мітуслі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які хутка і бесперапынна рухаецца ў розных напрамках. [Хлопцы] доўга і пільна прыглядаліся да шумных мітуслівых гракоў, клікалі Грышу. Якімовіч. Спалохана ўзляталі з прыдарожных соснаў мітуслівыя сарокі. Лынькоў. // Паспешлівы, неўраўнаважаны; бязладны. Ішлі хлопцы; беглі, каб не спазніцца, мітуслівыя дзяўчаты. Лынькоў. Рухі Пятра вуглаватыя, мітуслівыя і лёгка выдавалі яго як непрактычнага ў гаспадарчых справах інтэлігента. Ракітны.

2. Які мільгае, мітусіцца перад вачыма. Пры мітуслівым святле свечкі Анупрэй разгледзеў чалавек восем вайсковых. Грахоўскі. Да фермы набліжаліся мітуслівыя кроплі ліхтароў — беглі людзі. Місько. Агеньчыка ззаду не было — патух ці закрыла мітуслівая заслона завірухі. Мележ.

3. Неспакойны, поўны мітусні (у 1, 2 знач.). Мітуслівы горад. □ Усе былі стомлены, але тое, што такі гарачы і мітуслівы дзень прайшоў удала, бадзёрыла і радавала. Хадкевіч. // Якому ўласціва мітусня. Жанчыны займаліся той дробнай мітуслівай работай, якой амаль не відаць, але якая надзвычай стамляе і ўрэшце прыводзіць да апатыі, абыякавасці. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Правесці якую‑н. гульню, пагуляць у што‑н. Згуляць у хованкі. Згуляць у гарадкі. Згуляць у валейбол. Згуляць у лато. / што. Аб правядзенні партыі ў якой‑н. гульні або часткі гульні. Згуляць партыю ў шахматы.

2. што. Наладзіць, справіць што‑н. Згуляць вяселле. □ Каласы адспявалі, Іх пажалі, сабралі, Бараду завязалі Ды дажынкі згулялі. Броўка. // Разм. Пратанцаваць, станцаваць (танец). — А ўчора на танцах.. адна нішто сабе была, — сказаў Картыжоў. — Згуляў я з ёю пару танцаў. Чыгрынаў.

3. (звычайна з адмоўем). Разм. Страціць які‑н. час дарэмна; прагуляць. Каваль быў працавіты чалавек, ён не мог згуляць ані хвіліны. Чорны. Усю зіму на конях, на трактары, якому Заранка не давала згуляць ні хвіліны, вазілі на поле гной, тралявалі з балота торф. Сабаленка. // Застацца незасеяным (пра поле, ніву). — Не бойся: людзі не сядзяць, Зямля не будзе нас чакаць, Не запустуе, не згуляе! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улюбёны, ‑ая, ‑ае.

1. Закаханы ў каго‑н. Калі салдаты пайшлі, Лёдзя, улюбёная на той момант у Пракопа, з нейкім асаблівым уздымам узялася за работу. Карпаў. // у знач. наз. улюбёны, ‑ага, м.; улюбёная, ‑ай, ж. Той (тая), хто закаханы ў каго‑н. [Патуцька:] — А гэты... улюбёны твой што — таксама на семінар? — Улюбёны? — дзяўчына ўскінула бровы і ўсміхнулася: Які ўлюбёны? Ці вы жартуеце? Ракітны. // Ачараваны, захоплены кім‑, чым‑н. Валодзька па-дзіцячы быў улюбёны ў.. [Корзуна], як у добрага казачніка. Кірэйчык. [Сакратар:] — Вёсцы трэба не проста людзі, а здольныя людзі, здольныя арганізатары, людзі, улюбёныя ў зямлю. Гаўрылкін.

