це́ста, ‑а, М ‑сце, н.

1. Вязкая маса рознай кансістэнцыі, якая атрымліваецца пры змешванні мукі з вадкасцю (вадой, малаком і пад.). Праз дзверы ў кухні .. [Грушэўскі] ўбачыў жанчыну, якая мясіла на стале цеста. Карпюк.

2. Усякая густая маса, якая атрымліваецца пры змешванні цвёрдага, сыпкага рэчыва з вадкасцю. Бетоннае цеста. □ Па твары хлёпала мокрым цветам, гэта шпурляла з-пад кола раскіслым снегам і глінай. Пташнікаў.

•••

З аднаго цеста — пра людзей, якія падобны адзін да аднаго па поглядах, характарах і пад.

З другога цеста — пра чалавека, які не падобны да іншых, не роўны па становішчу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Разм.

1. каго-што. Націраць, намазваць каго‑, што‑н. чым‑н. Яны [Міхал і Антось] шмаруюць мылам вусы, «каб выдатней яны стаялі», і так ваксуюць боты, што маглі б шляхту «скасаваць». Клімковіч. [Іван] шмаруе варам дратву і вухам не вядзе. Грахоўскі. // Церці, праціраць, ачышчаючы што‑н.; наводзіць бляск. Томі трамбуе гравій, Томі шмаруе шкло, Томі рыхтуе каву. Лявонны.

2. аб што. Церціся, зачэпліваючыся за што‑н. у час руху, перамяшчэння, цягнучыся па чым‑н. Блішчала адным краем у перадку — у Янука ўгалавах — вышараванае аб пясок кола, шмаравала аб сухую загваздку. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штурва́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да штурвала, які з’яўляецца штурвалам. Штурвальны трос. □ За мачтай цямнела нерухомая постаць рулявога матроса. Час ад часу ён круціў штурвальнае кола. Самуйлёнак. // Які ажыццяўляецца з дапамогай штурвала. Штурвальнае кіраванне. // Прызначаны для штурвала; звязаны з месцам, дзе размешчаны штурвал. Штурвальная калонка. Штурвальная рубка. Штурвальны мосцік.

2. у знач. наз. штурва́льны, ‑ага, м. Асоба, якая кіруе штурвалам (судна, камбайна); рулявы (у 2 знач.). — Поўны наперад! — Ёсць поўны наперад! — чуецца голас штурвальнага. Бяганская. Недзе там, на мосціку камбайна, стаяў.. Амархан. Другі тыдзень ён працаваў памочнікам штурвальнага. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шырыня́, ‑і, ж.

1. Працягласць чаго‑н. у папярочніку. Без канца вялікі двор — Не акінуць яго вокам, Шырыня, разгон, прастор! Колас. Цяпер пад трактар плуг бы столямешны, Каб гнаць барозны шырынёю ў гоні. Аўрамчык. // Разм. Вялікі абшар, шыр. Завяду кола-круг, — Шырыня ды прастор, Ды паклічу падруг, Прыгажуняў сясцёр. Астрэйка.

2. Разм. Тое, што і шырата. Нью-Йорк, як вядома, знаходзіцца на шырыні Тбілісі. Новікаў.

3. перан. Уласцівасць шырокага (у 5, 6 знач.); рознабаковая дасведчанасць. План аперацыі захапіў камісара сваёй шырынёй і смеласцю. Мележ. Прыродная шырыня душы падказала Міхалу: адбылося незвычайнае. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Су́чка1 ’самка сабакі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Нас., Касп., Бяльк., Варл., ТС, Сцяшк.), ’лаянкавае слова на жанчыну (што ілжэ або распускае плёткі)’ (Нас., Сл. ПЗБ). Памянш. да сука1, гл.

