трубка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.
1. Памянш. да труба (у 1 знач.); труба невялікага сячэння. Медная трубка. Гумавая трубка. ▪ Механік Білі меў за звычай маўчаць і .. марудна калупаўся ля матора,.. каля жылаватых вузлоў бензінавых трубак. Лынькоў.
2. Назва розных прыбораў і прыстасаванняў, звычайна цыліндрычнай формы. Рэнтгенаўская трубка. // Назва розных органаў жывога арганізма ў выглядзе трубы невялікага сячэння. Дыхальная трубка.
3. Частка тэлефоннага апарата, якая служыць непасрэдна для слухання і гаварэння. Тэлефонны званок перапыніў яго. Васількоў, пакутліва скрывіўшы хударлявы жоўты твар, зняў трубку. Асіпенка. Глухнуць нават трубкі тэлефона. Заразіў футбол усіх, як грып. Макаль.
4. Скрутак якога‑н. матэрыялу, якому нададзена цыліндрычная форма. Трубка тканіны расла з кожным днём. Бядуля. Трубка палатна зачапілася канцом за сучок вішні. Жычка.
5. Разм. Тое, што і калодка (у 4 знач.). Дарога раскісла, калёсы гразнуць па трубкі... Васілевіч. Патрэскаліся трубкі, і вось-вось, здаецца, выпадуць спіцы, распадзецца кола. Галавач.
•••
Дыстанцыйная трубка — механізм, прызначаны для ўзрыву снарада ў зададзеным пункце траекторыі.
Трымаць вуха трубкай гл. трымаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)