2. Такі, якому аддаецца перавага ў параўнанні з чым‑н. іншым; аблюбаваны. Улюбёная страва. □ Простыя людзі, радавыя працаўнікі сталі ўлюбёнымі героямі паэзіі Броўкі. «Полымя». Гэта вуліца часта вадзіла Ільіча на Жураўліную горку — яго ўлюбёнае месца адпачынку. Сіпакоў. Маральная і філасофская алегорыя была ў Я. Коласа адным з улюбёных сродкаў мастацкага абагульнення жыццёвых назіранняў. Казека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Над1, прыназ., рэдка нада (нада мной); укр. над, надо, рус. над, надо, польск. nad, nade, чэш. nad, nade, славац. nad, nado, в.-луж., н.-луж. nad, nade, nado; славен. nad, серб.-харв. над, нада, балг. над, макед. над. Прасл. *nadъ роднаснае да на; праблему складае паходжанне ‑dъ, якое звычайна трактуецца як узмацняльнае. Найбольш пашыраная версія тлумачыць з’яўленне гэтага элемента пад уплывам антанімічнага podъ (Фасмер, 3, 37; Махэк₂, 387; Бязлай, 2, 210 і інш.). Згодна са Стангам (Scando-Slavica, 3, 236), ‑dъ у nadъ, podъ, perdъ аднолькавага паходжання са ст.-прус. ‑dau у pirsdau ’перад’, sirsdau ’сярод’, pansdau ’пасля’, што разглядаецца як іменная флексія месн. скл., паколькі некаторыя прыназоўнікавыя формы з ‑dъ узніклі на базе назоўнікаў і прыслоўяў; напрыклад, балг. зад ’за’, якому ў іншых славянскіх мовах адпавядаюць толькі назоўнікавыя і прыслоўныя функцыі, развіло прыназоўнікавае значэнне ў гістарычны час на Балканах, гл. ESSJ SG, 1, 127–128 (з л-рай). У народна-дыялектнай мове сустракаюцца выпадкі канкурэнцыі на і над, параўн.: Над сонца надышоў похмарок (ТС).

Над2 у выразе: Як нема на наду, так чорт даў хаду (пра запаслівасць, гаспадарлівасць) (саліг., Нар. сл.). Рэдкая паралель да серб.-харв. на̂д, на́да ’надзея’, параўн. яшчэ славен. nȃda ’тс’, гл. надзея. Аднак не выключана, што тут выступае аддзеяслоўны назоўнік, утвораны ад на́дзіць ’вабіць, прыцягваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

здра́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каму-чаму.

1. Перайсці на бок ворага; прадаць (у 2 знач.). Народ цябе, як брата, прыме, Калі Радзіму ты любіў, Калі не здрадзіў ты Радзіме. Буйло. Саша ўзненавідзела свайго брата, калі ёй здалося, што той здрадзіў і прадаўся фашыстам. Кучар.

2. Парушыць вернасць каму‑, чаму‑н. Як лёгка ісці, калі наперадзе крочыць чалавек, якому ты верыш ва ўсім, які ніколі не здрадзіць. Савіцкі. Так упершыню ў той дзень Адам здрадзіў кухару і стаў вучнем барадатага шаўца. Нядзведскі. // Парушыць сямейную вернасць, вернасць у каханні. Я хачу не згубы, Толькі крыху радасці Ды каб тая, любая, Да пары не здрадзіла!.. Лявонны.

3. перан. Перастаць дзейнічаць, праяўляцца, служыць каму‑н. Платон анямеў; ногі здрадзілі, і ён ухапіўся аберуч за край мучной скрыні. Ракітны. // Рэзка змяніцца (пра псіхічны стан чалавека). Спакой здрадзіў жанчыне: яна амаль скочыла да стала, схапіла таямнічы канверт, дрыжачымі рукамі выхапіла з яго, як з агню, пісьмо. Шамякін.

•••

Здрадзіць сабе — зрабіць што‑н. насуперак сваім перакананням.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пэ́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Дакладна вызначаны, прызначаны. Ліда атрымала некалькі мін, заведзеных на пэўны, вядома, позні час ночы. Кавалёў. [Тарыел і Тапурыя] ўгаварыліся сустрэцца на пэўным месцы, на паўднёвай ўскраіне лесу. Самуйлёнак.