Су́чка2 ’малыя санкі, якія ўжываюцца як дапаможныя пры перавозцы бярвенняў; падсанкі’ (ТСБМ, Сцяшк., Сцяц. Сл., Маслен., Арх. Вяр.; лях., Янк. Мат.), су́чка, су́чкі ’тс’ (беласт., дзятл., барыс., Сл. ПЗБ; ЛА, 2), ’лаўка, зэдлік’ (Касп.), су́чка ’задняя частка ў санях’ (Арх. Вяр.). Да семантыкі параўн. каза2 ’тс’ (гл.). Польск. дыял. suka, suczka ’заднія санкі’, suki ’сані на двух парах палазоў’. Пэўнай версіі няма. Сцяцко (Афікс. наз., 169) лічыў, што слова ўзыходзіць да сучка1 (“…яны заўсёды прывязваліся да саней і беглі за імі”). Лабко (Бел.-польск. ізал., 73–75) дапускае калькаванне ням. Hund ’сабака’ і ’ваганетка ў шахце’ ці народнаэтымалагічнае асэнсаванне ням. Zug (гл. цуг), якое мае таксама шэраг тэрміналагічных значэнняў, блізкіх да разглядаемых. Меркаванні пра ролю чэшскай мовы ў фармальнай і семантычнай адаптацыі ням. Zug гл. Комаркава, Studia Etym. Brun. 6, 372–373. Гл. наступнае слова.

Сучка3 ’дошчачка з дзірачкамі для накручвання навоя ў кроснах’ (Бяльк., Уладз.), ’кій або клін для ўтрымання задняга або пярэдняга навоя’ (пін., Клім., ЛА, 4; Уладз.), ’планка, што круціць кола ў калаўроце’ (Варл.), ’понаж у калаўроце’ (Бяльк.), ’дэталь у калаўроце’ (мёрск., Ск. нар. мовы), ’верхняя частка калаўрота, дзе наматваецца шпулька’ (Сцяшк. Сл.), ’лапатачка, якая накладаецца на вось у калоўроце, а другім канцом прымацавана да падножкі’: сучка кола рухае ў калаўротку (лід., паст., пух., лудз., Сл. ПЗБ; рас., свісл., кам., Шатал.), су́чачка ’дэталь у калаўроце’ (паст., Сл. ПЗБ), ’калодачка для млёна ў верхнім камені жорнаў’ (паст., ЛА, 4). Параўн. укр. су́чка ’дэталь ткацкага стану’, польск. ’планка ў калаўроце, што злучае кольбу з падножкай’, ’шнурок у калаўроце’, ’рычажок, што злучае кола калаўрота з падножкай’ (Фалінская, Sl. tkac., 1, 292), ’драўляны клінок, што заходзіць у зубцы навоя і стрымлівае яго рух’ (Варш. сл.). Няясна; аднак агульнае значэнне ’злучаць, звязваць, скручваць’ схіляе да думкі пра паходжанне большасці з названых дэталяў ад сучы́ць, сука́ць (гл.), параўн. су́чка ’суканне’ (Нас.), асабліва су́чка ’палка з вяровачнай пятлёй, пры дапамозе якой скручвалі, “вілі”, клібу’ (Інстр. II), сучо́к ’вузлік’, укр. сучо́к ’ручка сукала’. Да такой жа думкі прыходзіць Лабко (Бел.-польск. ізал., 75), прыводзячы ў якасці зыходных для польскіх слоў дыялектны дзеяслоў sucić, варыянты sucyć, suczyć ’падыходзіць, належаць, прылягаць’, што звязваецца з сука́цца ’прыставаць, вязацца’ (гл.). Сувязь з сучка2 спрыяла замацаванню значэння ’стрымліваць, затрымліваць’, у тым ліку ў польск. suka, suczka ’дэталь у жорнах’, ’частка ткацкага стану’, ’задняя частка саней, што складаецца з дзвюх палавінак’, на думку Борыся (586), метафарычных утварэнняў ад suka ’самка сабакі’ (гл. сука1, сучка1), параўн. другасныя ўтварэнні саба́ка ’клін для ўтрымання пярэдняга навоя’ (навагр., ЛА, 4), лісі́ца ’планка ў калаўроце, што круціць кола’ (Варл.), балг. дыял. ку́чка ’сука’ і ’частка сукала’, ’дэталь ткацкага стана’, ’прыстасаванне для ўтрымання абручоў пры вырабе бочак’ і падобныя “звярыныя” метафары (ВЕР, 3, 171). Пераход да су́чка2 дэманструе су́чка ’крывая жэрдка, прымацаваная да падсанак для кіравання імі’ (зах.-палес., Старычонак, БЛ, 13, 34) і польск. sukę paść ’кіраваць жэрдкай, прымацаванай да задняй часткі саней ці разведзенага воза, каб на паваротах не з’ехаць з дарогі’, suka ’драўляная плашка з выемкай, куды ўваходзіць кола пры тармажэнні воза’ (Варш. сл.), балг. дыял. ку́чка ’прыстасаванне ў выглядзе санак, якое падстаўляецца пад адно з пярэдніх колаў нагружанага воза пры крутым спуску’ (відаць, прывязанае да воза), ’санкі для катання з горак’, тэрміналагічныя калькі на базе метафары, крыніцы паходжання якой застаюцца няяснымі.

