад, сушыць. Маўр.

3. перан. Разм. Падрываць здароўе, даводзячы да худзізны, знясілення. Гарачка сушыла сілы, як спякотлівы летні дзень высушвае расу. Асіпенка. Абхадзіў я за плугам палетак, Хоць яшчэ быў зусім малалетак. Працаваў аж да сёмага поту, Заядала, сушыла работа. Хведаровіч. // Мучыць, мардаваць. Твар [дзяўчынкі] быў учарнелы і завостраны. Вялікі неспакой сушыў яго. Чорны.

4. перан. Рабіць сухім, чэрствым, нячулым. У глыбокім маўчанні з прыроднаю сілай Зліваюцца душы, Збліжае нас час да [вячэрняга] схілу — А сэрцаў не сушыць! Буйло.

•••

Сушыць вёслы — трымаць вёслы над вадой, кінуўшы веславаць.

Сушыць галаву (мазгі) — клопатам, думкамі займаючы галаву, падрываць сабе здароўе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)