2. Выразны, акрэслены, які склаўся канчаткова. Без пэўнай думкі расчыніў.. [Раман] у клуню вароты, зайшоў туды, агледзеў сцены, зірнуў на кучы саломы і выйшаў на двор. Колас. Назаўтра, пасля абходу, калі ўрач, таксама не сказаўшы нічога пэўнага, пайшоў з палаты, Лёдзя ўстала і падышла да жанчыны. Карпаў.

3. Некаторы, той ці іншы. У працы выяўлены пэўныя недахопы. □ Кожны будаўнік — у пэўнай ступені паэт і летуценнік, з вялікаю вераю ў свае сілы і магчымасці. Грахоўскі.

4. Перакананы ў чым‑н.; упэўнены. Аўгеня пайшла дадому, пэўная ў тым, што сёння свята. Колас.

5. Такі, якому можна даверыцца; надзейны. [Алалоўнік] быў чалавекам пэўным у палітычным сэнсе... Бядуля. [Жэня:] — [Серада] абяцае завесці нас у найбольш пэўную схованку. Брыль.

6. Упэўнены, цвёрды. Спрактыкаваныя, пэўныя рукі паклалі пад рэйку адну з «мышаловак». Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супраціўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Супрацьдзейнічаць насіллю, насільным дзеянням; адбіваць напад. Пан быў такі спалоханы, што нават не супраціўляўся, калі «Салавей» прывязваў яго да дрэва. Бядуля. [Салагуб:] — Я пачаў супраціўляцца, штурхаць .. [паліцыянтаў] рукамі ад сябе і крычаць. Машара. Немцаў выбілі яшчэ толькі з першай лініі, а на другой яны ўпарта супраціўляліся і вялі агонь амаль бесперапынна. Кулакоўскі. // Супрацьдзейнічаць уплыву, уздзеянню каго‑, чаго‑н.; не падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н., не згаджацца на што‑н. Толя, які даўно прывык да бацькоўскіх загадаў старога, больш не супраціўляўся. Брыль. Васіль Дзяцел імкнецца адасобіцца ад эпохі, супраціўляецца жыццю ўпарта, рашуча, да знямогі, але ўсё дарэмна. «Полымя». // Не паддавацца якому‑н. стану, пачуццю, змагацца з якім‑н. станам, пачуццём. Супраціўляцца хваробе. □ Бацькавы вочы пры цьмяным святле лямпы здаліся мне вузенькімі-вузенькімі. Іх мружыў сон, але яны супраціўляліся яму. Сабаленка. Радаваўся [Андрыян Цітавіч], як юнак, свайму пачуццю, але, скрыгочучы зубамі, хаваючы ўсё ў сабе, супраціўляўся яму... Марціновіч.

2. Не паддавацца знешняму фізічнаму ўздзеянню.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тру́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Памянш. да труба (у 1 знач.); труба невялікага сячэння. Медная трубка. Гумавая трубка. □ Механік Білі меў за звычай маўчаць і .. марудна калупаўся ля матора,.. каля жылаватых вузлоў бензінавых трубак. Лынькоў.

2. Назва розных прыбораў і прыстасаванняў, звычайна цыліндрычнай формы. Рэнтгенаўская трубка. // Назва розных органаў жывога арганізма ў выглядзе трубы невялікага сячэння. Дыхальная трубка.

3. Частка тэлефоннага апарата, якая служыць непасрэдна для слухання і гаварэння. Тэлефонны званок перапыніў яго. Васількоў, пакутліва скрывіўшы хударлявы жоўты твар, зняў трубку. Асіпенка. Глухнуць нават трубкі тэлефона. Заразіў футбол усіх, як грып. Макаль.

4. Скрутак якога‑н. матэрыялу, якому нададзена цыліндрычная форма. Трубка тканіны расла з кожным днём. Бядуля. Трубка палатна зачапілася канцом за сучок вішні. Жычка.

5. Разм. Тое, што і калодка (у 4 знач.). Дарога раскісла, калёсы гразнуць па трубкі... Васілевіч. Патрэскаліся трубкі, і вось-вось, здаецца, выпадуць спіцы, распадзецца кола. Галавач.