Су́чка4 ’буёк, паплавок’ (Ян.). Параўн. рус. дыял. су́ка і сука́ ’буй, якарны паплавок’ і ’вяроўка ад паплаўка да якара’. Відаць, да папярэдняга, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лот1 — адзінка вагі 12 г (ТСБМ), 16 г (Бес., Бяльк., Яруш., Мат. Гом.). Ст.-бел. лотъ, запазычанае са ст.-польск. lot, якое з ням. Lot ’мера вагі’ < с.-в.-ням. lot < кельц. *(р)loudia ’упадаць’, с.-ірл. lūaide ’свінец, грузіла’ (Фасмер, 2, 522; Булыка, Запазыч., 191; Юрэвіч, Зб. Крапіве, 292; Васэрцыер, 142). Аднак, паводле Крукоўскага (Уплыў, 83), — гэта запазычанне з рус. мовы. Беспадстаўна. Сюды ж лот ’пачак фарбы’ (рагач., беласт., Сл. ПЗБ).

Лот2 ’жолаб, па якім вада прыводзіцца да кола ў млыне’ (лунін., ЛАПП). Другаснае ад лоток (як рус. зонт ад зонтик). Да латак1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кало́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Невялікая калода; тое, што і калода (у 1 знач.). Мой бацька і дзядзька Язэп наняліся.. зваліць у гаі пару дзесяткаў дубоў і парэзаць на кароткія калодкі для клёпак. Бядуля. Зелянюк сеў пры стале на калодку і ўзіраўся ў старога. Зарэцкі.

2. Кусок дрэва, выструганы ў форме ступні, які выкарыстоўваецца пры пашыве абутку; капыл. Пацягнуць загатоўку на калодку. Выплятаць лапці па калодцы.

3. звычайна мн. (кало́дкі, ‑дак). Масіўныя драўляныя кайданы, якія надзявалі раней на ногі, рукі і шыю арыштанта для папярэджання ўцёкаў. Надзець калодкі на ногі.

4. Сярэдняя частка кола, у якой умацоўваюцца спіцы. Колы па калодкі западвалі ў чорную гразь. Лобан.

5. Драўляная або металічная аправа, у якую ўстаўляецца або на якую насаджваецца асноўная частка інструмента. Калодка рубанка.

6. Металічны або драўляны брусок у тормазным прыстасаванне які прыціскаецца да вобада кола або тормазнага шківа для тармажэння.

7. Планка, пры дапамозе якой прымацоўваюцца да адзення ордэны, медалі. // Вузкая палоска ордэнскай стужкі, якую носяць замест ордэна, медаля. На грудзях Яўмена Іванавіча былі пярэстым радком калодкі ўсіх яго ордэнаў і медалёў. Ермаловіч.

8. мн. (кало́дкі, ‑дак). Абл. Род скуранога абутку на драўлянай падэшве; дзеравяшкі. Калодкі часта слізгалі, ад пастаяннага напружання хутка пачалі ныць калені. Быкаў.

•••

Класці галаву на калодку гл. класці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крывы́, ‑ая, ‑ое.

1. Выгнуты, з загібамі; не роўны, не прамы. Крывы сук. Крывая шабля. □ Між палёў шырокіх, Як змяя якая, Цягнецца дарога, Вузкая, крывая. Колас. У лесе ўсякія дрэвы бываюць. Тое крывое, тое аднабокае. Ермаловіч.

2. Ненармальны, пакалечаны (пра часткі цела). Крывы палец. Крывое плячо. □ Калі ўжо, бывае, няма ніякай работы, — дзед, кульгаючы на крывую левую нагу, абыдзе за дзень усю ваколіцу. Якімовіч.

3. Разм. З пашкоджанай нагой (нагамі); кульгавы. Назаўтра на імя Міхала крывы Пракоп прынёс тэлеграму. Васілевіч. / у знач. наз. крывы́, ‑ога, м.; крыва́я, ‑ой, ж. Крывы з прамога смяецца. З нар.