•••

Дыстанцыйная трубка — механізм, прызначаны для ўзрыву снарада ў зададзеным пункце траекторыі.

Трымаць вуха трубкай гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эскі́з, ‑а, м.

1. Першы, папярэдні накід малюнка, карціны ці асобнай яе часткі. — Таксама не, — весела адказаў Коля і пачаў расказваць пра сённяшні ўрок малявання. Потым паказаў ёй [маці] свой эскіз казачнага дуба. Шыловіч. Каля дзесятка менш значных эцюдаў і эскізаў былі выстаўлены ў мастацкім магазіне, што таксама гарантавала пэўныя шансы. Васілевіч. // Першапачатковае афармленне скульптурнага твора, звычайна ў зменшаных памерах. Можна сказаць: ну, прыехаў паглядзець, пакідаць эскізы, а што датычыць скульптур — як удасца. Гроднеў. Сям-там, па кутках і прагалках, ціснуліся і другія незакончаныя або кінутыя работы ці толькі эскізы да іх — тулава, ногі, галава. Скрыган. // Накід, план літаратурнага ці музычнага твора. Некаторыя апавяданні Хвядоса Шынклера яшчэ носяць характар эскіза, замалёўкі. Арабей.

2. Малюнак, па якому ствараецца што‑н. (дэкарацыя, тэатральны касцюм і пад.). На маю просьбу памагчы нам аформіць спектакль, зрабіць эскізы касцюмаў Маша засмяялася. Шамякін. // Тэхнічны малюнак, выкананы ад рукі, з захаваннем асноўных правіл чарчэння, які змяшчае ўсе даныя для вырабу паказаных прадметаў. У архівах вялікага мастака выяўлены эскіз пральнай машыны. Матрунёнак.

[Фр. esquisse.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лён, лянок ’валакніста-алейная расліна Linum usitatissimum L.’ (Нас., ТСБМ, Касп., Кл., Бес., Сцяшк., Бяльк., Шат., Яруш., Сл. паўн.-зах.), ’пража з ільну’ (Бяс., ТСБМ, КЭС, лаг.), ’кужаль’, ’льняное валакно на розных стадыях апрацоўкі’, ’гатаванае льняное семя, якое ўжываецца для прапіткі асновы’ (Уладз., Сл. паўн.-зах.). Укр. льон (лен, закарп. льон), рус. лён, польск. len (lan, lyn, lin, lyjn, lęn, ląn), палаб. lʼån, н.-луж. lan, в.-луж. len, чэш. len, славац. ľan, славен. lȃn, серб.-харв. ла̏н, макед. лен (lʼen, lъn), балг. лен, ле́нът, ц.-слав. льнъ ’тс’, ст.-слав. льнѣнъ ’льняны’. Прасл. lьnъ, якому адпавядаюць: літ. lìnas, linaĩ, лат. lins, lini, ст.-прус. linno, ст.-грэч. λίνον, алб. гег. lįni, ірл. līn ’сетка’, лац. līnum ’тс’, гоц. lein ’палатно’. Паводле Шрэдэра (Reallex, 1, 323) і Кастшэўскага (Sł. staroż. sł., 3, 42), ільнаводства было вядома індаеўрапейцам. Тое ж Слаўскі, 4, 150; Скок, 2, 266; Бязлай, 2, 123. Фасмер (2, 481) не выключае таксама і старажытнага культурнага запазычання. Махэк₂ (326) бачыць у гэтай лексеме рэшткі праіндаеўрапейскага субстрату. Сюды ж лённый ’ільняны, з ільну’ (Бяльк.), лёнішча ’поле, на якім рос лён’ (навагр., З нар. сл.; Сцяшк. Сл.), лёнок ’лянок, зарніца звычайная, Linaria vulgaris Mill.’ (Маш.), лёнок ’макрыца’ (ТС), бяроз. лёнык ’праснак з тоўчанага льнянога семя і мукі, які пяклі на Івана Купалу’ (Слав. і балк. фальклор, 141).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)