4. Перакошаны, пахілены набок. У маленькіх крывых акенцах не ў меру пышна ззяла яснае святло. Зарэцкі. Крывыя подпісы мужыкоў занялі ўвесь ліст паперы. Колас. // Які дае скажонае адлюстраванне. Крывое люстэрка.

5. перан. Іранічны, пагардлівы (пра позірк, ўсмешку і пад.). Гледзячы Кірылу проста ў вочы.., незнаёмы спытаў з крывой усмешкай: — Што ж гэта ты, друг сітны, сказаўшы «а», не сказаў «бэ». Не хапіла духу? Шамякін.

6. у знач. наз. крыва́я, ‑ой, ж. Спец. Непрамая лінія. Правесці крывую.

7. у знач. наз. крыва́я, ‑ой, ж.; чаго. Графічны паказ пры дапамозе крывой лініі суадноснасці колькасных паказчыкаў якога‑н. працэсу. Крывая ападкаў. Крывая тэмпературы.

•••

Глядзець крывым вокам гл. глядзець.

Крывая душа гл. душа.

Крывое кола гл. кола.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпо́ра, ‑ы, ж.

1. Сагнутая на форме абцаса металічная дужка з зубчастым або гладкім кольцам, якая прымацоўваецца да задняй часткі бота наезніка і служыць для лепшага кіравання канём. Стражнік пахіснуўся на сядле, .. сціснуў шпорамі бакі каня. Мурашка.

2. Цвёрды завостраны рагавы выступ на нагах самцоў некаторых птушак, які служыць ім зброяй пры абароне ці нападзенні. [Певень] быў маладзец у поўным сэнсе гэтага слова — плечы і крылы яго адлівалі золатам, .. а на нагах красаваліся шпоры. Крапіва. Сораму — як у пеўня мяса па шпорах. З нар.

3. Спецыяльна зроблены для лепшага счэплівання з грунтам выступ або шып на вобадзе вядучага кола ці на звеннях гусеніц трактара.

[Ад ням. Sporn.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кале́йка ’чыгунка’ (палес., Выг.; Сл. паўн.-зах.; ваўк., Сцяшк. МГ). Да польск. kolej ’тс’, што датычыць словаўтварэння, непасрэднай крыніцай быў польскі дэмінутыў kolejka. Гл. яшчэ каляя. Значэнне ’чыгунка’ ў польск. тлумачыцца Слаўскім (2, 350). У канцы першай палавіны XIX ст. з’яўляецца выраз kolej żelazna — калька зах.-еўр. моў. Параўн. франц. chemin de fer, ням. Eisenbahn. Польск. kolej ’чыгунка’ ўтворана скарачэннем выразу kolej żelazna.

Кале́йка ’чарга’ (слон., Арх. Бяльк.; бяроз., Выг.; ашм., Марч., дыс.; Мат. Гом., Сцяц., Сцяшк. МГ), ’чарга пасвіць жывёлу’ (Мат. Гом., Сцяц., Сцяшк. МГ), ’тс’ (Мат. Гом.; лун., Шатал.). Сл. паўн.-зах. прыводзіць шэраг фіксацый з розных пунктаў на захадзе Беларусь Як асноўнае значэнне аўтары слоўніка выдзяляюць ’чарговасць на ўтрыманне пастуха, на выган і догляд жывёлы’ і адзначаюць яшчэ ’чарга’, ’ісці, рабіць па чарзе’. Не выключана, што значэнне ’чарга пасвіць жывёлу’ — інавацыя ў зах.-бел. гаворках на базе запазычанага польск. kolejka ’чарга’, якое да kolej ’тс’. Адносна далейшай этымалогіі гл. каляя. Сцяцко (Афікс. наз., 151) разглядае як уласца беларускае ўтварэнне з суф. ‑ейк‑акалейка ’чарга ў выглядзе кола’, што паводле таго ж лінгвагеаграфічнага крытэрыю і шырокай распаўсюджанасці слова ў зах. гаворках не пераконвае. Больш імаверна меркаваць, што калейка ’чарга пасвіць жывёлу’ нейкім чынам было суаднесена з бел. коло ’тс’, што і магло выклікаць інавацыю значэння запазычанага слова. Аднак гэта цяжка пацвердзіць, паколькі кола ’чарга’ — рэгіянальна абмежаванае ўтварэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)